III Нікне ночка. Дзень чуць значна З смехам ясным на вуснох Ідзе з ёю ў стэп няўбачны І губляе ў глыбінох, Цёмна-сініх і далёкіх, Там, дзе зорачкі гараць І дзе хмарак адзінокіх Віхр не смее заганяць. Як той дзень за ночкай следам Ходзіць кожную пару, Шоў Сымон за старцам-дзедам, Дзед – уніз, ён – угару. Дзед слабеў і траціў сілы, Круг жыцця ён замыкаў І ступаў на край магілы, Хлопчык круг свой пачынаў. Шлі яны ад хаты к хаце, З вёскі ў вёску, з краю ў край, У сярмяжках – латка ў лаце, З адным толькі словам – дай! І ў прыгодзе ўсё бывала: Ціснуў холад іх, мароз, Снегам вочы засыпала, Вецер торбачкі іх трос, Як шалёны, выў, смяяўся, Біў у твар і з ног скідаў Ды ў лахмоцце забіраўся, Шапкі з іх галоў зрываў І ганяў па снежным полі, Злы, бязжаласны вар’ят. І Сымонка, як ніколі, Зазнаў горачка тут шмат. Але хлопча шоў пакорна, Мерным крокам, як і дзед; Сцежка ўсюды ім прасторна, Ім адчынен белы свет. Ды што нам у тым прасторы? Што нам шыр без берагоў, Калі мы – чаўночкі ў моры Без вясёл, без жагялёў [5]? І арлу прастор не мілы, Хоць і волен яму пуць, Калі ён не мае сілы Вольна крыллямі ўзмахнуць І ляцець, куды ён хоча — У бяздонне глыбіні, Там, дзе ў хмарах гром ракоча, Самі паляцца агні. Неразлучны з скрыпкай-другам, Хлопчык шоў, у снезе вяз, А па хатах з дзедам цугам, Вочы ўзняўшы на абраз, Пеў жабрацкія літанні, У тон дзеду патрапляў, І дзядоўскія спяванні Ён на скрыпцы выйграваў; І тады, як зрэдку спевы Песень дзедавых святых Ціхім жаласці павевам Струн краналіся жывых, Скрыпка раптам ажывала І ўжо новым языком Жаласць сэрца выяўляла І звінела пад смыком. І тады вакол Сымонкі Ўсе збіваліся цясней, А дзядоўскія скарбонкі Накладаліся паўней. Грош завёўся ў дзеда ў латах — Запамог Сымон яму… Так па дворах і па хатах Перакідалі зіму. Надакучыла ж зіміца! Прыхадзі хутчэй, вясна: Ты – крылатая зарніца, Ты – прызыўная струна, Ты – дзяўчынка-чараўніца, Ты прыветна, ты ясна, Гучнай радасці паўна; Ты – надзей і мар злучэнне, Ты – гром песень, цішыня, Ты – надзорнае імкненне, Ты – прастора-шырыня, Ты – прыгожасць-летуценне. Ты – развага-глыбіня, Усмех радаснага дня. Прыхадзі ж, вясенька-радасць, Буйна росамі заззяй, Хай твая краса дабра дасць І абудзіць гэты край! І прыйшла яна, княгіня, Пазганяла снег з зямлі, І дзе толькі вочы кіне, Ажыўлялася пустыня, Травы, красачкі раслі. А Сымонка нецярпліва, Сам не знаючы чаму, Ждаў вясеньку, ждаў, як дзіва, І кляў холад і зіму. І цяпер ён быў вясёлы, Бо ён чуў, што ён жыве, Што жыве з ім лісцік кволы; Жыцце чулася ў траве, У гаёчку, у лясочку, На палях, і на лугах, І ў зялёненькім лужочку, І ў крынічных берагах; І ў душы бы штось спявала, А пра што, душа не зн’ала — Так спявалася само; Чуў хлапчынка, што спадала З шыі цяжкае ярмо Адзіноты, долі горкай, — Свет хацелася абняць І людзям бліскучай зоркай У іх цемрадзі заззяць І сказаць ім, як шчасліва Можна жыць і на зямлі, А яны ўсе – злы-маўклівы І гняўліва-абурлівы, З рубяжоў дабра зышлі. Ён любіў і неба гэта, Недасяжную глыб-сінь І бязмежжа горных светаў І адвечную іх плынь. Ідуць часам яны з дзедам, — Месца слаўнае, цяпло, Час паўднёвы прад абедам. – Э, куды наша ні шло, — Кажа дзед: – прысядзем хіба? — Хлопчык згодзен, хлопчык рад, Хоць не любіць дзеда-грыба: Дзед залішне скупават, Толькі цешыць абяцанкай, А не справіць халата, І стары, а жыве зманкам, А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. – А скажы, дзядок: чаму ты Мне халацік не купіў? Бач, халат мой: – кучка гною І няма ў ім рукавоў! – А нашто халат вясною? Ну, нашто, каб я здароў? Меў бы ты халацік новы, Дык які б ты быў жабрак? Людзі пальцам ткнуць гатовы: Жабраку абнова – брак! Людзі скажуць: ён багаты, Паглядзі, які халат! На парог не пусцяць хаты, Крыкнуць: «Вон, пайшлі назад!» Зацкуюць яшчэ сабакам Ды дадуць і кулакоў… Рвань ёсць беднасці адзнака, Беднасць – доля жабракоў. А зірнуць, вось, на такога, — Хіба той не дасць, хто ліх… Слухай ты мяне, старога, Лепей ведаю я іх. – А скажы, дзед: ці не можна Жыць праўдзіва, а не так?.. – Ну, а як, скажы, а як? Галава твая парожна! Дзе ж тут зман той? вось дзівак! Раз узяўся ты за гуж, Не кажы, што я не дуж; Трэба ведаць тут парадкі: Зверам будзь сярод звяроў, Між авечачак – ягняткам… Толькі так, каб я здароў! Ты паслухай, што скажу я: – Думала варона, Чорная хвальбона, — Хай не марыкуе, — Думала-гадала, Што ёй свету мала І чагось бракуе. Пташкі ўсе, як пташкі: Лёгкі лёс ці цяжкі, А жывуць як трэба Хто жыве ў балоце, Гнёзды ўе ў чароце, Мае свой кус хлеба: Чапля ловіць рыбу, І ў сваю сядзібу Носіць бусел лсабы. Плюхаюцца качкі, |