II Заблішчала, заззяла на ўсходзе лука — Бераг неба над краем зямлі; Залатыя чаўночкі ўсплылі З безбярэжнай далі. Разлівае ўжо блеск агнявая рака, І чыясь там рука Аднімае заслону з зямлі. А з-за краю нябёс вочы ўскінуў дзянёк, Сыпнуў чырвань на шапкі лясоў, Нясе жмут залатых каласоў, Абрусоў, паясоў Белы свет убіраць, небу сплесці вянок, І рассеяўся мрок, Адамкнуўся цямраны засоў. І балуе пажар – іскры сонцавых кос, — Разнімаецца шырай, дужэй, — Ясны дзень павядзе цяпер рэй. На душы весялей, А ўчарашняга дня кроплі вылітых слёз Замарозіў мароз — Срэбрам іх парабіў, чарадзей! Шоў Сымонка, углядаўся, Як гарэў і ззяў усход, Як дзень новы з ім вітаўся І зваў весела ўпярод. І ён шоў, мінаў сялібы, Што чарнеліся ўдалі, Шоў прасткамі цераз скібы Свежаўзоранай зямлі, Каб з людзьмі не сустракацца І хітрэй схаваць сляды, Бо мог кожны запытацца, Хто, адкуль ён і куды Ідзе рана так, да свету, Абарваны, чуць адзеты І абуты ў пасталы? Доўга ён трапаў, далёка Кінуў роднае сяло. Над лясамі ўжо высока Сонца ўгору падышло І выгнанніка ласкала, Грэла, песціла цяплом І, як матка, цалавала Тою коскаю-святлом. Як смяюцца толькі дзеці, Усміхнуўся тут Сымон, Бо пачуўся, што на свеце Не адзін ён – з скрыпкай ён! Вочкі хлопчык ускідае, Каб акінуць гэту даль, Крэпне сілка маладая, Чаго ж шкода? чаго жаль? Эх, што можа быць дарожай Вольнай волечкі, палёў? Гэтай сіняй далі гожай, Невядомай і прыгожай, Без канца, без берагоў? Гэтых хмарак злататканых, Ветру посвісту ў палёх, Думак светлых, мар нязнаных І нікому не казаных Казак лесу і дарог? Што цікавей падарожжа, Негаданых з’яў быцця, Шуму лесу, спеву збожжа, Новых песень запарожжа, Спеву новага жыцця? Эх, ты, шыр-прастор далёкі! І шчаслівы будзе той, Хто, душою адзінокі, Вольны сэрцам, яснавокі, Згодна злучыцца з табой! Ды Сымонка з-за трывогі Ночкі жудаснай не чуў, Што балелі яму ногі І што голад яго гнуў. Вось задача, дык задача: Дзе і як здабыць яды? Папрасіць хіба, няйнача? Да дзе сунуцца? Куды? І ён стаў шукаць вачамі, Дзе б спыніць іх і на чым. Унь там хата за карчамі, Якраз з коміна йдзе дым, Коціць лёгкія клубочкі, Дужкай звіўшыся ўгары, І так вабяць яго вочкі Тыя ціхія двары! Пэўна, там пякуць аладкі. Вось каб блінчык, хоць адзін!.. Ён вачэй не зводзіць з хаткі, Мысліць некалькі хвілін… Не, брат, трохі рызыкоўна: А спытаюць: хто такі? Небяспекі ўсюды поўна, — Не, туды йсці не з рукі. Дый сабакі там ліхія, — Далей лепш пайсці адсюль. Ён мінае хаткі тыя, А ў жывоціку – буль-буль! Слабасць чуе, млеюць ногі, Але йдзе – куды? зачым? Трудны першыя парогі, А што далей будзе з ім? Так ідзе ён, а з ім поруч Думак коціцца клубок. Раптам нікне ў сэрцы горыч — Унь кудзеліцца дымок! Як ён мілы і павабны, Толькі й можа знаць пастух. Тчэцца сіні шнур ядвабны. І спакойны такі рух! Сам агонь у полі тлее, Нікагусенька няма. Хлопчык зразу весялее, — Духам падаў ён дарма. Знікла гора, як бы труска, Дым знёс цяжкую думу; Будзе хлопчыку закуска, Будзе снеданне яму! Бо на полі бульбы многа, Бульбы можна напячы. І бярэ тут рух малога, На агонь нясе карчы. Чуць агоньчык разгарэўся, Ён – у бульбу на загон; Так капае, аж угрэўся, Бо свой клопат – не прыгон. Бульба ў прыску, а над прыскам Бурна полымя гарыць З шумам-трэскам, з нейкім піскам, Бы з ім хоча гаварыць. Той агоньчык разгараўся, Бойка полымя шугаў, З-пад карчажкі выбіваўся, Тонкай стужачкай звіваўся І паленцы ахінаў; І дымок пагульваў жвава, Гнаў клубочак за клубком, Браў улева, рваўся ўправа, Бег раўнюсенькім слупком У прасторы горных светаў І губляўся там, знікаў… Жартаўнік агоньчык гэты! Дзе ж наўперад ён блукаў? Думаў хлопчык: – Ён цікавы! Дзе ж ён быў! Дзе будзе зноў? Ён і злосны і ласкавы, Ён спакойны і рухавы, Ён і стар і вечна ноў. Ён патухне, а жыць будзе… Хіба ў ім жывы дух ёсць? Я ж у свеце толькі госць, Як і госці ў свеце людзі… Дзіўна гэта, страх цікава; Я б хацеў быць сам агнём: Я б дымком па небе плаваў, Па зямлі б хадзіў святлом. Дагарэлі дровы, — Полудзень гатовы. У Сымонкі баль ды годзе, Ён усеўся на калодзе, Ён у лесе, бы ў гасподзе. А настольнік – пласт імшысты, Ды прыгожы, ды іскрысты, З густам вытканы і чысты. Тыя ніткі зямля прала, Тую пражу сонца ткала. Коскі сонца хлопцу служаць, А бульбінкі толькі тужаць: Ён не можа іх адужаць, Аж зайздросцяць яму сойкі, Штось сярдзіта свішчуць з хвойкі, Справа чуць не йдзе да бойкі. І мурашак бярэ дзіва, Прыпаўзлі сюды маўкліва, Пазіраюць унікліва, Па-сваему б’юць у лапкі, А Сымон сядзіць без шапкі, Бульба тая смачней бабкі. Узмацніў хлапчынка сілы, Уздужаў ён і ажыў, — Тут куточак такі мілы, Так ён добра паслужыў! Нават кідаць яго шкода. Ён прысеў на гладкі пень. Зацішно, і ў сэрцы згода, — Хоць сядзі тут цэлы дзень. Ён сядзіць, а ў ім штось грае, Нейкіх спеваў шум дзіўны, І няма ім канца-краю, Ім валодаюць яны. Дзе ж ён чуў іх? І адразу Ноч успомніў тут Сымон, Постаць, дзедаву выразу, І ўсё, што навеяў сон. Ён наладзіў скрыпку жыва, Чуць крануўся струн смычок, Звонкіх зыкаў пералівы Поўняць лес, маладнячок. Свет забыў цяпер Сымонка, Скрыпцы душу ўсю аддаў, І пайшла-пайшла гамонка, — Лес смяяўся і рыдаў. А скрыпіца галасіла Смутнай восені дажджом, Адчувалася ў ёй сіла, Што лілася ручаём; І адразу адрывала Спеў магутнасці яна, Каб зноў квола задрыжала Яе чуткая струна. Граў Сымонка і часамі Смык ад скрыпкі аднімаў І кудысь углыб вачамі Пільна-пільна пазіраў, Потым зноў ён ачынаўся; Сэрца білася ў грудзях, І агоньчык запаляўся Ў яго кругленькіх вачах. Зноў над скрыпкаю жалобна Смык хадзіў, бы штось раняў, І слязамі дробна-дробна Лес, дубраву напаўняў. Хлопчык змоўк і здрыгануўся, Аж падскочыў: перад ім Сівы дзед стаіць, сагнуўся, Вокам міргае сляпым. Страшны, бледны, абарваны, Жыцця пасынак, бядак, На ім торбы і лахманы, У руцэ кій – то жабрак. – Хто ты, хлопча? – дзед пытае: — Чый сынок? якіх бацькоў?.. Ну ж і хлопец! Моц святая! Маладзец, каб я здароў! Тваё гранне гоіць раны, Ну й мастак ты, хоць малы! — Хлопчык бачыць – дзед рахманы, Хоць і страшны, ды не злы. Але што сказаць адразу: Праўду вылажыць? салгаць? Дзед стаіць і жджэ адказу, Потым зноў давай пытаць. – Я… так… хлопец… падарожны, Праз сябе сам… Я… нічый! — І пры гэтым асцярожна Ён зірнуў на дзедаў кій. – Як жа гэта: сам сабою? — Дзед ускінуў плечуком: — Ты ж не вырас пад вярбою Ці ў бары баравіком? – Я, дзядок, прагнаны з хаты І іду… куды? у свет! — Болып дзівіўся дзед кудлаты, Разважае нешта дзед. – Гм, хлапчынка: свет вялікі, А прыпынку ў ім няма, Прападзеш, бы яблык дзікі, Цяпер восень, там зіма. Дзе ж ты дзенешся зімою? Хто табе прытулак дасць? Эх, спазнаешся з бядою! Эх, шырока яе пасць! Горка, горка давядзецца, Ты старога запытай. Ой, часамі так прыпрэцца, Што хоць рэпачку спявай! А на свеце, хлопча, ўсякіх Многа знойдзецца людзей. На пахілых і сабакі Брэшуць злосней і гарэй… Як жа ты надумаў, дзеткі? – Го, то кепска, мая кветка! — Галавой матнуў жабрак. Змоўк дзядок, маўчаў Сымонка, Апусціўшы вочы ў дол, А стары разважыў тонка І так кажа: – Што ж, сакол, Вось што я табе параю, Каб не траціць лішніх слоў: Я стары і лепей знаю, Што рабіць, каб я здароў! Пойдзем, хлопча, маім шляхам: Будзе нам латвей удвух; Ты не будзеш жыць пад страхам, Што злы голад выне дух. У мяне ж ёсць свая хатка, Нажабруем, купім дроў; Печ прыгорне нас, як матка, Добра там, каб я здароў! І не трэба чыёй ласкі, Хай сабе трашчыць мароз, Мы расказваць будзем казкі — У мяне іх цэлы воз. – Ну, а біцца дзед не будзе? – Што ты! Не, каб я здароў, Каб памёр на гэтым грудзе! – Калі так, то я гатоў. — Дзед сядае на калоду І, заместа барышу, Дае сальца малышу, Каб азначыць тую згоду. |