Нікла жыцце ў шумным лесе,
Агаляўся твар зямлі,
I ляцелі ў паднябессі
З звонкім крыкам жураўлі.
Восень ткала ўжо красёнцы
Мяккай чырвані ў лістах,
Восень спеў вяла бясконцы,
З ветрам ходзячы ў кустах;
Восень прала кужаль тонкі —
Павуціння белы лён;
Восень шэрыя заслонкі
Моўчкі клала на адхон.
Восень шла ў сырым тумане,
Восень клыгала ўгары,
Восень песні пела зрана,
Восень ныла ўвечары;
Восень слала дзень свой хмурны
Па падатак у лясы,
Каб на долы стол хаўтурны
Там заслаў ёй абрусы.
Ішоў зранку дзень пануры,
Ахінуўшыся ў імглу,
Вочы шэрыя прыжмурыць
I міргне вятру-арлу.
I падыме вецер спевы,
Захістаюцца лясы,
I даюць падатак дрэвы,
Лістам сцелюць верасы.
Адзін верас і красуе,
Там чуваць яшчэ жыццё,
А той вецер ліст драсуе,
Размятае, бы смяццё.
Глухла поле, замірала,
Як бы дух пранёсся злы,
I ў задуме пазірала
Даль з-пад шэрае імглы.
Так на дзетак глядзіць матка,
Як расходзяцца яны
Па ўсім свеце з роднай хаткі
На мяжы свае вясны.
Нейкім жалем павявала
Ад аголеных палёў,
Ад шнуроў тых, дзе бывала
Нёсся шолах каласоў.
Там цяпер ралля чарнела,
Глыбы ўскопанай зямлі,
I пакошу сеткай белай
Павуцінкі заплялі.
Пад агульны смутак гэты
Граў Сымон цяпер адзін,
Граў прашчанне жыццю лета,
Спеву-радасці далін;
Граў разлуку з дзедкам мілым:
Дзед не ўздужаў далей жыць —
Пад крыжом, пад тым пахілым,
Дзедка, друг яго, ляжыць.
Нейк няждана смерць скасіла,
Хоць даўно яна, як цень,
Шла за ім, свой міг сачыла
I забрала ў ясны дзень
Пры ўсіх людзях, сярод поля,
Як ён трошкі прыкархнуў;
Згас стары дзядок без болю,
Раз ці два адно зяхнуў.
Перацёр век дзед бязродны,
Ціха жыў, цішэй сканаў,
I ніхто ў пясок халодны
Слёз гарачых не раняў
I не плакаў над труною:
Быў пастух – цяпер няма,
I халоднай цішынёю
Агарнула яго цьма.
Толькі у часе пахавання,
Як закопвалі труну,
Горкі смутак развітання
Ўскалыхнуў душу адну.
– Дзедка, міленькі дзядуня!
Нашто ты памёр? нашто?
Хто ж мяне цяпер прыгорне?
Хто мне слоўка скажа? хто? —
Прытуліўшысь пад крыжамі,
Ціха хлопчык галасіў;
Стук каменьчыкаў нажамі
Біў яго і дух гасіў..
Пахавалі і накрылі,
Бомкнуў звон разы са два,
А налета на магіле
Быльнік вырасце, трава.
I цяпер вастрэй Сымонка
Адзіноту ў сэрцы чуў,
Нейкі смутак, бы пялёнка,
Моцна душу агарнуў.
Гляне ён вакол на поле:
Унь там груша, там лясок,
А там жоўценькі пясок,
А дзядка не ўгледзіш болей,
Ён памёр. I што з ім стала?
Дзе ж падзеўся яго дух?
Ці душа ў зямлі прапала,
Як агонь: згарэў – і стух?
Ці яна па свеце ходзіць,
Як туман які, адна,
I спакою не знаходзіць,
I нікому не відна?
Смерць, жыццё… Дзіўно ўсё гэта!
I нашто жыць? каб сканаць?
Смерць прыйшла – і песня спета,
I прыложана пячаць.
I няўжо не будзе следу,
Жыў на свеце ты, ці не?..
Смуткаваў хлапчук па дзеду
I з ім бачыўся… у сне.
А багацце, што дзед справіў
За век доўгі – скрыпку, смык, —
Ён Сымону ўсё аставіў.
– Ты – музыка-чараўнік!
Грай жа, дзеткі: скрыпка важна;
Смутак ты ёй свой вальеш,
I душа заплача кажна,
Як ты смыкам павядзеш,
Бо хто ў горкай паняверцы
Крыж нясе свой, жывучы,
У таго ў людское сэрца
Есць праўдзівыя ключы.
Грай жа, хлопча, і старога
Ты хоць раз успамяні,
Бо мне жыць, браток, нямнога:
Мае злічаны ўжо дні.
З скрыпкай збудзеш сваё гора,
З ёю ты ўжо не адзін;
Скрыпка – хлеб твой і апора,
Дык шануй яе, мой сын:
Скрыпка верна ўсім служыла,
Каб і ты ёй верны быў, —
Гаварыў пастух Курыла,
I цікава была скрыпка,
Як бы ў ёй быў хтось жывы:
Мнагаспеўна, звонна-гібка,
Бы выказвала славы,
Як па струнах смык бывала
Ручка здольная вяла:
Добра гэта скрыпка грала
I звінела і гула.
Рад быў хлопчык: дар вялікі,
Неспадзеўны то быў дар,
А Сымону лёс музыкі
Усміхаўся ў сонцы мар.
Ён са скрыпкай неразлучны,
Не спускае яе з рук,
А ў час вольны і спадручны
Граў і цешыўся хлапчук.
А як часам горка стане
Ці засмуціцца чаго,
Скрыпку ўспомніць – сонца гляне,
Асвятляючы ўсяго.
I што ён ні ўчуў бы толькі,
I пальецца з-пад смыка
Гоман песні, віхар полькі,
Вір бурлівы «казака».
– Вось глядзі – музыка новы
I які яшчэ скрыпач!
Спрытны, здатны, адмысловы;
З вузел сам, а ўжо пабач!.. —
На Сымонку і дзяўчаты
Паглядалі цікавей,
Ім пацешыць сэрца ў свята
Запрашалі ласкавей.
I Сымонка пад бародку
Дар старога дзеда браў
Ды, прысеўшы на калодку,
«Каваля», «кадрылі» граў.
Спрытна пальчыкі хадзілі,
Смык то плаваў, то лятаў,
Дружна струны гаманілі,
Бы іх віхар калыхаў,
То разгульна і шалёна,
То спакойна, ледзь чуваць…
Нават дома на Сымона
Сталі йначай пазіраць.
«Ну, што ж? хлопец не загіне, —
Маці думала аб ім: —
Можна будзе жыць хлапчыне
Скрыпкай, талентам сваім;
Падзаробіць і на хату
Дапамогу сваю дасць,
Хоць не будзе тае страты,
Хоць малую ўнясе часць».
Бацька, хоць не прызнаваўся,
Ды таксама трохі мяк,
Калі часам даставаўся
З-за сынка увагі знак.
Ды Сымонка неахвотна
Граў «кадрылі», «кавалі», —
Біў ён болын на лад маркотны,
Дзе пакутаю зямлі
Аддаваўся спеў гаротны,
Слёзы жаласці цяклі,
I дзе чуўся жаль, уціскі,
Крыўда, гора бедака,
Бо свет смутку болей блізкі
Быў для сэрца хлапчука.