Непрыхільны, як сіротка,
Не прыласканы нікім,
Ведаў хлопчык, як салодка
Жыць вось так, сабой самім.
На Сымонку даўно ў хаце
Ўсе махнулі ўжо рукой.
Не радзіцца б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой
У куточках, дзе спрадвеку
Беднасць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У знявазе чорнай, здзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы моцныя, рука,
Дзе рот лішні на прымеце,
I так топчацца сям’ёй, —
Лепш бы там не жыць на свеце
Дзеткам з чуткаю душой!
I Сымонка чуў і бачыў,
Як крыўляліся дзядзькі,
Ведаў, што ў сям’і ён значыў;
Нават родныя бацькі
Папракалі сына хлебам
Пры абедзе за сталом.
Ён – завала, ён – нязгрэба,
Ён радзіўся гультаём!
Горка стане бедачыне,
Не прыхіліцца нідзе,
Тады толькі жаль астыне,
Як пажаліцца дудзе.
На прыволлі, сеўшы ў полі,
Смутна стане хлопчык граць;
Льюцца, таюць зыкі болю,
Аж калоцяцца, дрыжаць
Ды заплачуць, затрасуцца,
Капнуць дробнымі слязьмі,
То ўгару яны памкнуцца,
То зноў нікнуць па зямлі
I жалобна заміраюць
Немай жальбаю глушы,
То зноў ціха зачыняюць
Гоман сэрца і душы.
– Ось, глядзіце, здольна грае,
Як дудар той запраўскі!
Так, галубкі, выцінае,
Што рве сэрца на кускі. —
Смутак жнеек тых апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выяўляць, —
Так жа грае ён прыгожа,
Серп застыне ў іх руках
I павісне жменька збожжа
На разогнутых плячах.
Але дудка замірае,
Як бы той дзявочы ўздых,
I паволі заціхае
У прасторах дзесь пустых.
Граў Сымонка, а дзед слухаў
I ківаў у тахт яму,
Як бы ён з вялікай скрухай
Думаў нейкую думу.
– Добра граеш, хвацка граеш! —
Дзед, ачнуўшыся, казаў: —
I вялікі талент маеш!..
Я, брат, зразу адгадаў,
Што музыкам ты радзіўся…
Малайчына ты, Сымон!
Адно б толькі не пабіўся
I ты сам, як той твой звон. —
Здрыгануўся хлопчык злёгку,
К дзеду ціснецца бачком,
Такі шчупленькі ён, крохкі,
Вочкі ж бліскаюць агнём.
I хлапчынка не стрымаўся:
– Не, дзед, будзеш рагатаць…
Я даўно, дзядок, збіраўся
Дзеду нештачка сказаць,
Ды ніяк не прыбяруся,
Не асмелюся ніяк —
Смеху дзедава баюся!
– Эх, Сымон! ото дзівак!
Праўда: молада-зялёна!..
Ах, каб ты здаровы рос! —
Да сябе ўзяў дзед Сымона,
За плячук яго патрос.
– Ну, расказвай! кажы смела,
Мой музыка малады:
Што ў цябе там зноў наспела?
Можа песня для дуды?
– Вось што ўперад я спытаю:
Дзед! Ці чуе зямля боль,
Як па ёй саха крывая
Робіць боразны і роль?
Як зямельку конік топча,
Ці баліць ёй? ці чутно?
– Мудра ты пытаеш, хлопча, —
Проста слухаць мне дзіўно!
Не, не чуе, бо не жыва:
Хіба можа чуць пясок?
Заўсягды зямля маўкліва:
Як ні бі яе – маўчок! —
Змоўк Сымонка і прыгнуўся,
Цень задумы на ім лёг;
Ён у думках зноў замкнуўся
Ды скуб траўку каля ног.
– Не, дзядок: а мне здаецца,
Што яна такі жыва,
Бо адкуль усё бярэцца:
Краскі, дзерава, трава?
Ўсё з зямелькі, дзедка мілы!
Хто ж іх корміць, дарагі?
Хто дае ім моцы, сілы?
Як, з чаго растуць лугі?
I чаго зямля так сумна
Познай восенню, зімой?
I чаму прыветна, шумна
I так весела вясной?
Бо яна, відаць, штось знае,
Бо яна жыве, дзядок.
Ўсё жыве і душу мае:
Краска, дрэва і жучок…
– Хто ж яго, Сымонка, знае,
I не нам судзіць аб тым:
Гэта справа – патайная,
Не мне розумам дурным
Гэты белы свет тлумачыць,
Бо хто ж я? сляпы мужык!
Мо твой розум далей бачыць,
Мо ты ў праўду глыбей ўнік,
А стары ўжо, бач, дурнее,
Як за семдзесят залез.
– Ты зірні, дзед, унь чарнее, —
Паказаў хлапчук на лес, —
Пара хвоек так прыгожа, —
Ты прыгледзься добра к ім…
Ці не праўда, як не схожа
Адно дзерава з другім?
Тая хвоя, што пры полі,
Бач, стаіць як важны пан,
Разгарнуўшы на прыволлі
Свае лапы, бы каптан;
А другая, небарака,
Пахілілася наніз,
Стан пагнуўся, як кульбака,
I верх жудасна абвіс.
А чаму? У іх дзве долі —
Лёс няроўнага жыцця…
– Ну, Сымон: не чуў ніколі,
Каб тваіх гадкоў дзіця
Ды так мудра разважала,
Толькі ведаеш, браток:
Мне здаецца ўсё, што мала
Пажывеш ты, галубок,
Бо не любяць свет і людзі,
Каб іх тайнасці пазнаць,
Каб заглянуць у іх грудзі
I зняць тайнасці пячаць…
Ну, а што ж ты мне, старому,
Думаў, хлопчыку, сказаць?
– Тое, дзедку, што нікому —
Табе толькі можна знаць.
– Дзякуй, хлопча, за увагу,
Надта рады, мой каток!
Сядзь бліжэй, а я прылягу,
Бо штось ные трохі бок…
Эхе-хе, брат! адспявана
Мая песня, дый пара —
Ўсё нутро ўжо папсавана,
Чуць трымаецца кара. —
Застагнаў дзед, кладучыся,
Лёг, шчаку рукой падпёр.
– Смерць падходзіць, крадучыся,
Як да стада воўк з-за гор…
Ты, Сымон, баішся смерці?
– Не!.. сапраўды гавару:
Я б хацеў скарэй памерці, —
Дзед, памрэш, і я памру.
– Жыць табе, мой хлопча, трэба:
Ты малы яшчэ, дзіця:
Расквітнее твая глеба,
Прыйдзе час твайго жыцця…
Уміраць хоча! старэча!..
Смейся з гэтай гаманы!.. —
Ды ў той момант дзесь далеча
Ціха бомкнулі званы
I між імі звон пабіты,
Той надтрэснуты, стары;
Зыкі, смуткам апавіты,
Млеюць жаласна ў бары.
– Вось цікава: аб тым звоне
Я й хацеў апавядаць.
– Ну, кажы, кажы, Сымоне,
Бо цікава гэта знаць.