Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Я па табе так засумавала, так засумавала…

А лесвіца ўсё яшчэ гайдалася, па ёй і цяпер хтосьці ішоў. Радзім, прыслухаўшыся, спытаў у Оі:

— Хто там яшчэ?

— Дык гэта ж дурбуд, наш сябра.

І, не зважаючы на тое, што дурбуд набліжаўся, утрапёна лашчыла і лашчыла Радзіма. Хлопец чакаў, што вось-вось з'явіцца знаёмае воблачка, стане між імі і пачне распіхваць у бакі, але белай хмурынкі не было: відаць, Юля стамілася ратаваць яго…

Над імі ўжо стаяў Разумны. Радзім не столькі ўбачыў, як адчуў гэта.

— Здароў! — проста і звыкла павітаўся ён, хоць яны сёння ж, зусім нядаўна, развіталіся.

— Вітаю! — радасна азваўся Радзім і спытаўся: — А як вы апынуліся тут?

— Адчулі, што табе сумна аднаму, і прыйшлі.

— Не, я сур'ёзна пытаюся…

Оя ўжо здымала з яго ног папругу і, нібы не пачуўшы Радзімавага пытання, сакатала сваё:

— А хто ж гэта цябе прывязаў да лесвіцы? Сам? Няўжо сам? А навошта?

— Каб не зваліцца.

— Хіба можна адсюль зваліцца? — здзівілася дзяўчына і пачала танцаваць на лесвіцы.

Вяроўкі зыбаліся, трэсліся, падкідалі яго, і ён, учапіўшыся рукамі за поручань, закрычаў:

— Што ты робіш?!

— Нічога, — Оя перастала танцаваць. — Проста я рада, што зноў з табою.

— І я таксама. Але як вы ўсё ж апынуліся тут? Адказаў дурбуд:

— Як цябе арыштавалі і павялі, Оя кінулася да патлатага, а саксупы думалі, што яна зноў хоча адключыць у ім правадкі, і заламалі ёй рукі.

— Яны правільна думалі: гэтага я і хацела.

— А сам ты як сюды трапіў? — спытаўся Радзім у дурбуда.

— Я пабег выручаць Ою…

Хлопец хацеў прапанаваць усім адпачыць, прылегчы на лесвіцу і паспаць да раніцы, але раптам у вока кальнуўся першы промень сонца, і праз нейкую хвіліну яно асвятліла, радасна і святочна паружавіла ўсё навокал: прадонні і схілы гор, іхнія твары і вяроўкі, на якіх стаялі выгнаннікі…

Можа, ад ранішняга сонца, а можа, ад таго, што побач былі людзі, з якімі можна было перакінуцца словам, на Радзіма найшло раптам ціхае замілаванне, светлае супакаенне, і ён, забыўшыся, дзе стаіць і куды яму трэба ісці, расчулена прамовіў:

— Як прыгожа!

У Разумнага ж быў іншы настрой. Ён зацята, хмурна глядзеў уніз і нібы сам сабе, моршчачыся, гаварыў:

— Я ім кажу, а яны не вераць. Колькі ні тлумачу, хоць бы што. А і праўда ж, мы жывём на седаўцы. Вунь, зірні, злева, адкуль прыйшлі мы, адна палавінка, а справа, куды ідзём, — другая. Два паўшар'і, як кажуць мае суайчыннікі…

Радзім зірнуў уніз і, здаецца, сам напраўду зразумеў тое, пра што гаварыў дурбуд.

— Бачыш? — дапытваўся Разумны. — Седаўка! А яны мяне за гэта ў турмах гнояць.

— Не толькі за гэта, — запярэчыў яму Радзім. — Ты ж заадно яшчэ хочаш і законны ўрад зваліць.

— Які ён законны! — зазлаваў дурбуд. — Ты ведаеш, як Дурыс Першы прыйшоў да ўлады? Пляшывы на паўдня некуды ад'ехаўся, а ён сам сябе прывёз сюды, сам сабе нейкі Важны Савет стварыў і сам сябе кіраваць ім прызначыў. Дэмакратыя, кажа…

— Не можа быць! — здзівілася Оя.

— Можа, дзяўчынка, можа! У Дурбудзіі не такое здараецца, — Разумны задумаўся, памаўчаў, а тады загаварыў зноў: — А сам Пляшывы як кіраўнічае стырно выхапіў? Прывёз моцнай самагонкі, напаіў свайго сябра, тагачаснага прэзідэнта, а пасля п'янага ў міліцыю здаў. Той, ужо зняслаўлены, потым і не спрабаваў вяртаць сабе ўладу… Таму і табою лёгка было замяніць калматага. Я на цябе так спадзяваўся… А ты кажаш…

— Нічога я не кажу, — адказаў Радзім. — Ведаю толькі, што трэба, мусіць, ісці нам… А то стаім і мітынгуем…

— А куды спяшацца? Там жа нас ніхто не чакае. Нажывёмся яшчэ, нагаруемся… Ой, нагаруемся…

— Хіба там горш, чым у Дурбудзіі?

— Канечне, горш. Ссылка на Другое Паўшар'е — самае страшнае для мужчын пакаранне.

— Чаму?

— Таму што там мужчыны — гэта жанчыны, а жанчыны — мужчыны. І кіруюць усім жанчыны. Зразумеў?

Пакуль што ён нічога не зразумеў. А Оя ўхапілася за апошнія словы дурбуда:

— Дык гэта ж добра. Я вазьму вас абодвух да сябе ў гарэм.

— Не смейся, дзяўчынка, — строга зірнуў на яе дурбуд. — Так яно і на самой справе будзе. Цябе адразу могуць выбраць каралеваю.

— Тады я яшчэ лепей змагу вас абараніць. Так што смялей наперад! — падпіхнула яна ў плечы Радзіма.

Гэтак яны і пайшлі — наперадзе Радзім, пасярод Оя, а замыкаў іхнюю тройку Разумны, настрой якога ўсё падаў і падаў — ён станавіўся вельмі з'едлівым, злым, невыносным.

Ою ж, відаць, напраўду зацікавіла Другое Паўшар'е — яна спяшалася, яна як не бегла, падганяючы і яго, каб хутчэй убачыць той нечаканы рай для жанчын, дзе яны кіруюць мужчынамі.

Сонца цяпер не замінала ісці — узышло яно з другога боку і свяціла ім якраз у спіны.

Утраіх яны яшчэ болей расхіствалі вераўчаную лесвіцу, яна часам гайдалася зусім небяспечна — даводзілася прыстойваць і чакаць, калі супакоіцца.

Да таго ж памацнеў бакавы вецер, ён разгойдваў лесвіцу нават тады, калі яны спыняліся адпачыць. Неўзабаве скавыш стаў зусім моцны, і ім ужо даводзілася шмат прыкладаць намаганняў, каб утрымацца, каб ён не садзьмуў іх з лесвіцы.

Ою, як самую лёгкую, яны ўзялі з двух бакоў за рукі і моцна трымалі ля сябе, але вецер усё ж падняў яе ў паветра, і яна, хоць і трымаючыся за іхнія рукі, вісела па-за лесвіцаю, над прадоннем, і плацейка як не зрывалася з яе і трывожна, быццам напалоханая птушка, білася ў паветраных струменях.

Ён моцна трымаў дзяўчыну за руку, але зірнуўшы у Оіны вочы убачыў, што ў іх няма ніякай трывогі і страху. Ёй падабаўся гэты вецер і гэты палёт. Яна, шчаслівая, трымцела ўся, падстаўляла пад вецер грудзі, валасы, радавалася плыням паветра, якія абцякалі яе.

Больш за ўсё ўразіла Радзіма тое, што зэмка хацела, прагла, каб мужчыны адпусцілі яе рукі. Оя жадала нязмушана ляцець над гэтаю жахліваю прорваю!

Дурбуд, які таксама, мусіць, адчуваў яе жаданне, праз нейкі час расслабіў пальцы і адпусціў руку, аднак Радзім, уявіўшы, як будзе падаць, а потым глыбока-глыбока ў прадонні разаб'ецца гэтае кволенькае цельца, сціснуў Оіну далоньку мацней, таргануў яе да сябе, ашчаперыў дзяўчыну за тоненькі стан. Так і ўпалі яны на лесвіцу. Цяпер ужо Радзім адною рукою трымаўся за вяроўкі, а другою прыціскаў да сябе Ою.

Яна была незадаволеная, і ён, здаецца, пачуў, як зэмка ў злосці прашаптала: «Пусці!»

Твары іх былі зусім блізка, і Радзім убачыў, што Оіны вочы з гневам, а то і з нянавісцю глядзяць на яго: гэта ж ён адабраў такую радасць і асалоду — ляцець над безданню.

І нават калі вецер сціх, калі лесвіца супакоілася, калі яны падняліся і зноў пайшлі наперад, Радзім спіною адчуваў Оіну варожасць: яна ўсё яшчэ злавалася, што ён не адпусціў яе рукі…

Ішлі моўчкі і хутка.

— Куды мы спяшаемся? — парушыў напятае маўчанне Разумны. — Вунь жа і бераг ужо відзён.

І праўда, на небасхіле вымалёўваўся бераг. Хоць да яго яшчэ было далекавата, але ўжо на ім выразна віднеліся фігуркі людзей. Яны нібыта чакалі іх — стаялі там, дзе заканчвалася лесвіца, і, здаецца, махалі чымсьці над галовамі.

— Ну вось, — засмуціўся дурбуд, — нас чакаюць, а я толькі думаў прасіць вас не спяшацца. Адпачнём, думаў, пераначуем яшчэ раз на лесвіцы — усё ж, хоць і не на зямлі, але ж і не ў няволі. А тут не атрымаецца — збягуць і за рукі наверх усцягнуць.

І яны з трывогаю і хваляваннем пайшлі да берага…

Іх і праўда ўжо чакалі. Як толькі з хісткай лесвіцы ступілі на цвёрдую зямлю, тыя, хто сустракаў іх, дружна, як спартсмены, пракрычалі нейкае незразумелае вітанне:

— Ару! Ару! Ару!

І падышлі да іх. Гэта былі пастрыжаныя нагала мужчыны. Спартыўныя, стройныя — ні жывата, ні седаўкі — яны рухаліся ўпэўнена і прыгожа.

Людзі нешта дзелавіта пыталіся, нешта гаварылі самі, але ніхто з іх траіх не разумеў ні слова — мова іхняя была нейкая складаная і нават дзіўная.

Тады мужчыны, параіўшыся між сабою, не паварочваючыся, паклікалі пальцамі жанчын, што стаялі за імі. Адна з іх выйшла наперад і пачала перакладаць:

37
{"b":"245402","o":1}