Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Радзім крыху падцягнуўся, намацаў другою рукою вяроўку і моцна ўчапіўся за яе. Паспрабаваў разгайдаць ногі, каб зачапіцца і імі за лесвіцу. Але ад гайдання лесвіца прыйшла ў такі рух, што стала боязна, каб яна не сарвалася ўвогуле.

Калі вяроўка супакоілася, ён паступова пачаў падымаць угору ногі, каб, як некалі залязаў на турнік, узабрацца цяпер на яе.

Яму здалося, што перад вачыма штосьці мільганула, і ён, усё ж зачапіўшыся за вяроўку, адплюшчыў павекі і ўбачыў, што ў цясніну надае нешта белае, шматок нейкай паперыны. Адразу здагадаўся: гэта пісьмо, якое далі яму саксупы і якое Радзім паклаў у кішэню штаноў. Яно выслізнула, калі ён падымаў ногі. Сочачы за пісьмом, хлопец расслабіўся, і нага, што ўжо наском трымалася за вяроўку, скаўзанулася з яе, і Радзім зноў павіс над безданню толькі на адных руках.

Пісьмо ўсё яшчэ падала ў цясніну. Яно пераварочвалася з боку на бок, кулялася, пырхала, а то і, як адарваны асенні ліст, кружылася над прадоннем. Толькі зараз да яго дайшло, якая пад ім глыбіня, калі пісьмо ляціць ужо колькі часу і ўсё ніяк не можа ўпасці на зямлю. Папера, вядома, планіруе марудна, але, мусіць, і чалавеку хопіць часу, каб некалькі разоў памерці ад жуду, пакуль не ўпадзе на дол.

Дасюль ён усё рабіў спакойна, без страху, і толькі зараз, міжволі зірнуўшы ў прадонне, адчуў, як пачалі слабець рукі, як яму зрабілася млосна, як закружылася галава. Адразу ж падняў угору вочы, каб не бачыць прадоння. Баяўся, што, калі не адвядзе іх ад глыбіні, абавязкова ўпадзе: не вытрымаюць рукі.

Агледзеўшыся, здівіўся: сонца, хоць яно, як і раней, усё яшчэ свяціла, але не сляпіла ўжо, як засланіў хто. На яркі дыск нібы найшла нейкая светлая хмарка. І гэтая хмарка стаяла не каля сонца, а была зусім блізка, побач з ім, над ім.

Той жа момант яна спусцілася яшчэ ніжэй, падплыла пад яго і, як дэльфін, выштурхнула на вяроўкі. І не паспеў Радзім асвойтацца, як хмарка зноў пачала здаляцца ў бок сонца. Яна плыла па лесвіцы, нібы ішла па ёй.

Не ведае, ці гэта было напраўду, ці гэта яму толькі здалося, уявілася, але ж ён і на самой справе ўжо стаяў на лесвіцы. Радзім не паспеў разгледзець аблачынку, аднак быў перакананы, што памагала яму Юля…

Ага, канечне ж, гэта была Юля. А правільней, не яна сама, а толькі яе энергетычны ці духоўны прывід. Хутчэй за ўсё Юля і праўда ўвесь час прысутнічае побач, назірае за ім, сочыць, але сустрэцца і пагаварыць яны ніяк не могуць, бо і на самой справе, як сцвярджае Оя, знаходзяцца ў розных вымярэннях.

Калі воблачка, нарэшце, знікла, нібы растварылася на небасхіле, ён сеў на вяроўкі і, трымаючыся дрыжачымі рукамі за страхоўку, глядзеў у той бок, куды яно паплыло.

Уявіў, што з ім адбылося, задумаўся, і яму стала няёмка, сорамна: Радзім зусім забыўся на Юлю і ўжо не шукаў яе! Цяпер ён сумаваў толькі па Оі, пра яе думаў, хацеў бачыць яе…

Але Юля шукала яго! І яму ўжо не хацелася, каб яна знікала. Шлях перад ім ляжаў доўгі і цяжкі, і таму як бы было добра, каб хоць хто-небудзь быў побач, хай сабе і ў выглядзе вось такога воблачка.

Усё ж страшна вісець, гушкацца на гэтай няўстойлівай лесвіцы, высока-высока над бяздоннаю прорваю, начыста адарваным ад зямлі і разумець, што ты тут зараз адзін на ўсю прастору і на ўвесь час, і калі з табою, крый божа, што-небудзь здарыцца, ніхто пра гэта не ўведае і ніхто не кінецца шукаць.

Радзім стараўся не глядзець уніз. Але прорва міжволі цягнула, вабіла, змушала, і ён не-не ды і скошваў вочы туды.

Пасля здарэння, калі Радзім ледзь не зваліўся ў прадонне, у яго ўсё яшчэ трымцелі рукі. Толькі цяпер ён пачынаў разумець, што магло здарыцца, і чаму яго папярэджвалі ахоўнікі. Маўляў, яшчэ ніхто не даходзіў да Другога Паўшар'я: вельмі ж хісткаю была гэтая дарога пакараных.

Зноў закружылася галава, і ён ніцма лёг на лесвіцу — баяўся зваліцца. Паляжаў, пакуль прайшла млявасць, а тады паступова пачаў адплюшчваць вочы. Хоць зараз ляжалася крыху надзейней, але ўсё ж глядзець уніз было страшна. Тым не менш ён, перасільваючы страх, разглядаў прадонне.

Яно было глыбокае-глыбокае. Да яго адхонна спускаўся левы бераг, каб неўзабаве зусім праваліцца стромаю цяснінаю, пакрытаю густым хмызняком, з-за якога нічога не відаць, — а што там на самым дне, а пасля зноў гэтак жа адхонна падымацца правым берагам, які ўзвышаўся, сягаў аж да самага небасхілу. Якраз туды, куды яму трэба ісці.

Вісячая лесвіца пад ім прагнулася, ён гайдаўся цяпер паміж двума гэтымі берагамі і думаў, што далей ісці будзе не так проста, як дасюль. Раней ён, не баючыся асабліва, ступаў на вераўчаныя прыступкі, а зараз увесь час давядзецца трывожыцца, што з іх можна сарвацца. Ды і глыбіня ж тут не такая, як на самым пачатку, ля самага берага…

Паляжаў яшчэ крыху нерухома, а пасля ўсё ж змушаны быў варушыцца, каб рухацца далей — знізу паддзьмувала нейкім смуродам, і яму хацелася хутчэй перайсці гэтую мясціну.

Паспрабаваў сунуцца не ўстаючы, паўзком. Але гэта было вельмі нязручна: вяроўкі мяліся, камячыліся, ногі блыталіся ў іх, рукі абапіраліся на прыступкі няўпэўнена, лесвіца раскалыхвалася яшчэ больш. Давялося падняцца на ногі і, не гледзячы ўніз, стараючыся не думаць пра тое, што пад ім, моцна трымаючыся за вераўчаную парэнчу, паволі, не спяшаючыся, кіравацца наперад.

Наперадзе смуродзіла яшчэ больш. Мусіць, унізе было нейкае гнілое балота, выпарэнні ад якога ўзнімаліся так высока. Ён час ад часу заціскаў нос, але ненадоўга. Дыхаць жа ўсё роўна трэба, а з заціснутым носам доўга не набудзешся, не надыхаешся.

Радзім быў якраз над самаю ўпадзінаю, калі смурод раптам знік начыста: ці то хлопец мінуў тую гнілую мясціну, ці то, можа, перамяніў свой напрамак вецер…

Сонца ўсё яшчэ сляпіла вочы. Але неўзабаве апошні промень слізгануў па твары, успыхнуў ярка-ярка, нібы ўзарваўся, і знік за небасхілам.

І адразу ж зрабілася цёмна — хоць ты вока выкалі. Не было ніякага шэрага вечара, адразу яго ахінула чорная ноч.

Па інерцыі паспрабаваў яшчэ ісці, але не змог намацаць наступнай прыступкі — так стала цёмна. Ён зразумеў, што давядзецца спыніцца і начаваць менавіта тут, на лесвіцы. Калі ледзь не ступіў міма прыступкі, сеў на тым месцы, дзе стаяў, і пачаў масціцца нанач. Масціцца асабліва не было як, ён проста лёг пасярэдзіне, каб вяроўкі трапілі пад галаву, пад спіну, пад ногі. Дастаў са штаноў шырокую папругу і прывязаўся ёю да лесвіцы, каб не зваліцца спрасоння, калі раптам на такой вышыні пачне круціцца.

Ляжаў з адплюшчанымі вачамі, але сон не ішоў. Дзіўна, гэта ж ён ужо столькі не спаў, і павінен быў адразу адключыцца, як толькі прылёг, аднак сну не было ні ў адным воку. Дзівак, пра які сон можна гаварыць, калі за гэты час на яго звалілася столькі эмоцый, узрушэнняў і на Жалезным Хаосе, і ў Дурбудзіі, і вось зараз, на вісячым мосце?

І ўсё ж змогшыся, ён задрамаў. І той жа час прахапіўся. Яму здалося, што драмаў не болей хвіліны. Нешта разбудзіла яго, насцярожыла, як усё роўна якую небяспеку адчуваў ён у сне.

Наструніўся, сцішана прыслухаўся. Лесвіца мерна пагойдвалася. Спачатку падумаў, што гэта памацнеў вецер, але тут жа запярэчыў сабе: не, вецер тут ні пры чым.

Па лесвіцы нехта ішоў! Яна гайдалася ў такт чыіхсьці крокаў! Ішоў нехта з Дурбудзіі, і ішоў якраз у яго бок.

Радзім сцяўся і пачаў чакаць. Уцякаць жа няма куды!

Па тым, як упэўнена чалавек ішоў па лесвіцы, ён зразумеў, што той, хто набліжаецца, добра бачыць і ў цемры. Калі гайданне зрабілася зусім моцным, хлопец скеміў, што невідомы зусім побач. Яму стала вусцішна, боязна, і ён зашэрхлым ад страху голасам спытаўся:

— Хто тут?

Лесвіца заторгалася яшчэ мацней, яго аж падкідала разам з ёю ўгору. Радзім здагадаўся, што незнаёмец бяжыць сюды. Паспешліва ссунуўшы папругу сабе на ногі, ён сеў і падрыхтаваўся да бойкі, калі той, хто бяжыць, раптам уздумае нападаць. Невідомы, гэпнуўшыся яму на калені, прытуліўся і ласкавым голасам выдыхнуў:

— Радзімачка!

Оя абдымала яго, гладзіла па валасах, цалавала ў шчокі і вусны, плакала, твар яе быў мокры ад слёз. Яна ўсё паўтарала і паўтарала:

36
{"b":"245402","o":1}