Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Радзіму было боязна, каб і Оя, шукаючы рубільнік, не трапіла выпадкова ў тую ж, як і ён, плынь. Бо калі заглыне Цмок і яе, ім ужо ніколі не выбрацца з ягонай пашчы — хто ж выратуе іх тады?!

«Цмок, спыніся! Памры, Цмок!» — як не закрычаў Радзім, падаючы чарговы раз на зямлю. Упаў і ўжо не ўставаў, не ратаваўся — чакаў, калі паветра падыме і зноў панясе ў пашчу. Але паветра было ціхае, рахманае — ніхто яго не падымаў з зямлі.

«Божа, няўжо Цмок адгукнуўся на мой крык і перастаў здзеквацца з мяне?!» — здзівіўся Радзім.

Паляжаў, усё яшчэ не верачы ў выратаванне.

Навокал было ціха-ціха. Ад гэтай цішыні ламіла ў вушах. Цмок і праўда як памёр — не ўдыхаў паветра і не выдыхаў яго.

І ў гэты час зусім побач пачуўся голас Оі: «Радзім, дзе ты?»

Голас быў такі слабы, ціхі і невыразны, што нават здавалася: Оя знаходзіцца недзе далёка-далёка, а не за некалькі крокаў ад яго.

— Каля Цмока, — адказаў Радзім.

— І я ля яго. Не бойся гэтай пачвары. Я зноў яго задушыла…

Хоць у цемры не бачыў ні Цмока, ні Оі, ён усё ж уявіў сабе вялізнае жалезнае страшылішча з шырока раззяпленаю пашчаю, куды сам улятаў, нібы пушынка якая, і побач з ім маленькую, кволенькую Ою, якая стаіць ля гэтай аграмадзіны…

І яна, ці бачылі вы, яго задушыла…

Але ж Цмок і праўда не дыхаў!

Радзім таропка падхапіўся на ногі, крыху адбегся ўбок, каб не загрэбла зноў паветраная плынь, калі раптам ажыве Вялікі Цмок, а потым спакойна, ужо не спяшаючыся, пайшоў шукаць Ою.

Знайшоў ён дзяўчыну каля рубільніка. Яна стаяла і трымалася за ручку.

— Ведаеш, — адразу пачала Оя, — я зразумела, чаму Вялікі Цмок уключаецца сам, — голас яе быў усё той жа невыразны і далёкі, хоць Радзім стаяў побач і ягоная рука ляжала на яе. — Чуеш, як торгаецца рубільнік? Адключаны, ён сам паступова вяртаецца ў ранейшае становішча! Вялікі Цмок запраграмаваны на самаўключэнне! Таму ніхто і не мог яго дасюль перамагчы.

Радзім і сам адчуваў, як, нібы жывы, трымціць рубільнік, як ён, быццам пераадольваючы нейкае супраціўленне, пакрысе, але вельмі настойліва, падымаецца ўгору, намагаючыся ажывіць Цмока.

— А мы яго зараз пераможам назаўсёды, — упэўнена сказаў хлопец, нагнуўся, пашукаў чаго-небудзь пад нагамі, знайшоў нейкі дрот, адагнуў дзяржанне ўніз, да самага канца, і моцна прыкруціў ім ручку да слупка.

І якраз у гэты час крыху зводдаль ад іх у чорным непраніклівым небе пачуўся нейкі шум, грукатанне, лёскат — Радзім і не падымаючы вачэй — усё роўна нічога не ўбачыш, — ведаў: таля-малі ўжо тут, яны, шукаючы іх, прачэсваюць неба Жалезнага Хаоса.

— Хадзем хутчэй! — ухапіў ён Ою за руку і пацягнуў за сабою.

Оя паслухмяна бегла за ім.

Грукат і ляскат крыху пацішэлі — таля-малі, прачэсваючы Хаос, паляцелі, мусіць, далей, каб неўзабаве вярнуцца зноў, заняўшы новую паласу. Ён ведаў, што ўцячы ім усё роўна не ўдасца, — калі ў самалёце ёсць прыборы, якія бачаць і ў цемры, то іх, канечне ж, заўважаць, выявяць сярод гэтага ламачча.

Але ўсё ж бег сам і цягнуў за сабою Ою.

— Куды мы бяжым? — нарэшце спыталася дзяўчына.

— Разумееш, робат казаў, што недзе тут, за Вялікім Цмокам, ёсць нейкі аэрадром. Там стаяць катапульты, скіраваныя на Дурбудзію. Яны могуць нас выратаваць!

— Пачакай, пачакай, — аж спынілася Оя. — Аэрадром… Катапульты… Дурбудзія… Я чамусьці ўсё гэта ведаю… Мне як усё роўна падказвае хто дарогу… Пабеглі!

Цяпер ужо яна ўзяла Радзіма за руку і сама пайшла наперадзе. Яна зручней абмінала кучы жалезнага ламачча, з ёю ішлося спакайней і хутчэй — здавалася нават, што яны не ідуць, а ляцяць. І гэта было дарэчы, бо самалёт з таля-малямі, вяртаючыся на чарговы круг, прагрукатаў зусім блізка ад іх.

І праўда, Оя ішла так упэўнена, быццам яна ўжо тут калісьці была, — дзяўчына, мусіць, і напраўду ведала найкарацейшы шлях да аэрадрома.

Неўзабаве яна спынілася і выдыхнула:

— Паспелі.

Тут, здаецца, было трошачкі святлей — як усё роўна пачынала днець. У гэтым прывідным, ледзь улоўным святле ён убачыў нейкія доўгія-доўгія станіны, што ляжалі, прыгнутыя да зямлі.

Да бліжэйшай з іх адразу ж слізганула Оя. Дзяўчына рухалася так упэўнена і лёгка, умела пстрыкала нейкімі тумблерамі, кнопкамі, ручкамі, нешта адхінала, нешта совала-перасоўвала, нешта здымала і нешта адзявала, і ўсё ў яе так хораша атрымлівалася, што здавалася, што яна гэтым жыла і гэтым займалася заўсёды.

Талямаляўскі самалёт ужо ляцеў над імі. Мусіць, заўважыўшы іх, ён зменшыў хуткасць, а затым і зусім завіс над аэрадромам. Па станінах слізгануў пучок святла, выпушчаны з карабля…

Оя хуценька падбегла да Радзіма, схапіла яго за руку, пацягнула да станіны. Памагла яму залезці ў нейкую люльку, пасадзіла ў крэсла, што знайшлося там, і спяшаючыся націснула на кнопку. І пакуль, разганяючыся, падымалася высока ў неба гэтая станіна, ён паспеў яшчэ ўбачыць, як Оя кінулася да другой катапульты, пачала рыхтаваць і яе. І яшчэ ён помніць, што станіна паднялася дужа высока, вышэй за самалёт таля-маляў, і з усёю сілаю, нібы старажытная кідальная машына, шпурнула яго, як з прашчы, наперад, ды так моцна, што аж засвістала паветра і пачаў спераду награвацца скафандр.

А пасля ён нічога не памятае — самі сабою закрыліся вочы, і Радзім страціў прытомнасць.

У Дурбудзіі

Ачуўся ён ужо на зямлі.

Паварушыў рукою — варушыцца, зварухнуў нагою — слухаецца. І яшчэ не адплюшчваючы вачэй, узрадаваўся: значыць, жывы, не разбіўся, калі падаў на зямлю.

Адплюшчыў вочы, войкнуў і той жа час заплюшчыў іх зноў. У зрэнкі ўдарыла такое святло, што ім зрабілася вельмі балюча. Стала цёмна-цёмна, і яму нават здалося, што ён аслеп — як усё роўна хто кальнуў у вочы востраю іголкаю ці сцебануў па іх пугаю-драцянкаю.

Столькі часу прабыўшы ў поўнай цемры, вочы, канечне ж, трэба прывучаць да святла паступова, а не так, як гэта зрабіў ён: адразу ж напоўніцу адплюшчыў іх. Радзім нават уявіў, якімі вострымі — акурат цвічкі — сталі на той час яго зрэнкі. Праз нейкі час ён зноў паспрабаваў ледзь-ледзь растуліць моцна сціснутыя павекі, але і гэтага было дастаткова, каб вачам зрабілася непрыемна — святло шчодра шчамілася нават у такія вузенькія шчылінкі.

А дзе ж Оя? Ці паспела яна наладзіць сваю катапульту і своечасова націснуць на кнопку? Не маючы магчымасці агледзецца, ён, не расплюшчваючы вачэй, прыслухаўся.

Навокал стаяла даўкая, першародная цішыня. Паспрабаваў уключыць мікрафон, крыху пагукаў у яго: «Оя! Оя!», але той маўчаў. Маўчаў зусім — ні шораху, ні гуку, ні трэску. Радзім зразумеў, што скафандр хутчэй за ўсё не працуе. Ці не разбіўся ён? Павадзіўшы даланёю па шкле, пераканаўся: і праўда разбіўся — ён шапацеў увесь, як пабітае яйка…

Дык вось чаму папярэджваў яго робат, каб асцерагаўся, каб не пабіў носа, калі будзе прызямляцца. Мусіць, усе з катапульты падаюць вось так — тварам да зямлі. І каб не скафандр, відаць, дасталося б і ягонаму носу…

Радзім паволі прывучаў вочы да святла. Калі, спяшаючыся, адплюшчваў павекі крыху раней часу і больш, чым можна было, у вачах з'яўляліся цёмныя кругі, і яму даводзілася заплюшчваць іх і наноў пачынаць усё спачатку.

Вочы слязіліся ад святла, нібыта якраз промні выкрасалі слёзы, але ён усё шырэй і шырэй, не зважаючы на сонца і на кругі перад вачыма, якія па часе зрабіліся рознакаляровымі, адплюшчваў вочы і нецярпліва азіраўся — хацеў зразумець, куды ён урэшце трапіў.

Калі вочы прызвычаіліся да святла, калі яны дазволілі яму не асцерагаючыся глядзець на ўсё спрытна, хлопцу здалося, што трапіў ён у нейкі рай.

Была самая раніца.

Зялёныя-зялёныя, бучныя-бучныя дрэвы. Блакітнае-блакітнае неба. Чыстыя-чыстыя ручаі і рэчкі. Мурожная, ласкавая-ласкавая трава, ён з замілаваннем вадзіў па ёй далонямі. Цёплы, пяшчотны ветрык, да якога сама сабою горнецца кожная захаладалая на Хаосе клетачка яго цела.

І сонца, якога так многа, і яно такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу, і тая радасна адаграваецца ад цемры і холаду, якія столькі часу студзілі яго, былі не толькі вакол, але і ў ім самім — менавіта ў душы і сэрцы. Калі і набяжыць на сонца якая-небудзь невялічкая, светлая-светлая хмарка, — яе ніхто і не заўважыць: зямля і неба астаюцца ўсё такімі ж яснымі і ўрачыстымі.

25
{"b":"245402","o":1}