Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Адразу, як толькі Радзім убачыў гэта хараство, яму здалося, што вярнуўся ў родную Беларусь, — такім сваім і знаёмым здалося яму ўсё, што адкрылася вачам. Але, разглядаючы ўважлівей краявіды, зразумеў, што гэта чужая зямля, хоць на ёй вочы і знаходзяць столькі свайго, роднага.

Вунь непадалёку шумяць высокія і шырокія вадаспады — вада, зламаўшыся на самым краі, здаецца, з заміранннем сэрца — такая ж вышыня! — падае ўніз і там разбіваецца аб лабатыя мокрыя валуны на мільёны пырскаў. З другога боку пагойдваюцца выносістыя, тонкія, востралістыя бамбукавыя зараснікі, якія сягаюць аж у самае неба, — і ветру асаблівага няма, а яны, тонкія, хістаюцца вельмі прыкметна. На небасхіле горда высяцца велічныя і крыху абыякавыя да ўсяго, што вакол іх, горы — зялёныя, у траве і дрэвах, знізу і белыя, у снежных шапках, што здалёку нагадваюць аблачынкі, каля самых вяршынь.

Адагрэты шчырым сонцам, Радзім радаваўся, што ўрэшце трапіў у гэты рай. Як засумаваў ён па траве і зеляніне, па сонцу і светлыні ў невыноснай цемры і ў холадзе, сярод нежыццёвых пустэльняў, між настылага жалезнага ламачча Зэміі, Талямаліі і Хаосу!

І раптам сярод гэтай ціхамірнасці яго як уджаліла што: а дзе ж Оя? Ён азірнуўся, уважліва агледзеў вакол сябе наваколле. Нідзе нікога не было відаць. Яму зрабілася яшчэ болей трывожна — дык дзе ж яна? Няўжо не паспела катапультавацца і яе зацягнулі на драндулет?

Ён хапатліва пачаў шукаць Ою. Пабегаўшы зблізку, падаўся у бок бамбукавага гаю. Тут ужо было крыху макрэй, не так суха, як на тым месцы, дзе ён прызямліўся. Хутчэй за ўсё непадалёку пачыналася балота. Яшчэ не дайшоўшы да зараснікаў, ён нечакана пачуў нейкі шэпт. Спыніўся, прыслухаўся — непадалёку і напраўду нехта штосьці шаптаў. Радзім падышоў бліжэй.

— Выйду я за вароты, — нарэшце разабраў ён, — гляну ў чыстае поле. У чыстым полі, на сінім моры стаіць дуб. Што на тым дубе? Залатое гняздо. Што ў тым гняздзе? Вуж-вужаніца і гад-гаданіца і ўсім вужам-гадам царыца. Не будзеш ты сваіх вужоў-гадаў збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць — паспешных, крапіўных, махавых, балатавых, гнаявых, падкалодных, межавых, земляных — не будзеш ты іх збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць. Будзе ехаць Пётр з Пярунам і з Маланнёю, Маланнёю будзе паліць. Пярунам вам будзе гразу даваць, на сінім камені галовы адсякаць. Вуж-гад, слівень-гад, гад-гадавіца, вуж-вужаніца, вазьмі сваё джала, вазьмі мой боль…

Оя — а гэта была, канечне ж, яна — прамаўляла беларускія замовы! Як звычайная вясковая цётка! І хоць ён усё пачуў і зразумеў, усё ж адсюль, не паказваючыся, спытаўся:

— Што ты там шэпчаш?

Оя скаланулася, яе напалохаў голас, але ўбачыўшы Радзіма, супакоілася:

— А, гэта ты? А мяне змяя ўкусіла. Вось я і ўспомніла вашы замовы…

Оя зноў нахілілася да нагі, прыклалася вуснамі да ранкі і пачала высмоктваць з яе яд.

— Ты ведаеш нашы замовы? — здзіўлена спытаўся ён.

— Я ведаю ваша ўсё: гісторыю і культуру, літаратуру і прыроду, геаграфію і этнаграфію, — з раздражненнем адказала яна. — Я ведаю нават, што пра нас з табою, пра нашы падарожжы і пакуты ў вашай літаратуры з'явіцца неўзабаве кніга… Але не распытвай у мяне зараз нічога. Памажы лепей.

Радзіму зноў зрабілася няёмка: дзяўчыну ўджаліла змяя, а ён стаіць, спакойна разважае пра нейкія дробязі і не спяшаецца памагаць ёй.

Ён тут жа кінуўся да Оі, падхапіў яе на рукі — сукенка знізу была мокрая, бо дзяўчына сядзела на гразкім месцы, — і панёс на сушэйшае.

Яму здалося, што з боку балота, за зараснікамі, нешта мільганулася, але ён не звярнуў на гэта асаблівай увагі.

Радзім нёс Ою, глядзеў на яе адкрыты твар — дарэчы, скафандра на ёй ужо не было: мусіць, таксама пабіўся пры прызямленні і адчуваў, як у душы нараджаецца нейкае неспатольнае замілаванне да дзяўчыны. Яму прыемна было глядзець ёй у вочы — блакітныя, як само неба, слізгаць позіркам па вуснах, поглядам дакранацца да валасоў, якія тут, пры святле, зрабіліся белыя-белыя, быццам лён, але яшчэ больш прыемна было адчуваць у руках, у далонях яе пругкае цела, якое трымцела, зараджаючы гэтым трымценнем і яго самога.

Радзім і сам не ведае, як і чаму, але раптам яго пацягнула да Оіных вуснаў, і ён пачаў нахіляцца да яе твару.

Звыкшы да скафандра, чакаў, што вось зараз шкло стукнецца ў шкло і не дазволіць яму пацалаваць дзяўчыну. Але скафандра ўжо не было, а таму ягоныя губы, не сустрэўшы перашкоды, адразу мокнуліся ў Оіны, растуленыя для пацалунка, вусны.

Оя сама абняла яго, прыгарнулася і пачала ўтрапёна цалаваць у вусны, у шчокі, у вочы. Ён разамлеў ад гэтай увагі, цёрся шчакою аб яе вусны, гладзіў рукою па валасах.

І раптам Оя ні з таго ні з сяго пачужэла, адхінулася і пачала адпіхваць ад сябе яго галаву. Ён, нічога не разумеючы, зірнуў ёй у вочы: што здарылася?

Дзяўчына глядзела кудысьці ў неба. Падняў галаву і ён, і тады ўбачыў, што нейкая аблачынка імкліва нясецца ў іх бок, — у ёй няцяжка было пазнаць Юлю.

Оя заварушылася і настойліва пачала выслабаняцца з ягоных абдымкаў.

Як толькі яна стала на зямлю, Юля адразу ж завярнулася, пачала здаляцца ў неба і неўзабаве зноў стала там непрыкметнаю хмурынкаю.

Оя села на купіну і пільна, уважліва занялася сваёю ранкаю, а ён стаяў побач і ўжо не адважваўся дапамагаць ёй.

— Бач ты яе, не супакойваецца, — сярдзіта, нібы сама сабе сказала яна, але было не зразумела, што зэмка мае на ўвазе: ранку ці Юлю.

Ён узняў вочы, угледзеўся на аблачынку, якая зноў стаяла ля самага сонца. І раптам фізічна адчуў, што на яго нехта глядзіць. Радзім рэзка павярнуў галаву і амаль вочы ў вочы сустрэўся з нейкім чалавекам, які стаяў непадалёку і разглядаў яго. Ён быў звычайны — тыя ж рукі і ногі, тыя ж вочы і вушы, той жа рот, — і Радзім адно толькі падумаў, што і ў Дурбудзіі жывуць такія ж самыя, як і ўсюды, людзі.

Чалавек, нават сустрэўшыся з ягоным позіркам, не адвёў вачэй, не паварушыўся: стаяў як укопаны і засяроджана разглядаў яго, чамусьці больш за ўсё лоб.

Раптам ён падскочыў — Радзім убачыў, што чалавек зусім босы, — ляпнуў сябе рукамі па калашынні караткаватых, нехлямяжых штаноў, развярнуўся ў паветры і з нейкім гартанным крыкам — хлопец не разабраў ніводнага слова — пабег за вялікі, як сапраўдная гара, пагорак, што ўзвышаўся па другі ад бамбукавых зараснікаў бок.

Неўзабаве адтуль, з-за ўзгорка, выбегла шмат людзей — іх, канечне ж, прывёў той першы. Усе яны беглі ў іхні бок і штосьці крычалі. Ён зноў жа не мог разабраць аніводнага слова.

— Ведаеш, пра што яны верашчаць? — убачыўшы, што Радзім высільваецца, каб нешта разабраць, прыйшла на дапамогу Оя. — Яны крычаць: «Ён вярнуўся! Ён вярнуўся!»

— Хто вярнуўся? — нічога не разумеючы, спытаўся ён.

— Відаць, ты, — усміхнулася Оя.

— А як ты іх разумееш? — задумаўся Радзім.

— Вельмі проста. Яны дабаўляюць да кожнага склада «дур». «Дур-ён дур-вяр дур-нуў дур-ся!» Ён вярнуўся! Ды што я табе тлумачу. Вы ж таксама ў дзяцінстве гэтак забаўляліся: «Кірку кір-ды кір-і кір-дзеш?» Куды ідзеш?

Тым часам многа людзей падбегла да Радзіма, акружыла яго. Тутэйшыя крычалі, радаваліся, смяяліся. Хоць яму і цяжка было напачатку разбіраць словы, адкідваючы «дур», аднак праз нейкі час ён ужо ўсё разумеў і без Оінай дапамогі. Яны галёкалі, заходзіліся крыкам, аж стагналі:

— Ён вярнуўся!

— Ой, ён вярнуўся!

— Ай, ён вярнуўся!

— Вярнуўся наш дарагі заступнік!

— Пакутнік! Яго зняволілі! Пасадзілі ў астрог! А ён вярнуўся!

Адны цалавалі яму рукі, якія, як і адзенне, яшчэ пахлі мазутам і машынным маслам Вялікага Цмока; другія, укленчыўшы, злізвалі з чаравікаў пыл, спяшаючыся, разбэрсвалі шнуркі, каб дабрацца да ягоных ног. І ўсе чамусьці з задавальненнем і замілаванасцю глядзелі на яго лоб, далікатна вадзілі па ім пальцамі, спрабавалі нават вуснамі прыкладацца да таго месца, дзе ён раздушыў пчалу.

— Мечаны вярнуўся! — радасна роў натоўп.

Праз нейкі час яго падхапілі на рукі і пачалі падкідаць угору.

— Дур-ра! — крычалі тубыльцы. — Дур-ра!

26
{"b":"245402","o":1}