Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— А адкуль вы яе ўзялі? Седаўку сваю?

— Што, і ты не верыш? — зласліва спытаўся Разумны.

— Як бы вам сказаць…

— Нічога мне не трэба гаварыць. Але сам ты неўзабаве пераканаешся, што я кажу праўду. Словам, бяры заўтра ўладу. Я табе буду дапамагаць.

Іх абагнаў белы лімузін. Відаць, экзекуцыя на плошчы ўжо закончылася.

Па ўсім адчувалася, што аэрадром зусім блізка…

Праз колькі часу яны праціснуліся праз шырока, гасцінна расчыненыя вароты і далучыліся да людзей, якія прыбеглі сюды раней за іх і задаволеныя, у нейкім нервовым нецярпенні пільна сачылі за небам, каб крый божа не прапусціць таго моманту, калі між светлых аблачынак з'явіцца маленькая крапка самалёта, якая ўсё будзе большаць і большаць, пакуль нарэшце не чыркне коламі па бетоннай паласе.

Людзі, асабліва нафарбаваныя дамачкі, нібыта ў экстазе, закочвалі вочы, шапталі: «Ой, ён зараз прыляціць! Ой, ён зараз вернецца!» — і аж дрыжалі ад напружання.

Таму не дзіўна, якое вар'яцтва пачалося тут, калі хтосьці першы ўбачыў самалёт, а калі той урэшце сеў, ніхто і нішто ўжо не змог стрымаць да слёз расчулены натоўп — ні ланцугі міліцыянераў і салдат, ні жалезныя загародкі. Людзі ўмомант змялі ўсё гэта і той жа час апынуліся на лётным полі — самалёт падрульваў ужо да натоўпу, і многія сустраканцы апынуліся пад яго крыламі.

Народ у нецярпенні збіўся ў кучу, людзі стаялі блізка адно да аднаго, а таму абслуга доўга ніяк не магла падаць трап — дурбудаўцы не расступаліся перад ім.

Калі трап усё ж падалі, калі адчыніліся дзверы, калі на прыступку з цёмнага чэрава самалёта ступіў сам Дурыс Першы, людзі нібы звар'яцелі. Яны скакалі, махалі рукамі, крычалі: «Няхай жыве!», «Хвала!», «Дур-р-ра!».

Прэзідэнт, магутны і плячысты, стаяў і самазадаволена ўсміхаўся.

Пышныя валасы, калматыя бровы, ламаны нос. Маленькія свінячыя вочкі. Тупыя-тупыя — як у асла.

Вецер матляе калашынне яго штаноў (дарэчы, пашытых з дзяржаўнага сцяга), а здаецца, што гэта трасуцца ногі — ці то ад страху, ці то ад якога захворвання. І сам ён таксама хістаецца.

— Прэзідэнт п'яны? — спытаўся Радзім.

— Ага, — адказаў Разумны, — і п'яны, і дурны. Дурыс Першы глядзеў на сваіх падданых нейкім невідушчым, замутнёным позіркам.

Пастаяўшы вось так — мусіць, для фотакарэспандэнтаў — ён пачаў паволі спускацца на зямлю. Па тым, як ён перастаўляў ногі, як махаў рукамі, як асцярожна ступаў на ніжэйшыя прыступкі, Радзіму да ўсяго яшчэ здалося, што гэта не жывы чалавек, а ўсяго толькі робат. Каб поўнасцю пераканацца ў гэтым, ён, распіхваючы тых, што стаялі перад ім, пачаў прабівацца да прэзідэнта. І ўсё ж дапяў да самага трапа, і калі Дурыс Першы спусціўся на самую ніжнюю прыступку, ён незаўважна для іншых дакрануўся рукою да яго рукі — яна была халодная-халодная — і кіпцюрамі калупнуў скуру. Скура лёгка ссунулася, і Радзім убачыў пад ёю не косць, а жалеза, начыненае нейкімі правадкамі. Божа мой, так і ёсць — гэта не чалавек, а робат, абцягнуты звычайнай чалавечай скурай! Яны ўсяго толькі выкарыстоўваюць, эскплуатуюць жывую скуру!

Прэзідэнт не адчуў нават ніякага болю, не звярнуў увагі на яго кіпцюры. Ён асцярожна злез з апошняй прыступкі і, нібы не заўважаючы працягнутую да яго руку чалавека з белага лімузіна, які ўжо таксама быў каля трапа, — паспеў, бачыце, і на пакаранне музыкаю і на сустрэчу прэзідэнта! — пайшоў уздоўж самалёта. Чалавек з лімузіна закрыў ужо адкрыты для прывітання рот, паплямкаў губамі, пацмокаў ротам, нібы глытаючы падрыхтаваныя словы, паправіў некалькі валасін на галаве, перакінуўшы іх праз лысіну, і незадаволена, сумеўшыся, апусціў руку.

А прэзідэнт тым часам абышоў самалёт, і неўзабаве з другога боку пачулася нешта падобнае на шум вады. Той жа час дальняе кола самалёта зрабілася мокрае і з-пад яго пацёк ручай.

Прэзідэнт вярнуўся і, як нічога і не здарылася, сам падаў чалавеку з белага лімузіна руку, патрос яе, нейкім сінтэтычным, невыразным, як усё роўна ў яго была ўстаўная сківіца, голасам адказаў на прывітанне таўстуна і зноў палез па трапе наверх.

— А ў яго і праўда ўстаўная сківіца. І не адна, а дзве, — апярэдзіўшы Радзімава пытанне, сказаў Разумны і дадаў: — Неяк прыязджаў з візітам да нас у Дурбудзію кароль з дальняга замежжа. Дык вось Дурыс Першы на працягу ўсяго візіту — а гасцяваў той тры дні — усё расказваў пра свае сківіцы: як іх ламалі, як устаўлялі…

Людзі тым часам аж вар'яцелі ад шчасця, людзі скандзіравалі:

— Хвала! Хвала! Хвала!

На верхняй прыступцы Дурыс Першы спыніўся, неяк вельмі штучна, па-старэчы, топчучыся на месцы, павярнуўся, абедзвюмя рукамі расправіў густыя-густыя, калматыя-калматыя бровы — дарэчы, Радзім успомніў, што якраз такія бровы былі ў аднаго з кіраўнікоў на зямлі,— і без усялякай падрыхтоўкі пракрычаў:

— Няхай жыве беспрацоўе!

— Дур-р-ра! — узрадавана зароў у адказ шматтысячны натоўп, быццам прэзідэнт сказаў людзям нейкую вельмі прыемную навіну.

— Далоў бясплатныя адукацыю, жыллё, медыцыну! — Дурыс Першы свае лозунгі выкрыкваў з цяжкасцю, быццам варочаў у роце цяжкія камяні.

— Дур-р-ра! — зноў разнеслася над лётным полем, і ўсчаліся раптам такія воплескі, якія заглушылі нават рэактыўныя рухавікі самалётаў, што збіраліся ўзлятаць.

— Мы павысім цэны! Мы зробім вас жабракамі! — прыкладаючы шмат намаганняў, хрыпеў Дурыс, а ў адказ — тыя ж воплескі, тое ж:

— Дур-р-ра!

Радзім слухаў і назіраў за ўсім, што робіцца, і ніяк не мог зразумець гэтых людзей: ці то яны і напраўду лічаць «вялікімі дасягненнямі» ўсё тое, што ім абяцае прэзідэнт, ці то яны на самой справе бачаць, што ім рыхтуецца, але няшчыра падтрымліваюць глупства, спадзеючыся такім чынам выжыць у гэтай калатнечы.

А ўрэшце яму здавалася, што людзі загіпнатызаваныя, таксама робаты і выконваюць яны ўсяго толькі загады нейкага схаванага гіпнатызёра. Нежывыя, яны, як добра змазаныя машыны, механічна працуюць і не скрыпяць.

Міжволі заўважыў, што бліжэйшыя дурбуды, крычучы «дур-р-ра!» і радасна пляскаючы ў далоні, насцярожана назіраюць за ім. Канечне, будзеш дзівіцца, калі ўсе аж заходзяцца ад радасці, весяляцца, смяюцца, а ён адзін сярод такога натоўпу стаіць і нічога не робіць.

— Пляскай хутчэй у далоні і крычы «дур-р-ра!» — адчуўшы небяспеку, зашаптаў яму Разумны. — А то зараз цябе будуць трэсці. У нас гэта робяць, каб вытрасці словы з тых, хто маўчыць падчас святочных урачыстасцяў.

Ён і сам зразумеў, што трэба было паводзіць сябе, як і ўсе. Але ўжо было позна. Да яго падышлі два дужыя малойцы, схапілі за ногі, лоўка, нават у такой цеснаце, перакулілі ўніз галавою і пачалі трэсці — хто яго ведае, можа, і напраўду верылі, што зараз з яго пасыплюцца словы.

Радзіму было кепска, непрыемна, галава матлялася, кроў прылівала да скроняў, а яны ўсё трэслі і трэслі.

Зразумеўшы, што саксупы не пакінуць у спакоі, пакуль не загаворыць, Радзім пачаў прарэзліва крычаць «дур-р-ра!» і малаціць у далоні.

І гэтага хапіла. Дужыя хлопцы адразу ж перасталі яго трэсці, гэтак жа лоўка, як і перакулілі, паставілі зноў на ногі, і задаволеныя, што так хораша выканалі работу, адышліся ўбок.

І тут жа аслупянелі. Нейкі час яны стаялі, вырачыўшы вочы, і не маглі вымавіць ніводнага слова. Радзім таксама глядзеў на іх, па інерцыі крычаў «дур-р-ра», але ніяк не мог зразумець што іх здзівіла.

А хлопцы, пастаяўшы крыху вось так, у разгубленасці, раптам схамянуліся і ў адзін голас закрычалі:

— Ён вярнуўся! Зірніце, ён вярнуўся!

Тады толькі Радзім здагадаўся, што здарылася. Ён памацаў, павадзіў рукою па валасах і аж сцяўся ад жаху: касніка на галаве не было…

Абодва малайцы, якія толькі што трэслі яго за ногі, падбеглі бліжэй і пачалі гладзіць рукамі па метцы — пальцы іхнія былі потныя, і Радзім адчуваў, як яны размазваюць па ілбе тое, што звалася мухаю ці пчалою і назаляла яму ў скафандры.

Завішчалі жанчыны, што стаялі непадалёку:

— Ён вярнуўся! Ой, Мечаны вярнуўся!

Яны таксама кінуліся да Радзіма і, адпіхваючы адна адну, лаўчыліся пацалаваць яго метку.

33
{"b":"245402","o":1}