Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Слухай, а навошта ты ўключыў мяне? Ты ж ведаеш, калі я дайду да рубільніка, калі ажыўлю суродзічаў, яны цябе пакараюць як злачынца. А па-простаму — затопчуць. Ты ж іх загубіў.

— Але ж я ажывіў цябе, — перайшоў на «ты» Радзім.

— Ты разлічваеш на маю дапамогу? Аднак тады ўжо я нічога не змагу зрабіць. Мяне проста ніхто не паслухае.

Зноў залязгацела жалеза — мусіць, робат пайшоў па крузе далей.

І раптам нечакана зашуршала ў скафандры, а потым пачуўся Оін голас:

— Радзім, дзе ты дзеўся?

— А я тут дарогу да цябе распытваю, — узрадаваны, што загаварыла Оя, засмяяўся ён.

— У каго?

— У аднаго чалавека.

— У каго, у каго?

— У жалязякі.

— Хто гаворыць? Хто гаворыць? — адразу стаўшы камп'ютэрам, занепакоіўся, пачаў дапытвацца робат. — Хто на сувязі?

— Чуеш, у мяне дапытваюцца, хто ты.

Оя, відаць, нічога не разумела, не ведала, радавацца ёй ці засмучацца, што на гэтым халодным Жалезным Хаосе апрача іх дваіх з'явіўся яшчэ хтосьці трэці.

— Радзім, з кім ты гаворыш? — хвалявалася яна.

— З жывым робатам, — і адчуваючы, што яна ўсё роўна нічога не разумее, не стаў тлумачыць, паабяцаў: — Я табе потым раскажу.

Робат стаяў — жалеза не бразгала — і слухаў, нібыта і ён чуў усё тое, што гаварыла Оя ў скафандр Радзіму.

— Гэта зэмка, — упэўнена, нібы сам сабе, нарэшце сказаў робат. — А я думаў, што нехта з Дурбудзіі…

— Адкуль ты даведаўся, што гэта зэмка?

— Па мове. У Дурбудзіі і Талямаліі не так гавораць. Толькі зэмы так вымаўляюць «г».

Пачуўшы такое, Радзім здзівіўся. І задумаўся: цікава, яны з Ояй гавораць па-беларуску, а робат іх разумее. Ды і з ім Радзім гаворыць па-свойму, той адказвае яму, канечне ж, па-свойму, а ў скафандры ён зноў жа чуе сваю беларускую мову.

— А дзе зэмка цяпер? — нечакана спытаўся робат.

— Недзе каля Вялікага Цмока, — адказаў Радзім.

— А, дык гэта яна задушыла нашага Цмока! — злосна закрычаў раптам робат і, мусіць, затупаў нагамі — жалеза загрымела яшчэ грамчэй. — Значыць, і яна перад намі вінаватая.

Потым задумаўся:

— Во таля-малі, відаць, радуюцца, — і тут жа спахапіўся: — Пачакай, пачакай… Дык яна ж зэмка, а радасць робіць для таля-маляў — сваіх ворагаў! Нешта я нічога не разумею…

Робат яшчэ памаўчаў, а тады зноў спытаўся:

— А ты куды ідзеш?

— Да яе.

— Дык ты ж не ў той бок кіруешся.

— А куды трэба?

— Якраз туды, адкуль ты прыйшоў. У бок Дурбудзіі трэба ісці.

— А што Дурбудзія там, дзе Вялікі Цмок?

— Ага. За Вялікім Цмокам яна. Там і катапульты стаяць.

— Катапульты? А што гэта такое?

— Дзівак ты. То ж як ваш аэрадром. Садзішся, націскаеш кнопку… І праз нейкі час ты ўжо ў Дурбудзіі. Там усе катапульты на Дурбудзію скіраваны, — і крыху падумаўшы, дадаў: — Толькі трэба ўмець прызямліцца, каб носа не разбіць.

— А да Вялікага Цмока адсюль далёка?

— Далёка. Як па-вашаму, дык трэба ісці тры дні і тры ночы.

— А па-вашаму? У вас жа дня няма — усё ноч.

— Па-нашаму проста: ідзі, пакуль не дойдзеш.

— А як арыентавацца ў цемры?

— Раней, калі быў жывы Цмок, мы арыентаваліся па ім. Па яго дыханні. А як ён памёр, не ведаю. Хаця… Слухай, а ты ўключы рубільнік, і я пакажу табе, куды трэба ісці.

— Не, — усміхнуўся Радзім, — гэтую радасць — растаптаць мяне — я не падару табе. Сам уключай.

Радзім хоць і адчуў, што работ здзекуецца з яго, пацяшаецца і задзіраецца, усё ж не злаваўся на навязанага небараку.

Намацаўшы ў кішэні зярняты, якія бярог для новых пасеваў у Талямаліі, ён узяў у пальцы тры семкі і сказаў:

— Я вось тут пакладу, каб ты мог дастаць, зярняты, з якіх, калі захочаш, выгадуеш дрэвы. Як уключыш рубільнік.

— Добра, дзякуй, палажы, — упэўнена адказаў робат, нібыта зусім не сумняваўся, што гэта напраўду здарыцца.

Радзім паклаў зярняты на жалеза і адышоўся. Чуў, як туды пагрукаў робат, як ён шукаў семкі. Шукаў нядоўга — мусіць, бачаць робаты і ў цемры лепей, чым людзі. Сабраў зярняты — чуваць было, як рыпелі шарніры, калі нагінаўся, — выпрастаўся і панёс іх да разеткі — туды, дзе ўжо ляжала назапашанае жалеза, якому і сам ён не ведаў, як даць рады.

— Няхай ляжаць, — сумна ўздыхнуў ён, і Радзіму міжволі стала шкода яго.

— Ну, я пайшоў,— прымірэнча сказаў хлопец. — А табе я шчыра жадаю дамагчыся свайго.

— Дзякую. А куды ты пойдзеш? Аставайся тут. Я, чуеш, буду служыць табе. Я прывык ужо да цябе.

— Не магу. Я павінен ісці да Вялікага Цмока.

— Чаму?

— Каб выбавіць з бяды дзяўчыну. А потым разам будзем шукаць, як выбрацца адсюль.

— Тады бывай! — згадзіўся робат. — Намеры твае зразумелыя. Але ці можаш ты, скажы, паабяцаць мне невялікую паслугу — уключыць Вялікага Цмока?

— Паслуга вялікая. Не, уключаць Цмока я не буду. І хоць робат не задаў яму свайго пытання: «Чаму?», якое, канечне, было ў яго, як кажуць, на языку, Радзім разумеў, што той чакае адказу, і патлумачыў:

— Таму, што я не хачу ўмешвацца ў вашы справы. Самі сварыліся, самі і мірыцеся.

І пайшоў. Адчуваў плячыма, што робат моўчкі, тужліва і дакорліва глядзіць яму ўслед.

Ішоў і доўга яшчэ чуў аднастайны бразгат жалеза — мусіць, робат, усё журачыся і смуткуючы, пэўна, заклаўшы рукі за спіну, сагнуўшыся, згорбіўшыся, хадзіў не спыняючыся па крузе.

Калі ж Радзім сам-насам застаўся з гэтай халоднаю цемраю, калі ўжо не стала чуваць бразгату жалеза, яму зрабілася страшнавата: вочы так і не прывыклі да цемры, а вушам, ужо звыклым да размовы, зараз не ставала звычайнага голасу.

Маўчала і Оя, а таму ісці яму ў такой глухой цемры і пракаветнай маўклівасці было ніякавата. Да таго ж у галаву ўбілася трывожная думка, што ён, мусіць, так і не знойдзе Оі, але за гэты час згубіць і дарогу да робата, з якім бы ўжо на ўсялякі выпадак было б яму тут крыху весялей, — усё ж не аднаму паміраць у гэтым холадзе і змроку.

Упэўненасці, што ён ідзе ў правільным кірунку, не было, бо ўвесь час даводзілася абыходзіць вялікія і малыя кучы жалеза, абмінаць наваленых абы-як робатаў, наступаючы ім то на рукі, то на ногі, то на галовы.

Аднаго разу Радзім хацеў спраміць дарогу, узлез, каб хутчэй і лепей перайсці на невялікую, як яму здавалася, кучку жалеза, а яно аказалася пачаткам вялікага груда, які, патрывожаны, пачаў абсоўвацца, развальвацца, раз'язджацца і ледзь не пахаваў яго пад сабою — добра, што хлопец своечасова паспеў адскочыць убок.

Гэты абвал нарабіў столькі грукату і звону, што яму аж заклала вушы, і тая цішыня, што наступіла пасля, здалася яшчэ больш зацятаю і невыноснаю.

Добра, што неўзабаве, нібы здагадаўшыся пра яго настрой, азвалася Оя:

— Чаму ты зноў маўчыш?

— Я ж табе казаў, што распытваў дарогу да цябе.

— І распытаў?

— Ага. Я ўжо, здаецца, побач з табою.

— А ў мяне, мусіць, пачаў псавацца мікрафон. Я націскала на розныя кнопкі і выпадкова напала на перагаворы таля-маляў. Ёсць радасныя для нас навіны.

— Нават так? — не паверыў ён сваім вушам.

— Ага. Яны ўжо зрабілі цябе нацыянальным героем Талямаліі.

— Мяне? Паслаўшы на Хаос, на верную смерць? Праўду, мусіць, казаў мне толькі што робат: мы цябе спачатку пакараем, затопчам, а пасля помнік табе паставім.

— Не пацяшайся. Я кажу праўду. Пасля таго як нас вывезлі сюды, раптам зазелянелі ўсе твае дзялянкі. Папрарасталі ўсе зярняты, якія ты пасеяў. І так узяліся расці — мусіць, яшчэ шчырэй, чым у нас, у Зэміі…

— А ты ведаеш, што гэта твая заслуга? — крыху падумаўшы, спытаўся Радзім.

— Не ведаю, — адказала Оя. — Ды і ты нічога не выдумляй. Пры чым тут я?

— А пры тым, што ты задушыла Цмока. Ведаеш, чаму не прарасталі семкі? Цмок высмоктваў добрае паветра з Талямаліі, а туды напампоўваў аднекуль мёртвае, забруджанае, атручанае. Ці то вось з гэтага Жалезнага Хаосу, ці, можа, яшчэ адкуль. А як толькі Цмока не стала, зярнятам і парасткам знайшлося чым дыхаць. Вось яны і ўзяліся расці…

— Як бы яно ні было, аднак цябе, як героя, хочуць вярнуць у Талямалію. За табою паслалі ўжо транспарт. Спадзяюся, не той драндулет, на якім прывезлі нас сюды?

23
{"b":"245402","o":1}