Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Чаму?

— Таму што ваш сабака на ланцуг навязаны, а я — на шнур. А шнур у мяне кароткі. Штэпсель у разетку — і хаджу. Захачу адысціся далей — штэпсель з разеткі выцягну. І памру, як астатнія памёрлі.

— А як ваша разетка працуе? Усё ж абясточана.

— Гэта мой сакрэт. Мне хлопча, трэба думаць пра сваю папуляцыю. Пра тое, як яе выратаваць.

— А адкуль вы ведаеце пра нашых сабак? — ужо зусім асмялеўшы, спытаўся Радзім.

— Як гэта — адкуль? — хутчэй за ўсё паціснуў плячыма робат. — Ад дурбудаў. У іх былі сабакі, і яны навязвалі іх вось так каля будак.

Вочы да цемры не прызвычаіліся, і Радзім, адно толькі чуючы робата, не бачыў, які ён — малы ці вялікі, незвычайны ці падобны на нашых, зямных.

— А хто гэта такія — дурбуды?

Робат нібыта задумаўся. Ен падышоў зусім блізка да хлопца — Радзім нават пачуў, як напяўся туга нацягнуты шнур.

— Дурбуды — гэта людзі. Такія ж, як і ты, — пачаў здалёку тлумачыць робат, і Радзім, чамусьці адчуўшы, што ён зараз раскажа яму ўсё, уважліва слухаў і не перапыняў яго. — Раней гэта была іхняя зямля. Жылі чалавекі, працавалі. Радаваліся і смяяліся. Дык не ж, заманулася ім выдумаць нас, робатаў. Каб дапамагалі ім. Выдумалі. Спачатку мы дурбудам падабаліся — робатаў, маўляў, можна абдурыць, у іх няма ніякай хітрасці. Працуюць па схеме. Яны толькі імітуюць чалавека, казалі. Але ім недаступна наша мысленне, сцвярджалі…

Залязгала жалеза — робат зноў пайшоў па крузе.

— Пакуль мы рабілі тое, што яны нам загадвалі, мы былі харошыя. Два пальцы ў разетку, і жывеш… Сыты і ў камфорце. Ніякіх клопатаў з намі. А як толькі мы захацелі жыць самастойна, перасталі ім падпарадкоўвацца — яны адключылі энергію. І знішчылі ўсю папуляцыю, — робат, мусіць, ішоў цяпер па другі бок ад разеткі, голас яго быў слабей чуваць, і Радзіму даводзілася напружвацца, услухоўвацца ў яго. — А дурбуды самі па сабе недалёкія людзі. І як толькі яны зразумелі, што мы робімся разумнейшымі за іх і што хутка не яны, а мы будзем кіраваць усім — і імі, натуральна, таксама, — неўзлюбілі нас і ўзненавідзелі. І пачалі з намі вайну, — робат змоўк, але неўзабаве, не ўтойваючы сваёй радасці, зноў загаварыў: — Ну і натапталі ж мы іх… Ну і патаўклі! Пад намі, пад робатамі,— адны косці. Многа-многа дурбудаўскіх касцей…

Робат, абышоўшы разетку кругам, набліжаўся зноў да Радзіма. Хлопец, каб лепей чуць яго, страціўшы пільнасць, зусім наблізіўся да вытаптанага круга.

— Вось тады дурбуды і адключылі энергію, — робат падышоў зусім блізка і стаў амаль поплеч — Радзім нават чуў пах жалеза і нейкага прымітыўнага масла, якім яно было змазана. — Вось з таго часу мы і ляжым, іржавеем. І толькі вось ты патрывожыў нас, і мы зразумелі, што яшчэ жывыя, хоць і нерухомыя. Пройдзе нейкі час, і мы, зусім праржавелыя, станем непрыгоднымі, не зможам падняцца на ногі, а наша папуляцыя знікне назаўсёды… Але ж ты дапаможаш нам стаць жывымі!

І маланкава — не паспеў Радзім апамятацца ці адказаць што — ягоную руку моцна, нібы наручнікі, сашчапілі жалезныя пальцы робата. Той накінуўся на яго знянацку, як хітры павук, які, стаіўшыся, чакае, прыкідваецца мёртвым, а тады імгненна кідаецца на сваю ахвяру. Радзім інстынктыўна моцна рвануўся ўбок, пацягнуўшы за сабою і робата, ды так крута, што, мусіць, вырваў нават шнур з разеткі. Пра гэта Радзім зразумеў, калі яны абодва ўпалі на зямлю, калі адчуў, як слабее і слабее робатава рука, як самі сабою расціскаюцца ягоныя пальцы.

Сваю руку Радзім вызваліў лёгка — здавалася, што сам робат дапамагаў яму гэта рабіць.

Але ўсё ж рука балела — падаючы, робат балюча заламаў яе назад. І сам да таго ж моцна наваліўся на Радзіма, прыціснуў яго сваім цяжкім жалезным целам.

Радзім паспрабаваў вылезці з-пад робата, але яму гэта не ўдалося. Тады ён пачаў спіхваць яго з сябе рукамі — той быў дужа цяжкі — кавалак мёртвага жалеза! — і таму ніякія намаганні не мелі поспеху. Нарэшце, пакрысе раскалыхаўшы робата, хлопцу ўдалося перакаціць мерцвяка на другі бок. Жалеза крыху прыўзнялося, і Радзім, хоць і з цяжкасцю, выцягнуў з-пад яго ногі.

Сеў верхам на заціхлага, нерухомага, але яшчэ цёплага робата і задумаўся. Бачыш, як ён перахітрыў чалавека!

А што б было, калі б не вырваўся з разеткі шнур? Канечне, робат рабіў бы ўсё, каб змусіць Радзіма ісці да рубільніка і ўключыць яго.

Але як бы ён гэтага дамагаўся? Ён жа навязаны. І яго воля, і яго прастора, і нават яго жыццё вымяраецца толькі даўжынёю шнура. Там, дзе канчаецца провад, канчаецца і яго жыццё. Як вось і зараз…

Ды ён бы нешта прыдумаў. Ты ж бачыш, які ён кемлівы. Бачыш, як нечакана схапіў за руку. А трымаючы цябе побач з сабою, ён, канечне, знайшоў бы выйсце. У яго ж свая схаваная, аўтаномная крыніца энергіі, як бачыш, ёсць. Засталося толькі навучыцца яе накапляць і пераносіць. Словам, вынайсці акумулятар…

Раптам Радзім здрыгануўся: нечакана забразгатала жалеза — хутчэй за ўсё гэта рука, якая нязручна легла пры перакочванні, з'ехала і ўпала яму на калені. Радзім спалохаўся, падхапіўся на ногі, скінуў далаўкі руку, але адчуўшы, што робат ляжыць — ціхі і нежывы, як і да гэтага, — супакоіўся.

Дык што ж яму зараз рабіць з ім?

Пакінуць вось такога, мёртвага, сярод гэтага жалезнага ламачча? І ён неўзабаве заржавее, хоць і змазаны нейкім самаробным маслам, і тады ўжо ўся гэтая папуляцыя ніколі не падымецца, не ажыве. Але хто ты такі, каб адымаць апошнюю надзею на выратаванне ў гэтага жалеза? Хто такі?

І навошта табе ўмешвацца ў іх жыццё? У іх спрэчкі з дурбудамі? Зрабі так, як і было да цябе. Падключы да разеткі гэтага робата. Няхай ходзіць па крузе вакол сваёй крыніцы энергіі і думае. Няхай сам вынаходзіць акумулятар. А калі хочаш, можаш і падказаць.

І тут жа, уявіўшы, як адразу падымецца ўсё і ажыве, як немагчыма будзе яму ўратавацца ад жалеза, Радзім перасмыкнуўся: не, вучыць робата, як рабіць акумулятар, ён не будзе — няхай сам дадумаецца.

А вось падключыць робата да разеткі ён абавязаны. Каб ніякім чынам не ўплываць на жыццё папуляцыі. Хадзіў па крузе да яго, няхай ходзіць і пасля яго.

Але як гэта зрабіць? Ён жа такі цяжкі, а да разеткі давядзецца цягнуць.

Падышоў да разеткі, намацаў у цемры шнур, нацягнуў яго — не хапала з паўметра. Вярнуўся да робата, паспрабаваў валачы яго. Але, нават прыўзняўшы крыху ногі, не змог скрануць мерцвяка і з месца. Тады Радзім пачаў каціць яго. І гэта было цяжка, аднак нешта ўсё ж крыху выходзіла — разгайдаўшы робата, Радзіму ўдалося перакуліць яго на другі бок. Адпачыўшы, ён перакаціў жалеза яшчэ раз.

Калі адчуў, што ўжо хопіць каціць, выпрастаўся, выцер з ілба нот даланёю — бачыш, як угрэўся, аж у пот кінула! — і прысеў на робата: ці то міжволі, ці то свядома, каб абразіць у апошні раз жалеза — маўляў, праз хвіліну я буду цябе баяцца, а вось зараз сяджу на табе і што захачу, магу з табою зрабіць.

Радзім падняўся, падышоў да разеткі. Перад тым як уторкнуць у яе штэпсель, пастаяў, падумаў — як усё роўна рабіў нейкую вельмі важную справу, на якую трэба асмеліцца, адважыцца. Затым паспешліва ўторкнуў два пальцы штэпселя і той жа момант хуценька адбегся ад разеткі — У другі бок ад таго месца, дзе ляжаў мярцвяк.

Робат, ажыўшы, падымаўся паволі — удалечыні рыпела жалеза, крахтаў ён сам. Калі ўжо, мусіць, стаў на ногі зусім — у тым баку ўсё заціхла, — Радзім адважыўся загаварыць да яго:

— Ну што, не атрымалася?

— Пакуль не атрымалася, — зусім спакойна згадзіўся з ім робат. — Але дужа не радуйся. Я настойлівы. І ў мяне абавязкова ўсё некалі атрымаецца…

— Калі?

— Магло б і сёння.

— А цяпер калі?

— Не ведаю. Але буду працаваць. І павер мне, я сам дайду да рубільніка. І ўключу яго. Бачыш, колькі я жалеззя паназбіраў? Адбягуся, схаплю што-небудзь — і зноў да разеткі імчуся. Я яшчэ не ведаю, на што яно спатрэбіцца, але няхай будзе… І я прыдумаю, як запасіць энергію, каб быць незалежным ад разеткі. Я ўключу рубільнік!

Забразгатала жалеза, і Радзім зразумеў, што робат ідзе ў яго бок. І хоць ён і так ужо быў далёка ад круга, па якім хадзіў той, усё ж спасцярожліва адышоўся яшчэ далей — каб нельга было дастаць. Робат спыніўся, мусіць, непадалёку — зноў вельмі запахла жалезам і разагрэтым машынным маслам. А можа, гэта ўжо пахла і ад яго самога — набраўся пахаў, як каціў робата і сядзеў на ім.

22
{"b":"245402","o":1}