Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Расказваючы пра абрад вяселля, Я. Тышкевіч пачынае з апісання традыцыйнай першай сустрэчы двух бакоў — маладога і маладой, якая носіць народную назву «запоіны». Пышнасць гэтага застолля, зрэшты як і ўсяго вяселля, залежыць ад заможнасці бацькоў. Галоўная дзейная асоба на запоінах — старшы сват, звычайна чалавек вопытны, вясёлы, гутарлівы, дарадчы, паважаны ў наваколлі. Прыбывае сват з гарэлкай ва ўмоўлены час. Дзяўчына збірае сябровак. На запоіны запрашаюць таксама хрэсных і крэўных. Калі ўсе ў зборы, дзяўчаты суправаджаюць да стала маладую наступным спевам, які звернуты да свата:

Ото ж табе, Васілька,

Увядзёнка Агатка,

Калі яе любіш, дай пірог,

Калі ня любіш, то вон за парог.

Я. Тышкевіч змясціў дзевяць песень для ілюстрацыі першага акта вясельнай урачыстасці і кожны з іх — ёмістае вершаванае апавяданне з вялікім зместам і нават падтэкстам.

Яўстах Тышкевіч вельмі дакладны ў апісанні змовін. Ён перадае змест абраду з такой глыбокай праўдзівасцю, быццам сам не раз удзельнічаў у гэтай урачыстасці. Напрыклад, адносна вясельнага поезда маладога сказана, што ён «складаецца звычайна з трох свах (старшая свацця — хросная матка, дзве малодшыя — сёстры або бліжэйшыя сваячкі), двух дружкоў, столькі ж намеснікаў і хроснага бацькі, які вязе сваццяў і якога там завуць вазіла…».

Пры сватанні гаворка ішла і пра пасаг і пра гаспадарку маладога, бо тут, як зазначае Тышкевіч, абмяркоўвалася і матэрыяльная трываласць будучай сям'і. Лічыцца, што элемент куплі-продажу ў вясельным абрадзе даволі старажытны, «існаваў у эпоху распаду родавага ладу… вяселле ў патрыярхальнай сям'і з'яўлялася перш за ўсё гаспадарчым пагадненнем, што звязвалася са стварэннем новай эканамічнай адзінкі»{39}. А.М.Нікольскі таксама лічыць, што гэты абрад вельмі старажытны і «адносіцца да родаплемянной эпохі»{40}.

Дэталёва падаецца Я. Тышкевічам і абрад замесу каравая. Галоўная каравайніца пры гэтым просіць бласлаўлення: «Ёсць тут Бог, бацька, матка, родныя і суседзі, блізкія і дальнія, мужы статэчныя, бабкі запечныя, дзеткі заплечныя, блаславіце краснай панне каравай учыніць». Трэба зазначыць, што ўсе прымаўкі, песні даюцца ў арыгінальным гучанні.

Вечарам запрашаюць пяць ці сем каравайніц і трох мужчын, каб мясіць і пячы каравай. Старшая каравайніца спявае:

Благаславіце, людзі,

Блізкія суседзі,

Гэтаму дзіцяці

Каравай замясіць…

Чаму такую ўвагу да абраду каравая праяўляў вучоны? У вяселлі ён займае бадай самае пачэснае месца. Зразумела, што народ гэтым яшчэ раз напамікаў пра павагу да адвечнага, да працы аратага і сейбіта. Гэта найдаўнейшая традыцыя беларускага вяселля, якая зарадзілася ў пару язычніцтва. Тады паганскіх багоў задобрывалі тым, што акрамя ўсяго іншага «требы и короваи им ломят… иже нарицается беззаконная трапеза, менимая Роду и Рожаницам…»{41} Вось адтуль ідзе пакланенне караваю пры стварэнні маладой сям'і. І калі некаторыя элементы беларускага вяселля зніклі або рэканструяваліся, то каравайны абрад стаўся самым моцным і даўгавечным.

Я. Тышкевіч зазначае, што вяселле прайшло праз некалькі гістарычных эпох, кожная з якіх пакідала свой след. Нават неспрактыкаваны чалавек можа адчуць і ўбачыць у ходзе вяселля шмат перажыткаў мінулага. У песнях прысутнічаюць назвы грошай, якія ўжо даўно выйшлі з ужытку: талеры, дукаты, шэлегі:

Верабей, дружка, верабей,

Па суметніку паскакаў,

Нагой шэлег выкапаў,

Сваю дзеўку выкупляў.

Трэба прызнаць, што Тышкевічаў варыянт запісу вяселля найбольш багаты і дакладны. У першай палове XIX стагоддзя яго яшчэ можна супаставіць з апісаннем А. Ф. Рыпінскага. Аднак розніца ўсё ж адчуваецца: Аляксандар Рыпінскі фальклорныя і этнаграфічныя назіранні ўзнаўляў для кнігі «Беларусь» (1840) у парыжскай эміграцыі, па памяці, а ў «Апісанні Барысаўскага павета» ўсе абрады, звычаі, песні ўзятыя з натуры. Не выключана, што Яўстах па некалькі разоў мог звяртацца да сваіх зямлячак-сялянак і дапаўняць ранейшыя запісы, што ніяк не выпадала рабіць А. Ф. Рыпінскаму.

Абрад вяселля на беларускіх землях, як і іншыя фальклорна-этнаграфічныя абрады, на працягу стагоддзяў ўплываў на выпрацоўку нацыянальнай самабытнасці, вылучаў беларусаў сярод суседніх народаў. Праўда, на гэты бок асаблівай увагі не звяртаецца, ды ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя пра гэта было яшчэ рана гаварыць. Для Я. Тышкевіча важней было прадэманстраваць шматколерную карціну саміх абрадаў і рытуалаў.

Па вядомых прычынах Я. Тышкевіч не змог апісаць вяселле на беларускай мове, хоць у іншым выпадку ён гэта зрабіў бы абавязкова. Падставамі для такога меркавання з'яўляюцца яго стаўленні да беларускай культуры, глыбокія яе веды і высокая ацэнка. І яшчэ адзін важкі аргумент на карысць такой гіпотэзы: Я. Тышкевіч кожную народную песню перадаваў без зменаў, захаваў асаблівасці беларускай мовы. Дарэчы, у Тышкевічавым апісанні вяселля застаўкі, дыялогі гучаць па-беларуску з захаваннем асаблівасцяў сінтаксісу.

Абмалёўваючы каларыт народных урачыстасцяў, Я. Тышкевіч заключае, што духоўнае жыццё беларускага селяніна вельмі часта не супадала з матэрыяльным. Беднасць краю, безумоўна, адбіваецца на ўзроўні духоўных запатрабаванняў, але ж «бяда і розуму вучыць», павазе да даўніны, якую «селянін сэрцам чуе». Жыхар вёскі сумленна з пакалення ў пакаленне ўшаноўвае памяць продкаў, іх духоўны скарб, які перадае ўнукам.

Вёска, як прызнае вучоны, дзякуючы пастаяннаму насельніцтву забяспечвала пераемнасць традыцый. Гэты комплекс выпрацаваных стагоддзямі каштоўнасцяў сфармаваў сам уклад жыцця («Так рабілі нашы бацькі і дзяды», — гаварылі ўсе на беларускім прасторы). Асабліва трывалымі гэтыя традыцыі былі ў эпоху феадалізму.

Адным з важных момантаў у вывучэнні народнай культуры з'яўляецца даследаванне абраду ўшанавання продкаў, або Дзядоў. Як сцвярджае Я. Тышкевіч, Дзяды на Барысаўшчыне называліся восеньскімі, стаўроўскімі, змітраўскімі, а таксама веснавымі, або Радаўніцай.

Абрад Дзядоў асенніх больш распаўсюджаны. Пры гэтым Тышкевіч спасылаецца на вядомую паэму А.Міцкевіча «Дзяды». У абрадзе выконваюцца і адпаведныя песні. Іх спяваюць каплан і паэт, так званы казляр, гусляр, таму і ўрачыстасць называецца «ўшанаваннем казла». У гэтых песнях услаўляліся адвага ў баях, а таксама традыцыі сямейнага жыцця, вартыя ўшанавання. Хоць тэкстаў саміх песняў Я. Тышкевіч не падае, але сам факт спеваў гусляра вельмі цікавы і, напэўна, належыць да больш старажытных абрадаў пахавальнай песнятворчасці беларусаў.

Даследчык дае больш падрабязнае апісанне змітраўскіх Дзядоў, якія праходзяць даволі стрымана. Страў на стол падаецца шмат, прычым няпарная колькасць. Запрашаюцца ўсе блізкія памерлых. Па традыцыі лічыцца, што і памерлыя сюды «запрошаны». Пасля ўсяго рытуалу госці гавораць: «Святыя дзяды! елі і пілі, ідзіце да сябе».

Радаўніца, або Дзяды веснавыя, бывае ў аўторак пасля правадной нядзелі. Я. Тышкевіч падкрэслівае, з якой павагай і цеплынёй людзі адносяцца да самога абрада ўшанавання продкаў, а сам гэты дзень становіцца святочным. На могілках збіраюцца пасля абеду, раскладаюць прынесеныя стравы, пафарбаваныя яйкі. Да памерлых звяртаюцца: «Святыя радзіцелі, хадзіце да нас есці, што Бог даў!» Да памінальных абрадаў Я. Тышкевіч аднёс і абрад прыкладзін, які заключаецца ў тым, што сваякі на магіле нябожчыка ўстанаўліваюць крыж ці камень з крыжам, адбываецца імша.

У апісанні як памінальных, так і калядных абрадаў Я. Тышкевіч быў калі не самы першы, то адзін з першых сярод беларускіх этнографаў і фалькларыстаў. Таму яго погляды, ацэнкі часта з'яўляюцца адпраўнымі для наступных пакаленняў даследчыкаў. «Каляды, — піша аўтар кнігі, - паводле разумення гісторыкаў, мабыць, назва боства даўніх славян». І хоць урачыстасць прыпадала на дзень нараджэння Ісуса Хрыста, усё ж ён лічыць, што вытокі калядавання трэба шукаць у часах язычніцкіх і тлумачыць гэта тым, што на Каляды забіваюць вепра, прыносяць ахвяру Калядзе («забіваюць Каляду»), а гэта напамінае прынашэнне пладоў зямлі на Куццю.

11
{"b":"205304","o":1}