Литмир - Электронная Библиотека

Чарняхоўскі зняў трубку тэлефона, папрасіў звязаць яго з Глаголевым...

З гэтай пары перасталі біць гарматы каля вышыні 208,5, дзе быў КНП фронта.

Чарняхоўскі вышаў з бліндажа.

Пачынала ўжо днець, сонна пракрычала непадалёк нейкая птушка.

Чарняхоўскі адчуў, як асвяжае чыстае ранішняе паветра. Паволі адыходзіла змора. Але на душы яго было цягуча, даўка.

«Саша»,..

Згадалася далёкае-далёкае. Калі хавалі маці, Саша-маленькі некалькі дзён сумаваў па ёй. Яму сказалі, што маці паехала ў горад: «прывязе табе хлебца», ён верыў і ўсё пытаўся — калі ж яна вернецца?..

Урыўкамі ўспаміналіся сустрэчы. Іван усе гады, пакуль Саша вучыўся, дапамагаў яму — пасылаў грошы, даведваўся пра поспехі ў вучобе, даваў парады. Аднойчы строга выгаварыў брату, — гэта было ўжо на фронце, калі дачуўся, што Саша часам п'е...

Усё, што прыходзіла на памяць, цяпер выклікала журботу. «Апошні раз ён не застаў мяне. Не ўбачыліся, і цяпер ўжо — не ўбачымся»...

Прайшоўшы крыху, Чарняхоўскі заўважыў у ранішняй шэрані, як здымалася з пазіцый артылерыя. Туркаталі цягачы, часам даходзілі сюды вясёлыя воклічы.

Тры дні назад тут усюды стаялі гарматы, а ў лагчыне, крыху наводдаль, — танкі. Цяпер усё вакол пусцела, але гэтая спусцеласць выклікала не сум, а радавала.

Страляніна была далёка. І камандуючаму захацелася таксама: хутчэй бы пайсці адсюль і яму, яго штабу.

Услед за войскамі, у той бок...

Раздзел IV

1...

Вакол быў змрок. Дарога ў ім віднелася цьмяна-шэраю ручаінаю. Аляксей Лагуновіч, седзячы на вежы, спусціўшы ногі ў сярэдзіну яе, з уздымнай радасцю бачыў, як плыла і плыла гэтая ручаіна, як абапал праходзілі цёмныя, ледзь відныя дрэвы, кусты, падобныя ў змроку на копы сена. Часам шэрая ручаіна надоўга прападала, і машыну пачынала больш звычайнага кідаць ва ўсе бакі: батальён ішоў наўпрасткі па полі...

Гром пярэдняга краю паступова аддаляўся, і агністыя ўсплёскі выбухаў станавіліся падобнымі на зарніцы. Танкі ўсё глыбей уваходзілі ў тыл ворага. Вакол іх на многія кіламетры зямля была мініравана, і яны строга трымаліся абазначаных сапёрамі кірункаў.

У Аляксея была трывожная насцярожанасць, якая ўвайшла ў яго душу пасля таго, што ён убачыў, праходзячы прарыў. На выпаленай зямлі, каля разварочаных траншэй, нерухома чарнелі прабітыя, узарваныя, згарэлыя танкі. Іх было многа. Аляксей чуў добра знаёмы горкі пах гары, які заўсёды выклікаў у яго непакой. Колькі іх, сяброў незнаёмых, такіх жа танкістаў, палегла там?!

Разам з тым у старшага лейтэнанта жыла радасць. Радасць не толькі таму, што ён вёў свае машыны па роднай зямлі, а і таму, што — ён лічыў — бадай самае цяжкае ўжо зроблена. Тое, што гітлераўцы старанна будавалі цэлага паўгода, разламана, скарэжана.

Было чаму радавацца старшаму лейтэнанту. Вось і надышла пара, якую ён так доўга чакаў!..

Аляксей усе гэтыя дні жыў тым добрым настроем — прылівам, калі хочацца працы, клопату, калі невядома адкуль бярэцца сіла, калі забываецца, што такое стома. Хацелася імчаць як мага хутчэй, імчаць без упынку.

Усё ж, як чалавек, што прабыў доўгі час на фронце і прывык прабіваць сабе шлях боем, Аляксей стараўся не захапляцца лішне. Ён ведаў: дарога будзе не лёгкая. Нават тое, што пачатак наступлення быў удалы, яшчэ не значыла, што ўсё будзе добра і далей. Ён даўно прызвычаіўся чакаць у баі ўсякую неспадзяванасць і таму не ўмеў сябе цешыць надзеямі-падманкамі. Хто можа сказаць, як далёка ўдасца адагнаць гэту навалач? Да таго ж, — калі і дойдзем да Мінска, — што там чакае яго? Ды і што станецца з ім, у гэтыя дні, ці жывы, здаровы будзе?..

Сярод ночы, глушачы лескатню тракаў, наперадзе раптам гухнуў недалёкі гарматны стрэл. Яшчэ адзін, два адразу... Там была цяпер батальённая разведка. Неўзабаве камбат перадаў, што ў бліжняй вёсцы — на іх шляху — разведка выявіла каля двух узводаў танкаў і самаходак праціўніка. Ён загадаў Аляксею, рота якога ішла ў галаўной паходнай заставе, расчысціць дарогу.

— Зараз жа выступаю, камбат!

Старшы лейтэнант наблізіўся да разведчыкаў. Адзін іх танк быў падбіты і гарэў.

Аляксей пакінуў свой трэці ўзвод, каб ён вёў перастрэлку з гітлераўцамі, а сам з іншымі машынамі, хаваючыся ў цемры, пачаў па полі абыходзіць вёску справа.

Ён хваляваўся. Прыкра, нервова дрыжалі рукі, у грудзях ныла неспакойнае напружанае чаканне. Вось, ліха на яго, — заўсёды так: варта толькі крыху адвыкнуць ад фронта, як зноў пачынаеш, нібы ў першы раз.

«Не заўважылі б хлопцы».

Яму ўдалося, не стрэліўшы ні аднаго разу, дабрацца да самых агародаў.

У сярэдзіне сяла палала некалькі хлявоў і хат. Полымя кідалася ўгару лютымі агніста-барвовымі грывамі. Ад іх на зямлі лажыліся чырванаватыя, неспакойныя водбліскі. З агародаў было добра відаць усё, што рабілася на вуліцы, на дварах, між абрысамі хат і хлявоў.

Адсюль Аляксей, які стаяў у адкрытай вежы, каб лепш назіраць за наваколлем, убачыў два нямецкія танкі. Яны стралялі па дарозе, хаваючыся за пабудовы. Дзе-ні-дзе ўвішна мітусіліся постаці; з недалёкага двара, выламаўшы плот, на вуліцу выбіраліся два грузавікі.

Аляксей заўважыў гэта амаль адначасова. Ён толькі намерыўся было скамандаваць першыя цэлі — абодва варожыя танкі,— як яго ўвагу захапіла іншае.

З-за хлява, што быў крыху лявей тых пабудоў, за якімі ён назіраў, вынырнуў яшчэ адзін нямецкі танк. Старшы лейтэнант убачыў яго цёмны сілуэт: танк быў павернуты ўжо ў бок нашых машын. Амаль у тую ж хвіліну з танка зыркнуў агонь стрэлу, і поблізу, са свістам рэжучы паветра, шугануў снарад.

Аляксей спрытна шмыгнуў уніз:

— Быстроў, злева, каля хлява...

Старшы лэйтэнант не паспеў скончыць, як яго «трыццацьчацвёрка», бліснуўшы полымем, стрэліла. Быстроў лавіў каманды старшага лейтэнанта так хутка, нібы чытаў яго думкі.

Адначасова з машынай Аляксея стрэліла другая «трыццацьчацвёрка»,— гэта была машына Колышава. Нямецкі танк, не разварачваючыся, стаў адступацца назад, але Быстроў і Колышаў дадалі яшчэ па снараду.

На варожай машыне адразу клубам выбухнуў агонь...

Калі Колышаў убачыў гэта, то спачатку і не паверыў сваім вачам. Няўжо праўда, што ён падбіў танк? Праўда, праўда: вунь жа палае! Ён не памыляецца — палае! Ад снарада, які пушчаны з яго машыны — яго, Колышава! Няхай усе бачаць, як Колышаў уціхамірыў яго. Так ён будзе гаварыць з імі!

Трэба сказаць, што тое, з чым пазнаёміўся Колышаў раней, пакуль ішлі баі на прарыў, зрабіла на яго дваістае ўражанне. Ён адчуў вялізную, дзівосную сілу арміі, у якой быў адной мільённай пясчынкай, і разам з тым ён пабачыў, як усё-ткі цяжка даводзіцца на вайне кожнаму салдату паасобку. Ён бачыў, что кожны вызвалены кіламетр даецца вялікім боем і ахвярамі. Ад падарваных і спаленых танкаў, абгарэлых хлопцаў, якіх было столькі ў месцы прарыву, засталося пачуццё нейкай няўпэўненасці за сваё жыццё. Цяпер, калі ён адчуў сябе пераможцам, яму стала як бы вальней.

— Малайцы, хлопцы, — сказаў ён як мага спакойна. Хоць Колышаў гаварыў гэта да сваіх таварышаў па машыне, ён свае словы адносіў таксама да сябе. Так лейтэнант выказаў сваю радасць.

Гэты першы поспех радаваў лейтэнанта асабліва, бо ўсё, што Колышаў цяпер рабіў, здавалася яму незвычайна важным. Ён сам сабе здаваўся інакшым, чым да баёў, — ён удзельнічаў у такіх падзеях, пра якія раней мог толькі думаць.

Некалькі «трыццацьчацвёрак» вырваліся на вуліцу. Гітлераўцы, якія яшчэ спрабавалі супраціўляцца, разгубленыя з'яўленнем нашых танкаў у сярэдзіне вёскі, іх стралянінай, пачалі кідаць пазіцыі.

У гэты час з танкаў пачалі саскокваць увішныя аўтаматчыкі, — яны забягалі ў двары, у хаты, вышуквалі і абяззбройвалі варожых салдат. Там і тут чуліся цяпер выбухі гранат і аўтаматныя чэргі.

Колышаў у гэты час вывеў танк па агародах на заходнюю ўскраіну вуліцы. Ён павінен быў са сваімі аўтаматчыкамі адрэзаць гітлераўцам шлях да адступлення.

9
{"b":"849555","o":1}