Ледзь лейтэнант спыніў танк, як на яго аўтаматчыкаў наляцелі тры гітлераўцы, палічыўшы гэту машыну ў цемры за сваю.
Пакуль немцы разабраліся, хто перад імі, было позна. Ім не заставалася нічога іншага, як узняць рукі. Адзін з аўтаматчыкаў падбег да лейтэнанта і запытаўся, што рабіць з імі.
Што з імі рабіць? Можа, іх адправіць куды? Колышаў, памаўчаўшы хвіліну, пачаў звязвацца са старшым лейтэнантам. Ён адчуваў сябе няўпэўнена ў абставінах, якія ўзнікалі цяпер, і пытаўся ў Аляксея ледзь не пра ўсякую дробязь.
Старшы лейтэнант паспешліва сказаў, што весці нікуды не трэба: — Нашто весці?!. Хутка ж сюды падыдзе ўся брыгада. Тады іх і здадзім...
2...
Страляніна сціхала. Нарэшце стала толькі чуваць, як гурчаць маторы ды ляскочуць тракі. Колышаў саскочыў на зямлю, пазіраючы навокал вачыма пераможцы.
Вось сяло, якое ён адваяваў. Гэта была звычайная, да таго ж невялічкая вёска са звычайнымі хатамі, якіх ён нямала бачыў раней, але выгляд яе напоўніў сэрца Колышава вялікай гордасцю. Гордасцю за сябе, за старшага лейтэнанта, за ўсіх таварышаў. Многа яшчэ будзе на шляху Колышава падобных вёсак і вялікіх гарадоў, але ўспамін пра гэтыя хаты ніколі не сатрэцца. Бо тут ён спазнаў салдацкую гордасць упершыню.
Колышаў, што яшчэ ўвесь гарэў боем, пашукаў вачыма той танк, якому ён так удала «даў прыкурыць». Танк быў недзе за будынкамі.
Адно здзіўляла і нават крыху расчароўвала Колышава, што сяло было амаль пустое. Яму ўяўлялася, што адразу ж, як толькі бой сціхне, а можа, і ў часе яго, усе жыхары з радасцю акружаць танкістаў, пачнуць абдымаць, выказваць сваю радасць. А тут пакуль навокал былі нейкая амяртвеласць і насцярожанасць. Нават каля хат, якія гарэлі, ніхто, як звычайна, не завіхаўся, не трывожыўся. Гэтыя маўклівыя пажары рабілі малюнак яшчэ больш сумным.
Толькі пазней, калі Колышаў са сваёй машынай спыніўся ў цэнтры сяла, ён убачыў жыхара.
Гэта быў вельмі пажылы чалавек, амаль лысы, з барадою, адзін бок якой недзе падгарэў; на плячах сваіх ён меў чамусьці накінуты кажушок. Стары стаяў у акружэнні танкістаў, сярод якіх Колышаў заўважыў старшага лейтэнанта і Якавенку. Стары штосьці гаварыў да Якавенкі, але пра што ён гаварыў, Колышаў праз шум недалёкіх матораў спачатку амаль нічога не чуў. Але ён бачыў, як усе ўзрушаны расказам, і сам мімаволі паддаўся агульнаму хваляванню.
— Павесілі сына майго!..— дайшло раптам да Колышава, голаснае, роспачнае, і лейтэнант убачыў, як жорстка прыплюшчыліся вочы Быстрова, які стаяў насупраць дзеда. Стары дзіўна гахнуў і павёў па вачах кулаком: — Няма Андрэя!
Колышаў спахмурнеў. Яго радасць адразу неяк прытаілася. Хлопца ўразілі словы старога,— у іх чулася такое вялікае, няўтольнае гора! «Якім легкадумным я быў, закаханым у сябе!» — падумаў раптам з дакорам лейтэнант.
Стары сказаў аб тым, куды падзеліся людзі. Іх гітлераўцы пагналі на захад.
— Адарвалі ўсіх ад сваіх хат... Акружылі з бакоў, наставіўшы вінтоўкі, і пагналі... Толькі і засталіся тыя, хто ўправіўся ўцячы ці схавацца...— Ён расказаў, што давялося перажыць яму апошнімі днямі, пакуль хаваўся ў нейкім Панасавым гушчары. Гэта была жахлівая, звычайная ў тыя дні гісторыя,— танкісты слухалі яе моўчкі і панура...
Колышаў не ўтрываў, каб не падысці да падбітай нямецкай машыны. Яна цяпер ледзьве дымілася. Лейтэнант задаволена дакрануўся рукою да гарачага жалеза. Пашукаў тую прабоіну, якую зрабіў яго снарад, і знайшоў недалёка ад лабавіка круглую дзірку — вось яна. А можа, і другі снарад уцэліў? Колышаў знайшоў і другую прабоіну, але побач з ёю аказалася чамусьці яшчэ і трэцяя. Адкуль яна? Ён жа стрэліў два разы!
— Што, таварыш лейтэнант, вучышся, як працаваць трэба? — нечакана пачуўся ззаду кплівы голас Быстрова. Лейтэнант азірнуўся.
— Не, правяраю, як мой экіпаж працуе.
— Тады вам, таварыш гвардыі лейтэнант, трэба было б пайсці да другой машыны. Бо тут мая работа.
— Чаму гэта?
І Колышаў расчаравана пачуў, што па гэтаму танку біў таксама Быстроў! Вось дык навіна: значыцца, гэта, можа, і не ён, не Колышаў, падбіў? Ну, вядома, хто ж скажа, што іменна ён. Эх, а ён радаваўся! Колышаў паспрабаваў уцешыць сябе тым, што, як бы там ні было, усё-ткі хоць адзін снарад ды ёсць там яго, але расчараванне ад гэтага не знікла.
Вяртаючыся да сваёй машыны, Колышаў спаткаў старшага лейтэнанта. Аляксей запытаўся ў яго:
— Ну, як — страшна было?
— Спачатку было страшнавата... А потым — неяк прайшло. Забыўся пра гэта... Забыўся, таварыш гвардыі старшы лейтэнант!..— Колышаў прамовіў так, нібы страх ужо даўно мінуў і не вернецца. Ён цяпер быццам падсмейваўся над сваім непакоем.— Не было, ведаеце, калі баяцца. Так завіхацца давялося, што ўсякае глупства вылецела...
— Вылецела?! — усміхнуўся мімаволі старшы лейтэнант.— Ну, глядзі, не ўпускай яго назад!.. Як бы ні прышлося!..— Старшы лейтэнант раптам дадаў: — І яшчэ набудзь адну прывычку: менш мяне па дробязях турбуй. Вучыся сам арыентавацца і рашай, як камандзір...
Старшы лейтэнант нагадаў запытанне пра палонных: ну, хіба гэтага ён не мог рашыць сам?
Аляксей падаўся да сваёй машыны. Трэба было выступаць.
3...
Машына ўвесь час калыхалася, падскоквала, ападала. Напружана працавалі, раўлі маторы, імкліва несучы важкую крэпасць наперад — па дарозе, праз ямы, узгоркі, рачулкі. Ствол гарматы, нацэлены туды, куды ляцела машына, то апускаўся ніжэй лініі небасхілу, то ўскідваўся ў нябесную шэрань.
На дарогах і каля іх часта віднеліся варонкі, мноства варонак, каля якіх тырчалі разбітыя, пакарэжаныя машыны і павозкі, валяліся раздутыя конскія трупы, далёка раскіданыя выбухамі абломкі. Было падобна на тое, нібы тут прайшоў ужо фронт. Гэта былі вынікі работы нашай авіяцыі...
Мерна-роўна, як гадзіннік, стукацелі, спяшаліся тракі. Аляксей, слухаючы гэты звыклы перастук, акружаны аўтаматчыкамі, насцярожана ўглядваўся ў маўклівыя хмызнякі, дрэвы, яры.
Толькі, калі ён азіраўся назад, яго добрыя, засценчывыя вочы весялелі.
За ім, уздымаючы, як дымавую завесу, касякі пылу, адна за адной імчалі па дарозе машыны, таксама аблепленыя аўтаматчыкамі. Танкі імчалі следам за Аляксеем з тым жа неўтаймаваным імкненнем наперад, падуладныя яго волі, яго камандзе...
Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі. Самалёты амаль увесь час патруліравалі брыгаду, ахоўваючы яе зверху,— то праляталі наперад, так далёка, што станавіліся ледзь віднымі, то вярталіся, лагодна ракочучы.
Потым яны некуды зніклі. А хвілін праз пятнаццаць сержант-аўтаматчык, які сядзеў каля вежы, паказаў Аляксею ўправа. З-за блізкага лесу плыў «кастыль». Неўзабаве ён ужо кружыўся, як коршак, над танкамі, тоячы нейкія нядобрыя намеры.
— Аляксей, мне не падабаецца гэтая варона! — паведаміў старшаму лейтэнанту Гогабярыдзе.— Ты бачыш яе?
— Бачу...
Аляксей пільна сачыў за «кастылём». Той паволі рабіў кругі над калонаю, ляніва нахіляючыся то на адно крыло, то на другое.
Рота падыходзіла да балота, праз якое цягнулася грэбля. Старшы лейтэнант, асцерагаючыся налёту бамбардзіроўшчыкаў, загадаў павялічыць адлегласць між машын. Заднія танкі адразу пайшлі павольней. Калона стала расцягвацца.
Хутка выявілася, што Аляксей непакоіўся недарэмна.
Ён яшчэ здалёк убачыў злева ў небе некалькі чорных, даўгаватых сілуэтаў нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў, якія заходзілі, напэўна, у хвост яго калоне. Назіраць за імі хутка стала цяжка — там, куды яны зайшлі, сляпуча іскрылася сонца.
— Злева, ззаду — нямецкія самалёты,— прытрымліваючы рукою ларынгафон, перадаў старшы лейтэнант экіпажам, ён, выглянуўшы з вежы, яшчэ раз уважліва азірнуўся навокал — усюды была асака з лугавой травою, рэдкія сіваватыя купы лазняку, нізкарослыя дрэўцы.
— Ісці — па грэблі!.. Не зварочваць!..
Самалёты хутка набліжаліся да калоны. Вось ужо ў чыстым, непарушна-спакойным небе сталі відаць жаўтаватыя канцы крылаў і шкляныя насы. За стукам тракаў гулу самалётаў не было чуваць. Аўтаматчыкі то сачылі за небам, то трывожна пераглядваліся. Старшы лейтэнант, перадаючы камбату, што на роту ідуць «юнкерсы», назіраў, як яны выстройваюцца адзін за адным, рыхтуючыся да бамбёжкі. У сярэдзіне ў Аляксея штосьці тужліва сціснулася — ох, як не любіў ён бамбёжак. З тых першых дзён вайны засталася ў яго гэтая тужлівая апаска перад бамбёжкамі. Горш за ўсё не любіў ён налёты!