— Таварышы! — узвысіў голас Семіжон. — Настала і наша чарга парадаваць Радзіму. Нам выпала чэсць, вялікая чэсць вызваліць адзін з важнейшых гарадоў нашай краіны, сталіцу Беларусі, гераічны Мінск!.. Радзіма, якая паслала нас сюды, даручыла нам гэтую вялікую справу, верыць, што мы апраўдаем яе надзею. Не толькі армія, але і ўся краіна, мільёны людзей, што глядзяць на нас з Урала, з Каўказа, з Паволжжа, чакаюць ад нас — вярніце Мінск!.. Нас чакаюць нецярпліва, як самых дарагіх людзей, там, у блізкім Мінску, які гітлераўцы паляць і падрываюць, дзе пакутуюць тры гады ў фашысцкай няволі, тры доўгія гады нашы маткі, дзеці, сёстры, нашы родныя!.. Крывавыя гітлераўскія каты акружылі горад і збіраюцца заўтра ўчыніць расправу над усімі, хто яшчэ дажыў да сённяшняй ночы. У горадзе вывешаны аб'явы, у якіх эсэсаўцы загадваюць сабірацца людзям на спецыяльныя зборныя пункты, сабірацца на смерць, на здзек. Не дадзім на здзек нашых людзей!
— Не дадзім! — адгукнуўся ўзрушана Колышаў.
— Смерць фашысцкай погані!
— За наш Мінск, за перамогу! За нашу вялікую Радзіму.
Пры апошніх словах падпалкоўніка выбухнула нецярплівае, напорыстае «ўра», якое рэхам пакацілася па ляску. Усе, было відаць, як і Аляксей, таксама ірваліся хутчэй у горад, на штурм.
Семіжон пасля мітынгу застаўся ў батальёне Аляксея. Ён уладзіўся ў роце Аліева і з гэтай ротай, якая павінна была падысці да Мінска адной з першых, чакаў, калі танкі рушаць...
Аляксей, які няспынна трымаў сувязь з Бяссонавым, перагнаўшы іншыя машыны, падляцеў да разведчыкаў. Яму трэба было перадаць Гогабярыдзе новыя весткі пра абстаноўку, хацелася асабіста і падрабязна расказаць пра тыя мясціны, дзе зараз прыдзецца дзейнічаць разведчыкам. Эх, калі б Аляксей мог, меў права ісці ў горад разам з разведчыкамі, так, як і яны, першым ісці!.. Камбат, не прызнаючыся сабе, мімаволі зайздросціў Гогабярыдзе і іншым разведчыкам.
— Пакажы мне, Аляксей, калі ласка, дзе твой дом стаіць? — загаварыў Сандро, ледзь толькі ўважліва выслухаў парады і весткі Аляксея. — Каб не разбіць мне часам яго сваёй гарматай. А то — твой друг яшчэ стане тваім ворагам! Нашто мне гэта? Не хачу! — казаў ён з жартаўлівай трывогай.
Ён прыхіліўся да Аляксея і зашаптаў на вуха,
— Я, калі мы прыедзем туды, дзе стаіць твой дом, загадаю ўсім сваім хлопцам спыніць машыны на пяць хвілін і зраблю ў чэсць нашага камандзіра салют!
— І атрымаеш за гэта вымову ад мяне! — Аляксей засмяяўся.
— Ну, не. У крайнім выпадку можаш даваць — камбрыг мяне ўсё роўна апраўдае. А як жа. Заслужаны камандзір, герой, мой друг, вяртаецца ў родны горад — пасля трох год! І не адзін — з цэлым батальёнам! Ці ж можна без салюта?! Калі б другі час, трэба было б такую сустрэчу зрабіць, каб віно пяць дзён і пяць начэй лілося... Ах, шкада — цяпер нельга!
Гогабярыдзе абняў Аляксея па-сяброўску і папрасіў:
— Аляксей, будзь другам — пазнаёміш мяне з Нінаю? Я хачу, Аляксей, пабачыць, якая яна прыгажуня ў цябе.
— Пазнаёмлю, Сандро... Калі можна будзе...
— А чаму будзе няможна?
— Яны, Сандро, таксама на вайне. А на вайне, ты ведаеш, што можа быць за тры гады. Непакоюся я, дружа... Ну, давай, вядзі сваіх.
Аляксей, перадаўшы, каб батальён выступаў, пачакаў тут, пакуль падыдуць «трыццацьчацвёркі», і далей ішоў ужо разам з імі. Танкі ўсё набліжаліся да горада. Наперадзе Аляксей бачыў некалькі крывава-барвовых зарываў ад пажараў, што расцягнуліся па небасхілу. Яны то ўспыхвалі, уздымаючы высока ў неба варушлівыя водсветы, то спадалі, і неба тады як бы зніжалася і станавілася чарнейшым. Страшныя зарывы былі так блізка, што, здавалася, чуўся подых гарачыні ад іх.
Ён столькі марыў пра гэтую хвіліну, і вось яна надышла — блізка, як ніколі...
Пазіраючы на зарывы, што трапяталі над дарогаю і ўзгоркам, Аляксей заўважыў, як ім авалодвае ўсё большая нецярплівасць і трывога. Напэўна, ніколі ён так не трывожыўся, як цяпер.
Што там яго чакае?
4...
Недалёка ад горада Лагуновіч збіў варожы заслон, павярнуў свае танкі на магістраль і павёў па асфальце проста на Мінск.
Аляксей увесь час бачыў наперадзе вялікія зарывы.
Калі пачало развідняцца, выслізганыя гусеніцы, ляскочучы, лічылі апошнія кіламетры магістралі.
Першымі да ўскраіны падыходзілі тры машыны, якімі камандаваў лейтэнант Гогабярыдзе. Большасць машын батальёна напагатове стаялі ззаду, на шасэ і ўзбочынах каля палосак спеючай збажыны. Аляксей сядзеў на вежы, нецярпліва прыслухоўваючыся да гукаў у шлемафоне. Ён чакаў вестак ад разведкі.
Усё, што ён бачыў навокал, было яму знаёмым. І лагчынка, у якой цяпер было некалькі танкаў, і лясок злева, і пляскаты роўны верх будынка метэастанцыі, які ўздымаўся з-за абрысу ўзгорка наперадзе. Ускраіну і сасняк гарадскога парку адсюль не было відаць, але Аляксей адчуваў іх побач.
Яго думкі былі разам з Гогабярыдзе, на гарадской ускраіне, і далей у горадзе, які ён ведаў, можа, больш, як сябе самога. Ён чакаў хвіліны, калі можна будзе рушыць са сваімі танкістамі туды — услед за думкамі, за жаданнем.
— Табе не здаецца, капітан, што мы ідзем марудна? — успомніліся яму словы Гогабярыдзе. Гэта Сандро сказаў, калі Аляксей даваў яму апошнія парады перад цяперашняй «працай». Лейтэнант тады, хітравата ўсміхнуўшыся, дадаў: — Ці, можа, ты не спяшаешся?
— Можа...
— Ой, не хітруй, друг, — бачу ўсё: стрымліваешся. Які ты, капітан, дзіўны! Па табе і не відаць, што ты хвалюешся, ірвешся туды. Скала — чалавек! А я, ручаюся, у такі час нарабіў бы якога-небудзь глупства... Узяў бы ўвесь батальён і паляцеў бы ў горад, як вецер, як бура!..
— Гарачая ты галава! — прамовіў Аляксей. — Нядобра: трэба, Сандро, мець сэрца гарачае, а галаву халодную. Хоць і я не такі каменны, як ты думаеш...
Аляксей узняў адзін навушнік і прыслухаўся, ці не чуваць гукаў бою наперадзе.
— Чаму ён маўчыць? — Быстроў, які сядзеў поруч з Аляксеем, нецярпліва пазіраў наперад.
— Рана яшчэ...
Танкі Гогабярыдзе ішлі абапал магістралі, адзін з левага боку, а два з правага. Прайшлі шырокую лагчыну, мінулі метэастанцыю і паволі па адным пачалі падымацца на прыгорак, на якім віднелася некалькі драўляных хатак. «Трыццацьчацвёрка» Гогабярыдзе ішла побач з шасэ, якое, выпінаючыся, імкліва бегла ўгару, прападаючы непадалёк за грэбнем пагорка. Асфальт, мокры ад ранішняй вільгаці, цьмяна блішчаў.
У гэты час па пярэдняй машыне, якая ўжо знікла за прыгоркам, ударылі раз, другі гарматы. Танкісты адказалі некалькімі стрэламі. Камандзір машыны перадаў, што гарматы б'юць здалёк. Гогабярыдзе загадаў весці з імі бой, а сам з другога боку шасэ ўсё ішоў наперад...
Узгорак, што хаваў ад вачэй горад, з кожнай хвілінай апускаўся ніжэй. І раптам у перыскопе перад вачыма з'явіўся малюнак горада — справа недабудаваны вялікі барвовы будынак і каля яго некалькі драбнейшых, злева — цёмны выносісты сасняк. «Мінск!» — мільганула ў галаве. Гогабярыдзе хутка, але пільна акінуў сцены будынкаў, асабліва бліжэйшага чырвонага дома, шырокае рэчышча шасэ, якое ўваходзіла ў вуліцу. «Можна праскочыць туды да чырвонага»,— загарэўся Сандро.
— Наперад, проста, да чырвонага!..— крыкнуў ён вадзіцелю.
Танк ірвануўся і хутка панёсся па ўзбочыне. Гогабярыдзе ўпіўся вачыма ў прасцяг — насустрач бегла пустая брукаваная вуліца і вялікі барвовы будынак.
«Як хутка развіднела!»
Нечакана лейтэнанта моцна кінула ўгару, потым ударыла аб бакавую браню. Ён удару не пачуў, як не чуў і болю. Толькі, нібы рэха, зноў празвінела ў галаве «развіднела», — цяпер нейкае вострае, гарачае. І ў той жа міг усё згасла — і трывога, і гарачы звон...
Танк, падкінуты выбуховай хваляю, адразу нахіліўся на правы бок і нерухома застыў. Пакарэжаныя каткі ўехалі ў зямлю, побач іх выцягнуўся абрывак сарванай гусеніцы, вакол якой валяліся раскіданыя выбухам тракі. На абпаленую траву, на машыну ападалі камякі зямлі і пясок.
— Міны. Гогабярыдзе падарваўся... — пачуў Аляксей усхваляваны голас.