Камбат адразу, як толькі даведаўся, колькі тут прыблізна прыдаецца стаяць, папрасіў Быстрова, каб ён паклікаў ваенфельчара. Трэба было аглядзець і ачысціць рану і як належыць перавязаць. Вяртаючыся назад, Быстроў упоцемку не адразу знайшоў машыну. «Чорт ведае — заблудзіўся я, ці што, — пачуў Аляксей яго голас. — Ну, вось тут яна, здаецца, была...»
— Давай сюды, Быстроў!— аклікнуў яго капітан, углядаючыся ў прасветы між дрэваў.— Вядзеш?
— Точна так, таварыш капітан, удваіх!
Ваенфельчар, падышоўшы да камбата, не пытаючыся нічога, загадаў Быстрову, каб той пасвяціў кішанёвым ліхтарыкам.
Вакол камбата амаль адразу сабраліся танкісты, якія непакоіліся за Аляксея. Адзін з іх штосьці сказаў Быстрову, і фельчар строга папрасіў або разысціся, або маўчаць. Ніхто не адышоў адсюль, але ўсе сціхлі.
Аляксей стомлена пазіраў, як пад жаўтаватым святлом спрытна ходзяць дзве кісці рук і кароткія жоўтыя пальцы, раскручваючы павязку. Потым фельчар вымыў рукі спіртам, пах якога раптам пачуўся сярод паху газойля і хвоі. Пінцэтам абарваў прышэрхлую да раны падушачку.
— Гм, н-да... Справы! Чаму вы, камбат, не выклікалі мяне адразу?.. — І, не чакаючы, што Аляксей скажа ў адказ, прамовіў: — Пашкоджаны мышцы, капітан...
Ён падняў сумку да святла бліжэй, дастаў адтуль флакон, зірнуўшы на ўсякі выпадак на этыкетку, асцярожна абмыў рану і старанна яе перавязаў. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і Аляксею здалося, што навокал наступіла бальнічная цішыня, хоць недзе блізка гурчаў танк.
— Трэба будзе, таварыш капітан, легчы ў санбат. Такія справы. Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне... — Ён гаварыў будзённа і нават нібы абыякава, тым часам звыкла закрываючы сумку. Быстроў па-ранейшаму свяціў на яго рукі, і яго твару Аляксею не было відаць.
— Здаць? З-за гэтай дробязі?! Ты што, жартуеш, Вітошка?
— Якія тут могуць быць, таварыш камбат, жарты? Гэта не дробязь, — абавязкова трэба рабіць аперацыю. Патрэбен таксама шпітальны рэжым... Хочаце ці не хочаце, а без санбата вам не абысціся.
Аляксей зазлаваў:
— Ну, што ты заладзіў — санбат, санбат!.. Не хачу я ў санбат, — але ўслед за гэтым, разважыўшы, што цяпер заядацца з фельчарам не варта, перамяніў тон гаворкі: — Ты разумееш — я амаль дома. Заўтра буду ў сваёй хаце — самае большае праз суткі. Ты разумееш?
— Але вам, камбат, трэба лячыцца. Можа раптам здарыцца гангрэна, я не магу гарантыраваць вас ад гэтага. Могуць быць іншыя непрыемнасці... Адным словам — трэба лячыцца.
— Лячыцца?.. Ну і добра. У Мінску я, калі ўжо на тое ідзе, акурат і падлячуся.
— Дома хутчэй зажыве!.. — уступіўся за Аляксея з цемры голас Колышава. — Ты разумееш, Вітошка, дома камбат ад аднаго дамашняга паветра паправіцца!
Але фельчар, звычайна, здавалася, мяккі, лагодны хлопец, упарта настойваў на сваім. Аляксей жа па-ранейшаму не здаваўся.
— Слухай, чалавек ты ці не чалавек? — Не вытрымаў Быстроў. — Ты разумееш чалавечую мову?
Фельчар, не слухаючы яго, запытаўся ў Аляксея:
— Значыцца, адмаўляецеся ехаць у санбат?
— Так, не хачу.
— А я не хачу, каб мяне за вас потым чысцілі! Ясна?!. Я перадам палкоўніку, калі майго слова мала, — прыгразіў фельчар. — Будзеце гаварыць з камбрыгам!
«Глядзі ты, які ўпарты!» — падумаў Аляксей. Хтосьці з танкістаў, раззлаваны, назваў фельчара і ветэрынарам, і бюракратам, і фармалістам, дадаўшы, што ён нічога не разумее ў чалавеку.
— Не трывожся, капітан, усё будзе добра,— спакойна прамовіў Быстроў. — Мы самі пагаворым з камбрыгам, ён зразумее цябе! Я ўпэўнены, што зразумее...
«Кепска, — пачаў непакоіцца Аляксей. — Калі Бяссонаў згодзіцца з Вітошкам, не браць мне Мінска, не быць дома...»
3...
Непадалёк за некалькі хвілін перад гэтым спынілася легкавая машына. З машыны вышаў прысадзісты дужы чалавек, які запытаўся ў аднаго танкіста, як тут знайсці капітана Лагуновіча.
Прыезджы, убачыўшы каля чорнага абрысу «трыццацьчацвёркі» групку танкістаў, якія спрачаліся, і пазнаўшы сярод іншых галасоў капітанаў голас, прыпыніўся і стаў моўчкі слухаць. Ён вельмі хутка зразумеў прычыну перапалкі.
— Хто тут грозіцца гаварыць са мною? — нечакана пачуўся яго басок. — Бач, расшумеліся — на ўвесь лес!
«Камандзір брыгады!» — пазналі танкісты, і гамонка адразу сціхла.
Бяссонаў заехаў сюды для таго, каб праверыць, як батальён рыхтуецца да бою, даць танкістам парады і каб даведацца, як паранены капітан, як ён адчувае сябе. Але наблізіўшыся цяпер да камбата, палкоўнік спачатку загаварыў не з ім, а пачаў распытвацца ў фельчара, якая рана, ці перабіта косць. Паглядзеў уважліва і холадна на твар капітана, які здаваўся ад страты крыві і электрычнага святла ліхтарыка белым, заўважыў хмурны, упарты позірк. Не гледзячы на фельчара, запытаўся:
— Адправіць, значыцца, трэба?
«Усё. Загадае зараз ехаць у шпіталь, сухая душа...» — падумаў насцярожана Аляксей.
— Трэба, таварыш гвардыі палкоўнік.
— А ён — не хоча?.. Не хочаш, капітан, ехаць назад?.. Дарэмна...
— Я яшчэ магу ваяваць, таварыш гвардыі палкоўнік! З такою ранай жыць можна!..
— Жыць можна, капітан, а вось ваяваць наўрад.
— Таварыш гвардыі палкоўнік! Я кажу!..
— Не кажы!.. Я не дзяўчына,— прамовіў Бяссонаў рэзка.— Не хочаш, значыцца? Ну, што ж, калі ты. сам дабіваешся гэтага, капітан, дазваляю — заставайся. Да Мінска! Паваюй яшчэ суткі. Твая дапамога мне будзе, можа, нялішняя,— і мякчэй, па-таварыску: — я ведаю, чаго ты хочаш: хутчэй увайсці ў Мінск, салдатам!..
— Хочацца пабачыць, таварыш гвардыі палкоўнік, што там у горадзе, — праз тры гады... — Аляксей адчуваў сябе вінаватым. — Сям'ю не церпіцца хутчэй знайсці. Ды адтуль — і на фронт дабірацца будзе лягчэй: бліжэй!
Палкоўнік павярнуўся, як звычайна ўсім тулавам, да фельчара:
— Назірай за ранай, ды — уважлівей!..
У лясочку было цемнавата і вельмі цёпла, нібы ў курані. Нагрэтая за дзень зямля, дрэвы і паветра ніяк не маглі астыць, патыхалі цяплом, лагоднай цішынёю, спакоем. Стаяў такі сухмень, што на траву не лажылася раса.
У такую ночку добра спіцца ў лесе, асабліва пасля трывожнага гарачага дня. Але амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што ўранні пачнецца бой за Мінск, і рыхтаваліся да яго. Камандзіры, якіх Аляксей сабраў на нараду, вывучалі падыходы да горада, маршруты па вуліцах, абмяркоўвалі розныя справы, звязаныя з блізкім боем, другія папаўнялі машыны снарадамі, гаручым, правяралі маторы, нацяжэнне гусеніц.
Панавала бадзёрая ўзрушанасць — ва ўсіх толькі і было размоў, што пра Мінск, пра штурм... Амаль перад самым выступленнем, калі танкісты Лагуновіча чакалі, што вось-вось будзе загад рушыць, прыехаў сюды на танку падпалкоўнік Семіжон.
— Як рука, капітан? — запытаўся ён у Аляксея.
Поблізу сталі часта біць гарматы. Аляксей перачакаў страляніну.
— Рука?.. Не чую, як яна...
— Душа баліць? Апошняя хвіліна заўсёды сцягваецца.— Семіжон загадаў сабраць усіх. Танкісты сыходзіліся, перагаворваючыся, смеючыся, зыркаючы іскрачкамі цыгарак. Твараў іх не было відаць, але па гэтай гамонцы, па агеньчыках адчувалася мноства людзей, якія стаялі тут, пад дрэвамі. Па тым, як яны задорна гаварылі, як смяяліся, Аляксей адчуваў, што настрой ва ўсіх найлепшы. Яму было радасна.
Пачуўся ціхі, сіплаваты голас падпалкоўніка, і ўсе адразу сціхлі.
Семіжон пачаў з таго, як ён гэта цяпер часта рабіў, што расказаў апошнія паведамленні. Нашы ўжо занялі Вілейку, перарэзалі чыгунку Мінск-Вільнюс.
— З'явіўся новы напрамак — Баранавіцкі! На гэтым напрамку ўжо вызвалілі Нясвіж, Гарадзею і Стаўбцы. — Семіжон гаварыў радасна-ўсхвалявана, адчуваючы, што гэтая ж радасць поўніць сэрцы ўсіх яго слухачоў.
Сонцаў, выказаўшы агульны настрой, крыкнуў:
— Эх, мама родная! Гітлераўцам цяпер, выходзіць, з Мінска драпаць некуды.
Аляксей падумаў — Мінск яшчэ не вызвалена а ўжо становіцца як бы тылавым горадам. Яшчэ не скончан Мінскі напрамак, а ўжо існуе Баранавіцкі...