Не мінула і пятнаццаці хвілін, як танкі Аляксея імчалі па вузенькім «прасёлку», па полі. Аляксей вёў іх амаль усцяж лесу, якога адсюль не было відаць. Вёў на трэцяй скорасці. Хацелася абыйсці месца, дзе ўмацаваўся праціўнік, хутка і непрыкметна...
Першай пачала бой трэцяя рота. Некалькі танкаў роты наскочылі на варожых пехацінцаў, якія сядзелі ў траншэях, прыхаваных маладзенькім сасоннічкам-пасадкаю. Гітлераўцы паспрабавалі адбіць атаку: сасоннічак раптам загрымеў, залескатаў стрэламі з мінамётаў, кулямётнымі чэргамі... Але танкістаў гэта не магло спыніць,— іх, здавалася, нішто не магло затрымаць. Яны так імкліва і смела рушылі да пасадкі, так секлі з кулямётаў, з гармат, што немцы не вытрывалі.
Траншэі пачалі хутка пусцець...
Калі танкі ўвайшлі ў сасоннічак, тут было толькі некалькі трупаў і параненых ды валяліся кінутыя мінамёты.
Аляксей адразу паслаў машыны далей, каб не даваць праціўніку перадышкі. Неўзабаве камандзір трэцяй перадаў, што ён атакаваў батарэю гаўбіц і што засціг яе знянацку. Немцы, вядома, чулі стрэлы, якія ўзніклі блізка з боку ў пасадцы, але, мусіць, не ведалі, што там робіцца; яны, як і раней, прадаўжалі біць па нявіднай дарозе. Калі танкі неспадзявана паявіліся, жарластыя, кароценькія гаўбіцы глядзелі стваламі не насустрач ім, а ў іншы бок.
Камандзір трэцяй гаварыў, што гітлераўцы не паспелі нават развярнуць гаўбіцы, калі танкі, што высунуліся з зарасніку на палянку, зблізку застракаталі з кулямётаў. Артылерысты, кінуўшы гаўбіцы, пачалі разбягацца, хто куды, некаторыя перапалохана ўздымалі рукі.
Аўтаматчыкі, саскочыўшы з танкаў, сталі адбіраць у іх зброю...
3...
Камбат ішоў з ротаю Аліева, што наступала лявей ад трэцяй.
Тут бой быў цяжэйшы. Гітлераўцам не толькі ўдалося ўтрымацца на сваіх месцах, але яны ледзь не прымусілі роту адысці назад.
Калі адзін узвод наблізіўся да пазіцый гітлераўцаў, завязалася такая перастрэлка, што ў ёй амаль не можна было разабраць стрэлаў танкаў. Між рухавых машын то тут, то там ускідваліся дымы выбухаў; паветра пранізвалі трасіруючыя снарады...
У першыя хвіліны бою адна з «трыццацьчацвёрак» замерла і задымілася...
Капітан бачыў, як з верхніх люкаў на зямлю спрытна пасыпаліся тры чорныя постаці, яшчэ адна выбегла з-за танка. Яны кінуліся назад, то ўскокваючы, то падаючы...
Іншыя два танкі прыпыніліся. Яны, праўда, часта білі па нямецкіх гарматах і манеўравалі, але наперад не ішлі.
— Чаго ж яны стаяць, Аліеў?! — крыкнуў амаль гнеўна Аляксей. — Чаго яны топчуцца!.. Трэба атакаваць! Атакаваць трэба!!! Зразумеў? Прыём, — а праз хвіліну, пераключыўшы рацыю зноў на перадачу, камандаваў Аліеву:— «Шторм», «Шторм»! Уводзь у бой усе «каробкі»... Заходзь лявей за прагаліну. Прагаліна, бачыш? Не марудзь! Крышы іх, гадаў!..
Так, нельга марудзіць, трэба імчаць туды, адкуль равуць пагрозна гарматы, — біць, крышыць трэба, пакуль гітлераўцы не сціхнуць, пакуль не пачнуць, молячы аб літасці, падымаць рукі!
Страляючы пры кароткіх супынках і без супынкаў, «трыццацьчацвёркі» ўпарта рушылі наперад.
Машына камбата ішла разам з усімі. Быстроў, прыпадаючы вачыма да акуляра прыцэла, амаль не адымаў рук ад паваротнага і пад'ёмнага механізмаў. Ляцелі ўніз, цьмяна пабліскваючы, дымныя гільзы. Пахла моцна газамі. Па твары зараджаючага ручаём ліўся пот...
Агонь з таго боку пачынаў слабець. Некалькі гармат ужо змоўклі. Але і танкістам дасталася: яшчэ дзве машыны замерлі.
Быстроў, не зважаючы ні на што, цэліўся, — то павяртаў вежу, то круціў пахапліва ручкі механізмаў і, нарэшце, улучыўшы зручны момант, націскаў педаль гарматы, зноў цэліўся, круціў ручкі, страляў. Ён быццам зліўся з гарматай. Стрэл. Стрэл.
Яшчэ стрэл...
Аляксей у перыскопе бачыў, як насустрач ляцяць дзве разлапістыя хвоі — вялікая і малая. Ляціць насустрач зямля.
Раптам ногі і рукі капітана асыпала веерам іскарак, і пачуўся моцны ўдар. Непрыемна запахла дымком... Капітан устрывожана азірнуўся.
Што такое? Падбілі?!
Ён убачыў, як зараджаючы Касцючэнка, схапіўшыся рукою за бок, ціснучыся спіною да брані, бязвольна асядаў на касеты. Твар яго, кінулася Аляксею, шпарка бялеў, станавіўся бяскроўным. Каля яго ног Аляксей убачыў невялікую, гладка адпаліраваную балванку. Вось што трапіла сюды!..
Быстроў, распалены боем, стрэліў яшчэ раз. Толькі тады ён азірнуўся на зараджаючага, яшчэ трымаючыся за ручку пад'ёмнага механізма.
Капітан рухам рукі паказаў Быстрову:— Дапамажы!
Тут капітан заўважыў, што і яго раніла ў правую руку, вышэй локця, мусіць, асколкам брані. Рука пачала бязвольна звісаць і цягнуць уніз, нібы да яе прывязалі груз. Рукаў напаўняўся ліпкай, пякучай крывёю.
— Сонцаў, жывы? — трывожна запытаўся ён. Той, не гаворачы пра сябе, сказаў, што забіты радыст...
«Утраіх засталіся».
Трэба было зараз перавязаць рану, а можа, і вывесці машыну з бою. Аднак Аляксей не падумаў пра гэта: як ён можа выйсці з бою, калі бой не скончыўся? Хіба ён можа кінуць справу, пакуль не дарабіў яе? Тут да таго ж гэтакае становішча, што і думаць аб сабе некалі. Самае галоўнае: давесці бой да поспеху,— зламаць упартасць гітлераўцаў. Адолець, перамагчы іх...
Вось толькі: што з машынай?
Ён акінуў позіркам вежу — ці не гарыць што-небудзь. Не, машына не падпалена. Невядома адно: чаму яна яшчэ стаіць? Няўжо сапсаван матор або гусеніцы?
— Сонцаў, чаму спыніўся?
— Іншыя машыны сталі... Адыходзіць, ці што, збіраюцца?
— Хто?!
Капітан прынік вокам да перыскопа. Гітлераўцы былі блізка. Іх аддзяляла ад Аляксея, напэўна, менш за трыста метраў. На шчасце, бліжэйшая гармата, якая, можа, і прабіла танк Аляксея, змоўкла.
Прыслуга яе разбеглася. Каля гарматы віднеўся толькі адзін немец, які размахваў рукамі і штосьці крычаў, склікаючы, мусіць, сваіх салдат, але да яго ніхто не вяртаўся.
Аляксей павярнуў перыскоп і ўбачыў, што танкі спыніліся; адна машына стаяла нерухома, дзве густа дымілі, іншыя тапталіся на месцы, абстрэльваючы варожых артылерыстаў і не наважваючыся рушыць далей.
Наступіла замінка.
Тры машыны, якія былі непадалёк ад камбата, пачалі нават пакрыху адпаўзаць назад.
«Вось як, на задняй перадачы наступаем!» — мільганула ў галаве камбата крыўднае.
Ён адчуў, што рота ў гэтую хвіліну страціла ўпэўненасць, усумнілася ў поспеху...
Што ж гэта? Яны адыходзяць?! Нельга адыходзіць. І таптацца нельга! Трэба напорней прабівацца наперад, зараз жа наперад! Яшчэ хвіліна, і страцім зручны момант. Не трэба марудзіць!.. Дзе камандзір роты?
Камбат паспрабаваў выклікаць яго.
— «Шторм»! «Шторм»! «Шторм»!
Камандзір роты не адгукнуўся. Што з ім? Машыну спалілі ці забіты?
Камбат убачыў, што два — тры варожыя артылерысты, якія хвіліну назад кінулі былі гармату, цяпер пачалі нясмела вяртацца. Яны, відаць, заўважылі замяшанне ў танкістаў. Адзін з немцаў, гэта, мусіць, камандзір гарматы, размахваючы рукамі, штосьці крычыць, загадвае ім...
Калі яшчэ крыху прамарудзіць, яны апамятаюцца...
Камбат цяпер помніў і адчуваў толькі адно — нельга марудзіць! Ад гэтай думкі, якая захапіла яго, сцішыўся раптам боль у руцэ, забылася асцярожлівасць, што стрымлівае чалавека ў небяспецы.
— Я «Навальніца», я «Навальніца»! Хто там топчацца на месцы?! — амаль гнеўна крыкнуў капітан да ўсёй роты.— Наперад, наперад!
Ён даў Быстрову знак зарадзіць гармату, а тады, прыпаўшы да гумавага наканечніка прыцэла, здаровай рукой павярнуў вежу. Хутка прыцэліўся і стрэліў па гармаце. І тады ж адкрыў агонь з кулямёта. Першы ж снарад трапіў у шчыт гарматкі — недарма Аляксей быў некалі добрым вежавым стралком! Абслуга гарматкі збянтэжана прыпала да зямлі... Адзін адразу ўскочыў, — кінуўся прэч...
— Рабі, як я!— скамандаваў капітан усім экіпажам.
Пераключыўшы рацыю на ўнутраную сувязь, ён загадаў Сонцаву весці машыну на гармату.
«Трыццацьчацвёрка» ірванула так, што камбата кінула назад. Сонцаў па голасу Аляксея адчуў, што цяпер, як жыццё, дарагі кожны міг...