Бяссонаў з Аляксеем, ад'ютантам і аўтаматчыкам пеша ўзышлі на ўзгорак. Аўтаматчык зняў са зброі перасцярожнік — тут можна, чаго добрага, наткнуцца ў жыце на якога-небудзь фашыста; хлопец пільна азіраў поле поблізу, аберагаючы камбрыга, які ішоў спакойна і ўпэўнена.
Аляксей добра ведаў адвагу Бяссонава. Аднойчы, калі на полі ў самы разгар бою пехацінцы пачалі адставаць ад танкаў і ліпнуць да зямлі, Бяссонаў вылез са сваёй камандзірскай машыны і, размахваючы пісталетам, стаў уздымаць салдат:
— Устаць!.. Устаць!.. Наперад, за мной!
Пехацінцы, падбадзёраныя яго смеласцю, засаромленыя, па адным адрываліся ад зямлі. Палкоўнік сам бег між салдат. Кулі яго міналі, нібы заварожанага.
За ўсю вайну ён быў толькі раз паранены, яшчэ пад Масквой.
Смеласць Бяссонаў лічыў першай якасцю ў салдата: баязліўцамі ён пагарджаў больш за ўсё на свеце, смелых вельмі любіў і цаніў. Наогул, Бяссонаў цаніў людзей па тым, якія яны салдаты. Камбрыгу — як бацьку — у гэтым, можна сказаць, не пашанцавала: усе яго шасцёра дзяцей былі дочкі. Аляксей чуў, як Бяссонаў, расказваючы пра іх, паскардзіўся: «Не пашанцавала — ніводнага салдата! Заб'юць — і замяніць няма кім!..»
З узгорка быў відаць наводдаль лясок. Ён здаваўся чорным, з сіняватым адценнем і быў зацягнуты лёгкім мярэжывам сонечнага дня. На полі дзе-ні-дзе вытыркаліся маладыя дрэўцы.
— Зарастае поле. Дзічэе... — нечакана прамовіў Бяссонаў.
— Гаспадароў няма...
Палкоўнік, які стаяў у жыце, што даходзіла яму да пояса, хуткім позіркам акінуў мясцовасць, потым пачаў назіраць за ляском і палоскамі, якія падыходзілі да ўзлесся. Адсюль да лесу было менш за тры кіламетры.
Капітан, вывучаючы позіркам прасцяг, мімаволі звыкла адзначыў, дзе і як трэба будзе весці машыны, калі прыдзецца тут наступаць...
Угары пачуўся, хутка набліжаючыся і мацнеючы, свіст снарада.
— І-і-і-в-ва-а! в-ва-а!..— выбухнула поблізу два разы амаль адначасова.
Ад'ютант камбрыга азірнуўся: каля таго месца, дзе яны нядаўна праходзілі, кусціліся два сіняватыя дымы, якія паволі паўзлі ўбок і радзелі. Ад'ютант занепакоена падумаў, што немцы заўважылі людзей на ўзгорку, і хацеў сказаць Бяссонаву, каб той адышоў з такога віднага месца, але стрымаўся. Палкоўнік ўсё роўна не паслухаецца.
— Значыцца, твае разведваюць тут, злева, — прамовіў задумліва Бяссонаў, не пазіраючы на камбата. Палкоўнік загадаў ад'ютанту падаць карту, разгарнуў яе, пачаў вывучаць. — Перадай, лейтэнант, — кінуў ён ад'ютанту, — няхай мае разведчыкі абмацаюць шляхі ў абход лесу — справа...
Ад'ютант уподбег падаўся да «трыццацьчацвёркі» палкоўніка.
— Вось мы і пачынаем бой за Мінск, — ля вачэй камбрыга сабраліся маршчынкі. — Я думаю, капітан, што ў іх тут абарончы рубеж. У лоб на іх ісці бязглузда, трэба ўдарыць збоку ці з тылу. Сілы ў іх, здаецца, не так многа, каб добра ўмацаваць флангі... Калі гэта так, то я, можа быць, цябе і пашлю туды ў абход. Ну, што ж, пачакаем — што разведка скажа.
Ён сарваў яшчэ недаспелы каласок, пачаў мяць яго на шурпатай далоні, спрабуючы выцерушыць — зярняты былі вадзяністыя.
— У першае лета, у сорак першым, багаты хлеб быў! Золата, а не хлеб! На таках, памятаю, цэлыя залатыя горы, а вывозіць няма як... Табе не даводзілася бачыць, як гарыць хлеб?
— Бачыў, таварыш гвардыі палкоўнік... Страшна глядзець.
— Крыўдна...
Бяссонаў, нібы схамянуўшыся, што гаворыць не тое, раптам перамяніў гаворку.
— А Саркісяна з самаходкамі пастаўлю там... — ён павярнуў чырвоны, з шырокім носам і ўпартым падбародкам, абветраны твар да поля, што было на другі бок дарогі, дзе віднелася некалькі палосак зялёнага бульбяніку і жоўтым возерам красавала свірэпа.
Саркісян быў камандзірам дывізіёна самаходак, прыданага брыгадзе.
Палкоўнік стаў спускацца ў лагчынку да сваёй «трыццацьчацвёркі». Тут цяпер была яшчэ адна машына, напэўна, штабная, і дзесятак аўтаматчыкаў.
— А ну, давай Саркісяна!.. — папрасіў Бяссонаў радыста.
Аляксей, падышоўшы да свайго танка, запытаўся, што новае перадалі разведчыкі. Быстроў, які стаяў каля люка вадзіцеля, сказаў, што яны выявілі ў лагчыне ля лесу моцны танкавы заслон. Гогабярыдзе заўважыў у бінокль некалькі машын, якія стаяць замаскіраваныя і пакуль не адказваюць на агонь з нашых танкаў...
— Ну, што ў тваіх разведчыкаў? — запытаўся Бяссонаў.
Пачуўшы адказ, ён загадаў Аляксею прадаўжаць разведку:
— Перадай Гогабярыдзе, каб узяў яшчэ лявей ад дарогі. Абмацай там подступы да вёскі Карзюкі. Пабачым, як яны сябе там пачуваюць. А батальён збяры ў кулак,— будзь напагатове...
Хвілін праз пяць Аляксей убачыў прыземістыя, з квадратнымі вежамі і важкімі стваламі самаходкі, што ішлі полем. Саркісян выходзіў на агнявы рубеж.
Неўзабаве камбат пачуў блізкую страляніну — самаходкі завязалі з нямецкімі батарэямі, што стаялі да ўзлессі, дуэль.
Бой мацнеў.
2...
Дзень выдаўся ясны, сонечны. Аляксей неспадзявана пачуў, што над жытам недзе спявае жаваранак. Ён не паверыў, прыслухаўся: у прамежкі між выбухаў у вышыні рассыпаўся серабрысты званок...
Бач ты, які смелы!
У небе стаялі белыя ватныя воблакі. Сонца, якое пачало сыходзіць на захад, яшчэ моцна паліла. Каля Аляксея нядружна ўздымаліся белаватыя сцяблы жыта, між якіх вілася дзе-ні-дзе павітуха, лезла з зямлі рознае дробнатраўе; пад нагамі адчувалася пульхная, падатная, высушаная сонцам глеба.
Гэтая мяккая зямля, паўзучая павітуха, белаватыя вусатыя сцяблы, песня ўпартага жаваранка былі яму бязмежна любыя і родныя. Ён весела запытаўся ў Касцючэнка колькі таму накукавала зязюля гадоў.
— Ды нешта каля сотні, — уставіў Быстроў.
— Ого, прапраўнукі будуць на руках насіць,— Аляксей усміхнуўся.
На душы яго было светла. Нават калі ён думаў пра Мінск, то трывога, наперакор звычайнаму, не даходзіла да яго, — ён чамусьці быў упэўнены, што ўсё будзе добра.
Як ён цяпер блізка да Мінска. Здаецца, што абрысы роднага горада схаваны адразу там за ляском, які завабліва сінее перад вачыма. Толькі мінеш яго, той лясок, убачыш такія знаёмыя вуліцы і дамы. Пры Маскоўскім шасэ, пад Мінскам ёсць якраз такі сасновы лясок, як родны брат, падобны да гэтага.
Камбат увесь час сачыў за сваёй разведкай, трымаў сувязь з ротамі, што напагатове стаялі ззаду.
Вось-вось Бяссонаў можа даць загад — пайсці ў атаку. Пачнецца бойка. Яна, напэўна, будзе нялёгкай...
Гэта будзе першы бой, у які капітан павядзе не адну роту, а цэлы батальён. Аляксей кіраваў батальёнам на маршы, але весці бой батальёнам яму яшчэ не даводзілася.
А бой — гэта выпрабаванне. Экзамен. Цяжкі экзамен.
Ці справіцца ён, Аляксей? Ці хопіць у яго ўмельства і вопыту? Галоўнае — трымаць пад увагай усе роты, сачыць за імі, накіроўваць іх... Правільна выбраць месца для асноўнага ўдару...
Каб не памыліцца ў чым-небудзь, зберагчы людзей і не загубіць марна машын!..
Не, ён не можа не справіцца. Ён не мае такога права...
Было вельмі млосна і душна, — думкі варушыліся важка і марудна...
Ад спёкі ў горле перасохла. Аляксей азірнуўся на Сонцава, які з санлівым выглядам сядзеў поблізу на броўцы дарогі, абыякава аглядваючы, як трымаецца падэшва на боце.
— Дастань бачок з вадою.
Вадзіцель, залезшы да пояса ў люк, выцягнуў пляскаты, з падрапанай афарбоўкай бачок для вады і падаў капітану.
Аляксей паднёс бачок да рота, — вада была непрыемная, цёплая і, здавалася, пахла фарбай. Выпіўшы два глыткі, Аляксей стаў закручваць корак.
У гэтую хвіліну радыст крыкнуў яму:
— «Бура» выклікае, таварыш камбат!..
Бяссонаў загадаў адвесці батальён назад, да развілкі дарог, дзе ён пакажа далейшы маршрут...
На скрыжаванні Аляксей сустрэўся з палкоўнікам. Тут стаяў крыты грузавік з брыгаднай рацыяй, два танкі і «газік» камбрыга. Поруч з Бяссонавым быў другі палкоўнік, начальнік штаба, высокі, стройны, з прыгожай чорнай барадой.
— Адсюль адразу павернеш крута ўправа, — пачаў Бяссонаў, ледзь толькі Аляксей падышоў да яго. — Дастань карту. Вось твой маршрут... — ён тоўстым пальцам пачаў паказваць, дзе трэба весці Аляксею танкі, скупа, але дакладна расказаў пра вынікі разведкі.