— Спакойна заваёўнікі размясціліся! Як дома! А ну, Шарыфутдзінаў, падбяры цацкі іх ды пабудзі...
Ефрэйтар стаў будзіць. Ён наском бота штурхнуў аднаго, другога з тых, што былі на падлозе. Немцы прачыналіся неахвотна, і Праворны злаваўся:
— Гэй вы, — устаць! — скамандаваў рэзкім голасам ён.
Усе, хто яшчэ спалі, заварушыліся, паслухмяна ўсталі, выцягнуліся, сонна лыпаючы вачыма. Салдат у вязаным світэры кінуўся было да месца, дзе стаяла зброя, але Юрый так даў яму ложам аўтамата, што той адразу застыў...
На іншых не было відаць ні перапалоху, ні здзіўлення ад таго, што яны бачаць савецкіх салдат.
— Мы чулі ноч нейкі танкі...— загаварыў адзін з іх, з намаганнем падбіраючы рускія словы.
Аказалася, некаторыя з іх чулі, як увайшлі ў сяло і прайшлі першыя танкі, але не ведалі, чые гэта. Гітлераўцы супакойвалі сябе, што гэта нямецкія. Нікому з іх не хацелася тады ўставаць, бо яны вельмі змарыліся за дзень, ідучы пеша. Рашылі перачакаць да раніцы, махнулі рукой на ўсё і леглі спаць.
Праворны загадаў аўтаматчыку пакуль павартаваць іх, а Юрыю — выклікаць канваіраў.
Малодшы лейтэнант вярнуўся ў свой пакой, лёг на разасланы шынель і праз хвіліну ўжо спаў.
4...
Побач са штабнымі машынамі было відаць некалькі непрыкметных гарбкоў зямлянак, амаль схаваных густым купчастым зелянівам агародаў. Сярод іх самотна тырчалі сухія, не па-летняму голыя ігрушы і яблыні, якія, здавалася, раслі сярод поля. На карце, што ляжала на стале ў крытай штабной машыне камандзіра дывізіі, гэта вёска называлася Паплавы.
Ехаць далей нельга было: за суседняй вёскай, кіламетраў праз чатыры, два палкі наткнуліся на адступаючую гітлераўскую часць і цяпер вялі бой. Трэці полк з боем перапраўляўся цераз балота...
— Прыдзецца пастаяць... Высветліце, як там справы ў Скорабагатага,— сказаў камдыў падпалкоўніку,— а я выйду... Змарыўся...
Машына генерал-маёра стала каля зямлянкі. Грузна і мякка спусціўшыся са ступенькі машыны, Шчарбацюк убачыў на двары двое дзяцей. Дзяўчынка год адзінаццаці, трымаючы за руку малое хлапчанё, пазірала на машыну. Шчарбацюку, які даўно не бачыўся са сваімі дзецьмі, што жылі цяпер у Казані, захацелася падысці да малых. Ён ступіў на двор.
— Як цябе зваць, дзяўчынка?
— Воля.— Гэта была Волька, дачка Шабуніхі.
— А дзе твая мама?
— На агародзе...
— А ты хто? — вырвалася ціха ў Волькі.— Чырвонаармеец?
— Чырвонаармеец,— усміхнуўся генерал-маёр.
— А тут ужо былі чырвонаармейцы. Толькі яны адразу паехалі...
Волька азірнулася ў той бок, дзе быў агарод, і, убачыўшы, што маці ўжо ідзе сюды, шчаслівая кінулася насустрач ёй.
— Ма-а-мка!
Шабуніха, у выцвілай хустцы, абшарпаным андараку апусціла падгарнуты край фартуха, заспяшалася. Даўно-даўно не ступала яна так лёгка, радасна, усхвалявана, як у гэты дзень,— нібы памаладзела адразу.
— Браток ты мой! — голас Аўдоцці, басавіты, глыбокі, уздрыгнуў і абарваўся. Яна пяшчотна абняла Шчарбацюка.
— Усё-ткі і я шчаслівая!— з нейкай урачыстасцю ў голасе вымавіла яна.— Прыйдзе і да мяне шчасце! Не абмінула!..
І неспадзеўкі на яе нахлынуў такі нядаўні, неперажыты яшчэ трывожны настрой. Колькі перайшло ўсяго за гэтыя суткі! Ці праўда, што яно было ўсё, што мінулася. Яшчэ ўночы і ўранку тут былі немцы, і яна хавалася ў хмызняку за агародамі, тулячы да сябе ператрывожаных малых. Уранку яна чула непадалёк вялікую страляніну...
А праз паўгадзіны Аксіння, суседка яе, сказала, што ў сяле ўжо нашы, і яна, ускінуўшы на плечы лёгенькі клунак з рэчамі, з акрайцам хлеба, узяўшы на рукі малога Валодзьку, з Волькай пайшла ў Паплавы...
Шабуніха схамянулася, выцерла рукі аб фартух.
— Божа мой, чаго ж я стаю! Завітаў такі чалавек, а я... Мо ў каморку зайшлі б! Ці тут пасядзіце? — абвяла вачыма двор, які зелянеў дробным падарожнікам, крапіваю і травой, развяла рукі.— Няма дзе... Была хата, дык спалілі... Цяпер вось дзе гнемся, як краты ў нары. Ліхадзеі ўсё папалілі, усё, што было, каб яны свету не бачылі... Заходзь, браток, хіба ў каморку.
Шчарбацюк зняў фуражку і, сагнуўшыся, асцярожна, па земляных сходках спусціўся ў цёмны паграбоў у якім ён пасля яркага святла спачатку нічога не бачыў. Дзеці падаліся следам за ім.
— Пасядзі, браток, тут... на лаўцы... Ай, які дзень! Які дзень!.. — загаманіла яна, штосьці шукаючы каля печкі.
Генерал-маёр сеў і тады змог выпрастацца. Шабуніха неспадзявана паставіла на стол пляшку, сказала Больцы, што сядзела на сходках, каб нарвала радыскі. Волька ахвотна ўскочыла.
— Не трэба, сястра, я зараз павінен ісці...
— Управішся,— сказала Аўдоцця ўпэўнена.— Без пачастунку — нягожа...
Волька выбегла. У каморцы трохі пашарэла ад святла, што прабівалася ў пройму дзвярэй, якую раней затуляла Вольчына постаць. Генерал-маёр мог цяпер разглядзець каморку. Печ так-сяк зляпіў нейкі дамашні майстар. Каля стала былі палаці з розным рыззём, якія, відаць, замянялі і ўслоны.
— Паглядзі, паглядзі, браток, на нашу дамоўку. І то яшчэ дзякуй, што паграбок быў,— нябожчык-чалавек выкапаў...
Волька прынесла жменю радыскі. Шабуніха выцерла старанна ручніком карэц з кансервавай банкі, наліла з бутэлькі. Дзеці, стоячы каля палацей, нязводна сачылі за госцем.
— Чым багаты, тым рады: лепшага ў мяне няма. Не пагневайся.
У Шчарбацюка на хвіліну зацяло дых — самагонка была вельмі моцная. Волька, убачыўшы, як госць заплюшчыў вочы ад гарэлкі, засмяялася.
— Пякучая? Мамка з самай зімы беражэ яе. Аж з Азяранаў прынесла.
— Ат, якая гэта гарэлка — слёзы! І то, можа, нішто б, каб закуска. Не было ў нас яшчэ такой нішчымніцы... Бывала, гасцей наедзе са ўсяго свету — у нас радня багатая. Каб хто калі пакрыўдзіўся! Змітро мой вельмі быў гасцінны — каб усім хапіла і піць і есці. Каб не то што сказаць, але і падумаць ніхто кепскага не мог...
Твар яе спахмурнеў, як ад болю, а вочы часта-часта заміргалі.
— Плакаць чагосьці захацелася... — прамовіла яна,— не з гарэлкі, а з радасці. І ад думак... Што мы тут перажылі, перацярпелі за гэтыя гады! Ніколі зроду не было ліхалецця, як гэта... Пабачыла я такое, што не думала, не гадала, і нікому не жадаю бачыць — ні брату, ні свату.
— Так, сястрыца, гора паспыталі вы многа...
Памаўчаўшы хвіліну, Аўдоцця не ўтрывала, загаварыла зноў.
— Бяда, кажуць, адна не ходзіць. У блакадзе чалавек мой — Змітро — загінуў. Партызанскі камандзір быў... Гаравала я страшэнна, як даведалася.
А тут яшчэ, як вярнулася я на селішча — з лесу, з партызан,— дык і следу не знайшла ад хаты сваёй, адзін попел ад усяго. Заламала я рукі, павалілася, як непрытомная, на зямлю... Ой, нацярпеліся! А пазалетась і самі ледзь не загінулі ад фашыстаў праклятых. Я тады ўжо думала, што смерць будзе майму Андрэю. Сама з малымі была акурат на полі, то нам нішто, удалося ўцячы... А Андрэю толькі шчасце дало выбрацца, не інакш.
— Андрэй наш тады ў хаце быў,— загаварыла Волька.— І дзед Хведар таксама. Як фашыст стрэліў у дзеда, дык Андрэйка адразу скочыў за грубку. Тады ён, гэты фашыст, кінуў услед гранату,— толькі наш Андрэйка паспеў схавацца. Граната як бухне, дык на Андрэйку як пасыплецца каменне... ён адразу ўпаў, перапужаўся — страх... дым па хаце круціцца, дыхнуць няможна... Выбег наш Андрэйка, скочыў з акна ды ў агарод. А тут гітлеравец за ім — тр-тр з аўтамата ўслед. Убачыў, зараза! Тады Андрэйка ўпаў, нібы нежывы, а сам паўзком-паўзком хутчэй. Праз гарбузнік хутчэй у поле. Уцёк ад яго! Проста з-пад носа ўцёк! Ён смелы ў нас, Андрэйка! Такі смелы!..
— Адлей нась смелі,— адгукнуўся Валодзька.
— Вялікае сяло было. Тут над нашымі Паплавамі і сёл не было большых... А з усіх Паплавоў толькі чалавек пяцьдзесят, можа, засталося...
Шчарбацюк быў чалавекам уражлівым. Ён добра ўявіў ясны летні дзень і дым, што чорнай хмарай уецца над хатамі, постаці гітлераўцаў, якія ганяюцца за перапалоханымі жанкамі, за старымі і дзецьмі.