Ён вярнуўся назад, трымаючы ў руках нямецкі кулямёт.
Адсюль штурмавая група прабралася да будынка, які затрымліваў батальён. Ірвануўшы дзверы, Юрый проста перад сабой убачыў спіну гітлераўца. Не ўправіўся той азірнуцца, як сержант ударыў яго аўтаматам па галаве. Гітлеравец асунуўся на зямлю.
Праворны, абагнаўшы Юрыя, штурхнуў другія дзверы і кінуў наперад гранату. Калі ён убег, у пакоі слаўся дым, у якім валяліся двое забітых.
За чвэрць гадзіны дом быў ачышчай.
— Ну, можна даць зялёную ракету!
Расшпіліўшы запацелую гімнасцёрку, Праворны нервова выхапіў з кішэні ракетніцу, уклаў у яе патрон.
Хутка тут быў ужо амаль увесь батальён.
Хвілін праз дваццаць генерал-маёру далажылі, што батальён, ударыўшы з левага фланга, уварваўся на станцыю і што там ідуць рукапашныя бойкі.
Генерал-маёр, ціха мармычучы неадступную песню пра канагона, прыслухоўваўся да страляніны, якая даходзіла адтуль, углядваўся ў проймы між будынкаў. Ён убачыў у тым баку ў святле пажару некалькі постацей, што прабеглі і схаваліся за домам...
З палка, што наступаў правей Сібірака, прывялі дзесяткі два палонных. Шчарбацюк загадаў іх дапытаць.
— Адкуль іх перакінулі сюды, даведайцеся,— сказаў ён капітану-перакладчыку.
Аказалася, яны з эсэсаўскага батальёна, пераведзенага два дні назад з Гродна. Яны паведамілі, што ў Барысаве б'юцца рэшткі танкавай дывізіі і эсэсаўскія ахоўныя часткі, спешна перакінутыя з розных месц.
Неўзабаве генерал-маёр, сваёй звычайнай цяжкаватай і павольнай хадой, ішоў ужо цераз пуці, якія цьмяна паблісквалі. Каля спаленага будынка ляжала і сядзела некалькі параненых байцоў, аднаго з якіх перавязвала поўная, здаровая санітарка.
— Ну, што, тварцы гісторыі, арэшак моцны дастаўся?
— Нічога, мы прывыклыя...— адказаў той, якога перавязвалі.— Не такія трушчылі...
— Шкада з паўдарогі саступаць, — адгукнуўся другі.
— Чаму з паўдарогі?
— Ды далей бы ісці... Эх!
— А вы не гаруйце, другі мае, да часу. Дарога няблізкая... Яшчэ, можа, і дагоніце...
Генерал-маёр, хрупаючы бітым шклом, пайшоў далей. Шкла насыпана тут было вельмі многа, ад бляску пажараў яно зыркала. Насустрач генералу зноў правялі вялікі гурт палонных. Тут жа камандзір дывізіі і яго афіцэры спаткалі некалькі жанчын і дзяцей, якія кінуліся іх абдымаць.
Адна з жанчын расказала пра страшныя расправы гітлераўцаў з людзьмі ў канцлагеры на лесапільным заводзе.
— А пазаўчора адзін, калі павялі на расстрэл, схапіў цагліну і кінуўся на салдат. І іншыя людзі кінуліся, ды так, што салдаты пачалі ўцякаць...
— Выратаваліся нашы, значыцца?
— Некаторыя выратаваліся. А другіх фашысты здагналі і пастралялі...
Генерал, распытваючы, спачувальна ківаў галавою,— Шчарбацюк быў жаласлівы. Вінавата моргаючы вачыма і ўздыхнуўшы, ён супакоіў жанчыну:
— Нічога, любая мая, не бядуй!.. Не перажывай марна. Мы ў іх за ўсё спытаемся, будзь пэўна.
Бой не сціхаў. Гітлераўцы біліся за кожную вуліцу і завулак. Асабліва ўпарта яны трымаліся ў каменных будынках, страляючы з вокан, з дахаў. З-за будынкаў часта выпаўзалі нямецкія танкі, спрабуючы затрымаць нашу пяхоту.
Некаторыя з гэтых танкаў неўзабаве змаўкалі, прабітыя навылет або ахутаныя агнём.
Назіраючы за боем, генерал-маёр заўважыў, што полк Сібірака прыпыніўся.
— Чаму затрымліваешся? — запытаў яго незадаволена камандзір дывізіі.
Падпалкоўнік адказаў, што яго затрымлівае батальён Паўлоўскага, які вядзе бой з гітлераўцамі, што заселі ў вялікім доме.
— Дом добры...— нечакана пачуў генерал.— Паўлоўскі не хоча разбіваць яго снарадамі...
Шчарбацюк хвіліну маўчаў. Потым папрасіў, каб яго звязалі з Паўлоўскім.
— Ну, раскажы, што там за дом? Добры!.. Ну, што ў ім добрага? Колькі, скажы, паверхаў? Тры паверхі?.. Школа была? Адкуль гэта ведаеш, друг мой? Па выгляду? Што, вокны шырокія?
У твары Шчарбацюка паявілася штосьці дзіцячае, цікаўнае.
— Значыць, дом добры і школа?
Ён задумаўся.
— А зможаш ты ўзяць дом так, каб... не разбіваць снарадамі і людзей не загубіць марна?
— Думаю, што вазьму...
Генерал-маёр запытаў, колькі на гэта патрэбна будзе часу, і дазволіў. Толькі загадаў, каб не марудзілі.
Прайшло, мусіць, з паўгадзіны, як генерал-маёру далажылі, што дом выратавалі, што забітых у штурмавой групе няма. Байцы, сказаў Сібірак, узлезлі па вадасцёкавай трубе на трэці паверх і адтуль пачалі спускацца ўніз, ачышчаючы дом ад нямецкіх кулямётчыкаў і аўтаматчыкаў...
— Хто там з іх асабліва?.. Павіншуй ад мяне са «Славаю», а камандзіра са «Звёздачкай».
Яшчэ ішоў бой, а Шчарбацюк, выклікаўшы да тэлефона свайго намесніка па тылу і камандзіраў палкоў, загадаў падрыхтавацца да «дарогі».
— Адразу, як толькі скончым, выступаем. Без затрымкі!..
3...
Паўдня перабіраліся цераз балотца. Увесь вечар, зрэдку спыняючыся, хутка ішлі. Толькі пад поўнач, калі прыехалі ў вялікае маўклівае сяло, прышла каманда зрабіць прыпынак, адпачыць, і малодшы лейтэнант спыніў узвод.
Юрый з асалодай выпрастаў налітае стомаю цела. Нарэшце, ён можа паспаць. Паспаць спакойна цэлую гадзіну, ды яшчэ на саломе ў хаце.
Сержант узбег на ганак, адчыніў дзверы. Пасвяціўшы запальнічкаю, ён акінуў позіркам пакой. Тут было пуста і няўтульна, але Юрыю вельмі хацелася спаць, ён ведаў, што і камандзір, і байцы хочуць толькі аднаго — хутчэй паваліцца спаць. Што яму да ўтульнасці!
Сержант загадаў салдату, які ўвайшоў пасля яго, пашукаць саломы ці сена:
— Хутка. Як куля!
Праз хвіліну салдат унёс у хату абярэмак сена: яно было ў хляве на палацях.
Сержант запаліў баначку з гаручым рэчывам, якая цьмяна асвятліла пакой, і, падгарнуўшы пад галаву сена, разаслаў шынель.
Праворны, які ўвайшоў неўзабаве, быў таксама змораны і, ступіўшы ў пакой, не здымаючы ботаў, адразу зваліўся на сена.
— Пабудзі, Шарыфутдзінаў, праз гадзіну,— сказаў ён ефрэйтару, прызначанаму ў варту.— Ды глядзі, каб на пасту не драмалі! Эх, ногі гудуць!..— ён соладка пазяхнуў і прыкрыўся палой шыняля.
У гэтую хвіліну ў пакой ускочыў салдат.
Ён падышоў да Шарыфутдзінава і трывожна выдыхнуў:
— Немцы!..
— Дзе?! — ціха, але ўстрывожана запытаўся ефрэйтар.
— Тут — у суседнім пакоі...
— За сцяной?
— З двара ўваход...
— Што яны... робяць?
— Спяць.
— Дык чаго ж ты крычыш? — незадаволена прамовіў ефрэйтар.— Эх ты!.. Чалавек — галава, два вухі!
Ён спакойна зняў з пляча аўтамат і, рашуча бліснуўшы вузкімі вачыма, падаўся да дзвярэй; салдат кінуўся за ім. Але на парозе ён прыпыніўся, падумаўшы, што трэба папярэдзіць камандзіра ўзвода.
Ён азірнуўся і ўбачыў, што малодшы лейтэнант ужо не спіць. Пачуўшы хуткія, неспакойныя крокі салдата, Праворны, адольваючы санлівасць, мімаволі прыслухаўся: ці не да яго? Можа, распараджэнне якое? Ён улавіў словы: «Немцы!.. Тут...»
Праворны парывіста ступіў да салдата:
— Дай аўтамат! Скажы Шарыфутдзінаву, каб не спяшаўся!..
— Вы б не ішлі, таварыш малодшы лейтэнант... Мы самі!
Праворны не адказаў. У хвіліны, калі пагражала небяспека, ён станавіўся маўклівым і хуткім.
— Колькі іх? — запытаўся Юрый у аўтаматчыка.
— Не разгледзеў... Чалавек, думаю, сем...
Праворны і Юрый вышлі на двор, дзе іх чакаў
Шарыфутдзінаў. Навокал, як і раней, панавала цішыня і цемра, але цяпер яны быццам таілі ў сабе штосьці пагрознае. Усе мімаволі насцеражыліся. Каля дзвярэй стаяў яшчэ адзін салдат. Праворны, запытаўшыся, ці не заўважылі тут поблізу нямецкіх вартавых, падышоў да дзвярэй і першым ступіў у цёмныя сенцы, левай рукой звыкла вымаючы з кішэні ліхтарык. Следам за ім увайшлі Юрый, Шарыфутдзінаў і салдат.
Праворны ірвануў сенечныя дзверы да сябе. Яркі прамень яго ліхтарыка пабег па падлозе, потым пераляцеў на бочку, абмацаў куты. У сенцах было пуста.
Яны ўвайшлі ў пакой. Ліхтарык зноў пабег па падлозе, выхапіў з цемры лаўку, стол, ложак. Немцы спалі на ложку і на падлозе, падаслаўшы сена, мусіць, з тых самых палацей, адкуль прынеслі і для нашых. Іх было шасцёра.