Некаторыя танкісты выбягалі насустрач яму, пытаючыся пра адно: ці няма лістоў, другія аб тым жа крычалі яму з машын.
Старшы лейтэнант атрымаў ліст ад маці былога свайго байца Курнева, якая непакоілася, што ад сынка ўжо тры месяцы як няма вестак. Курнеў быў у адным экіпажы з Быстровым, a калі брыгада ішла на перафарміроўку, застаўся ў новай часці. Аляксей цяпер не ведаў, што з ім.
Якавенка, шчаслівы, працягнуў Аляксею лісток.
— Глянь. Мішка напісаў!..
На лісточку было старанна выведзена сантыметровымі крывымі літарамі: «Тата, любы». Якавенка адчуваў сябе без меры ўсцешаным. Аляксей не раз заўважаў, што ён вельмі любіць дзяцей, — колькі разоў непакоіўся пра ix, пра сына Мішку, пра двух дзяўчынак. Ён любіў гаварыць пра ix, i ледзь не ўся рота завочна ведала ўжо ўсю яго сям'ю.
Калі праўда, што ў кожнага чалавека ёсць які-небудзь талент, то ў Якавенкі гэта, бясспрэчна, талент бацькі, — падумалася Аляксею. Ды i ў яго адносінах да байцоў ёсць таксама нешта бацькоўскае...
Можа Быстроў што-небудзь раскажа пра Курнева: яны ж былі, здаецца, сябры. Камандзір гарматы цяпер сядзеў пад бярозай каля танка разам з Сонцавым, які чытаў ліст. Старшы лейтэнант, падышоўшы да ix, запытаўся пра Курнева: не, Быстроў не ведае пра яго; як перайшоў Курнеў у другую часць, дык не падаў аб сабе нi слова.
— Ад каго пісьмо, Сонцаў, калі не сакрэт?— пацікавіўся Аляксей.
— Калі мне чытае, то, відаць, не сакрэт,— пакпіў-пажартаваў Быстроў.— Сакрэтныя ён чытае адзін i толькі вачыма, нават без шэпту...
Пісьмо было ад сястры.
— Ад тае, ад студэнткі? Ну, як яна маецца?
Аляксей прысеў на траву поруч з танкістамі. Ён ведаў, што сястра Сонцава вучыцца ў тэхнікуме. Сонцаў неяк расказваў, што, калі ён ішоў на фронт, Юлька, сястрычка, была зусім малая; перад тым часта прыбягала на поле, узбіралася на трактар, прасілася патрымацца за руль. I якая шчаслівая была, калі ён дазваляў крыху правесці «СТЗ». Цяпер ёй пайшоў ужо семнаццаты год...
Сонцава не прышлося ўпрошваць расказваць: звычайна маўклівы, ён на гэты раз пачаў гаварыць нечакана ахвотна.
— Ды як маецца, — вядома як: прыходзіцца i вучыцца, i адбудоўваць дом, у якім тэхнікум. Палова яго была разбіта бомбаю. Юлька пісала, што зімою давялося вельмі памерзці...
— I дапамогі, відаць, чакаць няма адкуль? На адной тэхнікумаўскай стыпендыі ў цяперашні час...— Аляксей спачувальна пакруціў галавою. Так, цяпер студэнтам цяжка: раней, калі ён вучыўся, было інакш.
— Ды адкуль дапамога, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? Я паслаў разы два па сто рублёў, а больш не магу. Маці ж таксама трэба падтрымліваць...
— Адным словам — усюды фронт...— Быстроў зламаў бярозавую галінку, якую трымаў у руцэ. Ён ледзь не вылаяўся, але, зірнуўшы на камандзіра роты, стрымаўся, толькі напружыліся важкія вуглаватыя сківіцы...
Старшы лейтэнант устаў, нерашуча ступіў, задуменны, некалькі крокаў, потым, нібы штосьці прыгадаўшы, павярнуўся да вадзіцеля:
— Дарэчы, Сонцаў, — хадземце са мной!..
Ідучы поруч з Сонцавым, Аляксей заклапочана думаў пра сястру сержанта. У памяці на міг ажыў час, калі ён сам быў студэнтам...
Ён, здаецца, нічога не пашкадаваў бы для гэтай незнаёмай дзяўчыны, якую, напэўна, i не ўбачыць ніколі. Але яна можа пакрыўдзіцца, калі даведаецца, што грошы пасылае ёй невядомы чалавек...
Аляксей адвёў Сонцава ў бярэзнік i, павяряуўшыся спіной да танкаў, няёмка выняў з кішэні камбінезона пачак чырвонцаў, амаль усю сваю месячную палучку.
Сонцаў пачырванеў:
— Таварыш гвардыі старшы лейтэнант...
— Бяры... — перабіў яго строга, тонам загаду Аляксей.— Бяры, ну дзівак! I зараз жа пашлі! Ад свайго імя...— дадаў ён мякчэй.
Сонцаў падаўся назад збянтэжаны. Каля люка вадзіцеля ён азірнуўся i, убачыўшы, што старшы лейтэнант пайшоў да суседняга танка, клікнуў Быстрова. Ён шчыра расказаў таварышу пра ўсё.
— Нядобра як атрымалася? — шкадуючы, скончыў Сонцаў.
— Чаму нядобра?
Яны ж яму i самому патрэбны, грошы... У Мінску...
— Што з таго?
— Трэба вярнуць, мусіць.
— Вярнуць?! Ён ix табе даў?
— А... каму ж?
— Гэта ж, можна сказаць, ужо грошы сястры,— зрэзаў Сонцава Быстроў.
— Сястры?
— А чые ж? Эх ты, гора!..
Быстроў сам прывёў лістаносца, загадаў Сонцаву зараз жа напісаць адрас i аддаць грошы.
Адно здарэнне крыху парушыла мірную будзённасць таго дня. Пад поўдзень Рыбакоў прывёў да Аляксея незнаёмага чалавека, якога затрымаў недалёка ў лесе.
Чалавек, немалады, з русымі вусамі i даўно няголеным падбародкам, быў у мятай ватнай паддзёвачцы, да якой ліплі травінкі i жаўтлявыя знакі гліны: напэўна, на гэтай паддзёвачцы чалавек спаў. У руках ён трымаў самаробны, з вяровачкамі, даволі вялікі заплечны мяшок. Незнаемы глядзеў на танкістаў дабрадушна i даверліва.
— Што вы тут робіце?— строга хмурачыся, тоячы цікаўнасць, запытаў яго Аляксей.
— Што раблю? — спакойна адказаў чалавек.— Ды, можна сказаць, нічога. Адлежваю бакі, на сонцы прыходзіцца загараць. Адным словам, чакаю.
— Чаго чакаеце?
— Чаго ж яшчэ,— наступлення нашага. Ды нешта вы, не ўрокам кажучы, марудзіце. Топчацеся на месцы, аж цярпення няма!
Выявілася, што ён быў да вайны старшынёй аднаго з калгасаў на Міншчыне, што чакае тут ужо другі тыдзень. Спяшаўся, баяўся не паспець, а цяпер прыходзіцца марнавацца. Дакументы яго былі ў парадку, нават даведка, што «тав. Жывіца сапраўды адпушчаны з работы».
Аляксей зацікавіўся ім. Ён ад душы паспачуваў нецярпліваму земляку.
— Так, чакаць — рэч цяжкаватая. Асабліва — пасля трох год... Сам па сабе ведаю... Тры гады там не былі?
— Тры, тры, дарагі! Толькі некалькі дзён i не хапае.
— А сям'я ваша таксама там?
— Там, там, залаты ты чалавек!.. Яно то не ўсе там, сказаць,— жонка ды меншы сынок — там, а два другія — на фронце.
— Лісты атрымліваеце?
— Ад аднаго, дарагі, ёсць. Знайшоў яго. Цераз Наркамат... A другі, адказалі,— без вестак. Без вестак.
— A ў мяне вось жонка не піша. У акупацыі,— як скаргу, паведаміў Аляксей.
— Жонка? Ай-яй. Скажы ты!.. Раскалолася сямейка, у такія маладыя твае гады!.. Э-эх, вайна-разлучніца!..
— На фронце самі былі ці — у тылу?
— Быў трошкі ў пяхоце. Трошкі пабыў, толькі вылез у поле — міна — вз-з. Стукнула — i прэч, па чыстай. Кульгаю, бачыш, ад таго. Ну, а потым у тылу.
Засмяяўся неяк па-дзіцячы.
— А цяпер вось зноў на фронт трапіў!
— Гэта правільна.
Аляксей задумаўся, — што з ім рабіць?! Аднекуль з'явілася звыклае, насцярожанае: а што, калі ён ніякі не Жывіца, прыкідваецца толькі. Ён адразу ж запярэчыў сабе: «Глупства якое!» — аднак лагодна сказаў:
— Вось што, бацька. Не хачу вас крыўдзіць, але — павінен сказаць. Вы ведаеце, што вам тут не належыць быць?
— Чаму гэта, дарагі. А дзе ж мне быць?
— Тут — забароненая зона, нельга тут пабочным хадзіць.
— A які ж я пабочны?
Аляксей не адразу адказаў:
— Не ваенны, вось i пабочны.
Парадак ёсць парадак. Хоць Аляксей адчуваў сябе няёмка перад гэтым добрым, відаць, гаварлівым чалавекам, прышлося адправіць да камандзіра батальёна. Камбат жа, не надта дапытваючыся ўсяго, загадаў весці ў штаб брыгады:
— Няхай там разбяруцца! Можа, наш, а можа... хто яго ведае!
Раздзел X
1...
Два дні было ціха. Але па ўсім адчувалася, што з дня на дзень павінна пачацца.
Уночы ўсё прыбывалі ды прыбывалі войскі. Без шуму — толькі зрэдку бразне дзе-небудзь зброя ці кацялок — праходзіла наперад пяхота. Уперамешку з пехацінцамі цягнуліся грузавікі, гарматы, мінамёты. Цемру тады поўніў асцярожны гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней.
Усё рухалася без агнёў. Не толькі фары, але i цыгаркі не блішчалі. Не чулася i моцных камандных выкрыкаў, нібы яны таксама маглі парушыць маскіроўку.
З кожнай гадзінай прыфрантавая зямля ўсё больш напаўнялася войскам. Яго было так многа, што Аляксей толькі дзівіўся, дзе гэта ўсё падзяецца. Але салдаты, гарматы, павозкі ішлі ды ішлі.