Акружыўшы яго, жанчыны ўважліва слухалі, перапытвалі, паўтаралі адна другой.
Бачачы перад сабою людзей, якія ловяць кожнае слова, Туравец стаў адчуваць, як у ім мацнее ўпартая сіла i тая ўсхваляванасць, якая робіць словы пераканальнымі. Не, не дарэмна яму вераць, ён будзе старацца зрабіць усё, што магчыма...
Размаўляючы з жанчынамі, Туравец заўважыў, што да яго праз натоўп прабіраецца Шабуніха. Твар у яе быў сурова задуменны, насцярожаны, нібы яна прадчувала няшчасце.
— Як там мой Змітро? Дужы?
Хоць Туравец быў чалавекам праўдзівым i суровым, ён рашыў не гаварыць жанчыне цяпер страшную праўду.
— Змітро? Не ведаю, — адказаў Туравец, намагаючыся пазіраць спакойна ў яе насцярожана-пільныя вочы.
Пазней, калі-небудзь пазней.
Толькі не цяпер.
Ён бачыў, што Аўдоцця пачула ў яго голасе нядобрае, i, каб запэўніць яе, зноў сказаў няпраўду:
— Учора бачыў, быў дужы. А пасля таго сустрэцца не даводзілася...
Угары, дзе на яркім блакіце неба ціха пагойдваліся іглістыя кроны, нябачны за галлём, шалёна страляючы па невядомай цэлі, шугануў «месершміт».
Жанчыны з крыкам кінуліся хто куды, толькі Шабуніха стаяла нерухома, сурова пазірала ў неба сухімі строгімі вачыма, прыціскаючы да грудзей дзіця.
Калі самалёт праляцеў i людзі пачалі зноў сыходзіцца, Туравец развітаўся з усімі. Ён павярнуўся да Ніны, якая супакойвала напалоханую дзяўчынку.
— Заставайся тут. Рыхтуй усіх да паходу. Тут тваё баявое месца, ты за яго адказваеш галавою.
— А што з сіротамі рабіць?
— З сіротамі? Што ж, будзеш пакуль ім маткаю.
Ён заспяшаўся ў атрад імя Кутузава.
На душы ў камісара ад усяго, што ён цяпер бачыў, было сумна, — ён думаў пра тоё, што ніхто, мусіць, гэтак не пакутуе на вайне, як маці i дзеці. Яму ўспомнілася ix трывога: «Ці праўда, што партызаны хочуць пакінуць нас?»
Хто мог сказаць ім такое? Яны, праўда, заміналі атрадам цяпер, у блакадзе, але хіба прыходзіла каму думка пакінуць ix? Пакінуць на расправу, на здзек?
Калі Туравец падыходзіў да атрада, над дрэвамі зноў нізка пранёсся знішчальнік. Там i тут прагучала некалькі стрэлаў. Непадалёк у прагаліне між соснаў ён убачыў высокага цыбатага ў клетчатым, пінжаку хлопца, які цэліўся з вінтоўікі ўслед самалёту.
Камісар падбег да яго, схапіў за плячо, але ў той жа час раскаціста бахнуў стрэл.
— Хто дазволіў?! Куды паліш?
Баец апусціў вінтоўку, павярнуў да камісара зямлісты, здзіўлены твар.
— Па самалёту, — адказаў ён не зусім упэўнена.
— У белы свет, а не па самалёту! Патроны трэба берагчы...
Раздзел ІІІ
1...
Уранку старшага лейтэнанта Аляксея Лагуновіча, камандзіра танкавай роты, выклікалі ў штаб брыгады. Вестку гэту прынёс яму пасыльны ад камбата. Старшы лейтэнант тады праводзіў у хаце параду з камандзірамі экіпажаў.
— Іду, — кінуў коратка Лагуновіч пасыльнаму.— Аднаго мяне, ці яшчэ каго?
Пасыльны адказаў, што выклікаюць таксама камандзіра батальёна i камандзіраў іншых рот.
Лагуновіч спыніў нараду, i танкісты, гамонячы, пачалі выходзіць з хаты.
Старшы лейтэнант, узяўшы з цвічка фуражку, насунуў яе па прывычцы глыбока на ламана выгнутыя бровы, вышаў праз цёмныя, з прагнілай хісткай падлогаю сенцы на двор. Каля хлеўчука стаяў танк, прыкрыты леташняю саломаю i галлём. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, седзячы каля машыны, грэліся на негарачым красавіцкім сонцы.
Недалёка за сялом некалькі разоў ударылі нашы цяжкія гарматы, рэха перакатамі пакацілася па сяле, па лесе, па полі. Наводдаль у баку пярэдняга краю раз-по-раз была чуваць кулямётная страляніна.
Лагуновіч ішоў важка, крыху выварачваючы ногі, абутыя ў паношаныя кірзавыя боты.
Старшы лейтэнант быў сярэдняга росту. Плечы меў ён нешырокія, рукі — невялікія, нямоцныя, быў даволі шчуплым, i наогул рабіў уражанне нямоцнага чалавека. Твар яго ўдаваў хударлявым, — гэтую хударлявасць узмацнялі вуглаватыя абрысы сківіц.
Скура на яго твары была цемнаватай, авеянай зімнімі вятрамі i сцюжамі, на ёй яшчэ не ляжаў знак вясновага загару. Вочы цёмна-шэрыя, не кідкія, былі добрыя, нават нібы нясмелыя, падбародак па-юнацку мяккі. На носе з маленькай гарбінкай значыліся кропачкі, нібы воспінкі, след апёку. Лагуновіч гарэў у танку.
На шарсцяной гімнасцёрцы, не раз ужо мытай, якая шмат чаго ўжо бачыла, паблісквалі, зырчэлі ордэны Чырвонага Сцяга i Чырвонай Зоркі.
«Можа, зноў разведка боем,— падумаў старшы лейтэнант, гадаючы, з якой прычыны выклікае камандзір брыгады. — Надакучыла. Наступаць бы, дык наступаць, а не таптацца на месцы».
«А можа, i пойдзем у наступленне?» — варухнулася прываблівая надзея. Можа зараз, сабраўшы ўсіх, палкоўнік загадае ехаць па танкі i папаўненне, брыгада хутка ўкамплектуецца — i ў бой. Ужо i так доўга яны топчуцца тут, упускаюць дзень за днём, даючы гітлераўцам час укапацца, сабрацца з сіламі.
Цяжкія гарматы, што стаялі недалёка за сялом, зноў загрукаталі. I зноў рэха перакатамі, як гром, пакацілася па наваколлю.
Старшы лейтэнант увайшоў у штаб. Гэта была прасторная хата на два пакоі з вялікімі, раней, напэўна, светлымі вокнамі. Цяпер амаль усюды шыбкі былі выбіты i застаўлены фанераю, ад якой хата здавалася цемнаватаю. У першым пакоі на лаўцы, каля шырокай рускай печы, маленькі кірпаты тэлефаніст хрыпатым сарваным голасам гукаў у трубку: «Дняпро, Дняпро».
— Зайдзіце, — сказаў ад'ютант камбрыга. — Палкоўнік там.
Старшы лейтэнант увайшоў. У пакоі былі палкоўнік Бяссонаў, камандзір брыгады, нізкі, прысадзісты, русявы, некалькі штабных работнікаў ды камандзіраў батальёнаў i рот. Палкоўнік размаўляў з маёрам са штаба. Старшы лейтэнант прывітаў камандзіра брыгады. Азірнуўся, шукаючы вачыма, дзе прысесці лепш, i пайшоў у куток.
— Што, можа, за папаўненнем?— запытаўся ён ціха ў суседа — капітана.
Той бліснуў чорнымі халоднымі вачыма.
— Тут, здаецца, тое, што ёсць, аддадзім i пеша па-танкісцку запылім.
— Смяешся? — не паверыў Аляксей.
— Не... На фарміроўку пойдзем, мусіць.
Палкоўнік скончыў размову з маёрам, кінуў быстры позірк на прысутных і, як заўсёды, пачаў без уступаў, адразу з галоўнага.
— Я атрымаў загад: здаць машыны i адвесці брыгаду на адпачынак i перафарміраванне. Што трэба зрабіць? Перш за ўсё — падрыхтаваць матчасць для здачы...
Праз хвілін дзесяць усе ўжо выходзілі са штаба, накіроўваючыся да батальёнаў.
Уранку на другі дзень батальёны выправіліся ва ўмоўленую вёску, каб перадаць машыны другой брыгадзе. Гэта быў заслужаны адпачынак: больш за паўгода, з самай восені, танкісты вялі баі на поўдні ад Віцебска...
Вылезшы з люкаў, танкісты сядзелі на машынах, падставіўшы спацелыя, з плямамі масла, твары лагоднаму ветру. Абапал ішлі пералескі, што ўбіраліся ў першую светлую дымчатую зеляніну, ад якой усё навокал выглядала вясёлым, прывабным, кружыліся палі, што рунелі, мяжуючы часта з вялікімі прасцягамі бур'яну i свірэпы.
На машыне з лічбаю «271», выпісанаю белай фарбай, сядзелі старшы лейтэнант Лагуновіч i камлюкаваты, крыху пануры сержант Быстроў, камандзір гарматы. У адкрытым люку вадзіцеля віднелася галава трэцяга чалавека з экіпажа, Сонцава. Круглы шырокі твар яго быў засеяны рабаціннем.
Старшы лейтэнант недаверліва прыслухоўваўся да спакою, што панаваў у прыродзе. Быстроў сядзеў неспакойна ад таго, што хацелася пакурыць i пагаварыць, але i першае i другое было немагчыма. Сонцаў, мяркуючы па светла-карых вачах, у адрозненне ад таварышаў быў цалкам задаволены ўсім — i тым, што ён бачыў у квадратнае акенца з паднятай, як казырок, важкай плітой, i ветрам, які хвалямі плыў насустрач, прыемна халодзячы потны твар i шыю, забіраючыся пад каўнер на грудзі.
На ўездзе ў маленькую вёску танкам давялося праходзіць па мосце. Мост быў стары, i, агледзеўшы падгнілыя чорныя бярвенні, Лагуновіч занепакоіўся, што яны не вытрымаюць машыны.