7
На другі дзень душным надвячоркам Гурскі з затоеным хваляваннем пераступіў парог кватэры, якая да нядаўняга часу і сапраўды была ягонай крэпасцю. Убачыў насупленага злога брата, якога не спадзяваўся тут сустрэць, сваю, але ўжо не сваю жонку, што ўзрушана нешта даводзіла Андрэю, і ў памяці імгненна ўсплылі звады, якія ўспыхвалі паміж ім і Люсяй, здавалася, без усялякай на тое прычыны. У сямейных сварках Алесь заўсёды саступаў і толькі цяпер, у гэтую хвіліну, зразумеў і прычыну частых лаянак, і чаму Люся не хацела мець дзяцей. Яна не кахала яго!.. Зразумеў і адчуў, як прыкрая туга, што вярэдзіла надарваную душу, раптам прытупілася, помслівая злосць саступіла месца пагардлівай абыякавасці.
Калі ішоў сюды, яму мроілася, што пры сустрэчы жонка будзе бажыцца і клясціся ў сваёй вернасці, назаве здраду глупствам, першай і апошняй недарэчнай выпадковасцю, папросіць прабачэння. У самых патаемных куточках душы цеплілася надзея, што, калі здарыцца менавіта так, ён не адразу, але даруе Люсі. Толькі мроі не спраўдзіліся, а спланаваная размова, да якой рыхтаваўся, аказалася непатрэбнай. «У любоўным трохкутніку трэці лішні, і гэты трэці – я, – бязрадасна падумаў Алесь, і тут жа трапяткой упартасцю затахкала ў скронях: – Жыць – не толькі мёд піць». Ён прыгадаў начное адчайнае п’янства, блуканне па міліцэйскіх пакоях у пошуках дакументаў і зразумеў, чаму павінен прыйсці сюды.
– Добры вечар, – з вымучанай усмешкай на твары павітаўся Алесь і з непрыхаванай іроніяй дадаў: – Вы мяне зноў не чакалі?
– Чакалі, яшчэ як чакалі! – узбуджана ўскрыкнуў Андрэй і зрабіў крок насустрач. – Нам даўно трэба…
– Перацерці сітуацыю, – з насмешкай у голасе перапыніў брата Алесь; ён няспешна прысмаліў цыгарку і, пыхкаючы дымам, дадаў: – Няма больш ката, як брат на брата…
– Можа, вып’ем, закусім? – лісліва заглядваючы Алесю ў вочы, запыталася Люся.
Яна ніколі не магла зразумець, чаму атрымоўвалася так, што браты, быццам згаварыўшыся, заўсёды аднолькава апраналіся. Ранкам Андрэй перагледзеў увесь гардэроб, доўга корпаўся, перабіраў кашулі, а цяпер як адзін, так і другі былі ў сініх пацёртых джынсах і аднолькавых белых тэнісках. Зрэшты, апратка брата здзівіла і Алеся, бо джынсы ён купіў усяго некалькі гадзін назад.
– І то праўда, на сухую цяжкавата… – падтрымаў Люсю Андрэй.
Ён дастаў з шафкі бутэльку каньяку, скруціў накрыўку і наліў у тыя самыя келіхі, з якіх піў віно з Люсяй.
– Піць не буду, і без гарэлкі ахмялелы, – катэгарычна адмовіўся Алесь і, сядаючы ў крэсла, абыякава, быццам наперад ведаючы, што скажа Андрэй, зазначыў: – А ты расказвай, перацірай сваю сітуацыю…
Андрэй каўтануў, зноў напоўніў келіх і нервова зашпацыраваў па пакоі. Нячутна ўвайшла Люся з плеценай фруктоўніцай у руках, на якой у гуллівых промнях вечаровага сонца іскрыліся вінаградныя гронкі. Яна запытальна зірнула на палюбоўніка, але сказаць нічога не паспела. Андрэй крутнуўся да Алеся і выпаліў:
– Любая мне Люська… Даўно з ёй жывём у адзін дух…
– І як даўно? – перапытаў Алесь і адчуў, што не рэўнасць, а помслівая злосць зноў гарачай хваляй ускалыхнула пачуцці.
Попел з цыгаркі спікіраваў на дыван, і Алесь, хаваючы дрыжыкі ў пальцах, сціснуў кулакі. Далонь апякло, але гэта быў камарыны ўкус у параўнанні з тым агнём, які цяпер віраваў у ягонай падманутай душы.
– З першай сустрэчы…
– З залы суда? – ад здзіўлення вочы ў Алеся акругліліся, але праз хвіліну яго імклівы, учэпісты позірк ужо свідраваў жонку.
Гурскі не верыў, не мог паверыць у тое, што і года не прайшло з дня вяселля, як каханая здрадзіла, ды не з кім-небудзь, а з яго родным братам.
– Люся, ты мне здраджвала цэлых сем гадоў?
Жанчына вольна перасмыкнула плячыма і, як само сабой зразумелае, горда сказала:
– У нас каханне… з першага позірку, – яна трошкі памаўчала і дадала: – А потым, ты сам прывёў і прымусіў Андрэя жыць з намі… Вы ж як дзве кроплі вады, як адно цэлае… Першы раз я нават і не зразумела, хто ёсць хто… Хіба ж гэта здрада?
Люся бачыла, як наструнілася мужава цела, а бледны твар, толькі што ўмольна насцярожаны, акамянеў. Гнеўныя вочы не прадвяшчалі нічога добрага. Яна хутчэй адчула, што сказала нешта не тое, і, намагаючыся выправіць сітуацыю і апраўдаць каханка, роспачна ўскрыкнула:
– Ты не так зразумеў… Андрэйка заўсёды дома, а ты днюеш і начуеш на сваёй працы…
Напамін пра работу яшчэ больш падліў масла ў агонь.
– Ну ты і цюцька з каралеўскай псярні!.. Я ішачыў, зарабляў грошы, а ты гэтым часам паскудзіў!.. – крыкнуў Алесь, спружыніста падхапіўся на ногі і кінуўся з кулакамі на Андрэя, і браты, таўкучы адзін аднаго, пакаціліся па варсістым дыване.
Ашаломлены Андрэй больш бараніўся, але гэта ў яго не надта атрымлівалася. Алесь за ўсе гады слова кепскага не сказаў, а тут каршуном наляцеў і кулакамі лупіць прафесійна і балюча. У гэтыя хвіліны яны быццам месцамі памяняліся і верхаводам быў Алесь. На падлогу глуха пляснулася, але не разбілася, пляшка з каньяком, следам паляцела фруктоўніца, пругкімі нагамі перакулілі стол, абарвалі занавескі…
– Зараз падпраўлю тваё падабенства, – цяжка сапучы, прыгаворваў Алесь, – быў кропляй вады… станеш кропляй дзярма…
– Жанчын кахаць трэба… – сіпеў у адказ Андрэй, – падарункамі секс не заменіш…
Пачуўшы гэтыя словы, Люся з усёй жаночай рашучасцю кінулася ратаваць палюбоўніка. Ухапіла за валасы таго, хто быў зверху, раз-другі страсянула і… адступілася: яна зноў не магла распазнаць, хто ёсць хто. Лепшае, што магла прыдумаць, – гэта паспрабаваць разняць забіякаў. Толькі як? «Разліць вадой», – мільганула думка, але Люся адразу яе і заглушыла: «Дурніца, мэблю пашкодзіш… Міліцыю выклікай, няхай забяруць мужанька-буяна…» Яна крутнулася да тумбы, на якой звычайна стаяў тэлефон, але апарата на месцы не было, толькі жыўцом выдраныя дроцікі тырчалі са сцяны ды зламаная трубка валялася ў дальнім кутку пакоя. Мабільны тэлефон Люся заўсёды насіла ў сумачцы, але, каб да яго дабрацца, трэба прайсці на кухню.
У гэты момант браты зачапілі бар, шафка захісталася, пачала хіліцца, і Люся, сілячыся яе ўтрымаць, далонямі ўперлася ў люстэркавую гладзь. У сярэдзіне шафкі дзынькнула шкло, і на галовы ваяроў пацяклі ручайкі бурштынавага пахучага каньяку, але блізнюкоў гэта не спыніла. Люся з жахам зразумела, што можа здарыцца, калі бар бразнецца аб падлогу. Толькі на імгненне ўявіла вялізную лужыну з гарэлкі, розных він і лікёраў, расколатую на кускі шафку, разбітыя бутэлькі, шклом парэзаных братоў, і ёй стала нядобра. Не разбіраючыся, хто ёсць хто, Люся моцна піхнула нагой аднаго з задзіраў і завішчала, быццам трывожная сірэна:
– Спыніцеся-я-я… Я цяжарная-я-я…
Браты, як па загадзе, прыпынілі бойку і ўсхапіліся на ногі. Яны асцярожна адхілілі рукі Люсі ад бара, паставілі шафку на месца і, цяжка сапучы, знясіленыя, сцішыліся ў маўклівым чаканні. Іх шэрыя ўсхваляваныя вочы прамяніліся аднолькавым дзікавата-жорсткім позіркам.
У гэты момант яны хацелі пачуць толькі адно: хто з іх бацька. Люся спужалася гэтых калючых, няласкавых вачэй, убачыла ў іх холад, адчула затоеную пагрозу і ў думках упікнула сябе за тое, што не сказала раней праўды. Цяпер ёй патрэбен абаронца, высакародны і добры, патрэбен чалавек, за якім яна з дзіцём будзе як за каменнай сцяной, і гэтым заступнікам хацела бачыць толькі Андрэя. Каб даказаць сваё каханне, у Люсі ўзнікла вялікае, непераадольнае жаданне абняць абранніка, але збітых і акрываўленых блізнюкоў у чарговы раз не змагла распазнаць. Поўная адчаю і роспачы, Люся абхапіла галаву далонямі, плюхнулася ў адзінае не перавернутае крэсла і жалобна застагнала:
– І за што мне ўсё гэта… Хоць бы меткай якой адрозніваліся… Хоць бародаўкай, хоць радзімай плямкай…
– Ад каго дзіця?.. Хто бацька?.. – строга запытаўся Алесь, і зноў у пакоі запанавала напружаная, хісткая цішыня.
Люся паволі ўзняла вільготныя вочы і нейкі час доўгім стомленым позіркам паўглядалася ў аднолькавыя пакамечаныя твары блізнят. Яна не адчувала сябе вінаватай і не хацела ні ў чым апраўдвацца. І ўсё ж у грудзях як нешта надламалася, шчымлівае пачуццё жалю слязлівай злой крыўдай напоўніла душу. Ёй раптам расхацелася даказваць сваё каханне.