Дабрынкін быў раззлаваны. Вырашыць канфлікт мірна не ўдалося. Багаты піжон машыну забіраў, а значыць, і рамонт у гарадскіх майстэрнях выліваўся ў добрую капеечку. Ён разумеў, што гэтая «капеечка» выслізне з яго кішэні, таму будоўлю дома трэба было прыпыняць і жыць у прымах далей.
Убачыў вартаўніка, які мітусіўся каля апушчанага шлагбаума, крыкнуў і махнуў рукой, каб Алі прапусціў эвакуатар. Пачакаў, пакуль машына прапыліць да майстэрні, і паціху пасунуўся ўслед. У майстэрню заходзіць не стаў, прысеў на шырокую лаву, выцягнуў стомленыя ногі, прытуліўся спінай да цёплай сцяны, падумаў: «Няма чаго бісер сыпаць перад гэтым Гурскім, што мог, зрабіў, а далей будзе што будзе… Жыў прымаком, яшчэ пажыву… Зрэшты, дзве гаспадыні ў хаце – не так і блага, а што цвіка без згоды цесця ў сцяну не заб’ю, не бяда. Ціхан – гаспадар, і сямейнікі часцей на ім і нуду, і крыўду спаганяюць… Бывае, і я траплю пад гарачую руку Валянціны Пятроўны, цешчы даражэнькай, але ж цесць заўсёды першым удар трымае…»
Развагі перапыніў вадзіцель эвакуатара. Ён шпарка выйшаў з майстэрні і, махаючы рукой, быццам адпіхваючы некага ад сябе, ледзь не крычаў:
– Прыехаў за машынай, а тут адны запчасткі… Гэтак не пойдзе… Плаціце грошы за выклік, і разбяжымся…
Пануры Гурскі, спрабуючы змякчыць канфлікт і настаяць на сваім, строга сказаў:
– За выклік заплачу, але спачатку хачу з тваім шэфам перагаварыць…
– Я і ёсць шэф… Мой эвакуатар не служба дастаўкі! Даеду да першага «гаёвага» і застануся без правоў…
Дабрынкін у гэтай сітуацыі не мог, не хацеў заставацца староннім назіральнікам. У яго з’явіўся шанец выкруціць справу на свой капыл.
– Алесь Пятровіч, дазвольце я заплачу…
Ён подбегам кінуўся да шафёра, выцягнуў партманет, разгарнуў, умольна зірнуў на вадзіцеля эвакуатара:
– Колькі?..
– Яшчэ не хапала, каб за мяне плацілі!.. – абурана ўскрыкнуў Гурскі, але было позна.
Вадзіцель убачыў грошы і вокамгненна запусціў тоўстыя пальцы ў партманет старшыні, выхапіў некалькі паперак… Калі ўбачыў, што гэта даляры, яго твар прасвятлеў:
– Дзякуй, міл чалавек… Гэтага на салярку хопіць… Ён спрытна шмыгнуў у машыну, крута развярнуўся, падміргнуў ашаломленаму Гурскаму і, па-блазенску рагатнуўшы, крыкнуў Дабрынкіну:
– Пакедава, селянін… Калі зразумееш, што ссохне тая рука, што сабе не спрыяе, будзеш жыць яшчэ лепш… Ха-ха-ха…
Дзмітрый Дзмітрыевіч стаяў прыніжаны і прысаромлены. Да яго падышоў Ціхан, забраў кашалёк і, зірнуўшы ў сярэдзіну, цяжка ўздыхнуў:
– Пуста! Эх, зяцёк, зяцёк! Разумны наперад не прэцца, а ты і сваё, і людскае гатовы прафінціць…
– Мае грошы, што хачу…
– Канешне ж, твае!.. – спакойны дасюль, ускіпеў Ціхан. – Гэта ж з табой разлічыўся Юрка-жабнік за рамонт «лексуса»?… Гэта ж ты па начах…
– Дзядуля, – гукнула Насця, і Ціхан, як спатыкнуўся, праглынуў набалелае, што даўно ірвалася з душы.
Ён торкнуў зяцю ў рукі пусты партманет, нахіліўся і шэптам прасіпеў у вуха:
– Паперкі заакіянскія мной заробленыя… Яны ўнучцы прызначаліся на вучобу, і Марыя павінна была іх прыхаваць… А вось як даляры аказаліся ў тваім дзіравым кашальку?..
Ціхан хацеў яшчэ нешта сказаць, але ўбачыў унучку і заспяшаўся ў майстэрню. З-за ангара выехала машына, і твар Дабрынкіна расплыўся задаволенай ўсмешкай. Ён расправіў плечы і шматзначна зірнуў на Гурскага, маўляў, глядзі, што зараз будзе, эмацыянальна і з пафасам, быццам з трыбуны, прадэкламаваў:
– Злодзей замка не баіцца – ён баіцца дысцыпліны!.. Ціхан махнуў рукой, буркнуў: «Аж вушы баляць слухаючы», – але пачуў машыну і прыпыніўся.
Цяпер эвакуатар спыніўся далекавата, абачлівы вадзіцель рухавік не глушыў (ведала котка, чыё масла з’ела). Ён прачыніў акенца і з напускной бравадай крыкнуў:
– Азіят не выпускае, патрабуе загад нейкага Дабрыні…
– Па-першае, не азіят, а начальнік аховы таварыш Карым… Па-другое, працоўную дысцыпліну ніхто не адмяняў, – скалячы зубы, весела пацяшаўся старшыня. – А ты, міл чалавек, парушыў фінансавую дысцыпліну… Грошы ўхапіў, а распіску не даў, нават не спытаў, у чый кашалёк руку запусціў… Але так і быць, дапамагу… Ты прыходзь заўтра ў кантору гэтак часам к дзесяці… Там пропуск на выезд з мехдвара і выпішу… Заадно бухгалтар пралічыць кошт тваёй звыштэрміновай паездкі… І ведай, Дабрыня – для сваіх, а для цябе – Дабрынкін Дзмітрый Дзмітрыевіч!
– Вы на прынцып, і я на прынцып… – загарачыўся вадзіцель.
Ён скокнуў з машыны на зямлю, падбег да старшыні і торкнуў яму у нагрудны кішэнь тэніскі скамечаныя паперкі.
– Пры сведках грошы вяртаю!.. А са мной Гурскі разлічыцца… Ён выклікаў эвакуатар, няхай і плаціць, цанавацца не буду… А «мерседэс» у гэткім стане не павязу ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра… Не выпусціце – біцца не буду… У вёсцы пажыву, на прыродзе… А Ваша бухгалтэрыя няхай налічвае мне сутачныя, а фірме – прастой эвакуатара… Калі ёсць праца, і тут параблю, канешне, па сталічных расцэнках…
Гурскі падышоў да вадзіцеля, нешта сказаў, і той быццам пракаўтнуў сваю абуральную тыраду.
– Эх, зяцёк! – прыгладзіў ускудлачаную бараду Ціхан. – Ты ў сваім амплуа: забіў зайца, не забіў, а шуму многа нарабіў…
Дабрынкін не звяртаў увагі на цесцевы кпіны, яго больш цікавіла размова Гурскага з шафёрам. Яны гаманілі шэптам, але і пачутых слоўцаў было дастаткова, каб зразумець, што вадзіцель ад свайго не адступіцца. Ён не памыліўся: Гурскі праз некалькі хвілін папрасіў выпусціць эвакуатар, і Дабрынкін, калі аддаваў загад вартаўніку, з цяжкасцю стрымліваў пераможную хітрую ўсмешку. Потым ён зноў запрасіў Гурскага на вячэру, але той, нядобра зірнуўшы, сказаў як адрэзаў:
– Дзе мая начлежка?
– Што Вы, якая начлежка! – ускрыкнуў Дабрынкін. – Будзеце жыць у хаце, спаць на пуховых падушках, есці свежанькае, натуральнае… Я сам правяду да Лявоніхі і пракантралюю…
– Не маленькі, без праважатых абыдуся, – адмахнуўся Алесь. – І ніякіх жыць!.. Толькі адна ноч!
– А гаспадыня – чыста ангел, – як і не чуў Гурскага старшыня, – маладая, прыгожая і… – ён блазнавата падміргнуў Алесю, – незамужняя…
– Вы мяне сватаеце?
– Ажаніцца – не ўпіцца, – яшчэ больш ажывіўся Дабрынкін. – Ідэя класная, і заўважце, пра сватаўство Вы сказалі…
Алесь уявіў гаваркога Дабрынкіна ў ролі свата, усміхнуўся:
– Думаю, Дзмітрый Дзмітрыевіч, сватаўство – Ваш канёк…
– Не ў брыво, а ў вока, – задаволена крактануў у кулак старшыня. – Людзі кажуць: у каго Дабрынкін сватам – там любоў мацней за атам. І глядзіце, ніводная сям’я не распалася…
– У мае планы жаніхоўства не ўваходзіць, – імгненна спахмурнеў Гурскі. – У майстэрні заначую на сядзеннях разабранага «мерседэса»…
– Не падобны пан Гурскі на пужлівага чалавека, – развесяліўся старшыня, – але ж за пагляд не б’юць…
– Не шлюбу баюся, а разводу…
– Калі так, пярэчыць не стану, але ж і жарты разумець трэба, – Дабрынкін капрызна надзьмуў губы і дэманстратыўна сунуў рукі ў кішэні, паказаў, што развітваецца і рукі не падасць.
Старшыня хітрыў. На самай справе жаданне Гурскага застацца ў майстэрні было на руку, яму вельмі хацелася, каб людзі пабачылі жмінду-бізнесмена, які і ноччу прыглядвае, трасецца над сваім жалеззем. Ён крутнуўся, зрабіў некалькі крокаў, і раптам бліснула думка: «А што, калі гарадскі піжон у майстэрні не застанецца і, шукаючы прытулак, пойдзе па хатах? Што тады пра мне вяскоўцы скажуць?» Ён зірнуў на Гурскага і, хаваючы вочы, з абыякавай мінай на твары ўпарта прамовіў:
– Надумаеце начаваць у Лявоніхі, ідзіце ад канторы ў бок возера. Яе хата паміж вялікіх ліп, леваруч апошняя…
Дабрынкін прымоўк і з падкрэсленым сарказмам у голасе дадаў:
– З гаспадыняй дамоўлена поўнае ўтрыманне… Вашай, Алесь Пятровіч, светласці…
Сказаў і шпарка пайшоў з высока ўзнятай галавой і пачуццём выкананага абавязку.
Гурскі панура паглядзеў услед каратканогаму Дабрынкіну і каторы раз злавіў сябе на думцы, што з ім сталася нешта не тое. Жыў па раскладзе, цаніў кожную хвіліну, як раптам – вёска, каровы, мудрагелісты старшыня са сваім сямействам умельцаў… Навошта ўся гэтая калатнеча?.. Як сталася, што здарэнне на дарозе раззлавала, зблытала, перакруціла думкі, што цяпер ён гатовы ўсяму свету даказваць сваю правату? Гэтую сітуацыю павінны ўладжваць адвакаты, але чамусьці сам уцягнуўся… Ужо і Парыж не ўспамінаецца, і нядаўні сямейны разлад… Цяпер яму хочацца аднаго: прыструніць Дабрынкіна, даказаць вясковаму хітруну, што местачковае «княжанне» – нялюдская справа… Але чаму нялюдская? Ён жа ў сваёй фірме таксама і цар, і бог, і вайсковы начальнік… Дысцыпліна рубель родзіць…