Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Папугай жыў з імі больш за дваццаць гадоў, і прадавец, калі яго набывалі, не ведаў ягонага веку. Штодня пасля сі­есты доктар Урбіна сядаў з ім на тэрасе — самым прахалодным месцы ў доме — і цярпліва праяўляў неверагодныя мажлівасці свайго педагагічнага таленту, пакуль папугай не навучыўся размаўляць па-французску, як акадэмік. Потым, з чыстага энтузіязму, ён навучыў папугая паўтараць на памяць харальныя тэксты набажэнства на лаціне і выбраныя фрагменты з Евангелля ад Мацвея. Аднак спроба ўбіць птушцы ў голаў механічнае веданне чатырох арыфметычных дзеяў скончылася няўдала. З адной з апошніх вандровак у Еўропу доктар прывёз першы фанограф з трубой і мноства кружэлак з запісамі модных мелодый і твораў сваіх улюбёных класічных кампазітараў. Дзень пры дні на працягу некалькіх месяцаў ён пракручваў папугаю песні Івэты Гільбэр і Арыстыда Бруана, якія пакарылі французскую публіку мінулага стагоддзя, пакуль папугай не вывучыў іх на памяць. Ён спяваў жаночым голасам альбо тэнарам у залежнасці ад таго, хто спяваў на кру­жэлцы, і заканчваў спевы нахабным гогатам — люстэркавай копіяй смеху мясцовых прыслужніц, калі тыя слухалі ягоныя спевы па-французску. Слава пра папугаевы таленты зайшла так далёка, што часам пабачыць яго прасілі дазволу слынныя вандроўнікі, якія прыплывалі з цэнтральных раёнаў краіны на рачных караблях, а ангельскія турысты, якія шмат вандравалі на нью-арлеанскіх бананавых суднах, аднойчы паспрабавалі набыць папугая за любы кошт. Аднак самы слаўны для птушкі дзень настаў, калі дом адведаў прэзідэнт рэспублікі дон Марка Фідэль Суарэс з кабінетам міністраў у поўным складзе і таксама захацеў упэўніцца ў праўдзівасці чутак. Яны прыйшлі прыкладна а трэцяй, задыхаючыся ад палючага жнівеньскага паветра, бо былі ў сурдутах і цыліндрах — нябогі не здымалі іх на працягу трох дзён афіцыйнага візіту. Але з’ехалі яны такімі ж заінтрыгаванымі, як і прыехалі, бо папугай не выдаў ані слова, нягледзячы на мальбу, пагрозы і публічны сорам доктара Урбіна, які рызыкнуў запрасіць высокіх гасцей, не зважаючы на мудрыя папярэджанні жонкі.

Папугай захаваў свае прывілеі і пасля гістарычнага фі­яска, што канчаткова пацвердзіла ягоную суверэннасць. Ніякія іншыя жывёліны ў дом не дапушчаліся, за выключэннем хіба што земляной чарапахі, якая зноў з’явілася на кухні пасля трох альбо чатырох гадоў адсутнасці, калі ўсе лічылі, што яна знікла назаўжды. Але на чарапаху не глядзелі як на жывую істоту, а, хутчэй, як на скамянелы амулет на шчасце, і ніхто не мог сказаць дакладна, дзе яна поўзае. Доктар Урбіна не хацеў прызнацца ў гідлівасці да жывёлінаў, спасылаючыся на самыя розныя навуковыя байкі і філасофскія высновы, якія шмат каго ўпэўнілі, толькі не ягоную жонку. Ён тлумачыў, што аматары жывёлы здольныя на самую неверагодную жорсткасць у адносінах да людзей. Ён казаў, што сабакі не так адданыя, як паслужлівыя, каты — апартуністы і здраднікі, пава — вяшчун смерці, чырвоны ара — залішняе ўпрыгожанне, трусы даводзяць да хцівасці, малпы перадаюць гарачку юрлівасці, а на пеўнях — праклён, бо праз іх людзі тройчы выракліся Хрыста.

Але Фэрміна Даса, яго сямідзесяцідвухгадовая жонка, у якой тады ўжо знікла мінулая і надта жаноцкая хада аленіхі, да шаленства любіла трапічныя кветкі і хатнюю жывёлу, а ў першыя гады шлюбу, карыстаючыся з палкага кахання мужа, заводзіла жывёлінаў без усялякай меры і здаровага сэнсу. Спачатку набыла трох далмацінцаў, названых імёнамі рымскіх імператараў, — яны разадралі адзін аднаго з-за сучкі, якая цалкам апраўдала сваю мянушку — клікалі яе Месалінай, — бо яна яшчэ не паспявала ашчаніцца дзевяццю шчанюкамі, а ўжо была цяжарная дзесяццю іншымі. Затым у доме з’явіліся абісінскія коткі з арліным профілем і норавамі егіпецкіх фараонаў, касавурыя сіямцы, палацавыя персы з аранжавымі вачыма, якія блукалі па доме, як прывіды, і распуджвалі ноч віскатаннем падчас сваіх оргій. На ланцугу каля мангавага дрэва, што расло ў двары, некалькі гадоў трымалі амазонскую малпу-ўістыці, якую шкадавалі, бо з твару была падобная да сумнага арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя, з той жа цнатлівасцю ў вачах і красамоўем рук. Але не з гэтае прычыны Фэрміне Дасе давялося пазбыцца малпы: гэны самец меў дурную звычку спаталяць сваю прагу, пазіраючы на сеньёраў.

У калідорах віселі клеткі з рознымі гватэмальскімі птуш­ка­мі, бугаямі-вестунамі, балотнымі чаплямі з даўгімі жоў­ты­мі лапамі, а таксама жыло аленянё, якое савала пысу ў вок­ны і жэрла антурыі ў вазонах. Напярэдадні апошняй гра­мадзян­скай вайны, калі ўпершыню загаварылі пра мажлівы ві­зіт папы рымскага, з Гватэмалы выпісалі райскую птушку, якую вельмі доўга везлі. Потым дазналіся, што абвестка пра вандроўку папы была прыдумкай ураду, які меркаваў спудзіць змоўшчыкаў-лібералаў, і тады райскую птушку вярнулі на радзіму хутчэй, чымся даставілі адтуль. Іншым ра­зам у кантрабандыстаў з Курасао, якія дабіраліся да бухты пад вет­разямі, набылі драцяную клетку з шасцю спецыяльна надухмяненымі крумкачамі — такія ж мела Фэрміна Даса ў маленстве, у бацькоўскім доме, і яна захацела мець іх побач зноў. Аднак ніхто не здолеў цярпець іхнае бесперапын­нае пляскатанне крылаў, што разносіла пах пахавальных вянкоў. Была ў іх і чатырохметровая анаконда, чый свіст па начах трывожыў цемру спальняў, хоць ад яе была і карысць: ад смяротнага подыху анаконды паўцякалі з дому кажаны і саламандры, як і мноства шкодных насякомых, якія бралі дом штурмам у сезон дажджоў. Доктару Хувэналю Урбіна, тады звышзанятаму працай, паглыбленаму ў ажыццяўленне сваіх грамадскіх і культурных праектаў, было дастаткова думаць, што сярод гэтых мярзотных істот ягоная жонка была не толькі найпрыгажэйшай, але і найшчаслівейшай жанчынай на Карыбскім узбярэжжы. Але адным дажджлівым вечарам, пасля цяжкога працоўнага дня, доктар Урбіна прыехаў дамоў, і жахлівы разгром ашаламіў яго, змусіў павярнуцца тварам да рэчаіснасці. Ад гасцёўні і па ўсім доме, наколькі хапала вока, ляжалі і плавалі ў крыві забітыя жывёліны. Служанкі паўзлазілі на крэс­лы, не ведаючы, што рабіць і не ў сілах вызваліцца ад жаху гэтай бойні.

Здарылася так, што адзін з нямецкіх догаў у раптоўным прыступе шаленства разадраў на кавалкі ўсё жывое, што трапілася на ягоным шляху да таго, як суседскі садоўнік праявіў мужнасць і засек яго сваім мачэтэ. Было невядома, каго няшчасны дог пакусаў, а каго й заразіў зялёнай слінай, таму доктар Урбіна загадаў забіць пазасталых жывёлаў і спаліць целы ў полі як мага далей ад жытла, а затым ён папрасіў супрацоўнікаў шпіталя Міласэрнасці правесці ў доме грунтоў­ную дэзінфекцыю. I толькі шчаслівая чарапаха ўратавалася, бо ніхто пра яе ў тым вэрхале не прыгадаў.

Фэрміна Даса ўпершыню пагадзілася з мужам у справе, якая мела дачыненне да хатняе гаспадаркі, і доўгі час засцерагалася гаварыць пра меншых братоў чалавека. Яна цешыла сябе каляровымі ілюстрацыямі да Лінеевай «Гісторыі прыроды», уставіла іх у рамы і развесіла на сценах залы, — мажліва, з цягам часу яна б страціла надзею пабачыць жывёлу ў доме, але аднойчы на золку нейкія злодзеі выбілі акно прыбіральні, улезлі ў дом і вынеслі срэбныя прыборы — спадчыну пяці пакаленняў. Доктар Урбіна паставіў падвойныя замкі на вокнах, умацаваў дзверы жалезнымі засаўкамі, паклаў каштоўныя рэчы ў сейф і набыў запозненую вайсковую звычку — спаць з рэвальверам пад падушкай. Аднак ад набыцця сабакі-вартаўніка адмовіўся, няхай і з прышчэпкай ад шаленства, няхай і на ланцугу, сказаўшы, што не пойдзе на гэта, нават калі злодзеі пакінуць яго ў чым маці нарадзіла.

— Ніколі ў дом не ўвойдуць пазбаўленыя мовы істоты, — сцвердзіў ён, каб скончыць з хітрыкамі жонкі, якая зноў упарта схіляла яго да набыцця сабакі. Ён не мог сабе ўявіць, што за непрадуманыя словы можна паплаціцца жыццём. Фэрміна Даса, чый неўтаймаваны характар прымаў з гадамі нечаканыя адценні, імгненна злавіла мужа на словах: колькі месяцаў пасля пакражы яна зноўку падышла да караблёў кантрабандыстаў з Курасао і набыла каралеўскага папугая з Парамарыба. Папугай ведаў толькі адборную матроскую лаянку, але вымаўляў яе так па-чалавечы, што, далібог, каштаваў заплочаных за яго грошай — дваццаці сентава.

6
{"b":"832361","o":1}