Было няцяжка дамовіцца, каб яго завезлі назад у знак падзякі за каюту, якую ён саступіў прадстаўніку каралевы Вікторыі. Хаця капітан таксама паспрабаваў разупэўніць яго, даводзячы, што телеграф — тэхніка будучыні. Да такой ступені, сказаў ён, што ўжо ствараюць адмысловую сістэму для караблёў. Аднак Флярэнтына Арыса не даў сябе ўгаварыць, і, нарэшце, капітан павёз яго, ды не так дзеля кампенсацыі за нескарыстаную каюту, як дзеля таго, што ведаў праўду пра Флярэнтынава дачыненне да Карыбскай параходнай кампаніі.
Зваротны шлях па рацэ ўніз заняў менш за шэсць дзён, і Флярэнтына Арыса адчуў сябе зноў дома, як толькі параход увайшоў на золку ў лагуну Міласэрнасці і ён угледзеў ланцужок агнёў з рыбацкіх каноэ, што калыхаліся на хвалях ад іхнага карабля. Яшчэ ў цемры яны кінулі якар за дзевяць марскіх ліг ад бухты ў лагуне Заблукалага Дзіцяці, якая была апошнім прыпынкам рачных параходаў, пакуль не прачысцілі драгамі дно былога іспанскага фарватэру. Пасажыры мусілі да шостай чакаць флатылію шлюпак, якія за грошы перапраўлялі на прычал. Але Флярэнтына Арыса быў так усхваляваны, што паплыў раней у паштовай лодцы, бо паштары прызналі ў ім свайго чалавека. Да таго, як пакінуць карабель, ён не ўстрымаўся ад сімвалічнага ўчынку — кінуў у ваду сваю ношку з пасцеллю і доўга сачыў за ёю: напачатку яна асвятлялася паходнямі рыбацкіх лодак, затым выплыла з лагуны і знікла ў акіяне. Флярэнтына Арыса верыў, што ношка тая не спатрэбіцца яму да скону, бо ён ніколі не з’едзе з горада Фэрміны Дасы.
Бухта на золку была ўвасабленнем спакою. Па-над туманам Флярэнтына Арыса ўбачыў купал кафедральнага сабора, пазалачоны першымі прамянямі сонца, галубятні на тэрасах, і, узяўшы іх за арыенцір, знайшоў балкон палаца маркіза Касальдуэры, дзе, як ён меркаваў, жанчына яго няшчасця яшчэ драмала, паклаўшы голаў на плячо спатоленага мужа. Гэтыя думкі ранілі душу, але ён не адганяў іх, а наадварот, атрымліваў асалоду ад болю. Сонца ўжо прыгравала, калі паштовая лодка праклала сабе шлях у лабірынце ветразнікаў, што стаялі на якары, дзе смурод ад гарадскога рынку змяшаўся ў адно з доннай цвіллю. Толькі што прыбыла шхуна з Рыёачы, і каманды грузчыкаў, стоячы па пояс у вадзе, прымалі пасажыраў з борта і неслі на руках да самага берага. Флярэнтына Арыса першым скочыў на зямлю з паштовай лодкі, і з тае пары больш не адчуваў смуроду бухты, а толькі непаўторны водар Фэрміны Дасы, дзе б ён ні быў у горадзе. Усё мела яе водар.
Ён не вярнуўся ў тэлеграфую кантору. Адзіным яго заняткам стала чытанне раманаў пра каханне і тамоў «Народнае бібліятэкі», якія маці працягвала набываць. Флярэнтына Арыса чытаў іх і перачытваў, лежачы ў гамаку, пакуль не вывучыў на памяць. Ён нават не спытаў, дзе скрыпка. Ён узнавіў кантакты з былымі прыяцелямі, часам гуляў у більярд альбо гутарыў з імі ў адкрытых кавярнях пад аркамі Кафедральнага пляца, але на суботнія танцы больш не хадзіў: не мог уявіць іх без яе.
У раніцу вяртання з няўдалай вандроўкі ён даведаўся, што Фэрміна Даса бавіць мядовы месяц у Еўропе, і яго агаломшанае сэрца нашэптвала яму, што яна застанецца жыць там, калі не назаўжды, дык на шмат гадоў. Гэтая ўпэўненасць выклікала першыя водбліскі спадзеву на забыццё. Ён думаў пра Расальбу, і гэты ўспамін гарэў у душы ўсё мацней, сцішаючы ўсе астатнія. Якраз пад той час ён адпусціў даўгія вусы з напамаджанымі закручанымі кончыкамі, і не расстаўся з імі да скону, вусы нібыта змянілі не толькі яго знешнасць, але і манеры, а думка пра замену кахання штурхнула яго ў нечаканым кірунку. Паступова водар Фэрміны Дасы развейваўся і, нарэшце, застаўся адно што ў белых гардэніях.
Ён жыў без мэты, не ведаючы, якім чынам працягваць жыццё, як аднойчы ўначы падчас вайны знакамітая Назарэцкая ўдава прыбегла, зляканая, і схавалася ў матчыным доме, бо ейны дом быў зруйнаваны гарматным стрэлам, калі генерал паўстанцаў Рыкарда Гайтан Абэса распачаў аблогу горада. Трансыта Арыса адразу скарысталася з сітуацыі і накіравала ўдаву ў спальню да сына, маўляў, у ейным пакоі няма месца, а насамрэч са спадзевам на тое, што каханне іншага кшталту вылечыць сына. Флярэнтына Арыса ні з кім не спаў пасля таго, як страціў цнатлівасць з Расальбай у каюце карабля, і яму здалося натуральным, каб у такую страшэнную ноч удава спала на ложку, а ён — у гамаку. Аднак яна вырашыла за яго. Прысеўшы на край ложка, дзе Флярэнтына Арыса ляжаў і ламаў голаў, куды б яму падзецца, яна распавяла пра несуцешнае гора па мужы, які памёр тры гады таму, і адначасова здымала з сябе і раскідвала ўкола сваю ўдовіну вопратку, пакуль не засталася нават без вясельнага пярсцёнка. Яна зняла блузку з тафты, вышытую бісерам, і кінула яе праз пакой на крэсла ў кутку. Яна адным рухам зняла доўгую сукенку з фальбонкамі, атласны пас з падвязкамі і шаўковыя панчохі жалобнага колеру, раскідаўшы ўсё па падлозе так, што пакой ператварыўся ў сапраўдны музей жалобнай вопраткі. Яна рабіла гэта з такім размахам, з такімі добра адмеранымі перапынкамі, што кожны яе рух супадаў з гарматнымі залпамі войска паўстанцаў, ад якіх трэсся ўвесь горад. Флярэнтына Арыса паспрабаваў дапамагчы з зачэпкай станіка, але яна апярэдзіла яго, бо за пяць гадоў шлюбнай вернасці навучылася абыходзіцца сама ў любоўных справах, нават падчас прэлюдыі. Нарэшце яна сцягнула з сябе карункавыя панталоны, і ад спрытнага апошняга руху, як у плаўчыхі, яны леглі каля ейных ног.
Ёй было дваццаць восем, нараджала яна тройчы, але яе цела заставалася бы некранутым, як у дзяўчыны. Флярэнтына так ніколі й не зразумеў, як гэтая пакаянная вопратка магла схаваць няўрымслівую сілу незацуглянай маладой кабылкі, якая распранула яго, задыхаючыся ад уласнага запалу, чаго ніколі не дазваляла сабе з мужам, каб ён не ўважаў яе за крутлю. Тут жа яна паспрабавала адзіным прыступам спатоліць прагу ад жалобнага ўстрымання і доўгіх пяці гадоў бездакорнае шлюбнае вернасці. З таго моманту, як маці яе нарадзіла, і да гэтае ночы яна ніколі не ляжала побач ні з адным мужчынам, за выняткам нябожчыка мужа.
Яна не дазволіла сабе крывадушнага каяння. Наадварот. Вогненныя снарады бзычэлі над дахамі і не давалі спаць, таму яна да самага золку ўзгадвала добрым словам незабыўнага мужа, і толькі за адну здраду яна наракала на яго — за тое, што памёр адзін, не з ёю, — і яна даравала яму гэта, бо ніколі муж так не належаў ёй, як з тае пары, калі апынуўся ў забітай дванаццацю трохцалевымі цвікамі труне на глыбіні двух метраў пад зямлёю.
— Я шчаслівая, — сказала яна, — бо толькі цяпер я дакладна ведаю, дзе ён, калі яго няма дома.
Той ноччу яна скінула з сябе жалобу адным махам, без нудных пераходных перыядаў з блузкамі ў шэрую кветку, і жыццё падхапіла яе спевамі пра каханне ды пярэстай вопраткай з папугаямі ды матылькамі, і яна аддавалася ўсім, хто не ленаваўся папрасіць. Пасля шасцідзесяці трох дзён аблогі войска генерала Гайтана Абэса было разбітае, тады яна аднавіла зруйнаваны гарматным стрэлам дом і збудавала гожую тэрасу над берагавымі стромамі, каля якіх падчас шторму асабліва шалелі марскія хвалі. Гэта было яе любоўнае гняздо, так яна без дробкі іроніі называла тэрасу, дзе прымала толькі тых, хто быў ёй даспадобы, калі хацела і як хацела, ні ад каго не брала ані шэлегу, бо лічыла, што гэта мужчыны рабілі ёй ласку. Адно што ў выключных выпадках яна прымала які-небудзь падарунак, абы толькі не золата, і абстаўляла ўсё так, што ніхто не змог бы абвінаваціць яе ў непрыстойных паводзінах. Толькі аднойчы яна апынулася на мяжы публічнага скандалу. Тады прайшлі чуткі пра тое, што арцыбіскуп Дантэ дэ Люна памёр не выпадкова, з’еўшы порцыю атрутных грыбоў, а з’еў іх наўмысна, бо яна, маўляў, прыгразіла, што перарэжа сабе горла, калі ён не спыніць свае святатацкія заляцанні. Ніхто не спытаў яе, ці праўда гэта, ніколі больш яна не ўздымала гэтае тэмы, нічога яна не змяніла ў сваім жыцці. Коцячыся ад смеху, яна казала, што з’яўляецца адзінай вольнай жанчынай ва ўсёй правінцыі.
Назарэцкая ўдава заўжды прыходзіла на нячастыя сустрэчы з Флярэнтына Арысам, нават калі была дужа занятая, і не прэтэндавала на тое, каб кахаць альбо быць каханай, хоць штораз спадзявалася знайсці штосьці падобнае на каханне, але без праблем, якія спадарожнічалі каханню. Часам ён прыходзіў да яе дамоў, і ім падабалася сядзець разам на тэрасе, каб мора абдавала іх салёнай пенай, пакуль яны глядзелі на золак над светам каля далёкага гарызонту. Ён намагаўся навучыць яе тым рэчам, якія назіраў праз замочныя шчыліны ў матроскім гатэлі, а таксама пра якіх даведаўся праз тэарэтычныя настаўленні Лятарыя Тугута. Ён прывучыў яе не саромецца кахання, мяняць абрыдлую місіянерскую позу на позу марскога ровара, альбо куркі на верцяле, альбо чацвертаванага анёла, і яны ледзь не разбіліся ўшчэнт, калі лопнулі мацавальныя вяроўкі гамака, у якім яны спрабавалі прыдумаць штосьці новае. Але гэтыя заняткі не прыносілі плёну. Яна была адважнай вучаніцай, аднак была цалкам пазбаўленая здольнасці накіроўваць свае эратычныя фантазіі ў неабходнае рэчышча. Яна так і не ўцяміла, як можна сур’ёзна ставіцца да сэксуальных практыкаванняў, не ведала натхнення, яе аргазмы былі заўчаснымі і кволымі: адным словам, вартая жалю валтузня. Флярэнтына Арыса вельмі доўга жыў у падмане, упэўнены, што ён у яе адзін, і ёй была прыемная гэтая вера, пакуль аднойчы яна не загаварыла ў сне. Паступова, прыслухоўваючыся да ейнага мармытання, ён збіраў па фрагментах навігацыйную мапу яе сноў, каб плаваць сярод мноства выспаў яе патаемнага жыцця. Тады ён дазнаўся, што яна і не мела намеру выйсці за яго замуж, але адчувала сябе звязанай з ім бязмернай удзячнасцю за тое, што ён яе разбэсціў. Часцяком яна паўтарала: