Ён стаў праглынаць кнігі адну за адной. З тае пары, як ён навучыўся чытаць, маці набывала яму ілюстраваныя кніжкі скандынаўскіх аўтараў, якія прадаваліся як дзіцячыя казкі, але насамрэч былі жорсткімі і юрлівымі, што больш падыходзіла для іншага ўзросту. Флярэнтына Арыса ведаў іх на памяць з пяці гадоў, чытаў іх падчас заняткаў і школьных вечарын. Але гэта не пазбаўляла яго страху перад гэтымі кнігамі. Зусім наадварот. Таму пераход да паэзіі адкрыў яму ціхую гавань. У юнацтве ён праглынаў усе тамы «Народнае бібліятэкі», як толькі тыя з’яўляліся ў продажы: маці набывала іх у прадаўцоў танных кніжак каля Натарыяльнае брамы, і там было ўсё, што заўгодна — ад Гамера да самага сціплага мясцовага паэта. Але Флярэнтына было ўсё адно: ён прачытваў чарговы том, нібыта па наканаванні лёсу, і ўсіх гадоў чытання выявілася замала, каб разабрацца ў тым, якая кніга сапраўды добрая, а якая не. Адно толькі было ясна: ён перадусім аддаваў перавагу паэзіі, а дакладней, вершам пра каханне; Флярэнтына запамінаў іх міжволі, варта было пару разоў перачытаць іх, а лягчэй гнездаваліся ў памяці найбольш дакладныя што да рыфмы і рытму, а таксама найбольш драматычныя.
Яны і былі першакрыніцай першых лістоў да Фэрміны Дасы, у якіх паўтараліся слова ў слова не ператраўленыя ім тэксты іспанскіх паслядоўнікаў рамантызму; яны і заставаліся першакрыніцай, пакуль рэальнае жыццё не прымусіла яго звярнуцца да спраў больш зямных, чымся пакуты сэрца. Ужо тады ён зрабіў крок у бок слязлівых чытанак і іншай, не менш нізкапробнай прозы таго часу. Ён навучыўся плакаць разам з маці, чытаючы мясцовых паэтаў, чые кніжкі прадаваліся на пляцах і каля гарадской брамы ў выглядзе брашур за два сентава. Але адначасна ён мог чытаць на памяць самую вытанчаную кастыльскую паэзію Залатога веку. Наагул, ён чытаў усё, што трапляла ў рукі, і гэтак дайшоў да такой скрайнасці, што пасля цяжкіх гадоў свайго першага кахання, ужо немаладым, ён прачытаў ад першай старонкі і да апошняй усе дваццаць тамоў «Скарбонкі юнацтва», поўны збор класікаў выдання братоў Гарнье ў перакладзе, а таксама самыя лёгкія рэчы, што выдаваў дон Вісэнтэ Бляска Ібаньес у серыі «Праметэй». І ўсё ж яго юнацкія гады ў матроскім гатэлі не зводзіліся да чытання і рэдагавання палкіх лістоў, ён зведаў і таямніцы кахання без кахання. Жыццё ўстановы пачыналася апоўдні, калі сяброўкі-птушкі ўставалі, у чым маці іх нарадзіла, а Флярэнтына Арыса заканчваў працу на пошце; ён трапляў у палац, населены голымі німфамі, якія голасна абмяркоўвалі гарадскія таямніцы, што давяралі ім надта балбатлівыя кліенты. На іх голых целах віднеліся сляды мінулага: шнары ад удару стылетам у жывот, шнары-зоркі ад кулі, барозны ад нажа раўнівага каханка, мясніцкія швы ад кесаравага сячэння. Удзень да некаторых прыводзілі дзяцей — горкі плён падману альбо маладой бесклапотнасці, і птушкі распраналі іх, толькі тыя пераступалі парог, каб не адчувалася розніцы з жыхаркамі раю ў стылі ню. Кожная птушка гатавала сабе ежу асобна, і ніхто не еў лепей за Флярэнтына Арысу, бо ён выбіраў самае смачнае ад кожнай стравы. Гэта было штодзённае свята, якое цягнулася да вечара, калі ўсё мянялася: голыя птушкі чародкай цягнуліся да прыбіральні, пазычалі ў сябровак мыла, зубную шчотку, нажніцы, рабілі адна адной прычоскі, апраналіся ў пазычаныя адна ад адной рэчы, размалёўваліся, нібыта змрочныя паяцы, і выходзілі на начное паляванне. Тады гатэль станавіўся безасабовым, пазбаўленым чалавечнасці, якую цяпер можна было набыць толькі за грошы.
Не было іншага месца, дзе б Флярэнтына Арысу жылося лепш з дня знаёмства з Фэрмінай Дасай, таму што адно там ён не звяртаў увагі на самоту. Толькі там ён адчуваў сябе так, нібыта быў з ёю. Мажліва, з той самай прычыны жыла ў гатэлі элегантная немаладая жанчына з гожымі срэбнымі валасамі, якая не ўдзельнічала ў будзённым жыцці голых птушак, што свята яе шанавалі. Заўчасны жаніх прывёў яе маладзенькай у гатэль, салодка жыў з ёю пэўны час, а потым кінуў на волю лёсу. Аднак, нягледзячы на кляймо, яна здолела ўдала выйсці замуж. Калі ж яна засталася адна, два сыны і тры дачкі аспрэчвалі шчасце забраць яе жыць да сябе, але яна не знайшла больш годнага месца, чым гэтае жытло пяшчотных грэшніц. Асобны пакой тамака быў яе адзіным домам, і гэта раптам неяк зблізіла яе з Флярэнтына, пра якога яна паўтарала, што ён будзе вядомым на ўвесь свет навукоўцам, бо ведае, як узбагачаць душу чытаннем нават у раі пожадзі. Флярэнтына Арыса, са свайго боку, настолькі прывязаўся да яе, што хадзіў з ёй на рынак, і ўвечары часам гаманіў з ёю. Ён думаў, што яна была жанчынай мудрай у пытаннях кахання, — яна дала яму шмат выдатных парад, хоць ён і не раскрыў ёй сваёй таямніцы.
I да знаёмства з Фэрмінай Дасай ён не спакушаўся на блуд, а цяпер пагатоў не адступіў бы ад уласных прынцыпаў, бо быў заручаны з ёю. Флярэнтына Арыса жыў пад адным дахам з птушкамі, перажываў іхныя радасці і злыбеды, але ні ён, ні яны і не думалі пайсці далей. Нечаканая акалічнасць умацавала ягоную пазіцыю. Аднойчы а шостай увечары, калі птушкі апраналіся, каб прыняць першых вечаровых кліентаў, да яго ў пакой увайшла прыбіральшчыца паверха — маладая, аднак дачасна састарэлая і бледная жанчына, бы апранутая грэшніца на пакаянні сярод голых птушак. Ён бачыў яе штодня, хоць жанчына нікога не заўважала, абыходзячы пакойчыкі з венікам, вядром для смецця і анучай для збірання ўжываных кандомаў. Яна ўвайшла ў закуток, дзе Флярэнтына Арыса чытаў, і, як заўсёды, асцярожна, каб не замінаць яму, падмяла падлогу. Раптам яна падышла да ложка, і ён адчуў ейную цёплую і пяшчотную руку ў сябе на жываце, унізе, яна знайшла, што шукала, і стала расшпільваць гузікі. Ейны подых нібы запаўняў увесь пакойчык. Ён доўга ўдаваў, што чытае, але ў пэўны момант не здолеў трываць болей і рэзка адхіліўся ў бок.
Яна спужалася, бо, прымаючы яе на працу прыбіральшчыцай, яе сур’ёзна папярэдзілі, каб і не спрабавала заляцацца да кліентаў. Гэта было залішняе папярэджанне, бо яна была з тых, хто думаў, што прастытуцыя — гэта калі кладуцца ў ложак не за грошы, а з незнаёмцамі. У яе было двое дзетак ад розных мужоў, і прычынаю былі не выпадковыя прыгоды, проста жанчына не здолела знайсці чалавека, які вяртаўся б да яе пасля трэцяй ночы. І да таго дня яна нібыта не адчувала неадольных жаданняў, быццам бы прырода навучыла яе чакаць без адчаю. Аднак жыццё ў гэтым доме падточвала ейны нораў і цярплівасць. Яна пачынала працу а шостай увечары і ўсю ноч хадзіла з пакоя ў пакой, падмятаючы падлогу чатырма ўзмахамі веніка, збіраючы кандомы, мяняючы прасціны. Цяжка было ўявіць тое, што пакідалі мужчыны пасля кахання. Гэта былі зразумелыя ёй ваніты і слёзы, але яны пакідалі і досыць загадкавыя рэчы: лужыны крыві, кучкі экскрэментаў, шкляныя вочы, залатыя гадзіннікі, зубныя пратэзы, медальёны з залацістымі пасмамі, лісты кахання і спачування, камерцыйныя дакументы. Некаторыя вярталіся па забытае, але бальшыня рэчаў заставалася незапатрабаванай, і Лятары Тугут трымаў іх пад замком, разлічваючы, што рана ці позна пакінуты Богам палац з тысячамі забытых рэчаў станецца музеем кахання.
Праца жанчыны была цяжкой, дый плацілі ёй замала, але яна выконвала свае абавязкі сумленна. Толькі не магла цярпець стогнаў, ляманту, спружыннага скрыгату ложкаў, якія пранікалі ў ейную кроў з такім жарам і такім болем, што на золку яна ледзь стрымлівала жаданне пераспаць з кім трапіла, хоць з вулічным жабраком альбо з заблукалым п’яніцам, які зрабіў бы ёй ласку без прэтэнзій і залішніх пытанняў. З’яўленне самотнага мужчыны, якім быў Флярэнтына, маладога ды чыстага, было для яе міласцю нябёсаў, бо яна ад самага пачатку здагадалася, што яму, як і ёй, не стае кахання. Але іхныя жаданні не супалі. Ён захоўваў сябе ў цноце дзеля Фэрміны Дасы, і не было на белым свеце нічога, што б прымусіла яго збочыць з абранага шляху.
Гэтак ён жыў да таго дня, калі за чатыры месяцы да прызначанай даты публічных заручын Лярэнса Даса прыйшоў а сёмай раніцы ў кантору пошты і спытаў, дзе ён. Яго яшчэ не было, і Лярэнса Даса пачакаў, седзячы на лаўцы да дзесяці хвілін на дзявятую, здымаючы з аднаго пальца і насоўваючы на іншы цяжкі залаты пярсцёнак з высакародным апалам, а калі заўважыў Флярэнтына каля ўвахода, адразу здагадаўся, што гэта менавіта ён, і ўзяў яго за руку.