Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Толькі адзін Кандрат глядзеў на свет змрочна, праз прыпухлыя павекі. I чым больш Алесь глядзеў на яго, тым больш здагадваўся: гэты ўсё ведае.

Над вадою між зялёных хмурынак затопленых дрэў ляцела галошанне:

А я ж за табою на край свету хадзіла,
А я ж за табою ў вагонь лётала,
Сакол ты мой міленькі, каханенькі!
А ўстану ж, бывала, я раненечка,
А мой жа саколік па палетачках ходзіць.

I хоць усе ведалі, што заўсёды Марта ўставала раней за "саколіка", усе ўяўлялі сабе раннія зарошаныя паплавы, Стафана з аброццю на плячы, гулкі па-ранішняму ўдар далёкага балабона — і ўсім рабілася горка.

А кветачкі ж ад яго красуюць,
А небачка ж ад яго ззяе.
Зірнеш — мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць,
Зірнеш — нібы ігруша белая зацвіла.
Зірнеш — як лісцічак кляновы ён прытульненькі,
Зірнеш — сэрца молатам у грудзіну валіць.
Караван смерці плыў паўз астравы жыцця.
Хай бы ж той халера лепей мяне забiў,
Хай бы ў мяне з сэрца кроў высмактаў,
Як жа мне цяпер цяжанька без любага дружачкі…

Кандрат не глядзеў ні на неба, ні на бязмежную, як неба, повень. Яшчэ тры дні таму ён схаваў стрэльбу ў дупле дрэва ля моста цераз Азяранку, на поўдзень ад вёскі і па дарозе на Сухадол. Таркайлаў фальварак быў паўночней, і дарога з яго ў Сухадол пралягала каля Азярышча. I кожную раніцу Кандрат Кагут выходзіў на курганы і сачыў.

Пазаўчора Тодар вярнуўся з сальнікам Брунонам Дарымядовічам, у адной таратайцы.

Сёння раніцай ён павёз сальніка зноў у Сухадол, і Кандрат спадзяваўся, што, можа, увечары ён будзе вяртацца адзін. Нават калі вернецца ўдвух — Кандрат гэта сцерпіць. Ён будзе трываць хоць сорак дзён, а дачакаецца яго аднаго.

Магчыма, сёння яны пахаваюць Стафана да вечара, і Кандрат паспее вярнуцца на Азяранку, калі Таркайла паедзе назад.

Шкада будзе, калі не заб'е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее — няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. Але ён ведаў: іначай нельга. "Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае.

На катаргу зашлюць у Сіберыю — і ходзяць сабе спакойна. Ведаюць, нават калі вернецца — збаіцца зноў туды трапіць. А дзяржава помсціць не будзе — ёй абы ціха было.

I заб'юць калі, то не чакаюць кары. Каб гэта чакалі — ого-го! Тройчы падумалі б, перад тым як паскудства нейкае зрабіць. Ну то калі не карае бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны. Другія тады азірацца будуць, перш чым данесці, забіць, дзяцей пасіраціць, маёмасць пусціць дымам".

Падкова на лобе Кандратавым аж пачырванела, так ён думаў. Заб'е. Зімою ці вясною, улетку ці ўвосень — заб'е. У слату ці ў ясны дзень — заб'е. Уначы ці ўранні — заб'е. Ого-го, як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары.

Вой, як павалюся я на тваю магілачку,
Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай.
Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне… пакідаеш?
А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі… не маеш?
Як жа ж нам цяпер… пражыць?
Як нам жыццё без цябе… прабыць?
Як мы цябе забываць… будзем?
Адкуль мы цябе дажыдаць… будзем?

Кандрат сціснуў кулакі на вясле і рыўком папаслаў човен з корстай нябожчыка да недалёкай ужо царквы на выспе.

Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца?
Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца?
Адляцеў ты ад мяне цяпер, саколiк-голуб шызы — укулечка!
Згас ты цяпер для мяне, васілёк ты мой — сонейка — Пралесачка!

Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звона.

…Назад Кандрат і Алесь ехалі ў чаўне адны. Далёка перагналі ўсю чараду чаўноў.

— Слухай, Кандрат, вазьмі мяне з сабою.

— Куды?

— Ты ведаеш…

— Не, — сказаў Кандрат. — Нiчога я не ведаю.

Яны плылi, а вакол быў блакiт i гарачае паветра.

— Глядзі, што гэта? — сказаў Алесь.

Кандрат азірнуўся, і на хвіліну абодва яны замерлі, уражаныя тым, што адбывалася над ракой.

На беразе, наводдаль, уставаў у паветры вялізны чорны слуп — ад зямлі да неба. Ён здаваўся б нерухомы, каб не круціліся ў ім з шалёнай хуткасцю жмуты сухой травы.

Нехта ўсмоктваў іх у неба, і яны ўзляталі ў яго вышэй і вышэй. Магутны тромб ішоў да берага, набліжаўся. Чорны, як дым, ён клубіўся і пераліваўся тым, што было ўнутры, як змяя, што скідае скуру. Тлустая, уся хвалямі, яна, павольна звужаючыся, паўзла некуды: не разбярэш, ці ўгору, ці ўніз.

Віхур тромба спусціўся на ваду і пайшоў проста на іхні човен. Як зачараваныя, яны не рухаліся. А смерч наліваўся яшчэ больш, чарнеў.

Бліснула недзе, на вышыні добрай званіцы, доўгае срэбнае цела рыбы.

У наступнае імгненне волат ірвануўся паўз іх і перасунуўся трохі далей, як папярэджанне. 3 чорнага нутра яго дзьмухнула магільным холадам.

Усё хутчэй і хутчэй рушыў ад іх тромб, перайшоў раку, пачарнеў, узляцеўшы на бераг.

Яны ніколі не бачылі такога.

Волат блукаў у палях, ішоў у палі, меншаў. Знікаў.

…Калі ён знік — яны зірнулі адзін на аднаго.

— Бяда будзе, — шапянуў Кандрат.

— Кінь лухту вярзці!

— Х-фу-у, — заплюшчыў вочы Кандрат. — Добра. Вязі мяне на бераг. Высадзі.

— Вазьмі, кажу, з сабою.

— Не!!! — рэзка і злосна кінуў Кагут. — Не дый не. Чорт з імі, з тромбамі… Трэба і іх — грудзінай…

Калі постаць ягоная знікла, ускараскаўшыся на крутаяр, Алесь чамусьці ўспомніў Майку і спалохаўся, што ледзь не загінулі. Цераз дзень яны павінны былі сустрэцца і канчаткова вырашыць, як быць.

Кандрат ужо цэлую чвэрць сонечнай дугі чакаў, седзячы ў зарасцях ля мосціка. Сонечнае святло пахла шкіпінарам, гарачай мятай, ядучым пахам вампірніку. Ад хваёвага гуду — недзе над верхавінамі хадзіў вецер — шумела ў галаве і хацелася задрамаць.

Ён сядзеў у зарасцях за вялікім, як хата, каменем непадалёку ад рачулкі. Над каменем, на адхоне, васьмісотгадовы дуб цягнуў да сонца свае ледзь апераныя галіны. Поўзалі па ягонай, глыбока — на дзве далоні — зрэзанай зморшчынамі, кары чырвоныя кузуркі з чорнымі мордачкамі на спінах. Яны былі падобныя, гэтыя мордачкі-рыскі, на маскі, якія носяць вадохрышчам. Поўзалі яны самотна, спараныя, і кара дуба, відаць, здавалася ім ярамі амаль без дна і высокімі градамі ўзгоркаў.

Проста перад Кандратам звінела Азяранка, несла хвалі ў Дняпро. А над ёю цягнуўся лядашты мост. Кандрат тройчы ўжо ссоўваў з яго дзве плахі. Пасля кожнага праезду. Дзядзькі лаяліся, клалі іх на месца і рушылі далей. А ён зноў выходзіў, зноў ссоваў плахі і зноў сядаў на месца, сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі.

Пушча хадзіла і хадзіла над галавой. I Кагут пад яе шум думаў ні аб чым і аб усім, але толькі не аб тым, што хацеў зрабіць. Усё, што датычылася гэтага, ён абдумаў даўно.

…Таркайла з'явіўся нечакана. Адзін. Мільгануў на ўзгорку і знік, з'язджаючы да мосціка. I тады Кандрат выйшаў з-за каменя, як сто разоў гэта ўяўляў сабе, перабег да пераезду яшчэ бліжэй і прысеў у хмызах, зусім блізка ад ссунутых плах.

74
{"b":"829352","o":1}