Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?

3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:

I чарка мала, і гарэлкі няма,
Міла, міла не цячэ, каля сэрца пячэ.

Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.

Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў — гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць…

Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.

Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.

— Вечар добры!

— Стафану кепска, — свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.

Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.

— Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, — сказаў Мсціслаў.

— Сядзець не трэба. Паходзім.

Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.

— Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.

— I праўда. Я не буду больш.

Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.

— Ты не думай, — Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. — Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.

— Вядома, укаранiцца.

I раптам Янька хліпнула.

— Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго — гэта ўжо ўсё.

Мсціслаў разгубіўся.

— Нічога. Абыдзецца ўсё.

— Не… Не ўжо, відаць… Не скардзіцца Стафан, не… Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?

— Заспявай тую, што тады для Марты спявала, — папрасіў ён. — Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.

— Праўда?

Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:

Прыданачкі[54] — няўданачкі
Шапчыце,
Вы яе паціхенечку
Наўчыце.

Мсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.

Няхай яна ранюсенька ўстаець,
Няхай яна хатку, сенькi падмяцець,
Няхай яна на вулку шумку не нясець,
Няхай яна на шуметнiчку пасыпе,
Няхай яна i ножкамi прытопча,
Няхай яна і слёзкамі прымоча.

Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.

Нашы курачкi трапятлiвыя разграбуць,
Нашы жоначкі лепятлівыя разнясуць.
— Няхай вашых курэй каршун дзярэ,
Няхай вашых жонак смерць пабярэ.

Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.

— Ну што ты, што?

Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў — апусцілася некуды сэрца.

— Як жа гэта нехта мог, — праз слёзы сказала яна. — Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. "Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень — камень прабіваюць".

Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.

— Не трэба, — глуха сказаў ён. — Калi нават нешта i здарыцца — я цябе не кiну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калi хочаш, буду.

"Не", — моўчкi кiўнула яна галавой.

"Так", — моўчкi схiлiў ён галаву.

Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.

Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.

Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер'е і скрывіў вусны ўсмешкаю.

— Шкада-а.

— Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.

— Усё адно шкада.

Кандрат прысеў да старэйшага.

— Дай стрэльбу, — сказаў Стафан.

Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.

— Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.

I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.

— Кандратка, — сказаў Стафан, — я сёння памру.

Брат зрабіў рух пратэсту.

— Не, — сказаў Стафан. — Я ведаю. Ты не забыў?

— Не.

— Споўні. I Кроера таксама. Мне праява была — ён.

— А калі не?

— Калі нават не, то гэткую дрэнь сцерці трэба з зямлі.

— Споўню.

— Забі за сорак дзён, пакуль душа тут… Таркайлу… Каб супакоілася. А з тым не спяшайся. Усё добра зрабі. А можа, і я з таго свету прыйду, скажу, ён ці не. Каб жывую душу ўратаваць ад дарэмшчыны — адпусцяць.

— Споўню.

— Правядзі мяне, братка, да ракі. Бачыш, чырвоная…

Гнеў знік з вачэй хворага. I нават усмешка была ранейшая, як да хваробы. Успершыся на плячо Кандрату, ён устаў.

— Ну вось, блаславi вас усiх. Мне…

Нібы страціў думку.

— Ну вось… Каб вышэй… Трошачкі вышэй.

Пацягнуўся, нібы хацеў яшчэ раз убачыць раку. А потым стаў падаць так раптоўна, што Кандрат ледзь паспеў падтрымаць яго.

Везлі яго на могілкі па вадзе. Яшчэ стаяла спозненая палавень, і да царквы на востраве іначай дабрацца было нельга.

Ішлі чатыры чаўны. На пярэднім стаяла корста з нябожчыкам. Стырнаваў Алесь: выпраўляў нябожчыка брата ў апошнюю дарогу. Змрочны Кандрат Кагут пеніў ваду вяслом. На астатніх трох чаўнах сядзелі Кагуты, Кахновы і сваякі Марты.

Зялёнымі хмарамі стаялі ў вадзе гаі. Звінеў над невялічкім лапікам сушы жаўрук. Вельмі цёпла, зусім па-летняму прыпякала сонца.

Не ўзляталі з астраўкоў кулікі-турухтаны. Як ведалі, што людзі на чаўнах страляць не будуць. А можа, — і гэта хутчэй за ўсё — адураныя повенню вясенняй крыві ў жылах, нікога не баяліся. Такавалі, натапырыўшы пер'е, хадзілі адзін перад адным, яркія ў шлюбных уборах.

Самачкі, прымайстраваўшыся на крайніх канцах выспачкі, глядзелі на самцоў.

Ні ў кога з мясцовых людзей не ўзнялася б рука страляць па іх у такі час. I турухтаны ведалі аб гэтым. Неба, вада і астравец — усё было для іх.

Марта на другім чаўне пабівалася. Быў гэта яе абавязак. Але астатнія ўжо трохі перацерпелі гора. Мінуў год, і ўвесь гэты час яны чакалі немінучага, а калі яно прыйшло, мала асталося слёз.

Хіба толькі ў маці.

Стары Кагут Даніла думаў аб тым, што і яго хутка павязуць той самай дарогай, і не шкадаваў аб гэтым, а шкадаваў хіба толькі аб тым, што гэта не яго вязуць зараз замест Стафана. Добра было б адпачываць у такі дзень, пад жаўруком, між небам і вадою. I каб ля чаўна такавалі турухтаны.

Янька выплакалася яшчэ ля курганоў, а потым у хаце. Алесь думаў, як цяпер адшукаць вінаватага ва ўсім гэтым. Мсціслаў паглядаў зрэдку на Яньку і налягаў на вясло.

вернуться

54

Старыя, што прыязджаюць па маладую.

73
{"b":"829352","o":1}