Ён адразу ж зразумеў, што просіць не аб тым, і каб хто прачытаў ягоныя думкі, пагарда таго чалавека да яго была б невычэрпная. I Алесь змоўк, то бок перастаў думаць.
Мсціслаў знайшоў у двух кроках вымачынку з голым, як бубен, дном. Усе паселі туды, звесіўшы ногі. Здалёк здавалася, што людзі выпіваюць.
Кубік пакаціўся з Якубовічавай рукі. Усе схіліліся.
— Тры, — сказаў Мішка.
— Дай я, — нецярпліва ўзяў косць Мсціслаў.
Ён паматляў рукою і рэзка кінуў. Алесь глядзеў не на косць, а на яго і ўбачыў, як друг збялеў.
— Пяць, — сказаў Хаданскі.
Цяпер збялеў Франс. Хацеў быў нешта сказаць і змоўк.
Яны спыніліся ля Алесевага бар'ера.
— Ідзі, — сказаў Ілля Франсу.
Франс пайшоў на свой бар'ер. Гусар і Хаданскі дамаўляліся яшчэ аб нечым з Выбіцкім. Мсціслаў стаў ля Алеся.
— Даруй, братка, — сказаў ён. — О, чорт, даруй!
— Нічога, — усміхнуўся Алесь.
Алесь не глядзеў у бок Франса. Ён глядзеў вакол.
Перад ім ляжаў дымна-шэры поплаў, а за ім вясёлкавыя радасныя дрэвы. Нізкае сонца стаяла з боку за Алесевай спіной. Ад секундантаў і ад яго, Алеся, ляжалі доўгія цені на роснай траве.
— Падрыхтавацца, — сказаў Мішка. — Смялей, князь.
Загорскі стаў глядзець на Франса. Раўбіч у дзіўным павароце стаяў супраць яго.
Вясёлкавыя дрэвы ззялі за ім. Загорскі ўзняў галаву і стаў глядзець угору, але не вытрымаў і зноў апусціў вочы: "Ну, хутчэй страляй!"
У руцэ ў Якубовіча плесканулася белае… Ударыў пярун.
Алесь пахіснуўся. Потым убачыў, што на левым плячы злёгку дымее сарочка: маленькі карычневы след, бы прыпалілі.
I тады, разумеючы, што Франс прамахнуўся, Алесь уздыхнуў.
Ён убачыў, што твар Хаданскага скрывіўся, нібы Ілля кляў Франса. У выніку яны цяпер не сумняваліся.
Нехта сунуў Алесю ў руку пісталет. Той непаразумела зірнуў на яго, потым на Раўбіча, які стаяў вельмі проста, усімі грудзьмі да яго, і вельмі бледны.
— Глядзі цяпер, — сказаў Выбіцкі.
Мсціслаў глядзеў на Алеся з трывогай, нібы разумеў.
— Нічога, брат, — сказаў Франсу Якубовіч. — Ты… смялей. Гэта нястрашна.
Яны адышлі. Франс скасіў быў вочы, не разумеючы, чаму гэта яны пакідаюць яго на самоце. Потым уздыхнуў і стаў глядзець на Алеся.
Нясцерпна было доўжыць яго страшнае чаканне. I Алесь, не чакаючы ўзмаху хусткі, узняў угору цяжкі пісталет, дачакаўся, пакуль хлапячок дыму паплыве над яго галавой, і адкінуў зброю ўбок. I ўбачыў аблічча Франса. Божа мой, гэтаму абліччу, здавалася, падарылі сонца!
Гусар і Хаданскі, якія не чакалі стрэлу і глядзелі на Мсціслава, кінулі вачыма на Франса і падумалі, што Загорскі ў сваю чаргу прамахнуўся.
— Наш! — закрычаў Ілля. — Наш стрэл!
Кінуўся да Раўбіча з другім пісталетам.
Франс, яшчэ не разумеючы, стаў уздымаць руку.
Мсціслаў крэкнуў з прыкрасці. Выбіцкі з жахам глянуў на Алеся. Усё гэта Загорскі заўважыў у долю секунды… Франс цэліў яму проста ў лоб.
"Ну, вось і ўсё, — падумаў Алесь. — Ён не здаволіўся".
I раптам нешта здарылася. Твар Франса здрыгануўся і ўвесь нібы закалаціўся.
Франс… кінуў пісталет вобзем.
"Пэўна, курок зломіць", — яшчэ нічога не разумеючы, падумаў Алесь.
Раўбіч зрабіў некалькі крокаў ад месца сутычкі — цень ягоны загайдаўся на роснай шэрай траве, — а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі.
— Алесь… Даруй мне… Даруй…
Якубовіч паглядзеў на дзве постаці, што зліліся ля аднаго з плашчоў, і суха сказаў Іллі:
— Мяркую, наша прысутнасць тут больш непатрэбна. Дзіцячыя гульні.
Яны пайшлі да коней. Ніхто не звярнуў увагі, як яны рушылі краем дубовага гаю.
…Калі праз некалькі хвілін з боку сцежкі на Раўбічы даляцеў шалёны пошчак капытоў, Франс адарваўся ад Алеся. Вусны ягоныя трэсліся. Шчокі былі заліты слязымі.
— Братка, — сказаў ён, — адпусці яе са мною. Я клянуся табе, я ўгавару бацьку… Да канца, да самага канца можаш разлічваць на мяне.
XIII
Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі "Коль славен наш господь в Сионе".
Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.
Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад'езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.
Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.
— Добрай раніцы, Варфаламей, — з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.
— Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.
Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.
Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар'ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей ён пакуль што не член савета, чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.
Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.
Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.
Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.
Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока ля пераносся, нізка ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.
Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.
Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў міністр і роўна без дзевятнаццаці год граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні "асвечаны кансерватар" і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.
Варфаламей успомніў, што забыў спытаць, куды ехаць. З касцяной трубкі пачуўся пачцівы голас:
— Куды везці, вашамосць?
— Да міністра дзяржаўных маёмасцяў.
Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам.
Пад'язджалі да дома, які саноўнік не любіў, хоць бываў у ім у гады маладосці, з нявестай, будучай першай жонкай, дачкой паэта князя Вяземскага. Ён не мог не думаць, што зрабіў добры выбар. З усёй маскоўскай моладзі Мікалай найбольш любіў яго, Валуева, і Скараціна, загадаў нават паступіць у першае аддзяленне ўласнай канцылярыі. Трэба было замацаваць прыхільнасць.
А Вяземскі быў адзін з найбольшых улюбёнцаў цара. Невядома за што, бо ў доме князя бывалі Сталыпін і Жэрве, і ледзь не самы блізкі друг гаспадара быў Пушкін. Дзіўны часам звязваецца ланцуг!