Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён паспеў яшчэ цікнуць вышэй па дарожцы абодва бакі. Там нікога не было. Нават калі з'явяцца, то адтуль яны яго, Кагута, не пазнаюць. Каня і фурманку яшчэ можна пазнаць, і то калі ведаеш, каго чакаеш, а чалавека — не.

Перш чым трапіць адтуль да мосціка, трэба з'ехаць пракапаным з'ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Значыць, на самы горшы выпадак, хопіць часу для двух стрэлаў. Стрэлы будуць верныя: з чатырох крокаў.

Але ён спадзяваўся, што пабочныя людзі не з'явяцца. Яму не хацелася, каб Таркайла адбыў толькі адну хвіліну жаху перад тым, як памрэ. Ён вельмі моцна маліў аб гэтым — бога не бога, а сам не ведаў каго. Таго, хто паможа.

Таркайла вылаяўся і злез з таратайкі. Падышоў да правалу, плюнуў, агледзеўся, як пасунуць плахі. Потым у вачах ягоных нешта мільганула: заўважыў.

— Не рухайся, — сказаў Кандрат, наводзячы ствалы. — Стань ля воза.

— Чаго табе? — збялеў той.

— Сёння пахавалі Стафана Кагута. Маё імя — Кандрат Кагут.

Таркайла шарануў быў рукою па возе да сакваў.

— Ну, — сказаў Кандрат.

— То што, я вінен у тым?

— Вінен. I вінен, што забілі яшчэ аднаго. Ты сам таго не варты.

Таркайла раптам крыкнуў. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі з маху ўскочылі ў правал.

— Меркаваў, што пераскочаць, а ты на калёсы дый ходу? — вочы Кагута глядзелі спакойна, усмешка крывіла вусны.

— Адкажаш, Кагут, адкажаш.

— Не, — сказаў Кандрат. — I кiнуў: — Малiся.

Тодар шныраў вачыма вакол.

— Адкажаш, Кагут… Мяса тваё пад пугай паляціць… Павесяць.

— Ну! — сказаў Кандрат.

"Пане божа, у рукі твае аддаю дух мой…"

— Досыць, — сказаў Кандрат. — Лапату і таго не даў.

Стрэл пракаціўся верхавінамі пушчы.

Таркайла зрабіў запознены крок убок, толькі цяпер скеміўшы, што можна скочыць з мосціка, хай сабе і ў мелкае месца. Усё адно гэта выйгрыш хвіліны.

Але ён ужо не мог гэтага зрабіць. Прыціснуў далонь да грудзей, хістануўся і ўпаў на калені.

— Забiў, — сказаў ён. — Забiў ты мяне.

Кандратава стрэльба хадзіла перад ягоным тварам.

— Нічога, — сказаў ён, хілячыся наперад. — I цябе так… I цябе… I ўсіх вас так.

Другі стрэл нібы штурхнуў увесь свет у ягоны лоб.

…Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі — слабейшым і моцным — вылецеў з іх.

Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.

— Хадзі, памыйся перад страшным судом.

Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.

З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна-шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з'явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.

Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.

Кандрат павярнуўся да коней.

— А вы чаго будзеце торгацца, бедныя? Ану, давай! Ану!

Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.

Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.

Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае "пушчанскае вока".

Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.

На паверхні чорнай вады знікалі кругі…

За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.

Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з'яўляліся ў наваколлі.

Злавілі двух-трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.

Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы — яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр "Ку-гі". У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.

А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант:

— У апеку яго!

Віцэ-губернатар Ісленьеў выехаў у Сухадол, каб даследаваць справу на месцы.

Дарогаю ён спыніўся ў Загоршчыне і тут даведаўся, што Кроер зноў запіў. А наступнай раніцай прыляцеў у Загоршчыну да Алеся ганец з Кроераўшчыны і апавясціў зноў, як тады, што пан Канстанцін памірае і паслаў дзесятак слуг паўсюль, каб апавясцілі аб гэтым. I нібыта паслаў нават па доктара і папа.

— Прыкідваецца, — сказаў Вежа.

— Вы думаеце? — Ісленьеў і сам верыў і не верыў.

— Стары жарт, — працадзіў Алесь. — Ягоныя выдумкі трохі аднастайныя. Гэта ўжо трэці раз.

— I ўсё ж, думаю, трэба паехаць, — сказаў Ісленьеў.

Алесь глядзеў на яго з жалем. Стары не мяняўся. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы. Харошы рускі чалавек. Алесь помніў ягоныя словы аб "цемры" пасля расстрэлу ў Півошчах. I шкадаваў. Скруціла, беднага, жыццё.

— Ну, паедзеце, — сказаў Алесь. — Убачыце п'яных гасцей. Свяшчэннік і лекар не маюць права адмовіцца, убачыце п'янага лекара і п'янага папа.

— Я б вам не раіў, — сказаў Вежа.

— Вы не паедзеце?

— Бачыце, я не патрабаваў бы гэтага ад яго, каб, скажам, памёр я, — сказаў стары.

— Ну а вы? — спытаў Ісленьеў у Алеся.

— Я аднойчы з'ездзіў. — Алесь пацёр запясце.

— Па-хрысціянску, — сказаў віцэ-губернатар.

— Па-хрысціянску варта было б усіх нас павесіць, — сказаў Алесь. — За тое, што цярпелі сярод нас такога монстра. Даць вам ахову?

Стары спакойна ўзняў на яго вочы. Яблычны румянец на ягоным свежым абліччы стаў мацнейшы.

— Дзякую, — сказаў віцэ-губернатар. — Але няўжо вы думаеце, што я ў жыцці каго-небудзь баяўся?

— Я не хацеў, каб вы зразумелі мяне так, — сказаў Алесь.

Ісленьеў узяў таго самага мужыка — ганца і паехаў у Кроераўшчыну. Дарогай па ўсіх пагостах бразгалі хаўтурна званы. Нават інваліды па каплічках калаціліся драўлянымі нагамі ў петлях вяровак, што вялі да званоў.

Дзень быў шэры і зусім не летні. Званілі званы, бо памёр вялікі пан, але людзі не ехалі.

— Гэта праўда, што вашага пана "двойчы адпетым" клічуць?

Мужык хаваў вочы. Той самы Борка, што прыязджаў у Загоршчыну і тады.

— Кажы, не бойся.

— Адпявалі яго тройчы, — сказаў мужык. — Усё наваколле.

— Ну і як ён?

Борка ехаў на сваім коніку збоку і трохі ззаду, хоць павінен быў весці. Ён маўчаў.

— То як? — паўтарыў пытанне губернатар.

— Нічога, — бязгучна сказаў мужык.

Ісленьеў ехаў і думаў.

"Нічога". Усё "нічога". Бог ты мой, як можна зацюкаць народ. А мы памагалі гэтаму сваёй слепатой, немагчымасцю нешта зрабіць, бо гэта — сістэма. Паспрабавалі былі трыццаць пяць год назад — леглі пад карцеччу. I з таго часу толькі і думаем, як бы не зачапіла нас па нашай каштоўнай шкуры. Толькі і ходзім на задніх лапках.

Ісленьеў унутрана застагнаў.

Ён шчыра цікавіўся справамі краю. У яго былі знаёмцы ў цэнзуры, і яны дасылалі яму "для азнаямлення і прыняцця да ведама" матэрыялы сталічных часопісаў, што датычыліся гэтай зямлі, нават калі яны і не праходзілі праз цэнзуру.

75
{"b":"829352","o":1}