Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вясёлы, рухавы, як жывое срэбра, дзіўна дасціпны для такога ўзросту, заўсёды гатовы нацягнуць нос начальству і пры гэтым сяброў выгарадзіць і самому не папасціся — ён быў агульны ўлюбёнец. Жанчыны здзіўлена глядзелі на яго на вуліцы, думаючы, які ж ён будзе, як вырасце.

Вацак сапраўды быў прыгожы. Валасы хвалямі, як у Алеся, вочы шэрыя, але ў блакіт, рот з прыемнай, трохі хітраватай складкай, толькі і грызці яму арэхі і жарты. Бровы ганарыстыя і добрыя.

Увесь ён быў ад Загорскіх і адначасова ўвесь свой.

Калі Сабіна ішла з хлапчукамі па вуліцы з ганарыста закінутай галавой — не было, напэўна, ніводнага чалавека, які не звярнуў бы ўвагі на гэтую кампанію.

Грэбень залацістых валасоў, вільготныя, як зялёныя каменьчыкі ў расе, вочы, уся — няўлоўная яшчарка, струменчык вадкага малахіту, якога не бывае на зямлі.

…Вакол Вацлава сабралася акрамя іншых ядро чалавек у сем. Тры сямікласнікі, тры хлопцы з шостага класа, адзін пяцікласнік.

Сямікласнікаў звалі Алесь Міладоўскі, Юллян Чарноўскі і Цітус Далеўскі. Апошні быў з небяспечнай сям'і, але ледзь не самы сціплы і добры з усіх. Глядзеў на Сабіну з адданасцю, танюткі, гарачы, як агеньчык, юнак, вельмі падобны на Вацлава.

Гэтыя шмат ведалі пра Алеся, чулі трохі пра Віктара з Кастусём. Але ці не найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнік Вацлава, невялічкі расточкам, трохі цельпукаваты шляхцюк. Аб ім па сакрэту Вацлаў сказаў Сабіне:

— Ведаеце, ён у пятым быў другі год. Ён вельмі разумны, але хваравіты і бедны і часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць і злуюцца. І смяюцца часам. Я над ім апякуюся. І заўсёды яго выстаўляю з лепшага боку. І хлопцы пачалі паважаць. А я з ім яшчэ гімнастыкай займаюся — і ён стаў зграбнейшы.

Трохi смешны, лабасты, але худы ў шчоках i востры ў падбароддзi, гэты хлопец наiўна цiкаваў на свет вузкiмi, як шчылiнкi, глядзелкамi, якiя нiбыта толькi што прарэзалiся. Смешнае, сiмпатычнае барсучаня. Звалi яго Франц Багушэвiч.

Быў ён значна старэйшы за Вацлава, але Сабіна не сумнявалася, што словы аб "апякунстве" не хлусня.

Адзін не ведаў добра моваў, акрамя сваёй, ды яшчэ, як гэта часта бывала ў беларускіх фальварках, падпсутых рускай і польскай. Другі, як помніў сябе, аднолькава валодаў шасцю.

Адзiн чуў размовы аб выгодным у гэтым годзе ячменi (бровары павялiчылi закупкi) i аб горшых, чым у папярэдняга, казанях новага ксяндза. Другi з дзяцiнства ведаў, у чым непрыдатная для ўмоў Беларусi аграномiя

Лібіха і як менавіта развівалася красамоўства з часоў Цыцэрона і да нашых дзён.

І яны былі аднакласнікі. Не было ніякага дзіва ў тым, што адзін, які цягнуўся да ведаў, прывязаўся да таго, хто ведаў больш, хай сабе ён і быў малодшы. Не было ніякага дзіва, што малодшы цягнуўся да старэйшага, які валодаў адным несумненным веданнем, якога не набудзеш з кнігі: як менавіта даводзіцца на кожным кроку змагацца за сям'ю, за фальварак, за зямлю, за сваю годнасць і як выкручвацца з лап мацнейшага. Веданне Франца было таксама безумоўнае і вартае: веданне жыцця і бяды знізу.

Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты.

Гімназія рабіла з рамантычна-ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па-юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава.

А душа ў яго была, і не абы-якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.

Сабiна аднойчы злавiла на сабе яго позiрк. Хлапец глядзеў сваiмi вузкiмi вочкамi, i былi ў гэтым позiрку цяжкаватая дапытлiвасць, розум i адвечная — амаль не ад чалавека — прага праўды. Успамiнаючы дабрадушныя вочы юнака, Сабiна кожны раз уздрыгвала. Ёй здавалася, што гэты чалавечак раптам спасцiг усю яе.

Гэтым пакуль што не мог пахваліцца ніхто. І толькі яна сама ведала, хто яна. Ведала, што яе іранічнасць і яе розум — толькі сродак для таго, каб прыкрыць просты факт уласнай абыякавасці да жыцця.

Яна не жыла. Яшчэ з інстытуцкіх часоў. Пенсіённая сістэма забівала дваяка і не магла, дзякуючы сваёй пачварнай і ветліва-халоднай бесчалавечнасці, не забіваць. Можна было зберагчы нешта адно: цела або душу. Пазбягалі гэтага адзінкі.

Адных яна забівала фізічна. "Божа, якія жахлівыя ледзяныя калоны, які холад у дартуарах!.. Я не магу, я хачу на Дняпро… у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор'е, дзе заўсёды спыняецца маці і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Я хачу на мелавыя данскія горы, дзе вясною жар цюльпанаў… Як холадна!.. Чаму я не магу гаварыць, як гаварыла?.. Чаму я не магу дазволіць сабе маленькі водгук "з", амаль нячутны, у слове "день"? Я не магу іначай, мой рот не так створаны, і я ж не буду актрысай, каб вымаўляць чыста…"

Такія плакалі па начах, пачыналі кашляць або прагна лавіць пах каменнавугальнага дыму і нафты. Наступала бязлітасная зялёная немач, хлароз.

Другія, мацнейшыя, сціскалі душу ў далонь, каб выжыць. "Гэтыя клоны — мармур? Дзякуй, мадам, спаць у холадзе здаравей… Імператар — душка, мы бачылі яго на акце… Я выпраўлю сваё вымаўленне, дзякуй вам… Мужчыны — гэта брутальна… Толькі тут я зразумела сапраўдную вартасць добрых манер… Гэта не нахабства ў маіх вачах, мадам, гэта пачцівасць, не злуйцеся…"

Такія выходзілі з інстытута здаровыя і ўсмешлівыя і дабіваліся поспеху, таму што ненавідзелі свет, і людзей, і адна адну.

Выходзілі са знявечанай, зламанай душой, з разважліва-халодным сэрцам, з той абрыдлівай бабскай подласцю, якая ў сто разоў горшая за подласць мужчынскую.

Выходзілі, гатовыя ісці цераз трупы. Бедныя душы!

Свет быў варожы і халодны, але ўсё ж яна, як кожная жывая істота, не хацела ледзянець і шукала паратунку. І паратунак з'явіўся.

А гэта быў ягоны брат.

Яна вырашыла ехаць. Хлопцы раптоўна сталі ёй чужыя. Апошнія дні яна таксама сустракалася з імі, але ў душы адчувала — хутчэй адсюль.

А яны жартавалі пры ёй, спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарстве, смяяліся, кідаліся думкамі.

Цёмнымі вачыма глядзеў на яе Цітус Далеўскі, трымалі паядынак Юллян і Алесь. Вацлаў перадражніваў Гедыміна, ідыёта Салаўёва і ханжу Баршчэўскага, як яны гавораць вясною аб выніках іспытаў і неабходнасці трымаць гімназістаў у ёжавых рукавіцах і як кожную хвіліну адхіляюцца, пачынаючы абгаворваць паненак, што праходзяць пад вокнамі.

І дабрадушна глядзела на іх толькі што прарэзанымі вачыма барсучаня, што прагнула праўды: Франц Багушэвіч.

Падрастала другая змена паўстання…

Яна сама не ведала, што з ёю. Ледзь прыехаўшы, пачала пытаць у дзядзькоў аб Алесю. Іван хваліў маладога князя за гаспадарлівасць. Але Тодар раптам накінуўся на Загорскага за залішняе патуранне мужыкам і ўвогуле за мужыкалюбства.

— Выдумаў сабе цацку дый важдаецца з ёю. Торкае сваёй беларускасцю ўсім у вочы. Гаворыць, бы гнойнымі граблямі нешта растрасае.

— Не звятрай увагі, — сказаў Іван.

Сабіна шукала сустрэчы. Паехала да Мсціслава, мяркуючы, што, можа, сустрэне яго там. Мсціслаў ні аб чым не здагадаўся, сказаў ёй, што Алеся ў яго другі тыдзень не было, і калі яна сустрэне яго, хай кіне яму ў вочы вось гэтую пальчатку, што ён тут забыў, маўляў, калі не заедзе днямі, то дуэль.

— Чаму ягоную пальчатку, а не вашу?

— А чаго я сваімі пальчаткамі раскідацца буду?

Пальчатку гэтую Алесь Загорскі не атрымаў.

Паехала яна і да Хаданскіх, не ведаючы, што яны ў сварцы з Загоршчынай. Але і з гэтай паездкі не атрымала нічога. Хіба толькі зрабіла ўражанне на Іллю, які ўжо быў у роспачы, чакаючы канца сваёй раўбічаўскай эпапеі.

60
{"b":"829352","o":1}