Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Жыла яна ў сваім доме пры бровары, а да дзядзькоў заязджала рэдка, ды прытым была паглыблена толькі ў свае думкі і не заўважыла і другога: частых наездаў гасцей да Івана і Тодара. Ці то яна бачыла іх, але не звятрала ўвагі. А госці былі даволі падазроныя. Прыязджалі хаваючыся. Ад'язджалі ўначы. Вялі доўгія патаемныя размовы з гаспадарамі.

Былі гэта найбольш тыя людзі са шляхты, якія вялі гандаль і шалёна супраціўляліся дзейнасці пана Юрыя, а потым старога Вежы. Ім надыходзіла зараз апошняе разарэнне: выкупу не хопіць і на пашырэнне маленькіх гут і пільняў, душ у кожнага пяцьдзесят — шэсцьдзесят. Зямлю так ці іначай не зберажэш, а грошай не будзе і на тое, каб наняць былых прыгонных.

А тут яшчэ багатыры канкурыруюць. А тут яшчэ чырвоныя Загорскія рвуць зямлю з-пад ног, падлы, журботнікі над малодшым братам. Ім лёгка тужыць, а паспрабуй патужы ты.

Сярод гэтых узлаваных, даведзеных да крайнасці людзей з'явіўся раптам багаты Кроер. Гэтаму не было прычыны хвалявацца: жыў бы і без прыгону. Але ён ненавідзеў самую думку аб волі і аб тым, што ён не будзе мець фізічнай улады над людзьмі.

Акрамя таго, ён баяўся. Баяўся Войны і Корчака, якія гойсалі па пушчах і з якімі нічога не мог зрабіць Мусатаў, баяўся нападу, баяўся таго, што хлопы сталі "нахабныя", што яны ўсё больш і больш адчуваюць свой гонар.

Гэтага баяліся і іншыя. З двух бакоў насоўвалася страшная небяспека: з боку багатых Клейнаў, Загорскіх, Раўбічаў і іхніх заможных шасцісотгадовых збраяносцаў, усіх гэтых Раткевічаў, Кальчуг, Юдэнічаў, з боку Турскіх, Івіцкіх-Лаўраў, з боку адроддзя магутнага старога дрэва — Ракутовічаў, з боку ўсяго гэтага пераплеценага сваяцтвам, традыцыямі і паданнямі клана, які зараз "чырванеў" на вачах, і яшчэ з боку мужычча, якое адчула сваю сілу і значнасць.

З двух бакоў чакала смерць, пагібель, галеча. І таму трэба было бараніцца аж да зубоў. І тут ужо нікому не было клопату, што Кроер і Таркайлы — беларусы, Панафідзін і Іваноў — рускія, Аўгуст Дзержак — паляк, а Сабаньскія-Юнашы і Стахоўскія-Агеньчыкі лічаць сябе палякамі. Наадварот, людзі, падобныя да апошніх пяці, галасней за беларусаў лямантавалі аб "gente albarutenus"[44], аб тым, што яны зжыліся і цяпер больш беларусы, чым "гнілыя заходнікі і сацыялісты" Загорскія; лямантавалі аб традыцыях і патрэбе "скуць мячы на абарону правоў спрадвеку чыстага шляхецтва, якое надае высакароднасці і ім". І таму ўсе яны былі кранальна аднадушныя ў патрэбе "ўзняць меч".

На вачах складалася арганізацыя, якая сваёй падступнасцю за нейкія тры гады запаскудзіла ўсю гісторыю Прыдняпроўя і нават потым мела два кароткія рэцыдывы: пасля забойства Аляксандра і ў 1904 годзе. Складалася самая абрыдлівая за ўсю гісторыю Беларусі грамада, якая каштавала жыцця ледзь не дзвюм сотням чалавек.

Складалася "Ку-гa", прыдняпроўская мафія.

"Ку-га" існавала вельмі нядоўга і паспела забраць параўнаўча мала ахвяр толькі дзякуючы агідзе мясцовых жыхароў да забойства ў спіну.

Начальства заплюшчвала вочы і на дзейнасць грамады, і на яе знішчэнне. А вынішчалі грунтоўна, не падкапаешся. І той, хто пацікавіцца гэтым пытаннем, павінен будзе толькі прагледзець статыстычныя лічбы. За два гады на тэрыторыі Магілёўшчыны загінула "ад ваўкоў" больш людзей, чым за мінулыя трыста год. Прычым чамусьці сярод тых, што загінулі, не было сялян, а ўсё больш шляхта (да сотні душ), гаспадары дзвюх-трох будаў ці гут і іншыя такія самыя людзі. Якой мераю дасі, такой і аддадуць. Супраць "Ку-гі" выступілі "воўчыя братэрствы", аб якіх даволі многа і даволі негрунтоўна пісаў Доўнар-Запольскі.

…Сабіна Марыч не звяртала ўвагі на гэта. Яна шукала Алеся. А скончылася ўсё нечакана проста, і тон іхняй апошняй размовы не пакідаў ніякіх надзей на тое, што для Сабіны можа нешта змяніццца ў лепшы бок.

Яны сустрэліся і шмат гаварылі, і яна сказала яму, што свет робіцца лепшы, калі ў ім сустракаеш такіх людзей, як ён. І тады Алесь, нібы раптам зрабіўшыся відушчым, сказаў:

— Не трэба гэтага, Сабіна. Для вас я сусед і друг, як Раткевіч, як іншыя добрыя людзі. Зробіцца дрэнна — паможам. Ваш вораг — наш вораг. Ваш сябра — наш сябра. Вось і ўсё.

Яна бласлаўляла бога, што не паспела далёка зайсці, што не дайшла да апошняга прыніжэння.

— Я гэта і мела на ўвазе, князь. Я стаўлюся да вас, як да пана Юлляна.

— Вось і добра.

— І мне хацелася б ніколі зрабіцца для вас тым, што Хаданскія і Раўбічы.

Ён разумеў, што гэта ўдар, магчыма, нават лёгкая пагроза. Алесь ведаў — яна не паспела далёка зайсці, і радаваўся, што адсек адным ударам усе размовы. Але ён таксама ведаў, што ў думках яна зайшла далёка і цяпер нізавошта гэтага яму не даруе.

— Так, — сказаў ён. — Гэта сапраўды было б непрыемна. Асабліва для мяне.

Яна здагадвалася і раней, чаму яму непрыемна варожасць з Раўбічамі, а цяпер даведалася пра ўсё.

Святло пацьмянела.

Ёй нельга было жыць без яго. Раней — і ў марах — як без каханага. Цяпер — як без недасяжнай і адзіна патрэбнай істоты. У недалёкім будучым — як без ворага.

Міхаліна праз няньку Тэклю паведаміла Алесю, што яна зноў, трэці раз за гэтыя месяцы, выбіраючы час найлепшага яго настрою, зрабіла спробу пагаварыць з бацькам аб варожасці да Загорскіх.

Яна пісала, што гэта цяпер было больш чым цяжка. Наваколле не ведала, чаму пасля нападу Корчака на маёнтак Раўбіч асабліва змяніў свае адносіны да маладога князя. Алесь нікому нічога не расказваў. Раўбіч таксама маўчаў. Ведалі, што Алесь з табуном прыскакаў яму на дапамогу, а наконт далейшага хадзілі розныя чуткі. То казалі, што Загорскі спазніўся і бандыты ўжо зніклі, падпаліўшы дворныя пабудовы і не забіўшы пана, бо не хацелі залішніх ахвяр і вялікай аблавы. То гаварылі аб тым, што Загорскі ледзь не сапсаваў справы, яшчэ здалёк распачаўшы страляніну, бо трохі баяўся, што было цалкам натуральна. Гаварылі і аб нейкай вялізнай страшнай спрэчцы (выводзілі яе лагічнымі збудаваннямі), у якой нібыта абодва бакі асыпалі адзін аднаго ўзаемнымі абразамі. А хто казаў, што Алесь наогул не даехаў. Але ніхто нічога не ведаў.

Майка паведаміла, што паспрабавала растлумачыць бацьку ўсё.

Размовы, аднак, не атрымалася. Пан Яраш, каторы ўжо раз, спыніў яе і заявіў, што, калі яна кіне яшчэ хоць слова пра Загорскіх, ён — хоць ніколі не сказаў ёй нават грубага слова — ні з чым не палічыцца і завязе яе ў манастыр, да цёткі-ігуменні, на дадатковае выхаванне. Гады на чатыры.

Алесь, дачуўшыся аб гэтым, паскакаў да Раўбічаў і дзень гойсаў па гаях вакол маёнтка, пакуль Тэклін пляменнік не адшукаў яго там і не папярэдзіў, што з'яўляцца тут небяспечна, бо пан Яраш перахапіў запіску паненкі Міхаліны, падазрае, што перадавала іх Тэкля.

І Тэкля просіць, каб паніч не з'яўляўся, бо яго могуць падпільнаваць, бо Міхаліна амаль у турме, і Алесь можа толькі папсаваць усё і паненцы і ёй, Тэклі. І яна, Тэкля, абяцае: калі гнеў пана пройдзе — паведаміць Алесю.

Загорскі задыхаўся.

— Хлопчык, мілы, скажы ёй: калі ёй дадуць вольную — я яе да сябе вазьму. Хай перадасць адно слова — дзе можна сустрэцца.

Хлапчук чухаў адной босай нагой другую:

— Яна, дзядзька князь, казала, што есці ёй і так хопіць. Грошы, дзякуй богу, ёсць. Яна казала, што паненку кінуць не можа, бо той адной зусім дрэнна будзе. Едзьце вы, казала, калі ласка.

Загорскі зразумеў: пакуль што нічога не зробіш. Пакуль за Міхалінай і ўсімі, хто верны ёй, сочаць — трэба не насцярожваць Яраша і Франса. І ён паехаў да дзеда.

… Дзед, здаецца, ведаў усё і не ўсё з таго, што рабілася, ухваляў. Падумаеш, маўляў, рыцар бедны. Трыстан — трубадур і менестрэль, капуста а ля правансаль. І, нібы жадаючы паказаць Алесю, што ёсць і іншы погляд на рэчы і таму няхай асабліва не ідэалізуе, літаральна дапякаў яго з'едлівымі, несправядлівымі, але з гэтай прычыны яшчэ больш дасціпнымі разважаннямі аб жанчынах, іхніх адносінах да жыцця, мастацтва, мужчын і поспеху ў жыцці. Бачыў, што ўнук нібыта перастае быць мужчынам, і таму свядома прышчапляў атруту.

вернуться

44

Беларускім паходжанні (лац.)

61
{"b":"829352","o":1}