Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пра яго пачалі казаць: нястрашны. Яму конча была патрэбна зброя.

Бо Чорны Багдан Война, сустрэўшы аднойчы на лясной сцежцы ўсю гурму, здзекліва паехаў проста на яе, толькі паклаўшы руку на пісталет і свідруючы людзей падазронымі вачыма. Багдана баяліся: "Як сам чорт яму памагае. Няйначай, пярэварацень", — і саступілі з дарогі.

А Багдан з'едліва ўсміхнуўся, выцягнуў пісталет і кінуў:

— На, атаман. Вазьмі. На беднасць.

Такога Корчак стрываць не мог. Гэты адзін ходзіць столькі год. І месяца не пройдзе, каб погаласка не пайшла: "Напаў адзін на паліцэйскі пост… Застрэліў… Коней адбіў і раздаў…"

І Корчак, памятаючы словы Кандрата, вырашыў: "Раўбіч — будучы сваяк Хаданскіх… Не сцеражэцца… Будзе зброя… Ухвала і падтрымка з боку Кагутоў, а значыць — і азярышчанцаў".

На Кроера ісці — было не па зубах: у таго ўсё яшчэ сядзелі чаркесы, ці што… Вялікага паходу распачаць таксама нельга: войска паўсюль. А Раўбіч не сцярогся.

Корчак сяк і так картаваў карты. Выпадала адно: ісці на Раўбіча.

…Нічога гэтага не ведалі Алесь і Паўлюк. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне.

— Адкуль ведаеш?

Паўлюк, відаць не падумаўшы, ляпнуў:

— Стаю з Кахновай Галінкай ля плота… Подаўна ўжо…

— Што? З Кахновай?

Паўлюк заліўся чырванню.

— Як жа гэта ты так?.. Ва ўласных братоў?.. Ты як ім цяпер у вочы глядзець будзеш?

І тут Паўлюк раззлаваўся:

— А што?! Самі вінаваты. Адзін аднаму дарогу саступаюць. Яна мне сказала: "Абрыдлі мне яны, Павёлка…" І потым, любая яна мне…

І тут гумар сітуацыі дайшоў да Алеся. Загорскі зарагатаў.

— "І ўстаў брат на братоў, а племя на племя…" Нічога, горшага б не было.

Сурова кунуў:

— Далей. Стаіш ты, значыць, з Кахновай Галінкай…

— Кінь… Дык вось, стаю я, значыцца… Тфу!.. І чую, ідуць людзі. А насустрач ім чалавек стаў на грэблі…

Паўлюк змоўчаў, што стаў насустрач людзям Пятрок, улюблёны Галінчын брат.

— "Прасачылі, — кажа. — Раўбіч большасць людзей на фэст адпусціў. З ім у маёнтку чалавек восем". — "Добра, — кажа адзін з тых. — Рушым". — "Хлопцы, — кажа гэты, што ўстаў, — вы хаця душ жывых не губіце. Самі душы маеце". — "Змоўч, не зацінайся". Дый рушылі.

— Даўно пайшлі? — бледны, спытаў Алесь.

— Подаўна. Больш за гадзіну.

Майка магла яшчэ быць там. Майка магла не паспець ад'ехаць… І яшчэ ён успомніў вочы Яраша, цёмныя вочы без райка, якія выпрабоўвалі… Гэта бацька Майкі. Гэта проста — Чалавек, жывы, і слабы, і моцны. Адно неўтаймаванае жаданне расло зараз у душы. Хутчэй, хутчэй ратаваць.

— Што ж рабіць? — мармытаў ён. — Што ж рабіць?

І раптам зразумеў, што рабіць. Зняў са сцяны вартаўнікову дубальтоўку, патранташ.

— Зараз ты дапаможаш мне, а потым … клікнеш людзей тут і паскачаш на Чакан. Раткевіч цяпер на хутары. Падымай усіх. Скажы — Раўбічы гінуць.

Стаў выводзіць, брытаючы на хаду, вогненнага Дуба.

— Адвальвай дзверы. Усе адвальвай.

— Ты што задумаў?

— Потым будзеш пытаць. Адвальвай.

Дзверы рыпелі, адлятаючы ад вушакоў, ляскалі ў сцены. Са стайні ляцела гігатанне.

Алесь кінуўся да рыжага інаходца.

— Як толькі крыкну — гані коней.

— На глум? Паб'юцца ж!

— Мой клопат.

Праз некалькі хвілін у загарожу пачала, як павольны паток лавы, выцякаць цёмная конская маса.

Здзіўленыя раптоўнай, у цемры, воляй, узбуджаныя коні пачалі ціха, а потым мацней і мацней іржаць, пакуль іржанне не ператварылася ў хаос гукаў. Гарачыя двухгодкі лёталі вакол табуна, узбрыквалі і хапалі храпамі адзін аднаго.

І Дуб, нібы зразумеўшы, што чыніцца непарадак, загігатаў таксама, гнеўна.

Алесь бачыў, як коні ўзнялі галовы на тонкіх шыях і замерлі. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах.

Час! Загорскі павольна зрушыў Дуба, а за ім, таксама павольна, стаў плысці з двара табун — сто восемдзесят галоў.

Нельга было гнаць, як ні хацелася. Коні маглі кінуцца і разбіцца аб бярвенні агарожы вакол праварыны.

Азірнуўся: апошнія з табуна міналі браму. І толькі тут падумаў, што паспяшаўся і зрабіў дрэнна, не асядлаўшы Дуба. Давядзецца ехаць ахлюпкай, як у начлег.

— Гані па людзей! — крыкнуў ён Паўлюку. І, паддаўшы пятамі ў бакі Дубу, з месца пусціў яго галопам.

За спіною нібы абурылася зямля. Рознагалосы грукат разарваў ноч.

Крычаць. Увесь час крычаць, каб хто не трапіў пад капыты.

— Гэй! Гэ-эй!..

Чорта з два пачуюць. Страляць зрэдку трэба, вось што.

Слуп агню. Грукат. Дуб збіўся з нагі, але зноў кінуўся наперад яшчэ з большым імпэтам.

— Гэй! Гэй! — язык агню. — Гэй! Табун!

Табун імчаўся за ім шалёна. Нарастаючы грукат капытоў быў неўтаймавана грозны.

Прыціснуўшыся да спіны каня, Алесь гнаў і гнаў яго. Праз ноч. Прысады. Пад шкляны звон у замерзлых лужынах.

Кінуўся нехта ўбок, за дрэва, пачуўшы тупат. Чалавек? Звер? А, усё адно! Стрэл. Крык. Пошчак капытоў.

Та-та-та, та-та-та, — рытмічна расколваў зямлю тупат.

Коні ляцелі ў ноч…

…Яраш Раўбіч стаяў, звязаны, перад чорным ганкам дома, трохі ў баку ад вялікаі галерэі. Адбіткі чырвонага агню скакалі па ягоным твары. Чуга была раздзёртая на грудзях, валасы зліпліся ад поту, на шчацэ наліваўся сіняк.

Перад ім стаяла некалькі Корчакавых людзей. Яны мала чаго знайшлі са зброі, хоць абшукалі ўжо ўвесь дом. Дзве ці тры стрэльбы, шабля. Адзін з мужыкоў ледзь варочаў абедзвюма рукамі радавую святыню — двухручны меч.

— Што напісана? — спытаў, разглядаючы вязь.

Раўбіч усміхнуўся.

— "Помні: цяжка вымаецца. Выняў — напой".

— Дзякуй, — сказаў Корчак. — Мы вынялі… Напоім, дзякуй.

Чорныя дрымуючыя вочы Корчака глядзелі з-пад белай кучмы проста ў вочы Раўбічу. Але ён не ведаў, што такое позірк Раўбіча, які вытрымлівалі адзінкі, і, прынізліва адчуваючы, што вось-вось, зараз, апусціць вочы, сказаў:

— Павярніце яго, хай пакажа, дзе…

— Баішся мяне, бандыт, — са спакойным здзекам сказаў Раўбіч.

Нехта штурхнуў яго.

— Труну сваю штурхаеш, сабачая косць.

Людзі адкаснуліся. Раўбіч стаяў і глядзеў на свой дом, на шыбах якога скакала вінна-чырвонае зарыва. Здавалася, што дом гарыць усярэдзіне. Дом, у якім ён пражыў жыццё і для якога зараз загіне.

Страху ён не адчуваў. Канец дык канец. З таго дня, як пачаў самастойна думаць, знясільвала і прыгнечвала думка аб лёсе родная зямлі, аб тым, што шчаслівыя на ёй толькі мёртвыя. То няхай ужо. Добра, што нікога няма дома.

На хвіліну ён успомніў Алеся. Дрэнна абышліся з хлопцам. Зганьбілі, аплявалі. А хлопец быў нішто. Любіў яго калісь. І вельмі, вельмі любіў Міхаліну. Дрэнна зрабілі, дрэнна.

Лютасць душыла яго. Так трапіць! Так па-дурному трапіць! Людзі знянацку, знялі, як соннага пеўня з куросадні. Людзі ўцяклі ад неспадзеўкі. Як па-дурному канчаецца жыццё. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання. І раптам нічога не ўбачыць, загінуць. Ад рук нейкай наброднай банды, якая рушыла сюды, бо ён не сцярогся. Сюды, а не на сапраўдных цмокаў.

Запясце Корчака абвіваў рамень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап'яну.

— Зброя? — спытаў Корчак.

— Не для вас назапасіў. Знайшлі тры стрэльбы — хопіць ад зайцоў адстрэльвацца.

— У цябе колькі галоў? — спытаў адзін з лесавікоў, нізкалобы хлопец.

— На адну больш, чым у цябе, — усміхнуўся Раўбіч.

— Зраўняем, — сказаў Корчак. — Дзе зброя?

Раўбіч маўчаў.

— Ану, трасяні яго. Падцягні да вогнішча, — сказаў Корчак. І нібы, апраўдваючыся, дадаў: — Будзе ведаць, як у крыжы страляць. Здзярыце з яго чугу.

Чуга лягла на скручаныя рукі, як крылы.

— Дзе?

Яраш маўчаў. Безвалосая гладкая скура паступава чырванела ад блізкага агню.

Нізкалобы раптам засычэў. Ён трымаў Раўбіча за плячо, і валасы на суглобах ягоных пальцаў пачалі скручвацца і спякацца:

50
{"b":"829352","o":1}