Ля Азярышча заклалі на стапелях восем барлін: на кіеўскім кантрактовым кірмашы заўсёды вялікім попытам карысталася паўночная бульба для бровараў.
"Паклалі рад" з аршанскімі вапеннымі капальнямі і залажылі вышэй Оршы яшчэ шэсць лайбаў: паўднёвым заводам трэба была вапна.
Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку.
Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыццё. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія.
У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну.
Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў.
Не на таго напаў.
— Пане Аляксандр… Вось вам вартасць карчмы, а вось падманныя распіскі карчмара на ўпяцёра большую суму. Я не патрабую яе ад казны. І дазвольце мне самому ведаць, што я магу і чаго не магу рабіць у сваіх уладаннях. Спойваць народ я не дам. Раю таксама ўспомніць, што губернская казна дагэтуль вінна нашаму роду за пабудову школ і шлюзаванне Друці. Я не думаю, што мне было б прыемна спагнаць гэтыя грошы сёлета, усяго праз год пасля сканчэння тэрміну…
— Супакойцеся, — сумеўся губернатар. — Чорт з ім, з карчмаром.
— Гэта прайдзісвет. Капейку ў скарб і рубель сабе. Ціхенька прапоўз па наваколлю, а там — як Мамай прайшоў! Вы далі яму месца ў Доўску?
— Скарбу патрэбны грошы, — сказаў губернатар. — Скарб — справа святая.
— І вы казалі мне пра разбой, — з дакорам сказаў Алесь. — Я не раіў бы вам трымаць такіх людзей…
— Я падумаю, — губернатар сапраўды вырашыў не сварыцца, бо помніў, чым усё гэта скончылася для Жэгуліна, фон Берга і яшчэ некаторых, што заеліся з Вежам і таму не праседзелі на пасадзе і года. І губернатар сказаў: — У беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, а не мы. Аддалі гандаль у рукі стараверам ды жыдам.
Алесь засмяяўся, але так, што губернатару стала ніякава.
— Пры чым тут яны? — сказаў Загорскі. — У гэтым вінаваты мы з вамі, пан губернатар, наша нецярпімасць, наша гнілая прадажнасць… І тых і другіх гоняць за веру… У нас яны калісьць знайшлі прытулак. І мы жылі з імі добра. Нам было дзікавата, што моляцца не так, што адны трымаюць для нас асобныя кубкі, а другія чамусьці раз на год будуюць буданы і ядуць там… Ну і чорт з імі, кожны вар'яцее па-свойму… Але іх знайшлі. За тое, што ксцяцца двума пальцамі, тройчы рабілі з Веткі пустыню, забівалі, палілі жыўцом. За адзін палец здымалі галаву, а яна ў чалавека — адна. А раскольнікі — харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй — мову, звычаі — збераглі, не растрэслі… То іх у падзяку, забываючы словы Пятра, што абы падаткі плаціў, а маліся, як хочаш, мёртвых кастрамі складалі ды дзяўчат гвалціла салдатня… І іншыя дасталі… Полацкіх усіх жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі… Апрычнік у расе, пёс шалёны — Грозны, кацюга. Зрабілі ім зямлю гэтую — чужой. То чаго здзіўляцца?! З чужога — грабі!
— Князь… князь… Супакойцеся.
— Вось так, — саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. — Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці — няўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежала ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Ну іх да д'ябла.
Калі малады Загорскі пайшоў — губернатара доўга яшчэ нібы вадзіла. Чорт! Манеры ледзь не версальскія, мова мужыцкая, вопратка разбойніцкая, думкі — якабінскія…
Але не якабінскімі былі думкі Алеся. Балела душа, бо ўсюду было адно банкруцтва. Палі, зарослыя пырнікам, бо не было капеек на жалезную барану, варварская падсочка дрэў, знішчаная адкідамі ватнай фабрыкі рыба ў Пуцейне, бярозавыя прысады і абсады якраз на вапенніках і пясчаных землях, дзе так патрэбна вада, бязглузда асушаныя балоты — ад рэзкага зніжэння вадзянога слою пасохлі навакольныя лясы.
Страты, страты, страты… Грошы, пушчаныя на вецер.
— Лепей бы вы iмi печы палiлi, галовы яловыя!
Вёска галадуе, жыве ў цемры, зямля знясілена. Прамысловасць — саматужная, гандлю няма. І спяць, спяць усе, як учадзелыя, не ведаючы, што сон учадзеламу — смерць. І злуюцца, калі будзяць.
То цягні, цягні іх гвалтам з чаднай хаты. Няхай кусаюцца — цягні!
Вясна пазнілася. На пачатку красавіка яшчэ ляжаў снег, і было золка і дрыготка, а ноччу марозіла. У адзін з вечароў Алесь абыходзіў конскі завод. Коней трэба бало перавесці ў запасныя стайні, каб зрабіць генеральную прыборку, пабелку, чыстку. Гэта збіраліся рабіць сёння ж.
Пераводзіць было даволі лёгка. Звыклыя да вольнага выпасу ўлетку, коні і за зіму не адвыклі слухацца табуннага важака і верхавода, вогненнага жарабца Дуба. Куды ён — туды і табун. Дуб раптам здурэе і пагоніць напрасткі — і астатнія за ім.
Алесь адпусціў людзей вячэраць, а сам апошні раз аглядаў новыя стайні, а потым пайшоў па старых, каб пасля Зміцёр, Логвін і іншыя ўпраўляліся ўжо без яго. Ён хацеў памыцца, пагаварыць з маці і потым ехаць у сухадольскую зборню. Майка паведаміла, што браты і Наталя сёння гасцююць у Клейнаў, бацька астаўся дома, і яна будзе ў зборні толькі з маці, а магчыма — і адна.
Алесь сумаваў без яе. І таму спяшаўся, хацеў сёння рашуча пагаварыць з Міхалінай і неяк рассекчы нерат, у якім яны так даўно блыталіся.
Дуб быў ацяжэлы ўжо, але ўсё яшчэ магутны і грузлаваты дзікун. Касіў крывавым вокам і палохаў, задзіраў верхнюю губу, паказваючы зубы.
Алесь якраз частаваў Дуба падсоленым жытнім сухаром, калі за сцяной, на праварыне, прагучаў і рэзка абарваўся шалёны пошчак капытоў.
Дуб сваволіў і не хацеў браць. Устрывожаны Алесь кінуў яго і пайшоў быў да выхада, але ў гэты момант у стайню ўварваўся чырвоны ад ветру і хвалявання Паўлюк Кагут.
Сэрца Алеся ўпала.
— Што? — спытаў ён.
Паўлюк хапаў ротам паветра, нібы бег ён, а не конь. Нарэшце вымавіў:
— Раўбіча пайшлі граміць!..
— Хто?!
— Людзі Корчака.
— Ты што, здурэў?
— Але… Але… Забіваць будуць.
— Ды няма яго за што!
Паўлюк не мог ведаць аб размове ў чаўнах, калі Кандрат, пакутуючы за дзядзькаванага брата, навёў людзей людзей Корчака на Раўбічаў маёнтак. Ён ні аб чым не здагадваўся. Нават аб вялікім плане нападу, што песціў у душы былы півошчынскі мужык. Але ён, пястун Янькі і адзіны, з якім яна была да канца шчырая, дазнаўся ад яе, што ў "нашага Алеські з Раўбічавай паненкай зноў, здаецца, ладзіцца справа…"
Ні Кандрат, ні Андрэй нічога аб патаемным міры між Алесем і Міхалінай не ведалі.
А здарылася так. Корчаку вельмі была патрэбна зброя. І яму, як і прадбачыў бялявы Іван Лапата, ніяк не ўдавалася ўзняць вялікую колькасць людзей. Чуткі аб блізкай волі прымушалі кожнага чакаць як мыш пад венікам. Не варта было ламаць шыю, калі ўсё адно вось-вось зваліцца прыгон.
Корчак здавольваўся ўсе гэтыя гады рабункам паштовых карэт, пагрозлівымі знакамі (чалавек у масцы, стрэльба і труна) на бяросце, якія клалі на ганак арандатарам-пасрэднікам, ды зрэдку стрэлам у падатковага чыноўніка (аднаго падранілі, астатнія абышліся лёгкім перапудам).
Большасць мужыкоў ад яго пайшла ў двары, былі дома, хоць і памагалі — "на ўсякі выпадак, а можа, спатрэбіцца". З чатырма дзесяткамі верных людзей ён адседжваўся ў пушчах.