— Ч-чорт!
Мужык, які толькі што адкінуў убок непатрэбны стары меч, раптам крыкнуў:
— Корчак! Пабойся бога. Што ж ты робіш, кацюга? Чаго Юстына падбіваеш? Ты ж ведаеш, ён галавою скрушны…
Нізкалобы Юстын непаразумела глядзеў на іх, трасучы рукою ў паветры.
— Змоўч! — сказаў Корчак. — Змоўч, Брона.
— Я пайду ад цябе, — спакойна сказаў Брона. — Я не кат. І ўсе мы, з Кроераўшчыны, не каты. Адна ў нас душа. А ты — як вурдалак прагны. Дачакаешся срэбнай кулі ды асінавага кала.
Белыя вейкі мужыка дрыжалі, але казаў ён з запалам, смела.
— Не будзе табе такое поспеху. Таксама і ў яго — гонар.
Корчак трохі засмуціўся:
— То што, можа, ужо васпан прапануе што?
— Забі, а не здзекуйся… Ды ён сам скажа… Скажы, пане, не губі душы.
Раўбіч глядзеў ў яго светлыя вочы:
— Ідзі, хлопча Брона, у мой пакой, трэці ад залы. Яны не знайшлі…
— Ну во, — узрадаваўся Брона. — А вы, сыраядцы…
— …а там, за шторай, вісіць мой штуцэр. Для цябе ўжо адну стрэльбу знайду. Трымай на памяць…
— А ім не скажаш? — спытаў Брона.
— Ім не скажу, — проста кінуў Раўбіч. — Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. — І, памаўчаўшы, сказаў: — Дабівайце, ці што.
Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай.
— Т-так, — сказаў Корчак. — І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?
— Але.
— Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.
— Не трэба яму тваёй падзякі, — спакойна сказаў Брона. — Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.
Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.
— Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.
— Я не баюся.
Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.
— Ух-х, які, — усміхаўся ён. — Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…
Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.
— Ну, дзякуй… Ты — нічога!.. Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, — спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: — Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?
— Я разумею, — проста сказаў Раўбіч.
— Вядзіце коней, хлопцы, — сказаў Корчак. — Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. — І усміхнуўся: — Мо і для мяне нешта знойдзеш?
Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.
— Ды я жартую, — сказаў Корчак.
Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.
Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.
— Маліся, — сказаў Корчак.
Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.
Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.
— " Воіны бога прыйшлі па мяне", — спакойна чытаў Раўбіч.
Корчак адышоў да коней.
— "Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі — і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі — і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў…
…Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны".
Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…
— "Як чорны агонь былi вочы iх: Як сухая трава ў агнi былi валасы iх: Як вежы ў пажар былi крылы iх: Як расплаўненая сталь былi мячы iх.
…І разверзлася неба — і пажар быў за спінамі іх.
Але не трапятала душа мая".
Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.
— Што такое? — спытаў Корчак.
— Вялікі атрад, — сказаў нехта.
— Войска, — мармытнуў Юстын. — Наўцёкі, хлопцы!
— Ці-ха! — сказаў Корчак.
Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.
— І праўда до, — сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. — Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.
Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.
Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.
— "Бо не баяўся я смерці дзяцей — ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…"
Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.
Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.
…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома — у іх білі сякерамі, — зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.
Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.
І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер — коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.
Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.
— Пан Яраш! Пан Яраш!
…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.
— Нічога, — рэзка сказаў ён. — Дзе салдаты?
— Якія салдаты? Я адзін.
У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.
— Няўдача, — сказаў Корчак. — Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.
Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:
— Нічога. Аднаго такі каюкнулі.
Брона паціснуў плячыма.
— Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.
— Ты што?
— Часу не было. Калі я ўдарыў яго — мне здалося… корд напаткаў жалеза.
— Бран-за-лет, — пахаладзеў Корчак.
Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.
"Воіны бога прыйшлі па мяне".
Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.
Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.
— А салдаты?
— Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі.
Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя.
"Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат".
І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба.
Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з'явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму "помсціў пагардай". Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца?
— Уставайце. Яны не паранілі вас?
Яраш нечакана лёгка ўзняўся, пачаў быў абабіваць бруд з жывата і каленяў і ледзь не застагнаў. Прыніжэнне шматавала яго. "Адзін… Адзін… Божа мой, ратуй мяне ад ганьбы… Ратуй мяне ад гэтага ўратавання".
Каб Алесь сказаў тое, што хацеў сказаць: "Хутчэй, пан Яраш, могуць вярнуцца, а нас двое", — усё, магчыма, абышлося б. Раўбіч убачыў бы ў ягоным учынку простую смеласць, жаданне памагчы бацьку дзяўчыны, якую кахаў.