Дабрадушны рогат.
Рагочуць. У дурня i песня дурная.
Яўхiм. Чаго гэта мы - дурнi?
Заруба. А то разумныя?.. Сядзеў я на вас задам, а сячэце вы мне чамусьцi галаву.
Галасы. Га-га-га, го-го-го, гык-гык-гык!
I тут разрагатаўся ўжо i Яўхiм. Рагоча, кiнуўшы сякеру.
Чортаў Бацька. Кастусь, га, Кастусь! Ну што з iм, чортам, рабiць?
Кастусь. Ды ён жа, па ўсiм вiдаць, не можа быць жорсткi...
Яўхiм. Не.
Кастусь. Астатнiх як хочаце. А гэтага... гэтага я ў атрад узяў бы. Ма-лай-чы-на! Нашага духу чалавек! Смехам вiруе, як кацёл... Ну што, громакiпячая бочка, пайшоў бы з намi?
Заруба. Ты - смелы. Сабой прыемны. Але якога гэта я д'ябла бяспятага з вамi пайду?
Кастусь. А таму, што ты смяешся. Нават сярод пакут ... Ты - месца апошняга ўспакаення курэй, гарэлкi i бульбы. Таму што любiш Беларусь.
Заруба. А вы за што?
Кастусь. За тое, каб паўсюль смяялiся i жартавалi.
Заруба. Недзе хiба не жартуюць?
Кастусь. На троне не жартуюць. Трон, цi ведаеш, неяк не хiлiць да нястрымнай весялосцi.
Заруба. Дык вы вось куды?.. Ф'ю-ю...
Кастусь. Што, страшна?
Заруба. Ды не... (Паважна.) Што ж... (Падае Кастусю руку.) Дав-вай пасмяёмся.
Рогат.
Чортаў Бацька. Што, брат Заруба, трошачкi... таго... перапалохаўся?
Арсень. А тут яшчэ той Яўхiм... Злез з печкi. Узрадаваўся.
Чортаў Бацька. Ён у нас такі. З'есць бульбы такую патэльню, што сучка мая не пераскочыць, а потым... сядзiць на печы, а б'е, як з горада.
Магутны рогат пакацiўся натоўпам.
Яўхiм. Ото ж болэйбус.
Гарэлiха. От дзе ж бо ўжо-ткi хiба такі!
Гоман. Цяпер убаку Арсень, Каралiна, Кастусь.
Кастусь. Збiрайцеся. I ты, Арсень?.. Не хапае там людзей.
Арсень. I я.
Чортаў Бацька (зусiм нечакана).I я.
Кастусь. Чаго?
Чортаў Бацька. Мне губляць няма чаго... Анi вабраза памалiцца, анi вяроўкi задушыцца.
Кастусь. З намi пойдзеш, то што ўжо што, а вяроўку дадуць.
Чортаў Бацька. I тое набытак... Дыхаць, праўда, нельга, але затое вiдаць далёка...
Кастусь абняў старога. I тут на грэблю вырываецца мужык.
Мужык. Яў-хi-iм!.. Тры роты салдат iдуць... Толькi што Вавёрыцы i Пнюхi спалiлi... На нас iдуць. Пустыню робяць... Палкоўнiк Цаплiн iдзе...
Страшная паўза. Потым Кастусь узнiмае рукi.
Кастусь. Карнiкi iдуць. Без вашай вiны - проста страшаць народ. I справа зараз не ў спрэчках. Зараз справа iдзе аб тым, што ў вас хаты спаляць... (Вельмi цiха.) Мы не спяшалiся. Не дапамагаеце цяпер - потым зразу мееце, дапаможаце. Але тут... Але сёння... Драпежны звер iдзе. Без сэрца, без розуму, без сумлення. Ён разбiрацца не будзе... Не нас шкадуйце. Пашкадуйце свае хаты, пашкадуйце дзяцей... Спрэчкi потым дагаворым.
Мужыкi стаяць, не рухаючыся з месца.
Д-добра... Вастравух - за сваiмi людзьмi!
Караліна. Iх добра ля Сцюдзёнага Яра абкласцi... Вастравух - коннiкаў ля выхаду з яго. У гаi...
Кастусь. Паляўнiчых - на хвоi. Са штуцэрамi... Да вёсак - не дапусцiць...Хадзем.
Iдуць. У маўчаннi, у цiшынi - тупат ног.
Яўхiм. Хлопцы, у вiлы!!!
Карцiна другая
Залпы. Далёкія залпы. Бязладнае з аднаго боку і магутнае з другога гучыць “Ура!”. Поле бітвы, над якім пасмамі плыве парахавы дым. Ляжаць трупы паўстанцаў, мужыкоў, салдат. Далёкае гігатанне параненага каня. Кінутая зброя. Дым... Праз сцэну, ратуючыся, прабягаюць некалькі салдат . За імі 3аруба з двума пісталетамі ў руках.
3аруба. Святы Юры і Белая Русь!.. Стой, кажу, званіцу святога Яна вам у пашчы! Стой!
Страляе. Знікае следам за салдатамі... Дым, дым над полем. Здалёк гучыць “Ура!”. Між трупамі, напалову сагнуўшыся, прабіраецца палкоўнік Цаплін.
Цаплін. Чорт... Чорт... Ах, чорт бы іх падраў... Чорт... Апамятацца не паспелі... Чорт.
Ён сядае і пачынае ліхаманкава сцягваць з сябе палявую афіцэрскую кашулю. Ціхі жаласны стогн. Цаплін насцеражыўся. Адна з нерухомых фігур прыўзнялася на рукі і, бяссіла перакаціўшыся, упала на спіну.
Салдат (стогне). Брат! Брат! Дапамажы!
I, нібы ў адказ яму, аднекуль чуваць: “Братка! Братка! Ратуй!” Некаторы час, з інтэрваламі, ідзе нібы пераклічка стогнаў: “Брат! – Братка!” “Брат! – Братка!” Цаплін, нібы падумаўшы нешта, ідзе да салдата.
Пан палкоўнік?.. Вы?
Цаплін. Я... я... Дай здыму кашулю. Пагляджу, што і як.
Салдат. О-о, смертухна... Ратуй... Ты вёў – ты ратуй цяпер, калі ласка.
Цаплін здымае з салдат а кашулю. На сарочцы кроў.
О-о... Дзякуйце за дабрыню, ваша...
Цаплін. Кажы “ты”... Мы – салдаты... Адкуль?
Салдат. Казанскія мы... Мужыкі...
Цаплін. І я казанскі...
Салдат (задыхаючыся). Ваша высакароддзе... Няправедная гэта справа... Няправедная... Мужыкі, як нашы... Піць-есць хочуць... Гадаваць бы галодных, а мы страляем...
Цаплін, не звяртаючы ўвагі, нацягвае на сябе салдацкую кашулю. Сваю кідае побач з паміраючым. Салдат заўважае гэта.
Брат! Брат!
Цаплін ударае салдат а нагой.
Цаплін. Маўчы, чарналапатны.
Салдат траціць прытомнасць. Цаплін зусім быў сабраўся бегчы, але тут на поле рынуў узброены натоўп мужыкоў і інсургентаў. Сярод іх усе людзі з мінулай карціны.
Заруба. Стой! Стой, салдат, зарад карцечы і палікандзіла табе...
Цаплін падымае рукі. Мужыкі заўважаюць ля параненага палкоўніцкую кашулю.
Галасы. Палкоўнік! Падмануць, пераапрануцца хацеў! Кат! Віламі яго!
Кастусь. Не смець параненых! Стой! (Да Цапліна.) Хто такі?
Цаплін. Салдат ... Крутаў Сідар... Цвярскія мы...
Кастусь. Што ж ты, салдат ? Хіба гэта салдацкая слава, хаты паліць?..
Цаплін. З-загадана нам... Шпіцрутэны зноў жа... Дахаты б... Конь зноў жа...
Арсень. Пусціце яго, мужыкі...
Вастравух. Каго? Яго? А можа, гэта ён паходню пад страху першы ткнуў?
Яўхім (змрочна). Мужык ён. Няма чаго нам з ім дзяліць.
Яўхіміха. Простыя людзі... Томна і ім...
Арсень. Няхай гэты ідзе. Досыць крыві. Няхай раскажа, што робім з тымі, хто прыносіць вялікі агонь.
Паранены захрыпеў і падняў галаву. 3 хвіліну глядзіць Цапліну ў вочы.