Вітаўт (сам сабе, вельмі змрочна). Банапарт нядрэннае прозвішча... Пугачоў.
Чортаў Бацька. Відны...
Арсень. Нешчаслівае для нашага брата прозвішча... Гм... Не, там людзі дрэнныя, поскудзь дробная, а не людзі... Спасаіконапрэабражэнскі? Пузам для такога прозвішча не выйшаў... А што, калі тваё, Пархвен, прозвішча? Ды не, які ён Бабаед... Унь бабы яго, гаротнага, поедам ядуць,.. Ага, ад лацінскага “віта” – жыццё... Шчаслівае прозвішча – Ві-т а-жэ-нец.
Яневіч. А жыць яму, святому дурню, у святым месцы. У Свентаянскіх мурах.
Чортаў Бацька. Праўдачка. Да Мурашоўскага палаца адтуль – д-даплюнуць можна. Хто стане шукаць?
Кастусь (да Марыі). Але я не ўводзіў вас у зман.
Марыя. Але я кахаю.
Кастусь (мякка). Мне шкада, Марыя. Вельмі шкада.
Паўза.
Але я не магу быць побач. Не думайце, што прычына таму – вы. Проста мы ўсе тут – жаніхі радзімы, свабоды... Калі гэта цябе супакоіць – супакойся.
Караліна апускае галаву.
Калі можаш дараваць – даруй.
Караліна. Досыць... Не трэба слоў... Яна ж – ну проста... (Робіць жэст адчаю.) Маўчы. (Бярэ Марыю за плечы, адводзіць.)
Марыя. Ты таксама кахаеш... (Дапытліва глядзіць на Караліну.) Нічога. Я цябе не баюся. Я баюся – той... Бывай, Кастусь.
Кастусь. Бывай.
Марыя (ціха). Да сустрэчы... як прыйдзе “свабода”. (Горка.) Не думала, што буду яе чакаць.
Чортаў Бацька. Чакай, дзетухна, чакай светлую нашу.
Пайшла Марыя.
Караліна (ціха). Нясцерпна ёй.
Яневіч. Ты ўжо маўчы!.. Ты ўжо маўчы!.. Як аперазаю, не гледзячы.
Арсень бярэ стары пашпарт Кастуся, паліць на запалках. Падае яму новы.
Арсень. Усё. Вітаю з хрышчэннем, пан Вітажэнец, прыватны настаўнік.
Марцявічус. Пан настаўнік, пан настаўнік, у вас бяда!
Кастусь (змрочна). Што?! Кабан здох?
Марцявічус. Горш... інспектар прыехаў.
Усе засмяяліся, не вельмі весела.
Вітаўт (голасна). Жарцікі... А ты на полі страчаных быў, а-т а-ман?
Арсень. А ты лічыў, гінуць са сцягам? Так і гінуць.
Вітаўт. Ты быў, што жартуеш?
Яневіч. Змоўч, псіх... Выгляд твой пахмуры – свята светлае побач з ягонымі... жартамі, імяніны сэрца...
Кастусь. Не трэба яго крыўдзіць... Вітаўт, я ж не таму сказаў табе папрок, што ў мяне дрэнны характар, што я дрэнна стаўлюся да цябе. Проста, нават калі справа ідзе аб жыцці аднаго з нас – на канспіратыўную кватэру нельга весці старонніх. Ты гэта – запомні.
Вітаўт. Яна ж твая кватэрная гаспадыня. Ты ж з ёю ды са мною аб зорах гаварыў.
Кастусь. Зоры – справа іншая. На іх яшчэ мураўёўскія сышчыкі не паспелі залезці.
Вітаўт. Я ж думаў, у яе толькі справа. Я ж не ведаў, што яна яшчэ і куры з табой строіць.
Кастусь. Не буду я з табой біцца, Вітаўт мілы.
Вітаўт (непрытомна). Ух-х, да чаго ж цябе пашанцаванне любіць!
Кастусь. Скончу, значыць, дрэнна.
Чортаў Бацька. Тых бунт аўшчыкоў, якім шанцуе, улады асабліва не любяць.
Вітаўт (у ціхай раз’юшанасці).I ваявода ты, і трасца, і хвароба,.. I паэт ... “I акадэмік, і герой...”
Кастусь. Разнастайны чалавек... I цесля... Калок аднойчы зачасаў. I скончылася – страшна. Хіба што не мараплаўца... Вітаўт , што з табой?
Вітаўт. Мараплаўца... I каламутнае яно, тое мора, у якім плаваеш. Плывец ты – нічога. Толькі замест залатога ветразя ў цябе – ануча. Чужым зрабіў нам мора. Не ведаю, з якой прычыны. Са славалюбства?
Кастусь. Я не адмірал. Я грабу дзень і ноч, ратуючы карабель. У мяне ад напругі – кроў з-пад пазногцяў. Ты гэтага хочаш?
Вітаўт. Адмірал... хамаў...
Кастусь. За сябе я не крыўдую... хаця я любіў цябе... (Грозна.) Але гэтага, але людзей, братоў маіх, – ты мне не чапай... Мы за гэта закапанымі заплацілі... Іх... жывымі... а ты мне тут... тэарэтычныя антраша вырабляеш, зміеў шып папалам з істэрыкай.
Доўгая паўза.
Досыць аб гэтым.
Вітаўт. Не, не досыць... Ты чаму мяне да вялікай справы не дапускаеш?! Чаму?
Кастусь. Ты ўдзельнічаў. У многіх.
Вітаўт. Ах, справы... Тэрарыст , экспрапрыят ар, трасца, хвароба... А мне змыць, змыць з сябе трэба...
Кастусь (пасля п аўзы). Добра... Караліна не паедзе на Міншчыну...
Караліна. А хто?
Кастусь. Ён...
Вітаўт. Туды? Дзе развал?
Кастусь. Больш цяжкай працы няма... Не ўпэўнены – не едзь.
Вітаўт. Вось... Вось яе... Толькі яе...
Кастусь. I ўлічы, там сапраўды цяжка.
Вітаўт. Зробім... Не ўсё ж ты ды другія... Мы таксама не шапкай боршч ямо, не ў нерат узімку хутаемся, не нагою нос выбіваем...
Паўза.
Кастусь. Едзь. Марыш аб славе? Законна для тваіх год. Хочаш небяспекі? Таксама. Працаваць хочаш? Працуй. Вось табе Міншчына. Рабі там што хочаш. Але каб праз месяц быў стальны парадак. Не зробіш – адкажаш. Будзем ведаць: крыкі твае – шчанюкоў віск. Зробіш – вось табе твая слава і памяць у пакаленнях.
I тут раптам устае пані Юзэфа.
Яневіч. Не! Агойтайся, Кастусь! Нельга!
Кастусь. Чаму?
Яневіч. Панства яго! Сённяшняя яго выхадка...
Кастусь. Ён заўсёды быў смелы...I ён зразумее сваю няслушнасць. Усім нам іншай дарогі няма: або перамога, або пятля... Мяне ён не абразіць, Юзэфа. I потым, ён хлопец з хворым сумленнем, яму сапраўды трэба верыць у сябе...
Яневіч. Нішто сабе гусь! Ну і ну! Яму дзевятнадцаць, табе – дваццаць пяць, а ты за яго не разумнейшы...
Кастусь. Чаго гэта я гусь, цётка Юзэфа?
Яневіч. А тое... Не любоў галоўнае ў ім. Зайздрасць!
Кастусь. Рэўнасць, цётка... Рэўнасць да кат аржнай працы... Хай працуе.
Я н е в і ч. Не вер!
Кастусь. Ён – чалавек. Я не магу не верыць чалавеку.
Паўза.
(Кастусь паказвае на чамаданы.) Бяры. Чакай на кватэры інструкцый.
Вітаўт. Дзякуй... Кастусь.
Пайшоў Вітаўт.
Арсень. Позна ўжо. Нам – час.
Яневіч. Ідзіце... Я вас – выведу.
Усе пайшлі. Толькі Караліна трохі затрымалася.
Караліна. Ты добра падумаў?
Кастусь. Трэба рат аваць чалавека... Як яно радзее, кола сяброў... Але гэтага я адчаю і злосці – не дам.
Караліна збіраецца ісці.
Скажы мне, сланечнік... Ты мне з самага таго дня не гаварыла.
Караліна. Што?
Кастусь. Ты ведаеш, што...
I тады Караліна традыцыйным жэстам прыкладае кулачок сагнутай левай рукі да сэрца.
Караліна. Люблю... Беларусь.
Кастусь. То ўзаемна... узаемна.
Карцiна дзясятая