Па пажарах дымных
Нясе... Нясе...
З’яўляецца жабрачка-плакальшчыца ў распатланай чорнай вопратцы. З ёй нямы Ян, хлопчык год чатырнаццаці, ва ўсім белым. У яго дзіўнай тонкасці прыгажосць... Ён торгае жанчыну за прыпол.
Плакальшчыца. Скора, дзетка, скора нашы Бахарэвічы. Горачка маё нямое. Ніхто цябе не разумее. Адна я.
Булькоча, звініць з перападамі крынічка.
Блякочаш нешта, як тая крынічка, а людзі сабе ідуць...
Ян. Мм-м...
Плакальшчыца. Ну, прысядзем.
Сядаюць.
Я з-за цябе на ўсіх, хто адвеку маўчыць, як на знямелых, глядзець стала. Нібы ўсё ведаюць, а не могуць сказаць. Камень. А раптам і ён? Сабака пярхае “пхла, пхла” – ясна, на блох скардзіцца.
Ян дзікавата засмяяўся.
Другі раз ты смяешся з таго самага часу.
Зазвінела крынічка.
Што табе, маленькая крынічка?
Звон.
Ведаць хочаш? Пра хлопчыка? I ведаць няма чаго. Жабравалі. Залез дурнічка ў магнацкі сад. Залатога яблычка захацелася. А там на яго хортых спусцілі: цюга яго! Цюга! I хто з іх за гэта спытае?
Мыкае Ян.
Правільна. Сабакі. Страшныя сабакі. З перапуду завязала яму язык. Так шэсць год ходзім. Цяпер вось дамоў.
Мяккі звон. Жабрачка ўстае.
Ну добра, добра, крынічка. Ты заставайся, мы пойдзем.
Ідуць. Жужжаць струны ліры.
За ўсіх бедных людзей
Па палёх яна ідзе...
Ідзе...
Ідзе...
Знікаюць. Уздымаецца заслона.
Бахарэвічы. Густы сад пры хаце Яўхіма. Апошнія дні жніўня. Пад дрэвамі, на лавах, проста на зямлі сядзяць людзі. Тут Кастусь, які гладзіць па галаве нямога Яна, Яўхім з жонкай, Гарэліха, Марцявічус, Чортаў Бацька, Арсень, Вастравух, Заруба, Караліна ў сялянскім адзенні. Трохі ўбаку – Чорная плакальшчыца. Вочы людзей глядзяць на адну постаць, наводшыбе ад усіх. Гэта Цаплін.
Арсень. Імем нашага народа я, старшынствуючы Арсень Станевіч, абвінавачваю палкоўніка царскай арміі Цапліна ў незлічоных ліхадзействах, якія ён чыніў тут і на магілёўскай зямлі, як супраць мірнага народа, так і супраць людзей, якія законна паўсталі за сваю волю, веру, бацькаўшчыну.
Вастравух. То праўда.
Арсень. Мы выкралі яго і прывезлі сюды, каб людзі наваколля ўбачылі самі, хто ім вораг... Цаплін, устань, адказвай.
Цаплін (з гонарам). Не ваша справа мяне судзіць, бандыты. Я сумленна выконваў загады майго цара.
Яўхім (уздымаецца). Цара?!
Яўхіміха. Нясе немаведама што.
Гарэліха. Цыганская твая праўда, пане. Мілуе цар, ды не мілуе псар.
Цаплін (Арсеню). Мне здаецца, вы адукаваны чалавек. Скажыце гэтым тубыльцам, што калі рука ўздымае палаш, то абавязкова павінна быць галава, якая загадала ёй зрабіць гэта.
Заруба. Ясна. А мы ж вам казалі...
Крык. Арсень ударае малатком па стале. Цішыня.
Арсень. Яны паўсюль такія. Слугі аднаго пана... У чым вінаваціць гэтых слуг тваё наваколле, Яўхім?
Яўхім. Яны не далі нам зямлю. Калі народ пачаў шумець – чатыры вёскі выселілі ў Сібір ды ў Туркестан, у пустэчу. З немаўлятамі. Сэрца наша ад крыўды запяклося крывёй.
Яўхіміха. Вінавачу ў пажары Ганова.
Гарэліха. Дзетачак шкада. На гнаішчы ляжалі...
Арсень. Ты, Вастравух.
Вастравух. Тапілі паўстанцаў у балотах. Вешалі за ногі.
Плакальшчыца. Грушы бачыла... Грушы на вербах... Доўгія... На вяроўках... Гайдаюцца...
Арсень. Ты, Заруба.
Заруба. Ды халера на іх. Усё б нічога, але нашто яны нас абылгалі перад народам. Мы, бачыце, прыгон вярнуць хацелі.
Арсень. Ты, Пархвен Бабаед па мянушцы Чортаў Бацька.
Чортаў Бацька. Язык яшчэ мазаліць аб падла тое... Спытайце замест мяне лукішскія шыбеніцы. Колькі соцень людзей яны зжэрлі.
Арсень. Ты, Караліна.
Караліна. Што я магу сказаць? Зямля плача.
Плакальшчыца.
Нівы патаптаныя,
Дрэвы пассяканыя.
Гнёзды раскатаныя,
Свінец... Свінец...
А дзеці без хлеба,
А пажары – у неба,
Шыбеніцы ў неба.
Канец...
Канец...
Арсень. Ты слухаеш, Цаплін?
Цаплін (з гонарам). Я паўтараю. Ваша быдла яшчэ мала вучылі.
Паўза.
Арсень. Устань... Кажы...
Устае Марцявічус, на якога страшна глядзець.
Марцявічус. Я вінавачу яго ад імя магілёўскай зямлі. На ёй цяпер сапраўды адны магілы. На дне Дняпра, безыменныя, ляжаць браты... Усё...
Кастусь. Ён вам, палкоўнік, нічога не сказаў пра свайго бацьку, якога вы павесілі...
Арсень (да нямога Яна). Гавары.
Кастусь. Я скажу... За яго...
Паўза.
(Устае і кладзе руку на галаву Яна.) Я нямы, як мая зямля і як народ яе... Як кожны, народжаны ў свет, я хацеў шчасця. Я хацеў плесці вянкі, біць нагамі ваду на мелкаводдзі, вучыць літары ў школе, спяваць песні, араць нівы, пакрыкваць на коней. Хацеў абгаворваць з жонкай, ці не пара касіць. Хацеў благаславіць перад канчынай дзяцей на сваёй мове.
Ян хоча сказаць нешта.
Адна раніца адняла ў мяне ўсё гэта. Яблыка свяцілася над агароджай, як маленькае сонца. Я пацягнуўся за ім, забыўшыся, што сонца таксама не для мяне... Я ўцякаў, адчуваючы спіною гарачае дыханне сабак. Я хацеў крыкнуць – крыку не было...
Ян мыкае, хітаючы галавой.
Я нямы, як мая зямля і як народ яе... I калі за мяне хацелі ўступіцца – з’явіліся людзі ў мундзірах і пачалі страляць...
Цаплін. Досыць! Даволі ўжо! Даволі!
Нямы цалуе руку Кастуся. Кастусь адказвае пацалункам ў галаву.
Кастусь. Ты як мой сын. I для цябе я клянуся: ніколі ў жыцці ў мяне не будзе іншых сыноў, акрамя такіх, як ты. Я чалавек, я люблю, але пакуль я за адзін твой язык не вырву языкоў ва ўсіх тых, што цкуюць людзей сабакамі, – да таго часу я не буду ведаць ні сну, ні спакою, ні любові.
Уздымае нямога. Паўза.
Арсень. Што хочаце сказаць?
Цаплін (глуха). Я нічога не хачу сказаць.
У цішыні Арсень кладзе на стол пісталет . Марцявічус бярэ яго.
Марцявічус. Ідзі.
Выходзіць следам за палкоўнікам. Паўза. I тут з-за хаты выбягае задыханы хлопчык.
Xлопчык. Дзядзька Яўхім! Салдаты з Ганова! Абходам!
Яўхім. Дзе?
Xлопчык. У вёску заходзяць! З капітанам.
Яўхім. У яшчура загуляліся, вартаўнікі!