Ад зморанасці перад вачыма ў яго плавалі нейкія цьмяныя блікі святла. Раптам ён міжвольна прыпыніўся і стаў узірацца ў паверхню цёмнае дзюны. Тут нічога ўжо не паправіш: усё, што рухалася, здавалася яму шпанскаю мушкаю.
Дзед, як і абяцаў, чакаў яго каля праўлення арцелі.
— Даруйце мне...
— Ды што вы. Абы вам спадабалася...
У праўленні, мабыць, пра нешта раіліся. Чацвёра ці пяцёра мужчын сядзелі кругам, чуцён быў смех. Над ганкам вісела вялікае палотнішча з надпісам: «Будзь верны духу любові да радзімы». Дзед буркнуў нешта — і смех адразу сціх. Быццам нехаця ён пайшоў наперад, мужчына — за ім. Укрытая ракавінкамі дарога ярка бялела ў густым змроку.
Нарэшце падышлі да аднае ямы каля самага грэбеня дзюны. Тут вёска канчалася.
Яны павярнулі направа, на вузкую сцежку, што збягала ад грэбеня дзюны ўніз, праз нейкі час дзед нырнуў у цемру, пляснуў далонямі і гукнуў:
— Гэй, бабуля, дзе ты?
Унізе, проста пад нагамі, у апраметнай цемры паявіўся ліхтар і пачулася:
— Тут, я тут... Лескі каля мяшкоў.
Праўда, гэтага абрыву без лесак не адолееш. Тры хаты, як тая ўнізе, можна, напэўна, паставіць адну на адну. Нават з лескамі нялёгка туды дабрацца. Схіл амаль стромы, а днём жа, ён добра помніць, здаваўся зусім пакатым. Лескі ненадзейныя, звязаны з розных вяровак, і, калі страціць раўнавагу, яны заблытаюцца дзе-небудзь пасярэдзіне. Усё роўна што жыць у натуральнай крэпасці.
— Ні пра што не трывожцеся, адпачывайце...
Дзед не спускаўся ўніз, пастаяў крыху і пайшоў.
Мужчына з ног да галавы быў абсыпаны пяском, і яму раптам здалося, што ён вярнуўся ў сваё дзяцінства. Жанчыну, якая сустрэла яго з ліхтаром, назвалі бабуляю, і ён ужо паспеў уявіць старую кабету, але перад ім стаяла прыемная маладзіца, невысокага росту, гадоў трыццаць якой. Яна, відаць, пудрылася, бо ў жанчыны, якая жыве каля мора, твар не можа быць такі белы. А ўвогуле, ён быў удзячны ёй за тое, што яна сустрэла яго прыветліва, са шчырай радасцю.
Між іншым, калі б не гасцінна сустрэлі, ён не змог бы прымусіць сябе пераступіць парог гэтай халупы. Ён, напэўна, адразу ўцёк бы, вырашыўшы, што яго ашукваюць. Сцены аблупіліся; замест фусума[1] віселі цыноўкі; падпоры, якія трымалі страху, перакасіліся; усе вокны забіты дошкамі; саламяныя маты, якімі быў высланы ток, спарахнелі і, калі на іх ступаеш, ляпалі, як мокрая губка. I яшчэ да ўсяго гэтага — нейкі агідны пах запечанага пяску.
Але ўсё залежыць ад настрою. Яго абяззброіла жаночая ветлівасць. Нічога, казаў ён сабе, такое здараецца раз у жыцці. А раптам пашанцуе і ўдасца напаткаць якое-небудзь цікавае насякомае. Ва ўсякім разе, у такіх мясцінах насякомыя жывуць і радуюцца.
Прадчуванне не падманула яго. Не паспеў ён сесці, дзе яму прапанавалі, каля агнішча, выкапанага проста на таку, як пачулася шастанне, быццам сыпануў дождж. Гэта былі плоймы блох. Ды гэтым яго не напалохаеш. Энтамолаг заўсёды падрыхтаваны да такіх нечаканасцей. Трэба толькі адзенне спадыспаду перасыпаць ДДТ, а непрыкрытыя мясціны на целе нацерці маззю ад насякомых.
— Я гатую паесці, дык вы пакуль... — жанчына нагнулася і ўзяла лямпу, — пацярпіце крышку без святла.
— А ў вас што, толькі адна лямпа?
— На жаль, адна...
Яна вінавата ўсміхнулася — на левай шчацэ паявілася ямачка. У яе вельмі прывабны твар, падумаў ён. Толькі выраз вачэй нейкі дзіўны. Гэта, можа, праз хваробу. Чырвані павекаў не магла прыхаваць нават пудра. Каб не забыцца перад сном закапаць у вочы каплі...
— А да яды мне хочацца выкупацца.
— Выкупацца?
— А што, нельга?
— Вельмі шкада, але давядзецца пачакаць да паслязаўтра.
— Да паслязаўтра? Дык жа паслязаўтра мяне ўжо тут не будзе, — зарагатаў ён.
— Няўжо?..
Жанчына адвярнулася, плечы ў яе задрыжалі. Напэўна, засмуцілася. Гэтыя вяскоўцы нават не спрабуюць прыкідвацца. Адчуваючы няёмкасць, ён сарамліва памыляў губамі.
— Ну, калі няма дзе выкупацца, дык добра будзе проста абліцца вадою. Бо я ўвесь у пяску...
— Вады, вы ўжо даруйце мне, асталося адно вядзерца... Да калодзежа вельмі ж далёка...
Нейкая яна прыгнечаная. Добра, нічога болей не буду казаць. А скора ён пераканаўся, што купанне тут не дае ніякай карысці.
Жанчына прынесла варанай рыбы і супу з малюскаў. Увогуле, яда марскога ўзбярэжжа, і гэта няблага. Як толькі ён узяўся за яду, яна распусціла над ім вялікі папяровы парасон.
— Навошта гэта? («Напэўна, нейкі тутэйшы звычай».)
— Каб пясок не пападаў у яду.
— Як? — Ён паглядзеў на столь і не ўбачыў там ні аднае шчыліны.
— Пясок, разумееце... — Жанчына таксама паглядзела на столь. — Ён ляціць адусюль... Дзень не памяцеш, і яго збіраецца на тры пальцы.
— Можа, страха прадралася?
— Ды не, калі яна зусім новая была, пясок усё роўна пападаў... I, папраўдзе, няма нічога страшнейшага за гэты пясок. Ён горшы за тачыльшчыка.
— За тачыльшчыка?
— Гэта такія жучкі, што точаць дрэва.
— Напэўна, тэрміты?
— He, такія, ведаеце, цвёрдзенькія.
— А-а, тады гэта жукі-дрывасекі.
— Дрывасекі?
— Чырванаватыя, з доўгімі вусамі. Яны?
— He, не, яны як рысавыя зярняткі і карычневага колеру.
— Вунь яно што. Дык гэта, напэўна, будзе радужны жук.
— Калі не сачыць, дык ён такую вось бэльку як бачыш згноіць.
— Хто, радужны жук?
— He, пясок.
— А як?
— Ён пранікае праз усё. А калі вецер дзьме з благога боку, пяску намятае на гарышча, і калі не зграбаць, яго набярэцца там гэтулькі, што не вытрымаюць дошкі на столі.
— Праўда, не гадзіцца, каб пясок збіраўся на гарышчы... Але ці не здаецца вам дзіўным гаварыць, што пясок можа згнаіць бэльку?
— Ніякага дзіва, ведама, згноіць.
— Але ж пясок якраз тым і адметны, што ён вельмі сухі.
— Усё роўна згноіць... Кажу вам, пастаўце новенькія гэта[2] і не змятайце пяску — праз паўмесяца ад іх нічога не астанецца.
— He разумею чаму.
— Дрэва гніе, а разам з ім гніе і пясок... Паспрабуйце адкапаць столь у хаце, якую засыпала пяском, — там будзе ўгноеная зямля, хоць агуркі сей.
— Лухта! — пагардліва паморшчыўся мужчына. Яму здалося, што яго ўяўленне пра пясок апаганьваецца яе невуцтвам. — Я ж і сам сёе-тое ведаю пра пясок... Бачыце, гэты самы пясок вось так і рухаецца круглы год... У руху яго жыццё... Ён нідзе не прыпыняецца — ні ў вадзе, ні ў паветры, — ён рухаецца сам па сабе... Вось чаму не ўсякая жывая істота можа сяліцца ў пяску... Гэта можна сказаць і пра бактэрыі, што выклікаюць гніенне... Пясок, калі хочаце, увасабленне чысціні, хутчэй ён можа папярэдзіць гніенне, і лічыць, што ён гноіць, проста недарэчна... А вы яшчэ кажаце, што ён сам гніе... Пачаць хоць бы з таго, што пясок зусім прыстойны мінерал.
Жанчына разгублена маўчала. Мужчына пад парасонам, які яна ўсё трымала над ім, спехам даядаў абед, не вымавіўшы болей ні слова. Парасон укрыўся тонкім слоем пяску, што на ім можна было пісаць пальцам.
Проста невыносная сырасць. Не, пясок не сыры, само цела набрынялае. Над страхою завываў вецер. Палез па цыгарэты — і ў кішэні поўна пяску. Яшчэ не закурыўшы, мужчына адчуў у роце тытунёвую гаркату.
Выму, напэўна, насякомых з бляшанкі з цыяністым каліем. Пакуль яны яшчэ не засохлі, накалю іх на шпількі і выпрастаю хоць лапкі. Чутно, як жанчына пад навесам мые посуд. Мабыць, болей тут ніхто не жыве.
Жанчына вярнулася і моўчкі стала слаць пасцель у кутку. Калі тут лягу я, дзе ж яна тады ўладкуецца нанач? Ну, ведама, у тым далейшым пакойчыку за цыноўкаю. Другіх як быццам няма. Але неяк дзіўна — пакласці госця ў прахадным пакоі, дзе дзверы на двор, а самой спаць у далейшым. А мо ляжыць там хто вельмі хворы і не можа ўставаць?.. Пэўна, гэтак і ёсць. Папраўдзе, сама натуральна было б думаць іменна гэтак. Наўрад ці будзе дагаджаць адзінокая жанчына першаму стрэчнаму прахожаму.
— Тут хто-небудзь яшчэ ёсць?..
— Хто-небудзь?..
— З сям’і...
— Нікога, я зусім адна. — Жанчына, здавалася, прачытала яго думкі і нечакана сарамліва засмяялася. — З-за гэтага пяску ўсё адсырэла, нават коўдра...