Гэта здарылася якраз у той час, калі ты з двума кубачкамі чаю ўвайшла ў пакой. Я нічога не сказаў, і ты, відаць, падумала, што я акунуўся ў музыку. Ты адразу ціхенька выйшла. Значыць, я звар’яцеў! I ўсё роўна я не мог паверыць у гэта... Няўжо знявечаны твар можа ўплываць на ўспрыманне музыкі?.. Колькі я ні ўслухоўваўся, уціхамірны Бах не вяртаўся, і мне не аставалася нічога другога, як думаць іменна гэтак. Устаўляючы цыгарэту ў шчыліну між бінту, я нервова пытаўся сам у сябе, ці не страціў я яшчэ чаго разам з тварам. Мая філасофія твару вымагала, здаецца, карэннага перагляду.
Потым, нібыта з-пад ног раптам выслізнула падлога часу, я акунуўся ва ўспаміны трыццацігадовай даўнасці. Выпадак, пра які я з таго часу ні разу не ўспамінаў, раптам ажыў, рэльефна, нібыта каляровая гравюра. Усё адбылося праз тыя накладныя валасы старэйшае сястры. Цяжка растлумачыць чаму, але гэтыя валасы здаваліся мне нечым невыказна непрыстойным, амаральным. Аднойчы я ціхенька ўкраў іх і ўкінуў у агонь. Але мама неяк дазналася пра гэта. Яна прыняла мой учынак вельмі блізка да сэрца і ўчыніла допыт. I хоць мне здавалася, што я зрабіў правільна, калі мяне пачалі дапытваць, я не ведаў, як лепей адказаць, і стаяў разгублены, чырвоны. Не, калі б я паспрабаваў, дык змог бы, безумоўна, адказаць. Але мне здавалася, што нават гаварыць пра гэта — брыдка, гідлівасць звязала мне язык... Ну і калі замяніць словы «накладныя валасы» словам «твар», дык стане зразумела, чаму невыноснае ўнутранае напружанне так супала з пустым гучаннем разбуранага Баха.
Калі я спыніў пласцінку і выбег з кабінета, быццам за мною гналіся, ты выцірала шклянкі, што стаялі на стале. Тое, што адбылося далей, было такім нечаканым выбухам, што цяпер не магу я ўзнавіць у памяці, як усё гэта здарылася. Сутыкнуўшыся з тваім процідзеяннем, я змог нарэшце цалкам зразумець, што значыць маё становішча. Праваю рукою я абхапіў цябе за плечы, а леваю паспрабаваў залезці пад спадніцу. Ты закрычала і раптам ускочыла. Крэсла адляцела ўбок, шклянка ўпала на падлогу і разбілася.
Ухапіўшыся за паваленае крэсла, мы, не дыхаючы, застылі адно проці аднаго. Мае дзеянні папраўдзе маглі здацца вельмі грубымі. Але я знаходзіў ім нейкае апраўданне. Гэта была адчайная спроба адным намаганнем вярнуць тое, што я пачаў траціць праз знявечаны твар. З таго ж часу, калі гэта здарылася, фізічнае блізкасці між намі не стала. Хоць тэарэтычна я прызнаваў, што твар мае падпарадкавальнае значэнне, але ўсё ж пазбягаў зірнуць сабе проста ў твар, абыходзіў гэта. Я быў загнаны ў куток, і ў мяне не аставалася другога выйсця, як кінуцца ў лабавую атаку. Відаць, сваім учынкам я хацеў даказаць, што бар’ер, пастаўлены паміж намі маім тварам, прывідны, што яго няма.
Але і гэтая спроба нічога не дала. Адчуванне твайго лона, быццам прыцярушанага алебастравым пылам, да гэтага часу паколвае варушлівымі агеньчыкамі ў кончыкі маіх пальцаў. У горле ў мяне, быццам пучок асцюкоў, засеў хрыплы крык. Я хацеў нешта сказаць. Мне хацелася многа чаго сказаць... Але я не мог вымавіць ні слова. Апраўданне?.. Шкадаванне?.. А можа, абвінавачанне? Трэба было выбраць нешта з гэтага, але зрабіць выбар я, здаецца, ужо не паспяваў. Чым апраўдвацца ці шкадаваць, дык лепей ужо выветрыцца, як дым. Калі б выбраў я абвінавачанне, дык я скрамсаў бы твой твар, і ты стала б на мяне падобная ці яшчэ страшнейшая. Раптам ты заплакала наўзрыд. Гэта быў жаласны, няўцешны плач, падобны на бурчанне паветра ў кране, з якога перастала цячы вада.
Раптам у мяне на твары правалілася глыбокая дзірка. Яна была такая глыбокая, што яе не запоўніла б нават усё маё цела. Аднекуль прасачылася вадкасць, падобная на гной з гнілога зуба, і забомкала кроплямі. Смурод, што суправаджаў гэты гук, разліўшыся па пакоі, падымаўся адусюль: з абшыўкі крэслаў, з адзежнае шафы, з ракавіны, з выцвілага, заседжанага мухамі абажура. Трэба было нешта рабіць — мне захацелася спыніць гэтую пародыю на гульню ў хованкі, у якой няма ад каго хавацца.
Адсюль быў толькі адзін крок да майго плана зрабіць маску. У тым, што паявілася такая ідэя, не было ніякага дзіва. Пустазеллю даволі лапіка зямлі і кроплі вільгаці. Не беручы блізка да сэрца, не надаючы гэтаму сур’ёзнага значэння, на другі дзень, як і планаваў, я стаў праглядаць загалоўкі ў ранейшых навуковых часопісах. Патрэбны мне артыкул пра штучныя органы з пластыку павінен быў быць недзе ў летніх нумарах за пазалеташні год. Напраўду, я хацеў зрабіць пластыкавую маску і прыкрыць ёю дзіркі на твары. Паводле аднае тэорыі, маска служыць не простым заменнікам, а выразнікам вельмі метафізічнага жадання змяніць сваё аблічча на нейкае другое, якое перавышала б сваё. Я таксама не мысліў катэгорыямі рубашкі і штаноў, якія можна мяняць, калі захочацца. Не ведаю, як зрабілі б старажытныя людзі, якія пакланяліся ідалам, ці хлопцы, у якіх пачынаецца пара полавай спеласці, я дык не збіраўся класці маску на алтар свайго другога жыцця. Колькі б ні было твараў, я павінен быў аставацца самім сабою. Маленькаю «камедыяй масак» я спрабаваў толькі запоўніць здоўжаны антракт у маім жыцці.
Мне без цяжкасці ўдалося знайсці патрэбны часопіс. Паводле літаратуры, можна зрабіць часткі цела, якія вонкава амаль не адрозніваюцца ад сапраўдных. Праўда, усё гэта стасавалася толькі да ўзнаўлення формы, што ж да рухомасці, дык тут аставалася яшчэ многа нявырашанага. Было б добра, каб маска, калі ўдасца яе зрабіць, валодала мімікаю. Мне б хацелася, каб маска магла свабодна расцягвацца і скарачацца ў плачы і смеху, адпаведна руху мускулаў твару, якія кіруюць мімікаю. I хоць цяперашні ўзровень высокамалекулярнае хіміі дае магчымасць дасягнуць гэтага, нашы веды ў галіне тэхналогіі крыху адстаюць. Але сама надзея на падобную магчымасць была мне ў той час выдатным сродкам, які збівае жару. Калі нельга лячыць зубы, не астаецца нічога другога, як піць лякарства, якое сцішае боль.
Найперш я вырашыў сустрэцца з К., аўтарам артыкула пра штучныя органы, і пагаварыць з ім. К. сам падышоў да тэлефона, ён быў непрыветлівы і гаварыў са мною без ніякае цікавасці. Можа, ён настроіўся супраць мяне — чалавека, які таксама зацікаўлены высокамалекулярнымі злучэннямі. Але ўсё ж абяцаў ахвяраваць мне гадзіну часу пасля чатырох.
Даручыўшы адказнаму за звышурочную работу прасачыць, каб усе апараты былі выключаны, і прагледзеўшы некалькі дакументаў, я хутка пайшоў. Вуліца зіхацела, быццам адпаліраваная, вецер разносіў пах аліваў. Гэта зіхатлівая вуліца, гэты пах выклікалі ў мяне вострае пачуццё зайздрасці. Пакуль я чакаў таксі, мне здалося, што з усіх бакоў на мяне вылупліваюць вочы, як на гвалтоўнага прышэльца. Але я трываў гэтае вельмі яркае сонечнае святло — усё гэта было толькі негатывам, у якім чорнае — белае, а белае — чорнае, і калі толькі ўдасца атрымаць маску, я адразу змагу ўзнавіць пазітыў.
Патрэбны мне дом стаяў на вуліцы, цесна забудаванай жылымі дамамі, недалёка ад станцыі кальцавое дарогі. Гэта быў звычайны, нічым не адметны дом, на якім вісела непрыкметная шыльдачка «Навукова-даследчы інстытут высокамалекулярнай хіміі К.». У двары каля варотаў абы-як стаялі тры клеткі з трусамі.
У цеснай прыёмнай стаялі толькі старая лава і попельніца на ножках, ляжала некалькі старых часопісаў. Я чамусьці пашкадаваў, што прыйшоў сюды. Інстытут — гучала важна, але наўрад ці было гэта тое месца, дзе трэба выбіраць доктара. Можа, К. звычайны шарлатан, які карыстаўся даверам сваіх пацыентаў. Павярнуўшы галаву, я ўбачыў на сцяне дзве фатаграфіі ў зашмальцаваных рамках. На адной — профіль жанчыны без падбародка, які нагадваў мызачку палявой мышы. На другой — той самы твар з усмешкаю, крышку прывабны, відаць, пасля пластычнае аперацыі.
Выявілася доўгая бяссонніца — нешта цяжкае сціснула пераносіцу, сядзець на цвёрдай лаве стала невыносна. Нарэшце ўвайшла сястра і завяла мяне ў суседні пакой. У ім, як малако, разлівалася святло, якое цадзілася праз жалюзі. На стале каля акна не відаць было шпрыцоў, затое наганяў страх цэлы рад нейкіх незнаёмых інструментаў. Каля стала стаялі шафа з гісторыямі хвароб і крэсла з падлакотнікамі, якое паварочвалася, напроці яго — такое самае крэсла пацыентаў. Воддаль — невысокая шырма ў металічнай раме і побач кабінка на колцах, дзе пераадзяюцца. Звычайнае абсталяванне доктаравага кабінета. Ад яго мне зрабілася маркотна.