Литмир - Электронная Библиотека

П. К. некалькі разоў прайшоў па тым месцы, на якім яго заспела спадарожнікава святло. Закінуўшы трос, залез на верх цыліндра. Дарэмна. Спадарожнік больш не падаваў прыкмет жыцця.

— Буду вяртацца,— сказаў П. К.

Мне здалося, што ён пабыў там вельмі мала, каб што знайсці. Але П. К. не пагадзіўся.

— Прылячу праз зямныя суткі. Дадзім час аўтаматам станцыі, калі яны ёсць, ацаніць сітуацыю.

У той дзень мы доўга даследавалі, праслухоўвалі запіс гукаў, што ўзніклі ў эфіры, давалі заданні ЭВМ, Вундэркінду, карацей кажучы, загрузілі ўсе наяўныя мазгі. Аднак да расшыфроўкі гукаў не наблізіліся ні на крок. Чаму я ўпэўнена напісаў расшыфроўкі? Пракідалася ў гуках, пачутых намі, сістэма, зладжанасць. Пачакаем яшчэ суткі!

14 лютага. Каб не зусім рэальныя здымкі і не надта пераканаўчыя запісы, якія ў нас засталіся, напэўна, цяпер, аддаліўшыся ад штучнага спадарожніка на мільёны кіламетраў, мы думалі б, што нам усё гэта прывідзілася...

Назаўтра, пасля першай вылазкі П. К. на іншапланетную станцыю, «Скакунок» зноў пакінуў «Набат». П. К. цяпер трымаўся больш упэўнена. Ён адразу прычаліў да таго месца, дзе яго знаходжанне выклікала пэўную рэакцыю ў механізмаў спадарожніка. Зноў успыхнула святло, яркае, блакітнае. Успыхнула на імгненне, быццам правяраючы, ці той гэта наведвальнік, што быў учора, і, задаволіўшыся, патухла. А ў наступным сектары бліснуў новы агеньчык, маленькі і асляпляльна-белы. П. К. няспешна (як хапіла вытрымкі!) накіраваўся да яго. I ён, і я думалі, што вось зараз адчыняцца якія-небудзь дзверы...

П. К. доўга прастаяў пад гэтым ліхтаром. Ні дзверы не адчыніліся, ні вокны. Гаспадары станцыі былі, падобна, надта недаверлівымі істотамі. А можа, мы нечага не зразумелі? Адчуваючы пякучую крыўду, П. К. апусціўся на насціл галерэі. Пазней ён казаў, што хацеў абдумаць, ці не паспрабаваць разрэзаць корпус станцыі і такім чынам зазірнуць унутр. Напэўна, ён гэтага не зрабіў бы, але і яго зразумець трэба — быць ад тайны на адлегласці выцягнутай рукі і пайсці ні з чым... I ў самы напружаны момант гаспадары быццам адчулі сваю віну. Глухі эфір ажыў. Перадача не магла быць адрасавана не нам, усё вельмі супадае. Цяжка словамі перадаць, што мы пачулі, бо, вядома, не родная мова гучала ў эфіры. На чужой хвалі, нейкім чынам выяўленай аўтаматамі карабля, мы чулі зусім пэўную перадачу, з перапынкамі, паўзамі. Хутчэй за ўсё гэта былі неймаверна сціснутыя сімвалы, потым мы праверым сваё меркаванне, пусціўшы запіс з меншай хуткасцю.

Перадача працягвалася роўна паўгадзіны. Калі яна скончылася, патух і агеньчык.

П. К. не пакідаў спадарожнік. Ды каго б гэта не ашаламіла? Але ён чакаў паўтору. I не памыліўся. Праз пятнаццаць хвілін агеньчык засвяціўся белай зорачкай. Мы запісалі новую перадачу знак у знак. Яна паўтарала папярэднюю.

У той жа дзень на Зямлю панеслася наша паведамленне. Адказ Касмічнага цэнтра ўзрадаваў. На Марсе ўдалося захапіць і ўтрымаць у пастках часцінкі выпраменьвання крыніцы-маяка. Спецыялісты вывучылі іх, і цяпер медыкі гарантавалі, што вылячаць С. В. А нам быў загад вяртацца. Цэнтр адзначаў, што экіпаж «Набата» сваю задачу выканаў. Запісанае намі пасланне іншапланецян вельмі складанае і пакуль расшыфроўцы не паддаецца, тым болей, было сказана ў загадзе, не зможам гэтага зрабіць мы. Нас папярэджвалі ад уварвання сілай у станцыю-спадарожнік. Гэта і небяспечна, і можа наогул нанесці непапраўную шкоду будучаму кантакту. 3 Зямлі да Плутона накіроўваюцца нам на змену два караблі класа «Набат». Мы з імі сустрэнемся ў прасторы паміж Марсам і Юпітэрам.

Трэба збірацца ў дарогу. Аднак замест радасці я адчуў прыкрасць. I П. К., прачытаўшы тэлеграму кіраўнікоў палёту, неяк насупіўся, зрабіўся задумлівым.

Мне здавалася, што я разумею, чаму загад вяртацца не выклікаў у П. К. энтузіязму. Спадарожнік знайшлі мы, а сапраўдныя, канкрэтныя даследаванні гэтага тварэння чужога розуму, можа, сам кантакт ажыццёвяць іншыя. Згадзіцеся, гэта несправядліва. Крыўдна нават мне, хаця мой асабісты ўклад у дадзеным выпадку зусім нязначны. Не тое што П. К., якому належыць галоўная заслуга ў гэтым найвялікшым адкрыцці. Я паспачуваў яму.

П. К. пасміхнуўся і прамовіў:

— Само сабой.

Ён быццам бы і пагаджаўся са мной, і разам з тым думаў пра нешта іншае, падобна, вельмі далёкае ад рубкі, у якой мы знаходзіліся. Бо быў такі маўклівы і засяроджаны, якім я рэдка калі бачыў яго. Дзе ж ён лунаў у думках? На сустрэтым намі спадарожніку, на планеце, адкуль прыбылі некалі ў Сонечную сістэму яго творцы? Зрэшты, калі так, то ў гэтым нічога дзіўнага няма. Я таксама ні на імгненне не забываю, што побач з «Набатам» плыве загадкавае касмічнае цела штучнага паходжання. Варта ўявіць сабе гэты доўгі абрублены цыліндр, як па спіне пачынаюць бегаць мурашкі.

Пакуль я разважаў сам з сабой, П. К. на хвілінку нібы апусціўся на зямлю, ну, на падлогу ў нашых абставінах.

— Сцяпана Васільевіча мы павінны ў час даставіць, так што не будзем наракаць на лёс, ён і так быў з намі шчодры,— сказаў П. К.— Ды ўсё адразу не возьмеш, Віцяй.

— Але і пакідаць тое, што потым раптам не паднімеш, таксама нельга.— Я меў права так пярэчыць: за жыццё С. В. ужо не было колішняй трывогі.

П. К. прамаўчаў, зноў стаўшы задуменным, і адышоў да шырокага, на паўсцяны, адкрытага ілюмінатара, за якім у чорнай бездані каляплутонавай ночы нерухоміліся зоркі.

Глядзеў я на П. К. і дзівіўся з неўласцівай яму інертнасці. Вяртанне дадому, якія б разумныя аўтаматы ў нас ні былі, патрабуе актыўнай дзейнасці і экіпажа. Так што, калі ў майго старэйшага таварыша няма настрою або сілы працаваць, мушу ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Я нахіліўся над пультам і пачаў даваць патрэбныя каманды карабельнай ЭВМ. I раптам П. К., не абарочваючыся, папрасіў:

— Зрабі папраўку, Віцяй, мы затрымаемся.

Навошта гэта затрымка, я не зразумеў. Ды распараджэнні капітана не аспрэчваюцца. I я паслаў паведамленне ў Касмічны цэнтр.

15 лютага. Пакінуўшы ўчора мяне ў рубцы, П. К. паклікаў Вундэркінда. Ён нагаварыў робату процьму лічбаў, а тады пайшоў у сваю каюту.

— Тры гадзіны на сон,— папярэдзіў ён, быццам я збіраўся пабудзіць яго раней.

Пасля апошняга наведання П. К. спадарожніка мінула трыццаць адна гадзіна. Мне гэта не казала нічога. Але П. К. нечакана аб’явіў, што паляціць туды яшчэ раз. На маё нямое запытанне сказаў заклапочана:

— Даказаць не ўдалося, але, падобна, не лішне аднавіць завочны кантакт менавіта,— ён паглядзеў на хранометр,— праз пяць гадзін, семнаццаць хвілін сорак дзве секунды.

— Якая дакладнасць! — падкалоў я, хаця П. К., вядома, нічога не рабіў проста так.

А неўзабаве на экране я ўбачыў, як «Скакунок» асцярожна прычальвае да спадарожніка, як П. К. павольна выбіраецца з ракетаплана і, памахваючы рукамі, плыве, нібы ў зямным басейне, уздоўж чорнага і сёння чымсьці грознага цыліндра. Спыніўся П. К. на тым самым месцы, дзе спыняўся раней, і пакруціў па баках галавой. Чакае яго там нехта! Усё, што меліся, гаспадары спадарожніка, калі, вядома, іх сігналы прызначаліся нам, сказалі ўжо.

Здаецца, я глядзеў не надта напружана, але раптам у вачах як пацямнела, і тады «Скакунок», і П. К., і сам цыліндр пачалі ахутвацца нейкім туманам. Пакуль праціраў вочы, іх зусім не стала відаць. Сапсаваўся тэлепрыёмнік? Ліхаманкава націскаю клавішы асноўнай і запасной сістэм. А на экране замест адлюстравання спадарожніка цямнее густая непразрыстая пляма. ЭВМ адразу выдала, што яе памеры большыя, чым меў спадарожнік.

Некалькі імгненняў я тупа глядзеў на тэлеэкран, потым спахапіўся: выбух!

Я ўжо трымаў у руках скафандр, каб кінуцца выручаць таварыша, і ў гэты момант па ўнутранай сувязі прагучала: «Стажор Віктар, ты кіруеш караблём!» Азірнуўся. У дзвярах элінга стаяў Вундэркінд. Мне б яго клопаты. Згодна з інструкцыяй, я сапраўды не меў права пакідаць «Набат». Але ўсё роўна я парушыў бы інструкцыю, каб у час не здагадаўся, што сам робат да гэтай заўвагі не даўмеўся б. П. К., няйначай, прадбачыў нешта падобнае і даў яму даручэнне апякаць мяне. Надзея, што ўсё добра, была такая вялікая, што я не вытрымаў і знясілена прысеў на прыступку спушчанага трапа-лесвіцы запаснога ракетаплана.

31
{"b":"826697","o":1}