Литмир - Электронная Библиотека

— Гэтага я не ведаю, Віця,— сумна адказаў П. К.

— Што мы чакаем, Павел Канстанцінавіч? — трэба было паставіць кропкі над «і».

П. К. зноў паціснуў плячамі. Я ведаў, што ў яго гэта азначала нежаданне працягваць размову. Ды я быў настойлівы.

— Сцяпан Васільевіч у небяспечным стане...

— Сцяпан Васільевіч, апрытомнеўшы, асудзіць нас, калі мы здымемся дачасна.

Пагаварылі, называецца. Як глухія. Няўжо П. К. лічыць мяне недаросткам? Мне ж хутка васемнаццаць!

17 студзеня. Атрымалі яшчэ дзве тэлеграмы з Цэнтра. Сувязь быццам бы аднаўляецца, скажэнняў менш. На Зямлі непакояцца за С. В., просяць новыя даныя пра яго стан і чамусьці ні словам не ўспамінаюць аб нашым вяртанні. Змова за маёй спіной? Хай сабе, абы ўсё было добра.

П. К. прачытаў прысланыя тэлеграмы і ўпершыню за колькі часу ўздыхнуў з палёгкай (праўда, раней ён наогул не ўздыхаў, хадзіў як у масцы). А потым раптам спытаў у мяне, паказаўшы на тэлеграмы:

— Што ты думаеш пра гэта?

Я прамаўчаў. Сапраўды, што я мог думаць?

— Не зважай, Віцяй, на мой настрой. Ранейшы. У мяне галава кругам ішла, а ты малайчына, трымаўся. А цяпер у тумане вакол нас з’явіўся пробліск.

Я здзіўлена падняў вочы. Хаця сённяшні П. К. мне падабаўся болей.

— Звярні ўвагу,— казаў ён,— нас не прыспешваюць з вяртаннем. Значыць, стан Сцяпана Васільевіча не крытычны. Думаю, ён у своеасаблівым анабіёзе, выкліканым выбуховым выпраменьваннем. Спецыялісты гэтага не адхіляюць.

П. К. быў надта гаваркі. Прыгнечанасць апошніх дзён раптам змянілася ўзбуджанасцю.

— Я табе казаў, Віцяй, што капітан не дазволіў бы адысці адсюль, не праверыўшы ўсе меркаванні да канца.

— Дык, здаецца, вы ўсё праверылі...

П. К. бліснуў вачамі і паклікаў робата:

— Вундэркінд, ты гатовы?

Вундэркінд цяпер заўсёды быў з намі. I зараз ён стаяў з правага боку ад пульта кіравання — ці то драмаў, калі гэта можна пра яго сказаць, ці то слухаў нашу размову. Пачуўшы пытанне П. К., ён, не мяняючы позы, выдаў доўгую чараду лічбаў. Мне аж млосна стала ад адной думкі, што іх трэба запомніць. А П. К. паспеў запісаць, нешта дадаў і ўвёў у ЭВМ.

— Не верылася,— П. К. зноў звярнуўся да мяне,— што маякі на Плутоне выпадкова размешчаны па эліпсе. Пры ўсёй павазе прышэльцаў да акругласцей не магу дапусціць, што яны кіраваліся ёю, размяшчаючы такія магутныя крыніцы на неабмежавана доўгі час.

— Ваша здагадка не пацвердзілася. Навошта таўчы ваду ў ступе? — Гэта было грубавата, разумею. Але П. К. павінен прыслухоўвацца і да майго голасу. А крывіць душой я не ўмею.

— Дзень на дзень не прыходзіцца,— ён не паказаў, што пакрыўдзіўся. Проста сказаў так, каб я зноў нічога не зразумеў. I яшчэ П. К. здзівіў мяне. Нельга ж так упарта верыць у тое, чаго няма.

Напэўна, гэтыя думкі неяк адбіліся на маім твары, бо П. К. пасміхнуўся і папрасіў робата:

— Вундэркінд, раскажы аб прызначэнні марсіянскага маяка.

Мне стала ніякавата. Што, калі я дарэмна нападаю на П. К.?

Робат павольна, як з роздумам, загаварыў:

— Прамень марсіянскага маяка не стацыянарны, ён трымаецца пэўнай кропкі ў прасторы. Гэта высветлілі штучныя спадарожнікі Марса, запушчаныя з Зямлі пасля нас.

— Чуеш, Віця? Я пра гэта даведаўся зусім нядаўна, калі ўжо быў гатовы, як, дарэчы, ты і хацеў, накіраваць «Набат» дадому. А тэлеграму, што на Марсе маякоў больш няма, ты чытаў. Вось я і падумаў: а чаму марсіянскі маяк не можа быць менавіта тым, які я шукаў на Плутоне? Не дзеля ж экскурсантаў пабудавалі яго побач з помнікамі-схемамі! Думка вар’яцкая, згодзен. Таму і не выказваў табе. Даруй.

Мая крыўда адразу прапала, засталася толькі незадаволенасць сабой. Але я не прамінуў выказаць сумненне, якое ў мяне ўзнікла:

— Занадта складана, нават для высокаразвітых істот.

— Для іх, напэўна, не. Для нас — таксама не вельмі, я ж даўмеўся.

Захопленыя размовай, мы не звярнулі ўвагі на Вундэркінда. А ў таго ў праграме была забарона перашкаджаць размове людзей. I ён, атрымаўшы інфармацыю з ЭВМ, заварушыўся, зрушыў з месца і апынуўся каля тэлескопа. Калі нельга ўмешвацца ў размову людзей, то падрыхтаваць ім умовы для працы можна.

П. К. імгненне глядзеў на робата, потым здагадаўся, відаць, у чым справа, і імкліва падхапіўся на ногі. Ён даволі няветліва адсунуў Вундэркінда ўбок і прынік да акуляра.

Робат не пакрыўдзіўся, ён такіх нюансаў не ўлоўліваў. Таму перагнуўся цераз П. К. і падправіў наводку. I ў той жа момант П. К. азірнуўся. На яго перакошаным твары палалі вочы. Я напалохаўся. А П. К. засмяяўся. Я ніколі не чуў, каб ён так смяяўся — пераможна, радасна і... засмучона. Трагедыя з С. В. не знікала з нашых сэрцаў ні на хвіліну.

П. К. пераключыў тэлескоп на экран. Я ўбачыў кавалак звычайнага чорнага неба.

— Прыгледзься, прыгледзься,— паўтараў П. К.

Я глядзеў, глядзеў і нічога не разумеў. I раптам адна з зорак нібыта згасла. А можа, проста падміргнула маім сляпым вачам, бо неўзабаве яна зноў заззяла на ранейшым месцы.

— Вось ён, спадарожнік! — П. К. зрабіўся спакойны, сабраны.— Ты добры кібер, Вундэркінд!

Робат палыпаў зялёнымі вачамі-лінзамі і пакрочыўна сваё месца, касалапячы нагамі. Ён і на пахвалу не рэагаваў. П. К. гэта ведаў, але стрымацца не мог. Ен поўніўся перамогай.

Праз дзве гадзіны «Набат» пачаў мяняць курс.

10 лютага. Многа неверагоднага сустрэлася нам у палёце. Аднак самая апошняя знаходка нават у параўнанні з тым, што мы бачылі на Марсе і Плутоне, успрымаецца як фантастыка.

Штучны спадарожнік Плутона меў форму цыліндра з дыяметрам пяцьсот і вышынёй дваццаць пяць метраў. Цёмны, неасветлены, ён быў амаль нябачны. П. К. доўга разглядаў яго здалёк, баючыся падводзіць «Набат» бліжэй. Мы баяліся не выбуху ці яшчэ чаго падобнага. Не дзеля таго быў пакінуты ён у Сонечнай сістэме. П. К. не быў упэўнены, што вялікая маса «Набата» не акажа ўплыву на курс спадарожніка, і той стане няўлоўным нават для сваіх гаспадароў. Рашылі адправіцца да спадарожніка на «Скакунку». Тут нашы думкі не разыходзіліся. А вось каму ляцець — спрачаліся доўга.

Я настойваў, што П. К. павінен застацца на караблі, бо, калі што здарыцца са мной, ён зможа прывесці «Набат» да Зямлі. П. К. не пагаджаўся, даказваў, што з Вундэркіндам, а потым з дапамогай і зямных аператараў я выдатна спраўлюся з кіраваннем караблём, нават калі С. В. не ачуняе. Здаўся я толькі тады, калі П. К. сказаў, што ён зможа болей убачыць і зразумець. Я яшчэ для прыліку паўпарціўся, думаючы, што ўсё роўна, калі спатрэбіцца дапамога,— прылячу. Я нават тайна ад П. К. другі «Скакунок» падрыхтаваў. На шчасце, нічога непрадбачанага не адбылося.

За П. К. я назіраў па тэлевізары, ён стараўся не прапусціць ніводнай дробязі, пра ўсё расказваў.

Маленькі, як шлюпка побач з акіянскім лайнерам, «Скакунок» пакружыў вакол спадарожніка, а потым сціпла прытуліўся да борта, уздоўж якога нібы спецыяльна для нас цягнулася своеасаблівая тэраса з парэнчамі. П. К. прымацаваў ракетаплан да парэнчаў і перабраўся ў галерэю. Ён паводзіў сябе смела і ў той жа час абачліва. Я не змог бы так. Чужы спадарожнік, пад нагамі бездань... Мне нават адсюль глядзець было ніякавата, не тое што самому лазіць. А П. К. хоць бы што...

Ні люкаў, ні ілюмінатараў на станцыі-спадарожніку не было. Ды яе гаспадары неяк пранікалі ўнутр! П. К. асцярожна рухаўся ўздоўж борта, ведучы рукой у эластычнай пальчатцы па гладкім корпусе. Нешта ён усё-такі, відаць, зачапіў, бо адзін з сектараў станцыі-спадарожніка раптам успыхнуў, абліўшы П. К. патокам святла. П. К. застыў ад неспадзяванасці. Потым хутка пайшоў да асветленага сектара.

— Вас вывучаюць, Павел Канстанцінавіч,— падказаў я.

— I фатаграфуюць,— пагадзіўся ён.— Праз шмат вякоў мяне будуць разглядаць дзе-небудзь у іншай галактыцы.

От такі вясёлы, дасціпны, П. К. мне больш за ўсё падабаўся. У мяне зніклі нават рэшткі шкадавання, што паляцеў ён, а не я.

Не паспелі мы перакінуцца гэтымі словамі, як святло патухла. Затое ў эфіры пачулася нешта старонняе. Гэта працягвалася хвілін дзесяць, а потым усё сціхла. Вядома, мы запісалі гэты ці то вынік перашкод, ці то сігналы станцыі. Але што яно азначала, разабрацца не маглі.

30
{"b":"826697","o":1}