Гэта больш за ўсё кранула Ядзiна самалюбства, з’явiлася непераадольнае жаданне абразiць, прынiзiць Калеснiка, але яна не магла вымавiць нiводнага слова. Толькi пасля таго, як моцна бразнула дзвярыма, ужо ў пад’ездзе, з вачэй двума струменьчыкамi пацяклi гарачыя слёзы.
Некалькi дзён Ядзя трымалася, як заўсёды, весела шчабятала з сяброўкамi, пускала вострыя слоўцы на хлопцаў. Асаблiва даставалася Шаўцову, якi зноў пачаў хадзiць за ёй па пятах. Нейкi час яна з гонарам узгадвала, як не заплакала пры Калеснiку, як бразнула дзвярыма, быццам спалiла ўсё тое, што звязвала з iм. Гэтыя днi помста кiравала Ядзяй, яна нават прымала заляцаннi Шаўцова, некалькi разоў схадзiла з iм у кiно, на выставу жывапiсу. Але цяпер яна не магла не параўноўваць. Што б Шаўцоў нi рабiў, што б нi гаварыў, перад вачыма мiжволi ўзнiкаў Калеснiк. Шаўцоў хацеў быць мужчынам-апекуном у Ядзiным жыццi, а яна ўспрымала яго як нязграбнае, разгубленае дзiця. Раней, да Калеснiка, ён i сапраўды здаваўся ёй вабным i адукаваным, шчырым i надзейным, але цяпер усё перамянiлася. Сарамлiвая ўсмешка Шаўцова злавала, сутуласць рабiла яго гарбатым, а што зусiм выбiвала з каляiны, дык гэта паходка. Ён хадзiў, шморгаючы абцасамi па асфальце, а гэтага Ядзя зусiм трываць не магла. Яна разумела, што справа не ў Шаўцове, а ў ёй самой: яна кахала Калеснiка, але i адштурхнуць Вiталiка не магла, трымала каля сябе – так было лягчэй i спакайней.
Неяк угаварыла Шаўцова схадзiць у рэстаран, у той самы, дзе святкавалi Новы год. У глыбiнi душы Ядзя спадзявалася на выпадковую сустрэчу з Калеснiкам, няхай бы паглядзеў, прыраўнаваў. Але сустрэчы не адбылося, а вось Шаўцоў каторы раз трапiў у непрыемнае становiшча. I заказ быў недарагi, але ў яго не хапiла грошай, каб разлiчыцца. Ядзя пагардлiва зiрнула на свайго прынiжанага кавалера, выцягнула з сумачкi некалькi паперак, падала афiцыянтцы i шпарка, не азiраючыся, пайшла на выхад.
Шаўцоў прапаў на тры днi, i Ядзя нават занепакоiлася: цi не здарылася што кепскае? Ён аб’явiўся ў суботу надвячоркам, стомлены, схуднелы, але з усмешкай да самых вушэй, вочы прамянiлiся гонарам. Ён нясмела пастукаў у дзверы i, убачыўшы Ядзю, адным духам выпалiў:
– Я запрашаю цябе ў рэстаран…
Ядзя была не ў гуморы, i Шаўцоў трапiў ёй пад гарачую руку:
– А ты ведаеш, колькi каштуе мой любiмы каньяк?
– Я разлiчваў на шампанскае, – наiўна прашапталi вусны Шаўцова, – можа, абыдземся…
Ён не паспеў дагаварыць. Ядзя дзiкай коткай кiнулася да хлопца, яе трэсла ад злосцi:
– А я не жадаю абыходзiцца, нi ў чым не хачу сабе адмаўляць! Ты можаш гэта зразумець?!
Шаўцоў разгубiўся. Ён цяжка ўздыхнуў, панура крутнуўся i, быццам пабiты сабака, пайшоў прэч.
– Раней ты такой не была, – гэтыя словы даляцелi да Ядзiных вушэй ужо з гаманлiвага iнтэрнацкага калiдора.
– Усе мы калiсьцi кiмсьцi былi, – адчайна ўскрыкнула Ядзя i, абхапiўшы галаву рукамi, зайшлася ў роспачным плачы.
Так жыць яна не магла. Душны iнтэрнацкi пакой выклiкаў гiдлiвасць i пагарду, ужо смешнымi, нават iдыёцкiмi здалiся паводзiны ў звадзе з Калеснiкам.
«У Сержа i сапраўды магла быць важная сустрэча, – апраўдваючы каханка, думала Ядзя; неаднойчы чутыя тэлефонныя размовы тычылiся грашовых спраў i цяпер зусiм па-iншаму тлумачылi паводзiны Калеснiка. – Ён не бегаў, як Шаўцоў, па таварных станцыях, не разгружаў вагоны, але ж за нешта трэба было шыкаваць. Значыць, i сапраўды Серж зарабляў грошы i, канечне, у кватэры сустракаўся з дзелавымi людзьмi. Ён аберагаў мяне ад лiшняга клопату, а я, дурнiца, звычайную сiтуацыю ператварыла ў жудасны сон… Усё, хопiць, к чорту гонар, к чорту Шаўцова, я хачу быць з Сержам i толькi з iм!»
Праз гадзiну Ядзя паспешлiва ўвайшла ў пад’езд. Яна хвалявалася, нават памылкова заехала ў лiфце паверхам вышэй кватэры Калеснiка. Прыдзiрлiва агледзеўшы сябе ў маленькiм люстэрку, Ядзя падмалявала вусны, прыпудрыла шчокi, нос i, крыху супакоiўшыся, пачала спускацца па лесвiцы ўнiз. І раптам каля Калеснiкавых дзвярэй убачыла высокую русявую дзяўчыну гадоў дваццацi пяцi, апранутую ў строгi, зеленаватага колеру касцюм. Дзяўчына, вiдавочна, спяшалася. Раз-пораз паглядаючы на гадзiннiк, яна бесперапынку званiла ў дзверы. Ядзя адчула сябе нядобра, на адразу ацяжэлых ватных нагах паднялася вышэй, каб яе не было бачна, i стомлена села на прыступку. Ад думкi, што там, ля дзвярэй, новая Сержава каханка, зрабiлася млосна, гарачая хваля рэўнасцi ўскалыхнула пачуццi, болем апякла душу.
Нарэшце дзверы рыпнулi, i да слыху даляцеў да болю знаёмы голас.
– Iра? – здзiвiўся Калеснiк. – Што здарылася?
– Прабачце, Сяргей Мiкалаевiч, але я па разлiк, – адным духам умольна выпалiла дзяўчына.
«Яна назвала яго Сяргеем Мiкалаевiчам, – адразу адзначыла Ядзя, – значыць, яны не каханкi… Якое шчасце! Ён мой!..»
– Мо зойдзеш у кватэру? – з трывогай у голасе прапанаваў Калеснiк.
– Мяне чакае таксi, – ужо больш спакойна прагаварыла дзяўчына, – i я выходжу замуж.
– Ты парушаеш угавор, – сярдзiта прабурчаў Калеснiк. – Хто цябе заменiць?
– Сяргей Мiкалаевiч, мой будучы муж – вайсковец, i мы ўсё вырашылi: сёння вечарам ляцiм у Маскву, а заўтра – у Петрапаўлаўск-Камчацкi. Я спадзяюся на Вашу сумленнасць: жанiх не павiнен нiчога ведаць.
– Я не вораг нi табе, нi сабе, – усмiхнуўся Калеснiк. – Мы добра папрацавалi, толькi на ўсю долю не разлiчвай.
– Нам так патрэбны грошы, – умольна ўздыхнула дзяўчына.
– Пошук замены будзе каштаваць дваццаць працэнтаў, – рэзка перапынiў яе Калеснiк. – Зараз прынясу, што вiнен.
Калi Iрына пайшла, Ядзя яшчэ з паўгадзiны тулiлася ля сцяны на лесвiчнай пляцоўцы, разважала, спрабуючы зразумець, пра якую работу яны гаварылi, але так i не змагла ўцямiць, асэнсаваць пачутае. Больш марудзiць не магла, наважылася i з замiраннем сэрца нацiснула на кнопачку званка. Дзверы адчынiлiся нечакана хутка. Убачыўшы Ядзю, Калеснiк у першы момант разгубiўся. Было вiдавочна, што ён кагосьцi чакаў, толькi не яе. Канфуз доўжыўся нейкую хвiлiну, у наступны момант ён шчыра ўсмiхнуўся, твар засвяцiўся радасцю, Калеснiк саступiў месца на ўваходзе, запрашаючы Ядзю ў кватэру. У дзяўчыны трывожна тахкала сэрца, хацелася кiнуцца ў абдымкi да каханага, але яна стрымала гэты парыў, не наважылася. Нешта перашкаджала першай пайсцi на прымiрэнне.
– Вось ключы прынесла, – няўпэўнена працягнула яна ключы ад кватэры.
Iх вочы сустрэлiся. Калеснiк, не зважаючы на працягнутую руку, на расчыненыя дзверы, таропка хiстануўся да Ядзi, аберуч абхапiў i моцна прыцiснуў да сябе.
– Я думаў, ты нiколi не вернешся, – цалуючы Ядзю ў вусны, вочы, выдыхнуў ён, – я больш нiкуды цябе не адпушчу.
Напачатку яна вяла сябе стрымана, што нi кажы, а яна жанчына i вымушана выканаць ролю беспадстаўна пакрыўджанай. Але ж як утрымаешся, калi думкi, душа, цела даўно чакалi гэтага моманту, i дзяўчына прагна адказала на Калеснiкавы пацалункi.
Цэлы дзень яны прабылi ўдваiх. Серж, як нi дзiўна, нават не адказваў на тэлефонныя званкi. Хтосьцi званiў у дзверы, нават грукаў, але Калеснiк толькi мацней абдымаў каханку i шаптаў: «Сёння наш дзень i мы нiкога больш не хочам бачыць i чуць…» I ўсё ж Ядзя адчувала, што Сержа нешта турбуе, яна заўважала на сабе ягоныя прыдзiрлiвыя позiркi.
– Я хачу з табой пагаварыць, – наважыўся Калеснiк пасля некалькiх чарак каньяку.
– Пра Iру? – не сцярпела, здзеклiва спытала Ядзя.
– Ты яе ведаеш? – нечакана здзiвiўся Серж i весела зарагатаў. – Калi так, то гэта ўсё мяняе… Баба з воза – кабыле лягчэй.
– Я выпадкова пачула вашу сённяшнюю размову, толькi не зразумела, пра што гаварылi, – Ядзя ўстрывожана паглядзела на Калеснiка. – Ясна толькi, што ў цябе дзелавая сустрэча i, пэўна, ты захочаш, каб я начавала ў iнтэрнаце. Так?
– Наадварот, я хачу, каб ты засталася, – Калеснiк каўтануў поўную чарку каньяку i сур’ёзна дадаў: – Мы з Iрынай рабiлi важную справу, цяпер яе няма, i я хачу, каб ты замянiла яе.
– У чым? – сцiшылася Ядзя; яна адчула, як у душы варухнулася злосць на Iрыну, якая ўвесь гэты час была побач з Сержам.