Прааналiзаваўшы крытычную сытуацыю, Кушаль наважыў далей не маршыраваць, а даў загад спынiцца ў Айзенштайндорфе i чакаць выясненьня сытуацыi. Паклiкаў да сябе нямецкiх афiцэраў сувязi й заявiў, што дывiзiя далей ня пойдзе, а калi iм гэта не адпавядае, дык яны й нямецкiя радавыя маюць вольную руку. Гэтае абвешчаньне немцам Кушаль зрабiў у прысутнасьцi свайго штабу, што складаўся з капiтана Орсiча, старшага лейтананта С. i сяржанта П. Нямецкiя афiцэры абурылiся на беларускага камандзера й пагражалi, што ён будзе за гэта сурова пакараны. Пагрозы на Кушаля зусiм не падзейнiчалi. Дывiзiя пачала разьмяшчацца па кватэрах у Айзенштайндорфё й суседнiх вёсках. Так устанавiлася ў Нямеччыне першая беларуская акупацыйная зона.
Каля поўначы на вулiцы паднялiся крыкi й лаянка на нямецкай мове. Кушаль, пачуўшы гвалтоўны стук у дзьверы свайго пакоя, усхапiўся. Калi адчынiў дзверы, у пакой убег камандзер батальёну, ранейшы капiтан Чырвонай Армii Тамiла й адзiн зь нямецкiх капiтанаў. Тамiла скардзiўся, што немцы цiшком намагалiся забраць беларускi абоз i ўцячы, але ягоныя вартаўнiкi паднялi трывогу. Вось яны цяпер i прыйшлi да Кушаля на вырашэньне справы.
Падпалкоўнiк загадаў беларускаму капiтану, каб у выпадку патрэбы зброяй баранiў абоз, але каб немцы спакойна адыйшлi зь беларускае дывiзii. Iм меў быць выдадзены двухдзённы харчовы паёк i прыдзелена колькi хурманак для харчоў i амунiцыi. Нямецкi капiтан на гэта згадзiўся, i гэтай ноччу немцы аканчальна пакiнулi беларускую дывiзiю.
Кiлямэтраў за сем ад Айзенштайндорфа знаходзiлася невялiкае мястэчка Айзенштайн Маркт. Колькi беларускiх вайскоўцаў, пераапрануўшыся ў цывiльнае, былi высланыя туды Кушалем на разьведку. Вярнуўшыся, разьведчыкi прынесьлi трывожныя весткi. У Айзенштайн Маркце стаяць вельмi добра ўзброеныя адзьдзелы СС. Немцы, пакiнуўшы дывiзiю "Беларусь", паехалi туды й паведамiлi, што беларусы ўзбунтавалiся, у вынiку чаго эсэсаўцы наважылi напасьцi на беларускую дывiзiю й зьнiшчыць яе. Адначасна разьведка паведамiла, што непадалёк знаходзiцца адна дывiзiя генэрала Ўласава.
Атрымаўшы такiя весткi, Кушаль стаў перад праблемай: або баранiцца перад эсэсаўцамi самому, маючы малыя шансы на перамогу з прычыны вельмi значнай перавагi ворага ва ўзбраеньнi, або шукаць хаўрусу з уласаўскiм адзьдзелам. З двух дрэнных выйсьцяў выбраў другое й неадкладна паехаў шукаць камандзера расейскае дывiзii. Калi зьявiўся ў штабе, сустрэў яго ад'ютант i, папрасiўшы пачакаць, пайшоў далажыць. Праз колькi часу з кабiнета выйшаў нямецкi генэрал i папрасiў Кушаля заходзiць.
Камандзер уласаўскае дывiзii генэрал Мальцаў паходзiў зь сям'i расейскае iнтэлiгенцыi. Быў чалавекам адукаваным i добра выхаваным. Сярэдняга росту, шчуплы, з густой сiвой чупрынай на галаве, жывым выразам твару, энергiчнымi рухамi, быў ён у пяцiдзесятых гадох. Гаварыў хутка й ясна.
Пазнаёмiўшыся з Кушалем, запрасiў яго сесьцi пры стале. У абшырным пакоi сялянскай хаты, акрамя Мальцава й вышэйменаванага нямецкага генэрала, было яшчэ пару малодшых афiцэраў. Немец хутка выйшаў.
- Маглi-б вы паiнфармаваць мяне аб палажэньнi на фронце, а таксама выказаць вашу думку адносна нашай сытуацыi? - пачаў Кушаль.
- Я быў-бы вельмi рады, калi-б вы маглi гэта зрабiць. Я нiчога ня ведаю, адказаў, усьмiхнуўшыся, Мальцаў.
- Што-ж вы думаеце рабiць? - пытаўся Кушаль.
- Я думаю... ды не, не. Можа, вы сказалi-б мне, што самi думаеце рабiць.
- Магу вам давяраць?
- Поўнасьцю.
- На маю думку, нiчога нам не застаецца, як прабiцца празь нямецкi фронт i далучыцца да амэрыканцаў, - ня зводзячы з Мальцава вачэй, адказаў Кушаль.
- Правiльна, зусiм правiльна, - ажывiўся Мальцаў i борзьдзенька захадзiў па пакоi. - Я вельмi рады, што вы з намi адной думкi. Цяпер скажу вам больш. Я ўжо навязаў лучнасьць з камандзерам амэрыканскага корпусу празь людзей, якiя гарамi й лясамi пераходзяць цераз фронт туды й назад. У даны час дамаўляюся аб канкрэтным месцы й часе прарыву нямецкага фронту.
- А цi ведае аб гэтым той нямецкi генэрал, якога я бачыў нядаўна тут у вас у кабiнеце?
- О, гэты, - усьмiхнуўся расеец, - ён у мяне афiцэрам сувязi зь нямецкiм штабам, ведае аб маiх плянах i салiдарызуецца з намi поўнасьцю.
- Маглi-б вашы перамоўнiкi весьцi перамовы з амэрыканцамi й ад майго iмя дзеля пераходу беларускай дывiзii?
- Ды чаму-ж не! Дзьве дывiзii - не адна. Гэта будзе яшчэ лепш. Нам лягчэй удасца.
- Дык будзьце добрыя тады...
- Абавязкова. Неадкладна загадаю. Ня турбуйцеся.
Пасьля гэтага Кушаль i Мальцаў абмяркавалi праблему супольнае абароны ў выпадку атакi эсэсаўцаў з суседняга мястэчка. Мальцаў паабяцаў, што калi эсэсаўцы нападуць на беларусаў, ён адкрые па немцах агонь з цяжкiх кулямётаў i артылерыi. На тым гутарка скончылася.
Вярнуўшыся ў сваю дывiзiю, Кушаль загадаў сабраць усiх афiцэраў i падафiцэраў. Паiнфармаваў сабраных аб палажэньнi, аб пагрозе з боку нямецкiх эсэсаўцаў ды аб сваёй умове з камандзерам уласаўскае дывiзii. Загадаў неадкладна правесьцi зборкi ў адзьдзелах i расказаць аб гэтым радавым. Быў прыемна зьдзiўлены, пабачыўшы на вопратках амаль усiх жаўнераў Ярылавы крыжы й "Пагонi" замест нямецкiх адзнакаў.
Першы батальён, што быў закватараваны найблiжэй Айзенштайн Маркта (iм камандаваў капiтан Ч.), узяў абавязак выставiць моцную палявую варту й патруляваць ваколiцы аж да самага мястэчка.
III
29 красавiка зьявiўся ў Кушаля пасланец ад Мальцава й перадаў яму лiст. Расеец прасiў беларускага камандзера, каб разам са сваiм камандным афiцэрскiм корпусам прыехаў у ягоны штаб на пiльную нараду. Беларусы не марудзiлi. Калi зьявiлiся ў Мальцава, той, спасьцярогшы беларускiя вайсковыя адзнакi на мундзiрах, сказаў:
- Вот вам, господа, и Лига наций.
Некаторыя з прысутных расейцаў усьмiхнулiся.
На супольнай нарадзе ўласаўскi камандзер падаў да ведама, што ўжо канчаткова дамовiўся з камандзерам амэрыканскага корпусу аб пераходзе цераз нямецкi фронт 30 красавiка. Абедзьве дывiзii маюць iсьцi шашой Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль, а ў часе пераходу амэрыканскiя паветраныя сiлы й артылерыя будуць абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Начальнiк штабу Мальцава прачытаў дакладны парадак маршу й плян бою, калi-б немцы спрабавалi ставiць супрацiў.