Дзень 30 красавiка быў сонечны й бязьветраны. Ранiцою абедзьве дывiзii ўпарадкавалiся ў доўгую маршавую калёну са сваiмi камандзерамi на чале кожнай i рушылi ў кiрунку Айзенштайн Маркта i Цьвiзэля. Кожны батальён дывiзii "Беларусь" нёс разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.
Пасьля трохгадзiннага маршу Кушаль пачуў ззаду сiгнал самаходу. Калi аўтамабiль параўняўся зь беларускiм камандзерам, той заўважыў у iм праз вакно таго самага нямецкага генэрала, якога кагадзе бачыў у штабе Мальцава. Самаход дасягнуў уласаўскага генэрала наперадзе, i ўся калёна затрымалася. Чакалi амаль паўгадзiны. Раптам чало адзьдзелу расейцаў завярнулася й накiравалася па шашы назад.
- Што здарылася? - спытаў Кушаль Мальцава, калi той затрымаўся каля яго.
- Мой афiцэр сувязi генэрал Ашбэрг атрымаў ад Андрэя Андрэевiча (Уласава) радыяграму паўстрымацца зь пераходам да амэрыканцаў, аж пакуль ён не загадае. Бачыце, мушу паслухацца загаду свайго начальнiка. Казаў мне iсьцi вунь у тыя вёскi, - Мальцаў паказаў на адлеглую на пару кiлямэтраў мясцовасьць на ўсход ад шашы, - там маем закватаравацца й чакаць далейшага.
- Цьфу, прападзi ты, гэткi хаўрусьнiк! - ледзь не вылаяўся беларускi падпалкоўнiк. - Давайце кiнем уласаўцаў i маршыруем самi, - сказаў свайму начальнiку штаба капiтану Орсiчу. Орсiч нiчога не адказаў.
Тым часам над доўгай калёнай войска ўверсе пачалi кружыць амэрыканскiя разведвальныя самалёты. Сытуацыя была крытычная. Небясьпечна было самiм беларусам без простай сувязi з амэрыканцамi iсьцi ў няведамае. Беларуская калёна атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалi каля дзьвюх гадзiн. Iзноў ззаду пачуўся сiгнал, i войска абмiнуў апрануты ў цывiльнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генэрала Мальцава й перадаў яму пакет. Калёна зноў спынiлася.
- Камандзер беларускае дывiзii, да генэрала Мальцава! - пачулася перададзенае па лiнii.
Кушаль з капiтанам Орсiчам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзера, заўважылi ягонае вялiкае зьнерваваньне.
- Сам ня ведаю, што рабiць, - казаў той. - З аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевiча загадвае чакаць зь пераходам фронту, а з другога - паслухайце самi.
Ад'ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць i тлумачыць загад камандзера амэрыканскага корпусу наступнага зьместу: "Расейская дывiзiя генэрала Мальцава й беларуская дывiзiя сяньня маюць перайсьцi нямецкi фронт на шашы Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль. Мая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкiя пазiцыi а гадзiне дванаццатай апаўднi. У гэтым часе пачне дзейнiчаць i авiяцыя".
- Што-ж рабiць? - пытаецца ў прысутных афiцэраў уласаўскi камандзер. Бальшыня выказваецца за пераход да амэрыканцаў. Калi-б гэтага не зрабiлi, амэрыканцы могуць зразумець падзеi, як здраду, й пачаць атакаваць з паветра. Генэрал Мальцаў канчаткова быў перакананы. Войска атрымала загад завярнуць назад i памаршыравала гэтым разам ужо без затрымак.
IV
Шаша бегла мiж гор. Па абодвух бакох яе быў вялiкi лес. Для паўстрыманьня наступу амэрыканскiх танкаў немцы пазразалi й панавальвалi ўпоперак дарогi шмат дрэваў. Апрача гэтага, шаша была замiнiраванай. Беларусы й расейцы пасоўвалiся наперад з хуткасьцю чарапахi, адцягваючы з дарогi дрэвы й разьмiнiрваючы яе.
Нямецкiя пазыцыi праходзiлi ўздоўж ракi Рэген у кiлямэтрах трох ад Цьвiзэля, дзе былi ўжо амэрыканцы. На Рэгене быў мост. Адзьдзелы беларускае дывiзii мелi выйсьцi наперад, заняць мост i ахоўваць яго, пакуль пяройдзе ўся калёна. Пасьля гэтага беларусы мелi йсьцi як задняя старожа калёны.
Рота беларускiх жаўнераў, узброеная шматлiкiмi ручнымi кулямётамi, згрупаваўшыся на краi лесу, рушыла на здабыцьцё моста, што быў адлеглы прыблiзна на паўкiлямэтра. Воддаль вiдаць быў горад Цьвiзэль. Амэрыканская артылерыя пачала абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Жаўнеры дывiзii "Беларусь" хутка перабягалi па чыстым полi. Калi ўжо зусiм прыблiзiлiся да моста, быццам з-пад зямлi вырас з паднятымi ўверх рукамi цэлы адзьдзел немцаў. Беларускi камандзер загадаў немцам разьмiнiраваць мост, а калi праца была закончаная, падафiцэр з дружынаю адвялi палонных у лес i адпусьцiлi iх.
Хаця вiдаць было, што немцы ня мелi намеру супрацiўляцца, беларускiя адзьдзелы прынялi баявы парадак. Моцныя старожы былi пастаўленыя па двух бакох моста. Уласаўцы рушылi цераз мост першыя. Калёна iх была страшэнна доўгая. Асаблiва вялiкiм быў абоз. Шматлiкiя вазы запрэжаныя былi павольнымi баварскiмi валамi, што ледзь-ледзь ступалi з нагi на нагу. Ехалi жанчыны й дзецi - сем'i жаўнераў.
На краi Цьвiзэля амэрыканскiя танкi з рулямi кулямётаў, накiраванымi на дарогу, не варажылi нiчога добрага. Каля танкаў у баявой гатоўнасьцi чакалi жаўнеры, амаль палова зь iх - чорныя.
- Кiдайце зброю! - крычалi амэрыканцы. Бальшыня так i рабiла, не марудзячы. Адзiн зь беларусаў не сьпяшыў кiдаць свае стрэльбы. Да яго падбег амэрыканскi сяржант, выхапiў стрэльбу з рук i, бразнуўшы яе вобземлю, пачаў таптаць нагамi.
Беларускi адзьдзел адведзены быў у будынак велiзарнае пустое фабрыкi. Жаўнеры, змучаныя цэладзённым маршам, сядзелi на сьцюдзёных цэмэнтовых падлогах; i шмат хто хутка засынаў.
- Камандзер дывiзii! Дзе ён ёсьць? - пачуў Кушаль праз сон i раптоўна ўсхапiўся: - тут ёсьць!
Наступаючы ляжачым на ногi, падышлi да яго два амэрыканцы, адзiн зь iх перакладчык. Папрасiлi Кушаля ў штаб камандзера амэрыканскае дывiзii. Там беларускi падпалкоўнiк спаткаў i генэрала Мальцава.
Афiцэры бяз слоў замянiлiся паглядамi, у якiх выражалiся няпэўнасьць i неспакой. Амэрыканскi афiцэр, разгарнуўшы на стале карту, тыцнуў у адно месца пальцам.
- У гэтым месцы зараз-жа пастроiце вашу дывiзiю, - загадаў Кушалю. Тое самае, паказаўшы ў другое месца карты, кiлямэтры два воддаль ад першага, загадаў i Мальцаву. Гэты факт быў довадам для падпалкоўнiка Кушаля, што генэрал Мальцаў сапраўды вёў з амэрыканцамi перамовы ад iмя беларускай дывiзii, як зусiм асобнай ад сваёй.
Праз гадзiну часу, калi сонца ўжо нiзка сьхiлiлася на захад, дывiзiя "Беларусь" стаяла ў стройным парадку на вызначаным месцы. На правым крыле кожнага батальёну быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Ззаду за войскам дымiлi кухнi абозу. Гатавалi вячэру. Неўзабаве зьявiўся амэрыканскi маёр зь перакладчыкам. Кушаль скамандаваў на "зважай" i здаў яму рапарт. Амэрыканец уважна агледзеў дывiзiю й сказаў, што яна вельмi добра прэзэнтуецца. Пасьля таго загадаў падзялiць войска на групы па пяцьдзесят чалавек у кожнай дзеля заладаваньня на транспартныя машыны, што зараз пад'едуць.