Чаму якраз у Вiцебску, а ня ў Менску? Цi-ж не таму адно, каб насыпаць беларускаму народу солi на сьвежыя балючыя раны, загубiлi маскоўскiя акупанты аднаго з найбольш заслужаных народных сыноў у месцы ягонага нараджэньня?
Гэткi фiнал бурнага, працавiтага й ахвярнага жыцьця аднаго з самых перадавых сыноў беларускага народу. Страта была яшчэ больш балючая пры ўсведамленьнi таго, што яе можна было-б пазьбегчы, калi-б ня iнтрыгi некаторых самалюбных i амбiцыйна хваравiтых людзей. Дзякуючы iм Езавiтаў знайшоўся ў найбольш крытычны час у найбольш небясьпечным месцы на ваеннай шахаўнiцы Эўропы - на шляху бальшавiцкiх панцырных калёнаў, што як мага сьпяшылi на Эльбу, каб навязаць кантакт зь перадавымi амэрыканскiмi адзьдзеламi.
Памiнаючы ролю Яневiча, якi зьявiўся адно дапаможным дзейнiкам, каб даставiць генэрала ў рукi Сталiна i ад якога, урэшце, апошнiя падзеi на фронце не залежалi, нельга памiнуць таго, што маральную адказнасьць за згубу генэрала Канстантына Езавiтава прыпiсаць трэба прэзыдэнту Беларусскае Цэнтральнае Рады Радаславу Астроўскаму, якi дзеля асабiстых парахункаў замянiў генэрала Езавiтава на зусiм прыпадковага чалавека, што нiчога супольнага зь беларускiм вызвольным рухам ня меў, на расейца - палкоўнiка Шувалава.
ДЫВIЗIЯ "БЕЛАРУСЬ" ПЕРАХОДЗIЦЬ ДА АМЭРЫКАНЦАЎ
I
15 красавiка 1945-га году дывiзiя "Беларусь", папярэдне абяззброеная, атрымала загад маршыраваць з ваколiцаў Ваергамэра на чэшскi бок Судэтаў. Пасьля колькiх дзён прабываньня там маёр Гэнэфэльд папрасiў да сябе падпалкоўнiка Кушаля й аб'явiў, што, згодна з загадам вышэйшага камандаваньня, войска мае заўтра на досьвiтку вымаршыраваць на поўдзень у кiрунку Пассаў. Кушаль мае весьцi дывiзiю, i (таму што самаход забраў палкоўнiк Шувалаў) яму будзе прыдзеленая параконная брычка. Сам-жа маёр Гэнэфэльд мусiць назаўтра зьявiцца ў вышэйшым штабе ды дагонiць дывiзiю пазьней у дарозе.
- А куды-ж дывiзiя перасоўваецца? - спытаў Кушаль.
- Я таксама ведаю, як i вы, - пацiснуў плячыма Гэнэфэльд. - Мне сказалi, што далейшыя загады атрымаеце ў дарозе.
Кушаль загадаў усiм адзьдзелам, уключна з абозам, каб заўтра ранiцою а гадзiне чацьвёртай былi гатовыя да маршу. У згаданы час беларускае войска вымаршыравала шашою ў кiрунку Пассаў.
Доўгая калёна праходзiла паўз штаб дывiзii, дзе раней памяшчалiся немцы. Быў гэта вельмi прыгожы будынак пры самай шашы. Ужо здалёк, едучы на сваёй брычцы, Кушаль заўважыў, як жаўнеры выбягалi з маршавае калёны, забягалiся ў будынак i пасьля сьпешна даганялi сяброў. Параўняўшыся з будынкам, камандзер заўважыў на фронце яго вялiкую шыльду, на якой на чэскай мове было напiсана "Выгляды". Паводле знадворнага выгляду й разьмяшчэньня "Выглядаў" можна было мяркаваць, што даўней была тут нейкая санаторыя цi нешта падобнае.
Калi Кушаль загадаў хурману затрымаць конi й для цiкавасьцi забегся ў вялiкi, на колькi дзесяткаў пакояў дом, перад ягонымi вачмi ў падвале зьявiўся наступны вобраз сярод шматлiкiх паразьбiваных скрынак з гарэлкай, каньяком, вiнамi, а таксама разнаякай емiнай (сыры, шынкi, цукар i хлеб) ледзь кiваўся на нагах падпiты палкоўнiх Шувалаў, а побач яго - культурна-асьветны й прапагандовы афiцэр БКА сп-р Лобiк. Пабачыўшы Кушаля, палкоўнiк Шувалаў не бязь цяжкасьцяў намагаўся прывесьцi да паслухмянасьцi ацьвярдзелы ад п'янкi язык.
- О-о-о! Господин полковник, как хоро... хорошо, что и вас бачым. Пожалуйте-ка, просим бардзо, будьте любез... - i граф iзноў перахiлiў уверх пляшку з каньяком.
- Што гэта ў вас за пiр i зь якой нагоды? - кiваў галавой, гледзячы на ап'янелых афiцэраў, камандзер дывiзii.
- Да вот германцы кинули тут эта всё, так разве можна ведь не позаботиться о сохранении? Да скажыце, калi ласка, разве можно ли? - бацяляўся на аслабелых нагах граф.
- А-а-а, понимаю, понимаю! - пераключыўся з усьмешкай на расейшчыну беларускi падпалкоўнiк. - Да и видно, вы уж очень усердно заботитесь о сохранении.
- Да вам-то что? Вы вот ведите дивизию, а мы вас из господином Лобиком догоним. Лишь надо позаботиться об разделении этих продуктов, да и только.
Шувалаў тыцнуў Кушалю ў руку пляшку каньяку й загадаў палажыць у хурманку паўмяха цукру. Кушаль пакiнуў двух апекуноў алькагольных напiткаў i харчовых прадуктаў у падвале. Прыабяцалi яму заладаваць частку харчоў на вазы й даставiць у дывiзiю. Сапраўды харчы, дзякуючы стараньням Шувалавага кумпана Лобiка, прывезеныя былi пасьля да Кушаля. Забралi iх хурманы з хваста дывiзiйнага абозу, што затрыманыя былi Лобiкам у "Выглядах", i пасьля дагналi галоўную калёну.
Нiводнага з тых алькагольных i харчовых "попечителей" не пабачыў больш падпалкоўнiк Кушаль да канца вайны. Шувалаў некуды змыўся сам, а ягоны кумпан Лобiк ужо пасьля сканчэньня вайны выхваляўся, што ў Аўстрыi зашыўся дзесь да маладое ўдоўкi й сядзеў там, колькi яму падабалася.
- Я, братцы, быў самы апошнi жаўнер зь беларускае дывiзii, што пайшоў да амэрыканцаў у палон.
Гэткая "баёвая вытрываласьць" лейтананта Лобiка сталася пасьля прадметам жартаў у тых, якiм шмат цяжэй давялося перажываць апошнюю фазу вайны.
II
Звыш дзьвюх тысяч беларускiх жаўнераў былi цалкам на адказнасьцi падпалкоўнiка Кушаля. Пры кожным батальёне быў нямецкi капiтан у якасьцi афiцэра сувязi, апрача таго, па пяцьдзесят вельмi добра ўзброеных нямецкiх жаўнераў. Пад час маршу беларусы пераканалiся, што нямецкая армiя таяла на iхных вачох. Па дарозе валялася шмат пакiнутай немцамi зброi, вазоў з амунiцыяй i iншымi ваеннымi рэчамi. Беларусы дазбройвалiся знойдзеным.
На другi дзень маршу пад вечар дывiзiя прыйшла ў Айзенштайндорф. Тут беларусы аканчальна пераканалiся, што палажэньне на фронце трагiчнае, нямецкая армiя неарганiзавана адступае цi проста ўцякае. Аброслыя, худыя немцы групамi й па адным валачылiся дарогамi, самi, мусiць, ня ведаючы куды. Адно войскi СС яшчэ трымалiся. Яны чынiлi самасуды над здэмаралiзаванымi жаўнерамi. Можна было назiраць шмат выпадкаў вешаньня эсэсаўцамi армейскiх афiцэраў, асуджаных за дэзэрцыю. Дывiзiя "Беларусь" пасоўвалася наперад, ня ведаючы, куды й чаго. Нiякiх загадаў у часе маршу падпалкоўнiк Кушаль не атрымаў. Можна было мяркаваць, што змыўся дзесь у бясьпечнае месца й сам маёр Гэнэфэльд.