Варта заўважыць, што Францiш Кушаль адраджваў генэрала ад гэтага. Калi-ж ужо Езавiтаў настойваў, дык камандуючы БКА раiў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям'я, дзе было многа вайсковых шпiталяў i (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзiлiся беларускiя вайсковыя адзьдзелы з дывiзii "Беларусь". Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на ўсходнiм фронце. Усе зацiкаўленыя, значыцца, перадусiм Езавiтаў, пасьля-ж Шчорс i Кушаль, не маглi ведаць, што бальшавiкi канчаюць сьцягваць вялiкiя запасы ваенных матэрыялаў i прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясеньнi наступ для канчатковага разгрому гiтлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзiў, што заўсёды iснавала небясьпека прарыву бальшавiкамi ўсходняга фронту й дзеля таго ў Фiнстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна - больш мо навет, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў усё-ж наважыўся мець апэрацыю ў шпiталi, дзе працаваў Шчорс...
III
Генэрал апэраваны быў 15 красавiка 1945-га году ў Гарадзкiм Шпiталi Фiнстэрвальдэ. Дзесь на чацьвёрты дзень пасьля апэрацыi бальшавiкi пачалi генэральнае наступленьне ў раёне Губэн i Кюстрын. Весткi з фронту былi супярэчныя. Немцы цьвердзiлi, што бальшавiцкi наступ правалiўся. Адылi няшмат было наiўных, што iм верылi. Гарматны гул ня толькi ня сьцiхаў, але мацнеў i прыблiжаўся.
Лекар Мiкола Шчорс, што пiльна сачыў за пацыентам, мяркаваў, што няма чаго чакаць. Неадкладна трэба было даваць нейкую раду. У месьце знаходзiўся ад'ютант Езавiтава Яневiч, што быў амаль неадступным ценем генэрала. Быў ён вучнем Езавiтава з Латвii. Мiж iмi былi ледзь не сямейныя адносiны - як у бацькi з сынам. Пад рукою працаваў i знаёмы паляк, санiтар i шафёр, якога Шчорс добра ведаў яшчэ з Варшаўскага шпiталю. Паляк належаў да тых, якiм можна было давяраць.
Згодна з загадам нямецкiх уладаў, лекар Мiкола Шчорс ня мог пакiнуць шпiталь пад пагрозаю расстрэлу. Для ратаваньня Езавiтава трэба было шукаць iншых рук.
У Шчорсавага шэфа ў гаражы стаяла аж тры аўтамабiлi. Лекар мяркаваў, што адзiн зь iх можна для такой вялiкай неабходнасьцi пазычыць, тым больш што прыгаданы шэф дзесьцi часова адсутнiчаў. Гэткiм чынам прыдбаўшы нямецкае аўта "ДКВ", давялося адно палагодзiць iншыя сьпешныя фармальнасьцi. Да iх належала перадусiм выданьне Езавiтаву (на выпадак захопу яго бальшавiкамi) фiкцыйнага дакумэнту на прозьвiшча Я-га з Гораднi. Пасьведка была выпiсаная на блянцы Беларускага Варшаўскага Камiтэту задняй датаю. Ясна, што генэрал, як i Яневiч, што быў у мундзiры лейтананта, мелi дастаткова дакументаў для немцаў. Езавiтаў быў у цывiльнай вопратцы, а свой генэральскi мундзiр трымаў у чамадане.
Два беларускiя вайскавiкi селi на заднiм сядзеньнi. Паляк запусьцiў матор. Шчорс раiў iм ехаць проста на захад i нiдзе ня спыняцца. Ня трацiлi шмат часу на разьвiтаньне, бо было надта трывожна. "ДКВ" хутка згубiлася ў агульнай хвалi машын, што паўзьлi далей ад агню з усходу.
Пару дзён пазьней Мiкола Шчорс i ягоная нарачоная ўзялi самакаты, запакавалi, што мелi найбольш неабходнага, на багажнiкi й накiравалiся на захад. Кiлямэтраў сорак на паўдзённы захад ад Фiнстэрвальдэ ў малым мястэчку Эльстэрвэрдэ Шчорс зусiм прыпадкова сустрэў на вулiцы Езавiтавага ад'ютанта Яневiча. Той паведамiў зацiкаўленаму лекару, што генэрал знаходзiцца ў нямецкiм палявым шпiталi ў гатэлi пад апекаю вайсковых лекараў. Мiкола Шчорс наведаў той шпiталь i сьцьвердзiў, што ў пацыентаў сувязi зь нядаўнiм пераездам наступiла загнаеньне раны. Тэмпература даходзiла да 38-мi градусаў.
Зь хiрургiчнага гледзiшча загнаеньне раны пасьля апэрацыi нейкiм паважным ускладненьнем не зьяўляецца: прадаўжаецца працэс гаеньня й канчальнага аздараўленьня пацыента. Агульны стан здароўя Езавiтава, як пераканаўся Шчорс, быў зусiм здавальняючы.
Генэрал Езавiтаў i Яневiч паведамiлi Шчорсу, што немцы паабяцалi iх вывезьцi ў той-жа цi заўтрашнi дзень зь iншымi хворымi нямецкiмi вайсковымi на поўдзень Нямеччыны. Шчорс у гэты час ня ведаў, што бачыўся з Езавiтавым апошнi раз.
Ажно ў 1946 годзе, сустрэўшы Яневiча ў Нюрнбэргу, лекар даведаўся, што ад'ютант пакiнуў Канстантына Езавiтава на другi дзень пасьля Шчорсавай зь iм сустрэчы, некалькi гадзiн перад прадугледжанай эвакуацыяй шпiталя. Яневiч запэўнiваў, што пакiнуў генэрала згодна зь ягоным-жа ўласным жаданьнем таму, што нямецкiя ўлады адмовiлiся ўзяць Яневiча, як поўнасьцю здаровага чалавека, у санiтарны транспарт.
Гэткiм чынам лейтанант Яневiч быў апошнiм беларусам зь Беларускае Краёвае Абароны, што бачыў Езавiтава жыывым i вольным. Што далей сталася - няцяжка ўгадаць, узяўшы на ўвагу, што Яневiч пакiнуў генэрала Езавiтава ў апецы нямецкiх шпiтальных уладаў 22 цi навет аж 23 красавiка. Больш чым праўдападобна, што перадавыя бальшавiцкiя панцырныя калёны захапiлi нямецкi санiтарны транспарт, а ў лiку яго й Езавiтава, у дарозе. Трэба прыгадаць тут, што мясцовасьць, у якой Езавiтаў быў затрымаўся ў палявым шпiталi, знаходзiлася за нейкiх пяцьдзесят кiлямэтраў на паўдзённы ўсход ад места Торгаў над Эльбай, дзе перадавыя амэрыканскiя й бальшавiцкiя танкавыя калёны спалучылiся 26 красавiка 1945-га году.
Зь вялiкай насьцярожанасьцю аднесьцiся трэба да слоў Яневiча ў сьвятле таго, што выйшла наяву зараз пасьля сканчэньня вайны. Амэрыканская контрразьведка ў Нямеччыне ўстанавiла, што лейтанант Яневiч быў савецкiм агентам. Арыштаваць яго не пасьпела, бо ўцёк. Такiм чынам, найбольш праўдападобна, што Яневiч, да якога Езавiтаў адносiўся, як бацька да сына, якому поўнасьцю i абсалютна давяраў, неадступна цэлы час быў пры Езавiтаве, пакуль выдаў яго ў бальшавiцкiя рукi. Ня выключана, што й сам Яневiч не пакiнуў Езавiтава колькi гадзiн перад эвакуацыяй шпiталя з Эльстэрвэрдэ, як пазьней казаў Шчорсу, а трапiў да бальшавiкоў, а пасьля, атрымаўшы ўзнагароду ды новыя iнструкцыi, падаўся на Захад i знаходзiўся ў Заходняй Нямеччыне пасьля вайны аж да часу, пакуль амэрыканская контрразьведка яго не асачыла.
Наступная i ўжо апошняя вестка адносна долi генэрала Езавiтава была перададзеная па бальшавiцкiм радыё дзесь напрыканцы 1945-га году. Паводле яе, "здраднiк беларускага народу й радзiмы, фашыст Канстантын Езавiтаў быў засуджаны ў Вiцебску на кару сьмерцi праз павешаньне, й прысуд быў выкананы".