Дуброўскi прысеў на лавачку. Маруся апусцiлася на ганак, уважлiва слухаючы яго.
- На вас пляткарылi духоўна пустыя жанчыны, - прадоўжыў ён, - i таксама ад зайздрасцi, бо не могуць зразумець вас - у вас жа багаты ўнутраны свет... Iм нiколi гэтага не зразумець. Я таксама не разумею iх, бо трэба для гэтага апусцiцца на ўзровень iх мышлення, а гэта цяжка, бо ў iх свае каштоўнасцi. Год за годам жывуць, гадуючы кароў, свiней, атрымлiваюць грошы i едуць у райцэнтр за шмоткамi. Большае iх не цiкавiць. Нядаўна ў райцэнтры быў фестываль, але нi адна мацi сваё дзiця не пусцiла. Iх самiх не цiкавiць нiчога, акрамя ежы i работы. Неяк была экскурсiя "Архiтэктурныя помнiкi раёна", нiхто з вяскоўцаў не паехаў. "З кiм жа мы карову пакiнем? - гаварылi яны. - Хто ж свiней пакормiць?" Адна настаўнiца не пусцiла сваю дачку. А другая паехала, з дзiцем. I з яе смяялiся. Смяюцца, калi хто iдзе на возера, адпачыць. Не дай бог, каб хто паехаў у санаторый лячыцца - гультайка... Дзяцей у лагер не адпускаюць няхай дома сядзяць, дапамагаюць. У дзецях з маленства забiваюць духоўнасць, i растуць яны сярод духоўнай пустэчы, плётак... А вы, Маруся, яшчэ крыўдзiцеся, што на вас пляткараць! - засмяяўся Дуброўскi. - А чым жа iм тут заняцца, калi не прамываннем касцей другога? На разумнейшае - галава не варыць. Яны жывуць у духоўным вакууме. I любы новы чалавек - гэта сенсацыя. Ведаеце, я быў апошнi раз у гэтай вёсцы ў маленстве. Думаў, вось прыеду - усё будзе па-новаму. Аказалася - нiчога не змянiлася, я вырас духоўна, а яны засталiся такiмi ж! Сустрэў дзяўчыну, з якой у маленстве сябраваў, вось, думаю, пагаворым, усё ж сельскагаспадарчую акадэмiю скончыла. I пытаю ў яе, калi апошнi раз у горадзе была. Кажа, нядаўна, на курсы ездзiла. Дык цi наведала тэатр? Наведвала, кажа, "Тэрмiнатар-2" глядзела. Дык гэта ж кiнатэатр, кажу! А яна: "А якая рознiца: тэатр цi кiнатэатр - усё адно: кiно!"
Маруся засмяялася.
- Нас заўсёды вучылi культурным манерам: як за сталом сябе паводзiць, у гасцях, на прыёмах, - дадаў Дуброўскi, - а вось як паводзiць сябе ў асяроддзi хамаў, нiхто яшчэ не напiсаў кнiжкi. А шкада! - Вы паедзеце са мною? павярнуўся да яе, крануў за руку Дуброўскi. - Заедзем у Менск, сёння ў фiлармонii канцэрт фартэпiяннай музыкi. Iгар Алоўнiкаў. У праграме Бах i балады Шапэна. Можна ў оперны схадзiць, там зараз "Севiльскi цырульнiк", у беларускiм тэатры - "Iдылiя"...
- Дзякую, - разгублена ўсмiхнулася Маруся. - Мне трэба падумаць.
- Не, - цвёрда сказаў Дуброўскi, - калi вы пачняце разважаць, абавязкова прыйдзеце да няправiльнай высновы!
Ён падняў яе за дзве рукi, усмiхнуўся:
- Бярыце свае рэчы - i ў машыну! Будзем падарожнiчаць - спачатку ў Менск, тады ў вашу вёску, а потым - у Нiцу. Там жывуць мае бацькi. Зараз яны адпачываюць. Я адправiў туды i Гайву...
"Вар'ят, - падумала Маруся, - i я буду вар'яткай, калi дам згоду на гэта падарожжа..."
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
I
- Во дурная! - раззлавалася свякруха, зыркаючы вачыма на Iрэну. - Якая табе гароднiна ў жнiўнi? Яшчэ памiдоры зялёныя, агуркi не выраслi! Вунь адшчыкнi зялёнай цыбулi ды еж з салам! Аладку бяры!
- Я ўжо тлустая стала ад вашых аладак i сала! - буркнула Iрэна. - Грошы ж ёсць! Ад мая месяца сядзяць без гароднiны! Паехалi б ды капусты ў горадзе купiлi, памiдораў!
- Бач ты! - ускочыла старая. - А грошы за гэта якiя?
- Чым мяхамi пярлоўку свiнням купляць, дык лепей бы гароднiны купiлi!
- Ды з цябе ж смяяцца будуць! У вёсцы жыве, а ў горадзе гароднiну купляе!
- А ўсё лета без вiтамiнаў - добра? - насупiлася Iрэна. - Я хацела клубнiку пасадзiць, дык нiхто расады не даў з баб!
- I правiльна - бо звядуцца! - падтакнула свякруха. - Я вунь малака дала папiць адной бабе, а яна пахвалiла яго, маўляў, смачнае, дык карова масцiтам захварэла!
- А чаму ж тады калгасныя не хварэюць? - ускiпела Iрэна. - Надакучылi мне вашы забабоны! Кветак хацела развесцi - не даў нiхто насення, усе баяцца, каб не звялiся!
- Лепш бы буракоў насадзiла! - буркнула свякруха. - Толку ад гэтых кветак! Адны матылi тады лятаюць!
- Як вы не бачыце прыгажосцi! - здзiвiлася Iрэна. - Прырода, кветкi, матылькi!
- Тфу! - плюнула старая i бразнула дзвярыма.
Са спальнi выйшаў Сцяпан, пачэсваючы ў сябе ў паху. Пачаў мачыцца ў вядро.
- Ты б хоць пасаромеўся! - крыкнула Iрэна.
- Дай лепш пахмялiцца, - буркнуў ён i пачухаў патылiцу.
- На каго ты стаў падобен! - узлавалася Iрэна.
- Схадзi ў вёску, - папрасiў ён. - У краму, пiва купi.
- Я туды болей не пайду! - адказала Iрэна. - Здароваюся, а мне нiхто не адказвае.
Сцяпан прысеў ля стала, узяў у рот бульбiну.
- Ты хоць рукi памый! - загадала Iрэна.
- Пайшла ты! - буркнуў ён.
Увайшла свякруха з поўным бульбы чыгуном.
- Не здароваюцца з ёю! - прамармытала яна. - А цi ведаеш ты, што першым здаровацца нельга - сваё здароўе аддаеш! У нас не здароваюцца! Гэта ў вас усё: "здрасце", "дзякуй"! Пайшлi ў госцi, дык зганьбiла толькi нас. Што нi слова, што нi кусок за сталом - усё: "калi ласка", "калi ласка"! У нас так не робяць! I час ужо кiдаць звычкi гарадскiя! Чаму з маiм кумам не пацалавалася за сталом, га?
Старая налiла ў чыгун вады i пiхнула яго ў печ.
- Томка! - пазвала дачку. - Iдзi карову завядзi на пасту!
Дзяўчына злезла з печы, пацягнулася i пачала апранаць спартовы касцюм.
- Мам, ну пусцiш мяне ў горад? - працягнула яна. - Там канцэрт сёння...
- Якi табе канцэрт! - агрызнулася старая. - Вунь у малiну збiрайся! Варэнне варыць трэба...
- Я ж ужо наварыла з малiны...
- Дык падлогу памый! - крыкнула тая. - Работы табе няма, на Iрэну ўсё глядзiш - тая то за матылямi ганяецца, то на неба глядзiць: "Ой! Якi прыгожы заход сонца!" Людзi пачуюць, дык скажуць, што дурная!
Старая ад злосцi кiнула на стол анучу i трапiла ў твар Сцяпану.
- Бляха старая! - закрычаў той. - Бацька, уставаў бы з печы хутчэй, а то гэтыя бабы заб'юць мяне! Пайшлi схованку матчыну шукаць - пахмялiцца ахвота.
- Я цябе пахмялюся! - абазваўся бацька i пачаў спускацца на прыпечак.
- А няхай вам Iрэнчына матка гарэлкi прышле! - падскочыла старая. - Я вяселле справiла за свае грошы, а яны i носа не паказалi! I не далi нi вiлкi, нi лыжкi! На халеру было тады гарадскую браць! Хай бы бедная, але вясковая, а то я з гэтай Iрэнкай здурнею! Чуеш, бацька, што яна мне ўчора заяўляе? Давайце, кажа, у цырк з'ездзiм! З яе самой цырк бясплатны - на каго я карову ды свiней кiну?