Литмир - Электронная Библиотека

— Вы, хлопцы, думаеце. думкі ў вас, бы гэтыя прысады, — прамыя і роўныя. Вам каб усё было про­ста і па пальчыках пералічыць, — нечакана з засмучэннем сказала Ядвіся.

— А як думаць? — шчыра здзівіўся я.

— Як? — дзяўчына пакруціла галавой па баках, здаецца, нешта знайшла для сябе, бо ўсміхнулася, спынілася ля бярозы. — Бачыш бярозу?

— Ну, не сляпы.

— Дык глядзі, колькі сучча тоўстага, колькі галін — і ўсе з аднаго камля! Разумееш, я да чаго? Ад ад­наго камля да любой галінкі патрапіць можна, а з кожнай галінкі — да аднаго камля!

— І што? — не разумеў я.

— А тое! У нечым адным можа быць сотня прычын!

— Я і без цябе ведаю, — захацелася пакрыўдзіцца мне: я не дурань, каб такіх простых рэчаў не ведаць.

— А калі так, то скажы: як твая маці казала, што адналюбка, каго мела на ўвазе?

— Дык жа. замужам яна была.

— А ты не думаў пра тое, што цяперашні яе мужчына і ёсць той, каго твая маці кахала ўсё жыццё? А замуж не пайшла за яго — дык сотні прычын бываюць! Ну? Уключы фантазію!

Я разгубіўся, ашаломлена паглядзеў на Ядвісю. І насамрэч маці ж не казала, што яна адналюбка ў дачыненні да бацькі! А чаму тады раней яна не магла быць з гэтым мужчынам? Вунь жа колькі часу прамінула, як бацька прызнаны невядома дзе адсутным?

— Чаму, чаму. А як у яго — сям'я, тваёй маці лезці ды разбіваць яе?

— А цяпер?

— А цяпер ідзі да д'ябла, Кір. Адкуль я ведаю, як насамрэч? Хочаш, дык пытайся, але — яно табе трэба?

— Мабыць, не, — згадзіўся я ў задуменні. — Вось жа, дарослыя людзі, а не могуць уладкаваць свае справы.

— Ну-ну, уладкавальнік, паглядзім, як ты сваім дасі рады, — нязлосна пакпіла Ядвіся.

— Слухай. Помніш, ты казала, даўно, што мяне мой бацька любіць.

— Казала і паўтару! Тое на тваёй руцэ. Што, бацька твой недзе знік? Ты прабач, а калі ён, той, што знік, не твой бацька? А калі той мужчына, які вось стане мужам тваёй маці і, значыць, тваім бацькам, будзе цябе любіць?

Ядвіся літаральна адправіла мяне ў накаўт. І я пераключыўся на іншае, бо ў галаве аж гудзела ад неспадзяваных думак. Потым, пасля.

— Слухай, а вось наш гісторык на цябе зуб не вострыць, не разумею. Іншых бы ён з'еў ужо, а ў цябе — няблага. Нашаптала на яго? — пераскочыў я на іншую тэму.

— Не магу я шаптаць, калі мне тое трэба, а толькі калі іншым, ды пільна, ды неадкладна, — з уздыхам адказала Ядвіся. — А да Швондзера я назаўтра падышла і павінілася.

— Ты павінілася? Прасіла прабачэння? — не паверыў я.

— Прасіла. Бо вінаватая. Сарвалася. Нельга дзецьмі папікаць бацькоў. Ці дзяцей бацькамі. Ведаеш. А ён дзядзька разумны і. верыць ён у тое, што кажа. Вось заўважыла: дарослыя жадаюць аднаго, апавядаюць пра другое, а робяць трэцяе. Ты паназірай — сам пабачыш. Мне мама даўно пра тое казала. Але ж хоць і ведаеш, сарвешся. жыццё такое, Кір.

Прысады былі доўгія, мы апынуліся якраз пасярэдзіне. Лісце з дрэў ужо амаль усё абляцела, але ўсё адно выдавала на тое, як быццам мы стаім усярэдзіне тунэля: голыя галіны бяроз і клёнаў спляталіся над намі ў небе, было бязлюдна і ціха, адно зрэдку па шашы, адгароджанай ад нас слупамі клёнаў, праносіліся машыны. Мы ішлі, зноў, як некалі, ўзяўшыся за рукі, Ядвіся пацепвала плячыма — ёй было няўтульна, але яна трывала, не прыспешвала, я разумеў — дзеля мяне, і перахопліваў пальцы яе рукі, каб уся яе далонька была ў маёй, каб было цёпла яе руцэ.

— А наконт Уладзі, ведаеш, вось як скажу: вы, хлопцы, бездапаможныя слепакі, — казала мне з асуджэннем Ядвіся. — Уладзя, Уладзя. Знайшоў сабе быў аб'ект для кахання, закахаўся, і ўсё — я такі, шкадуйце мяне, я бедны закаханы! Ага! Не закаханы, а самазакаханы. У яго Настачка Базан з першага класа закаханая — ён і не бачыць! Яна яму штогод на дзень народзінаў — паштоўку, на дзень закаханых — паштоўку, пры любой нагодзе, калі можна, — паштоўку, а ён іх проста выкідваў! Хоць бы раз задумаўся, зацікавіўся: хто ж гэтулькі гадоў піша такія цёплыя пажаданні, зычыць шчасця табе, табе, які безнадзейна закаханы ў іншую і свету праз яе не бачыць? Так, я ведаю, мне расказала Настачка. І як пад бальніцай, тады здарылася бяда з Уладзем, прастойвала, як перадавала яму цукеркі. Дык я ёй не проста параіла, а літаральна вымусіла: досыць саромецца! Вазьмі і пакажы яму, што ён табе неабыякавы! І не ў «Кантакціку» напішы, а справай! Проста пабудзь побач! Не дурань жа ён зусім, вочы ж у яго расплюшчыліся, павінен пабачыць. Пабачыў. Дык то Уладзя, ён — разумнічак, ён усё заўважае. А іншыя.

— І я — сляпы? — невядома чаго расхваляваўся я.

— І ты. — сумна кіўнула Ядвіся. — Прабач. Мне вельмі няўтульна. Дом мой вунь. Не праводзь далей, бяжы, табе так бліжэй. Даруй за сёння.

Яна вызваліла сваю далонь і нечакана кранулася пальцамі маёй шчакі.

— Вочы ва ўсіх расплюшчваюцца, не перажывай.

Маці не было дома, яна пакінула цыдулку на лядоўні — затрымаецца. І гэта было добра. А то б мы пасварыліся, ці я б нахаміў без дай прычыны. Унутры мяне віравала незразумелая злосць, мяне раздражняла ўсё вакол сябе і я сам. Упершыню глядзеў свой серыял і раптам як ніколі востра адчуў: на экране не сапраўдныя людзі, то — артысты! Нічога сапраўднага там няма! Нідзе нічога сапраўднага! Жадаем — адно, кажам — другое, робім — трэцяе!

.Праз тыдзень мы зразумелі, чаму Віялета так дэманстрацыйна аплаціла Ромку Макару зробленую на яе замову работу. На вялікім перапынку мы хутка справіліся ў сталоўцы (есці прасяную кашу з рыбнымі катлетамі ні ў каго жадання не ўзнікла, таму абышліся кампотам з булачкай) і стаялі ля акна: Ядвіся, я, Юрась і Ромка. Уладзя падляцеў з такім тварам, ажно Ядвіся спалохалася.

— Тая сцерва хоча скрасці! — усяго і змог выгукнуць ён.

— Уладзя, як на цябе непадобна! — упікнула яго Ядвіся. — Ты самы выхаваны хлопчык з гэтага асяродка аболтусаў! Як можна?

— Якая сцерва? Што скрасці? — перапытаў я хутка, устрывожаны, бо ніяк з галавы не ішлі словы Віялеты пра абавязковы разлік з усімі.

І Уладзя стаў расказваць тое, пра што яму апавяла колькі хвілін таму Настачка. Так супала, яе маці сябруе з жанчынай, а тая працуе прыбіральшчыцай у доме культуры, дзе зараз праводзяць рэпетыцыі будучыя канкурсанткі «Міс Восень». Дык вось, зазірнула яна пазаўчора ўвечары да суседкі і пачала рас­казваць: а ў доме культуры будуць ставіць тое кіно, якое мы з табой глядзелі, дзе твая дачка гэтак бессаромна абдымаецца з другой дзяўчынай (Ромка даў нам скапіраваць фільм пад самае чэснае слова не выкладаць яго ў сацсеткі). Гамонку пачула Настачка і стала выпытваць падрабязнасці. А цётка як цётка, хіба яна можа толкам патлумачыць? Тады назаўтра Настачка пайшла дапамагаць цётцы прыбірацца ў доме культуры, хадзіла там з анучай і насамрэч пабачыла: там сапраўды ставяць наш фільм! Ну, хай сабе трохі па-іншаму, але ідэя — наша! У галоўнай ролі — Віялета, як жа іначай! Яна сустракае хлопца (Віктара Марыноўскага!), далей — расстанне, усё, як у нас: пошукі, субкультуры, вуліцы. І галоўнае, галоўнае: гучыць рэп Стася! У іх ёсць арыгінальны запіс, яны пракручвалі яго некалькі разоў. Зараз яны падганяюць сцэнкі пад словы песні, а далей запланавана, як зразумела Наста, палову слоў будзе спяваць Віялета, палову — Віктар.

Мы маўчалі, збянтэжаныя пачутым. І тады я сказаў:

— А ўсе бачылі, як Ромка прадаў нешта Віялеце.

На мяне паглядзелі, як на чалавека, ад якога раптоўна засмуродзіла.

— Спакойна, я проста патлумачыў сам сабе тую дэманстрацыйную аплату Віялеты табе, Ромка, за нейкую зробленую работу. Давайце без наездаў, але падумайце самі: так усё выглядала збоку. Ніхто не зазіраў у файл, скінуты Ромкам Віялеце.

— Ты паўдурак! — псіхануў Ромка. — Кожны мог запісаць гук фільма падчас першага прагляду!

— Не псіхуй, Рома, — заўважыў памяркоўна Юрась. — Цябе ніхто не вінаваціць у нейкім. злачынстве. Той рэдкі выпадак, калі Кір кажа слушна: абстаўлена было прыгожа. Віялета зараз закоціць вочкі, як ад яе нешта патрабаваць. І я так разумею, за ідэю нашага фільма там схапіліся вельмі ўчэпіста, бач, аддалі нашай красуне гэтулькі часу.

28
{"b":"599364","o":1}